Афіцыйныя перагаворы Аляксандра Лукашэнкі і Георгія Маргвелашвілі

  • 27

Беларусь і Грузія пацвярджаюць зацікаўленасць ва ўмацаванні двухбаковага ўзаемадзеяння на ўсіх узроўнях. Такі вынік праведзеных 1 сакавіка афіцыйных перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Грузіі Георгія Маргвелашвілі.

Перагаворы кіраўнікоў дзяржаў прайшлі спачатку ў фармаце сам-насам, а потым у пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый. Сустрэча прэзідэнтаў сам-насам доўжылася каля трох гадзін, таму бакі змаглі абмеркаваць шырокі комплекс пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, удзяліўшы асаблівую ўвагу развіццю гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння.

"Мы заўсёды рады бачыць нашых грузінскіх братоў у Беларусі. У нас больш, чым агульная гісторыя. На тэрыторыі Беларусі за яе вызваленне змагаліся тысячы грузінскіх грамадзян. Шмат, на жаль, загінула нашых братоў грузін, вызваляючы і абараняючы Беларусь. Гэта тая частка гісторыі, якая ніколі не забываецца і не можа быць забыта. Таму вы для нас вельмі блізкія людзі, і мы заўсёды з найвялікшай павагай ставіліся і ставімся не толькі да вашай гісторыі, але і да людзей, якія пражывалі на гэтым гераічным кавалачку зямлі, імя якому сёння - свабодная і незалежная Грузія, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы адчуваем, што ў нас добрыя адносіны, і мы на гэтай аснове гатовы да любога супрацоўніцтва".

Нягледзячы на складанасць сітуацыі ў сусветнай эканоміцы, аб'ёмы гандлю паміж краінамі выраслі ў 2016 годзе на 63 працэнты - амаль да $100 млн, дасягнуўшы рэкорднага за апошнія пяць гадоў паказчыка. "Няхай гэта яшчэ не той тавараабарот, які павінен быць і які мы намецілі, але паўдарогі мы прайшлі. Мы некалі дамовіліся, што $200 млн - гэта першая ступень, якую мы павінны дасягнуць у гандлі. Трэба аддаць належнае, што такіх тэмпаў росту ў нас няма ні з адной краінай. Больш таго, гэта вельмі сур'ёзны прырост нават на фоне Еўразійскага эканамічнага саюза, дзе ў нас, на жаль, падзенне. Вядома, аб'ёмы не супастаўныя, але сама тэндэнцыя абнадзейвае", - заявіў беларускі лідар.

Пры развіцці эфектыўнага ўзаемадзеяння Кіраўнік дзяржавы прапанаваў удзяліць асаблівую ўвагу новым ініцыятывам. "Грузія, напрыклад, у бліжэйшы час плануе ўзвесці лядовую арэну і біятлонны стадыён на гарналыжным курорце Бакурыяні. Беларускія праектныя і будаўнічыя арганізацыі гатовы прапанаваць вам сваю дапамогу. Думаю, што грузінскі бок зацікавіць наш вопыт па загрузцы спартыўных аб'ектаў, выкарыстанні іх інфраструктуры для правядзення спартыўных і масавых мерапрыемстваў. Шмат агульных інтарэсаў можна знайсці ў сферы гарадской гаспадаркі, развіцця грамадскага транспарту і камунальных паслуг, - адзначыў Прэзідэнт. - У Беларусі апошнім часам створаны новыя высокатэхналагічныя вытворчасці. З такой прадукцыяй мы прысутнічаем ужо і на грузінскім рынку. У мінулым годзе ў Грузію былі пастаўлены паязды фірмы "Штадлер". Спадзяёмся, што і іншая наша тэхніка з'явіцца на вашых вуліцах і дарогах. Прытым я хачу сказаць, што тэхніка можа быць сумесна выраблена на тэрыторыі Грузіі. Для пачатку мы можам паставіць яе адсюль. Але ў любым выпадку яна будзе ў разы таннейшая за сусветныя аналагі".

Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць мэтазгодным разгледзець магчымы ўдзел беларускіх прадпрыемстваў у сістэме дзяржаўных закупак Грузіі. Асабліва ў тэндарах на пашыў форменнага адзення і пастаўку прадуктаў харчавання для сілавых структур. Бакі таксама абмеркавалі магчымасці стварэння ў Беларусі сумесных прадпрыемстваў па перапрацоўцы грузінскай сельскагаспадарчай прадукцыі. "Як бачыце, праектаў, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, шмат. Задача ў тым, каб разумна і адказна падысці да іх прапрацоўкі і рэалізацыі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Разам з прагматычнымі пытаннямі эканомікі Беларусь удзяляе сур'ёзную ўвагу гуманітарнаму складніку. "Цудоўную магчымасць азнаёміцца з гісторыяй і традыцыямі нашых народаў дае ўзаемны абмен Днямі нацыянальных культур. Патрэбнасць у іх правядзенні існуе і ў беларускім, і ў грузінскім грамадстве, - упэўнены Прэзідэнт. - У час ранейшых сустрэч я не раз падкрэсліваў, што Беларусь для Грузіі - краіна не чужая. Мы як былі брацкімі народамі, так і застаёмся".

У сваю чаргу Георгій Маргвелашвілі заявіў, што праведзены ў 2015 годзе візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Грузію надаў зусім новы імпульс і энергію двухбаковым адносінам. "Мы прадстаўляем прыклад таго, як могуць дзве краіны, якія выбралі розныя эканамічныя блокі для свайго развіцця, зыходзячы з паважання і прызнання інтарэсаў адна адной на карысць сваіх народаў развіваць адносіны і не ствараць шурпатасцей і канфліктаў, - сказаў ён. - Мы з вамі закранулі міжнародныя пытанні, і я асабліва хачу падкрэсліць нашу зацікаўленасць у абмене вопытам па напрамку супрацоўніцтва з Кітаем. Мы акцэнтуем гэта пытанне ў нашай знешняй эканамічнай палітыцы. Інтарэс Кітая ў рэгіёне вельмі значны, і мы зацікаўлены супрацоўнічаць з вамі і ў гэтым пытанні".

Па выніках перагавораў лідараў дзвюх краін былі падпісаны пагадненні паміж ўрадамі аб паветраных зносінах, аб садзейнічанні ажыццяўленню і ўзаемнай абароне інвестыцый. Прэзідэнты Беларусі і Грузіі таксама прынялі сумесную заяву, у якой пацвердзілі зацікаўленасць сваіх краін ва ўмацаванні двухбаковага ўзаемадзеяння на ўсіх узроўнях і ва ўсіх сферах, што ўяўляюць узаемны інтарэс.

Затым Аляксандр Лукашэнка і Георгій Маргвелашвілі прынялі ўдзел у цырымоніі пасадкі дрэва на Алеі ганаровых гасцей Палаца Незалежнасці.