Афіцыйны візіт ва Украіну

  • 25

Беларусь і Украіна маюць намер паглыбляць вытворчую кааперацыю і садзейнічаць актыўнаму развіццю гандлёва-эканамічных адносін. Дамоўленасць аб гэтым дасягнута 21 ліпеня ў ходзе афіцыйных перагавораў у Кіеве Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

Перагаворы мелі максімальна канкрэтны характар і сталі своеасаблівым працягам сустрэчы лідараў дзвюх краін, што адбылася 26 красавіка бягучага года. "Сёння размова прадоўжылася, на першы план выйшлі пытанні эканомікі. Беларусь і Украіна зацікаўлены ў пашырэнні экспарту, развіцці прамысловай кааперацыі, сумесных праектах па мадэрнізацыі дарожна-транспартнай інфраструктуры, укараненні інавацыйных тэхналогій", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Украіну Аляксандр Лукашэнка назваў адным з прыярытэтных рынкаў для беларускіх тавараў, таксама як і беларускі рынак - для ўкраінскіх. У 2016 годзе тавараабарот наблізіўся да $4 млрд, павялічыўшыся ў параўнанні з 2015-м больш як на 10%. За першыя месяцы бягучага года тэмп росту гэтага паказчыка яшчэ вышэйшы. "Аднак заспакойвацца рана. Мы далёкія ад ранейшых дасягненняў беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва, калі гадавы тавараабарот быў амаль $8 млрд. Усе магчымасці для нарошчвання такіх аб'ёмаў у нас ёсць, і сустаршыні нашай сумеснай міжурадавай камісіі запэўнілі, што на працягу двух гадоў мы дасягнём гэтага ўзроўню. Можа, нам удасца яго і перасягнуць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы расказаў, што бакі дамовіліся паскорыць работу па стварэнні новых кааперацыйных вытворчасцей у самых розных галінах. "Мы будзем сумесна вырабляць любую прадукцыю, якая карыстаецца попытам на міжнародных рынках. І ў нас тысячы тавараў, якія мы можам сумесна вырабляць і прадаваць, - падкрэсліў беларускі лідар. - Сённяшняя сустрэча дае новы імпульс нашаму эканамічнаму супрацоўніцтву".

"Сам-насам мы з Вамі абмеркавалі найбольш важныя пытанні супрацоўніцтва. Мы ў гэтым напрамку будзем рухацца, і я Вам сказаў, што ў нас няма ніякай алергіі, мы не гандлюем і не дружым супраць некага. Мы хочам працаваць разам на далёкай дузе, у іншых краінах, ствараць сумесны прадукт, прадаваць яго. Мы будзем ствараць высокатэхналагічны тавар і будзем ім гандляваць разам на замежных рынках. У гэтым была сутнасць нашых дамоўленасцей", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Дасягнуць прыкметнага прагрэсу, на думку Прэзідэнта, дапаможа актывізацыя беларуска-ўкраінскіх міжрэгіянальных сувязей, якім у час перагавораў было ўдзелена нямала ўвагі. Бакі, у прыватнасці, дамовіліся арганізаваць адпаведнае супрацоўніцтва і правесці першы міжрэгіянальны форум у Гомелі. Другое такое мерапрыемства пройдзе ва Украіне.

Беларусь і Украіна таксама ўзгаднілі падыходы да далейшага развіцця прыгранічнага супрацоўніцтва.

"Упэўнены, што сённяшнія пагадненні паслужаць дынамічнаму развіццю дзвюх краін, умацаванню дружбы паміж нашымі народамі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама пацвердзіў гатоўнасць Беларусі садзейнічаць мірнаму ўрэгуляванню канфлікту ва Украіне. Паводле яго слоў, шмат часу на перагаворах было ўдзелена супрацоўніцтву па пытанні Данецкай і Луганскай абласцей. "Перш за ўсё (я Пятру Аляксеевічу аб гэтым сказаў і папрасіў яго), мы пастаўляем гуманітарную дапамогу ў гэтыя вобласці. Мы хацелі б працаваць там без пасрэднікаў і па самым кароткім шляху. І прасіў, што калі будзе інтарэс нейкі і ў нас супадуць гэтыя гуманітарныя канвоі, каб мы гэта зрабілі разам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Людзі ж нашы, дзяліць нам няма чаго. Я ўдзячны Прэзідэнту і яго калегам, якія згадзіліся на гэты крок. Мы можам сваім людзям (я не лічу іх чужымі) дапамагаць, хто трапіў у бяду", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што яго пазіцыя адносна канфлікту ва Украіне не памянялася: "Вы павінны разумець: я ніколі не ставіў перад сабой мэту бегчы наперадзе паравоза. Я рабіў, раблю і буду рабіць толькі тое, аб чым мяне папросяць два прэзідэнты".

