Алімпійскі сход НАК Беларусі

  • 8

Прэзідэнт Беларусі, Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка патрабуе большай аддачы ад спартыўнай галіны краіны. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 30 мая на Алімпійскім сходзе НАК Беларусі.

"Спорт - важнейшая галіна народнай гаспадаркі. Яна павінна працаваць з карысцю і даваць вынік. Мы не настолькі багатыя, каб бяздумна траціць грошы. Сітуацыя патрабуе дзеянняў па ўдасканаленні гэтай сферы, выкараненні негатыўных фактараў, якія перашкаджаюць эфектыўнаму выкарыстанню сродкаў", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ў Беларусі ёсць таленты, якія могуць стаць спартсменамі сусветнага ўзроўню. "Мы прадэманстравалі за перыяд незалежнасці, што маем таленавітых людзей, - сказаў ён. - Працаваць трэба. Будзем падтрымліваць, але арыентавацца на вынік. У адваротным выпадку - гэта фізкультура. Аб'екты будзем будаваць, але толькі з перспектывай, што яны будуць занятыя і там будуць займацца людзі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ацэньваючы мінулы алімпійскі цыкл і сітуацыю ў спартыўнай галіне, Аляксандр Лукашэнка ўпамянуў не толькі аб праблемных пытаннях, але адзначыў і некаторыя станоўчыя дасягненні. "Шмат было і добрага. І тое, што мы пастаянна ў дваццатцы вядучых спартыўных дзяржаў, а па асобных відах спорту і ў дзясятцы, гэта дарагога каштуе", - адзначыў беларускі лідар.

Ён падкрэсліў, што ў краіне ўдалося захаваць дзяржаўную сістэму падтрымкі фізічнай культуры і спорту. "Як бы ні было цяжка, мы прадаўжаем і будаваць, і рэканструяваць спартыўныя аб'екты не толькі ў сталіцы, але і ва ўсіх рэгіёнах", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, сярод насельніцтва таксама расце папулярнасць здаровага ладу жыцця.

Стабілізаваўся эканамічны складнік спартыўнай сферы. НАК Беларусі набыў фінансавую ўстойлівасць, умацаваў свой аўтарытэт на сусветнай арэне.

"Наша краіна стала адным са спартыўных цэнтраў Еўразіі, прыцягваючы на свае стадыёны міжнародныя спаборніцтвы самага высокага ўзроўню. Праз два гады Беларусь прыме Еўрапейскія гульні, а ў 2021 годзе ў нас пройдзе чэмпіянат свету па хакеі", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым заўважыў, што, паколькі спорт з'яўляецца яшчэ і вялікай палітыкай, былі спробы ўздзейнічаць на краіны і не дапусціць, каб у Беларусі праводзіліся міжнародныя спаборніцтвы. "Тым не менш, у гэтай сітуацыі нам удалося пераламаць ход падзей і прывезці да сябе вельмі сур'ёзныя этапы кубкаў і нават Еўрапейскія гульні і чэмпіянат свету за кароткі прамежак часу", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што для спартсменаў у Беларусі робіцца ўсё неабходнае, але належнай аддачы няма, у галіне па-ранейшаму не вырашаны шэраг значных пытанняў. "Спорт як важнейшы ідэалагічны інструмент дзяржаўнай палітыкі так і не стаў для беларусаў крыніцай нацыянальнага гонару і натхнення", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка даў падрабязную ацэнку выступлення беларускіх спартсменаў на розных міжнародных спаборніцтвах за апошнія некалькі гадоў, у тым ліку Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанэйра. Нягледзячы на поспехі па асобных напрамках, рэзультат у цэлым нездавальняючы. "Выступленне каманды - правальнае!" - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Літаральна напярэдадні ад'езду на Алімпіяду мы праводзілі нараду, збіралі каманду, нашых лепшых спецыялістаў. Тады ні ад аднаго з іх не было скаргаў, што чагосьці не хапае для паспяховага выступлення атлетаў", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў недапушчальнасць складання планаў для фінансавання таго ці іншага напрамку ў спорце без рэальнай ацэнкі шанцаў.

У сваім выступленні Прэзідэнт абазначыў ключавыя напрамкі, па якіх неабходна ўдасканальваць спартыўную галіну. Ён пералічыў дзесяць асноўных задач.

Па-першае, неабходна вызначыць перспектыўныя, патэнцыяльна медальныя, традыцыйныя для Беларусі віды спорту, і менавіта ім аказваць асноўную падтрымку. "Заваявалі ліцэнзіі - дабавіць. Атрымалі медалі - яшчэ дабавіць. Каб была барацьба за дзяржпадтрымку не на паперы, а на стадыёне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па-другое, патрабуе кардынальнага паляпшэння сітуацыя ў дзіцяча-юнацкім спорце. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта аснова асноў. І тут неабходны сістэмны падыход. Ён даручыў мясцовым органам улады на працягу года вырашыць пытанне з забеспячэннем неабходным інвентаром кожнай спартыўнай школы.

Яшчэ адзін напрамак - студэнцкі спорт, які ў Беларусі так пакуль і не стаў апорай для прафесійнага спорту. У сувязі з гэтым Міністру адукацыі даручана прадметна разабрацца з гэтай сферай і актыўней працаваць у адной звязцы са спартыўнымі ведамствамі і арганізацыямі.

Па-чацвёртае, мае патрэбу ў аптымізацыі сістэма навучання трэнерскіх кадраў. "Мы вымушаны дзясяткамі завозіць трэнераў з-за мяжы і за вялікія грошы. Я не супраць пераймання чужога перадавога вопыту. Няхай працуюць кансультантамі. Але вакол кожнага з іх павінны расці беларускія кадры. Зразумейце, з іншаземца запатрабаванне амаль ніякае. Адпрацаваў, сабраў рэчы і паехаў. Душу ў справу ён не ўкладзе і Радзіму любіць не навучыць", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Патрэбна інтэграваная сістэма бесперапыннай падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі трэнераў, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Навядзіце тут парадак. Будучага трэнера трэба заўважыць, калі ён яшчэ актыўна выступае як спартсмен".

Пятая задача - аптымізацыя работы рэспубліканскіх цэнтраў алімпійскай падрыхтоўкі. Пры гэтым Міністэрства спорту і турызму не павінна страчваць кантроль над трэніровачным працэсам нацыянальных каманд.

Не менш важныя і такія сферы, як спартыўная навука і медыцына. Тут, на думку Прэзідэнта, праблемы вырашаюцца марудна. "Не мне вам тлумачыць, што без якаснага медыцынскага і навуковага суправаджэння цяпер немагчыма дасягаць сур'ёзных вынікаў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Нам неабходна максімальна задзейнічаць патэнцыял Міністэрства аховы здароўя з разуменнем таго, што спартсмены патрабуюць індывідуальнага падыходу".

Сёмае - неабходна ўмець разумна процістаяць беспадстаўнаму націску, калі нацыянальныя каманды абвінавачваюць у выкарыстанні допінгу. "Зразумейце, кожны допінгавы камень у наш агарод больш не разглядаецца як адзінкавы выпадак. Усе спрабуюць скласці гэта ў сістэму. Як зрабілі з Расіяй. А значыць, мы павінны быць разумнейшыя, больш празрыстыя, каб ніхто не паставіў пад сумненне нашу чыстату", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ва ўжыванні допінгу абвінавачваліся беларускія цяжкаатлеты і весляры. Апошнім не ўдалося даехаць да Алімпіяды ў Рыа. "А гэта былі патэнцыяльныя медалі. Ведаючы ўсю сітуацыю, трэба было спрацаваць на папярэджанне. Частку прэтэнзій Міжнароднага алімпійскага камітэта ўдалося зняць, але глабальна, як высветлілася, федэрацыі не гатовы абараняць сябе. Там не ведаюць ні міжнародных працэдур, ні што рабіць у экстраннай сітуацыі. А мы гаварылі пра гэта на мінулым сходзе", - заўважыў Прэзідэнт.

"Цяпер нікому не патрэбны доказы. Патрэбна толькі падстава. Дзейнічае прынцып: пакараем, а разбірацца будзем потым, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - І, нарэшце, банальная адсутнасць дысцыпліны. Нашы праблемы ў веславанні і таэквандо - шмат у чым вынік бесталковасці і расхлябанасці. Мы накіроўваемся на замежныя зборы, а элементарныя правілы ўласнай бяспекі не выконваем".

Кіраўнік дзяржавы даручыў вырашыць яшчэ адну задачу - узмацніць ролю рэгіёнаў у падрыхтоўцы атлетаў. Паводле яго слоў, мясцовыя ўлады адыгрываюць значную ролю ў развіцці спорту. Цікавая губернатару гэта сфера - і яна будзе развівацца. Будзе падтрымка рэгіёнаў - будуць з'яўляцца новыя зоркі. Калі гэтага няма, то ў лепшым выпадку перспектыўны атлет пераедзе на новае месца жыхарства, а ў горшым - перастане займацца з-за таго, што ён нікому не патрэбны, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Наступная сфера дзеянняў - загрузка інфраструктуры. Трэба дакладна ўвязваць планы будаўніцтва з канцэпцыяй развіцця відаў спорту ў краіне. Акрамя таго, важна выкарыстоўваць спартыўныя аб'екты па прызначэнні. Міністэрству спорту даручана ўзяць гэтыя пытанні пад кантроль.