Ён, у прыватнасці, нагадаў, што па просьбе бакоў у Мінску была арганізавана пляцоўка для перагавораў, і прэтэнзій ніякіх няма. "Так будзе і ў далейшым. Усё, што даручаць мне два прэзідэнты, больш чым хто-небудзь уцягнутыя ў гэты канфлікт, мы, беларусы, будзем рабіць. Мы не прэтэндуем ні на якія лаўры. Якія могуць быць лаўры, калі гінуць людзі?! Вы - украінцы, павінны ведаць, што ў вас ёсць блізкія і родныя людзі, якія жывуць крыху на поўнач, але нічым не адрозніваюцца ад вас. І калі вам цяжка, у чым толькі зможам, мы заўсёды дапаможам", - рэзюмаваў Прэзідэнт Беларусі.

У час перагавораў Аляксандр Лукашэнка не раз падкрэсліваў блізкі і дружалюбны характар адносін народаў Беларусі і Украіны. "Мы, рускія, украінцы - ядро цывілізацыі ў гэтай частцы еўрапейскага кантынента", - сказаў ён.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што перад перагаворамі наведаў музей Галадамору, дзе экскурсавод расказаў аб стаўленні беларусаў у тыя цяжкія гады да жыхароў Украіны: яны ішлі ў Беларусь, а беларусы дзяліліся апошнім. "Вось кліч продкаў, які сведчыць аб тым, што мы павіны дапамагаць адзін аднаму, мы павінны быць заўсёды разам адзін з адным. Гэта галоўнае. Нават не тыя кантракты, хоць яны і важныя. Гэта складае аснову нашых адносін, - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы. - І я вам удзячны за тое, што вы ўдзяляеце гэтаму сур'ёзную ўвагу. Вы паставілі гэта ў аснову нашых адносін. Усё астатняе дадасца".

Да афіцыйных перагавораў Аляксандр Лукашэнка ўсклаў вянок да помніка Вечнай Славы на Магіле Невядомага Салдата. Ён таксама наведаў мемарыял ахвяр Галадамору, дзе ўсклаў сімвалічную кампазіцыю "Горщік".

У сваю чаргу Пётр Парашэнка заявіў, што развіццё цесных адносін з суседнімі краінамі, у першую чаргу з Беларуссю, застаецца для Украіны важнейшым прыярытэтам. Ён прапанаваў не збаўляць тэмп у развіцці супрацоўніцтва і намеціць прынцыповую дарожную карту гэтага працэсу, паставіць адпаведныя задачы.

Пётр Парашэнка падкрэсліў, заявіў, што Прэзідэнт Беларусі на ўкраінскай зямлі заўсёды жаданы госць. "Я ўпэўнены, што ва Украіне Вас ведаюць як дзяржаўнага дзеяча, нацэленага на максімальна эфектыўны і канкрэтны вынік", - падкрэсліў ён.

Украінскі лідар выказаў удзячнасць Беларусі за падтрымку, якая адчуваецца не на словах, а на справе, а таксама за намаганні па забеспячэнні ўмоў работы мінскай перагаворнай пляцоўкі. Пётр Парашэнка падкрэсліў, што Мінскія дамоўленасці з'яўляюцца адзіным і безальтэрнатыўным дакументам дээскалацыі канфлікту ва Украіне.

У цэлым бакі правялі змястоўныя перагаворы і абмеркавалі ўвесь спектр актуальных пытанняў узаемадзеяння як у двухбаковым, так і ў шматбаковым фарматах.

Па выніках перагавораў у прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў падпісаны дакументы аб развіцці ўзаемадзеяння па розных напрамках. У іх ліку праграма супрацоўніцтва ў сферы культуры паміж профільнымі міністэрствамі на 2017-2021 гады, пагадненне паміж Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей Беларусі і Міністэрствам культуры Украіны аб супрацоўніцтве ў сферы міжнацыянальных адносін, пагадненне аб навуковым супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Нацыянальнай акадэміяй навук Украіны.

Акрамя таго, у Кіеве паралельна з перагаворамі на вышэйшым узроўні адбыўся беларуска-ўкраінскі бізнес-форум, па выніках якога заключаны дамоўленасці на суму больш як $45 млн.