Апошнім, дзясятым, напрамкам з'яўляецца неабходнасць актывізаваць работу спартыўных федэрацый і ў цэлым зразумела размеркаваць абавязкі і адказнасць паміж рознымі спартыўнымі структурамі. "Хачу адзначыць асаблівую ролю Нацыянальнага алімпійскага камітэта як галоўнай спартыўнай грамадскай арганізацыі краіны. Падкрэсліваю: НАК павінен быць домам для ўсіх, аказваць метадычную, фінансавую і іншую дапамогу федэрацыям, аператыўна і якасна вырашаць такія праблемы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што калі не навесці парадак у спартыўнай галіне, то Алімпіяду ў Рыа беларусы будуць хутка ўспамінаць як адну з самых паспяховых. "Савецкі запас трываласці даўно вычарпаны, а новая эфектыўная сістэма так да канца і не сфарміравана. І гэта задача на бліжэйшую перспектыву. Не вырашым названыя мной праблемы - спорт вышэйшых дасягненняў страцім. Што гэта значыць для дзяржавы, для людзей - не мне вам тлумачыць", - дадаў ён.

У ходзе Алімпійскага сходу НАК былі заслуханы даклады кіраўнікоў спартыўнай галіны, федэрацый відаў спорту, закрануты шырокі спектр актуальных пытанняў. Вырашаны таксама шэраг арганізацыйных пунктаў парадку дня.

Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка перавыбраны на чарговы тэрмін на пасаду Прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Яго кандыдатуру вылучыў заслужаны майстар спорту СССР, чэмпіён Алімпійскіх гульняў па веславанні на каноэ, заслужаны дзеяч фізічнай культуры і спорту, заслужаны трэнер Беларусі Сяргей Макаранка. Выбраны таксама першы віцэ-прэзідэнт і віцэ-прэзідэнты НАК, новы склад выканкама арганізацыі.

"Я для сябе вызначыў і вам абяцаю, што кожны квартал у нас будзе пашыраны выканкам пад кіраўніцтвам Прэзідэнта. Не тыя 13 чалавек у кулуарах, а будзем праводзіць пашыранае пасяджэнне раз у квартал", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, з удзелам Прэзідэнта штогод будзе праходзіць падагульняючы сход Нацыянальнага алімпійскага камітэта. На ім будуць вырашацца самыя праблемныя і актуальныя пытанні. Адно з іх - расходаванне заробленых грошай.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што аптымізацыя павінна датычыцца ўсіх. У сувязі з гэтым ён прапанаваў і ў НАК "скараціць апетыты" на 25%. "Мы сёння аптымізацыю пачалі па ўсёй краіне. Мы яе завяршаем па вертыкалі ўлады. Увогуле 25% на гэтым этапе - скарачэнне расходаў. Гэта сутнасць аптымізацыі. Не толькі скарачэнне апарату", - сказаў Прэзідэнт.

Яшчэ адна прапанова - праверыць справаздачу рэвізійнай камісіі НАК у частцы даходаў і расходаў, мэт, на якія былі патрачаны тыя ці іншыя сродкі. "У рэшце рэшт, гэта велізарныя грошы. І трэба паглядзець, хто куды ў камандзіроўкі ездзіў, ці можна было туды не ехаць", - адзначыў Прэзідэнт.

Адпаведныя прапановы былі падтрыманы ўдзельнікамі Алімпійскага сходу.

На заканчэнне Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што дзякуючы спорту Беларусь ведаюць у свеце. Краіне давяраюць правядзенне самых прэстыжных спаборніцтваў. "Яшчэ раз падкрэсліваю: Еўрапейскія гульні павінны прайсці на самым высокім узроўні. Без зрываў і правалаў. Не менш важна, каб у сябе дома, перад сваім народам мы паказалі дастойны спартыўны рэзультат", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што ім дадзена даручэнне па правядзенні ў Мінску Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў у наступным годзе. "Трэба арганізаваць яе дастойна, але без празмернасцей. І трэба запрасіць усіх членаў НАК на гэту асамблею ў якасці гасцей, - сказаў ён. - Гэта будзе працаваць на станоўчы імідж Беларусі ў Еўропе і свеце. Трэба паказаць еўрапейцам нашу гатоўнасць да Гульняў, аб'екты і інфраструктуру. А нам будзе карысна добрая парада ад калег, якія маюць вялікі вопыт у правядзенні маштабных мерапрыемстваў".