Афіцыйны візіт у Туркменістан

  • 33

Беларусь і Туркменістан пацвярджаюць гатоўнасць да паглыблення адносін па розных напрамках. Такі вынік афіцыйных перагавораў 30 сакавіка ў Ашхабадзе прэзідэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і Гурбангулы Бердымухамедава.

Кіраўнікі дзяржаў правялі перагаворы ў фармаце сам-насам і ў пашыраным складзе з удзелам прадстаўнікоў дэлегацый.

Па выніках падпісаны шэраг міжнародных дакументаў і прынята сумесная заява, у якой адзначылі высокую дынаміку міждзяржаўнага дыялогу і станоўча ацанілі рэалізацыю раней дасягнутых дамоўленасцей. Лідары краін пацвердзілі гатоўнасць паглыбляць двухбаковыя адносіны ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, культурна-гуманітарнай і іншых галінах.

Прэзідэнты таксама падкрэслілі ўзаемнае імкненне садзейнічаць умацаванню міру і стабільнасці, устанаўленню клімату даверу і ўзаемаразумення на рэгіянальным і міжнародным узроўнях.

"Вы павінны ведаць, што там, у цэнтры Еўропы, у вас ёсць надзейная апора і надзейныя сябры. Вы можаце разлічваць на Беларусь. Абсалютна ўпэўнены, што так будзе рабіць і кіраўніцтва гэтай цудоўнай зямлі на чале з яго Прэзідэнтам, маім даўнім сябрам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка на перагаворах з Гурбангулы Бердымухамедавым.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь гатова дзяліцца з Туркменістанам вопытам у самых розных галінах. "Літаральна за пяцігодку мы дасягнулі $300 млн у абароце тавараў і паслуг - гэта вялікія паказчыкі. І мы пакрыху ў гэтым плане прырастаем. Мы знайшлі развязку многім пытанням у гандлі ў гэты няпросты час. Думаю, рухаючыся ў гэтым напрамку, мы яшчэ нямала зробім і ў Беларусі, а на туркменскай зямлі", - упэўнены Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў асаблівыя поспехі Туркменістана ў сферы эканомікі. "Паспяховая рэалізацыя грандыёзнага сумеснага праекта па будаўніцтве Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната яшчэ раз прадэманстравала высокі патэнцыял нашага супрацоўніцтва, - сказаў Прэзідэнт. - Мы гатовы прадоўжыць работу па суправаджэнні праекта, падрыхтоўцы кадраў".

На перагаворах таксама абмяркоўваліся перспектыўныя напрамкі для развіцця супрацоўніцтва. Напрыклад, Беларусь гатова забяспечыць Туркменістан лагістычнымі цэнтрамі для арганізацыі паставак прадукцыі ў Еўропу. "Вы можаце прадаваць сваю прадукцыю з тэрыторыі Беларусі на еўрапейскі прэміяльны рынак. Мы забяспечым вас лагістычнымі цэнтрамі, складамі, абсталяваннем - у нас вельмі бурна гэта развіваецца цяпер. Паглядзіце, што вам выгадна ў Еўропе прадаваць, шляхі мы вызначым", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама дадаў, што многія краіны ўбачылі ў Туркменістане своеасаблівы плацдарм, адкуль можна гандляваць з вялікімі рэгіёнамі, пастаўляючы тавары ў тым ліку ў Іран, Пакістан, Індыю і арабскія краіны. "Нам трэба вызначыцца і выбраць калідор, па якім павінны перамяшчацца нашы грузы сюды і асабліва адсюль", - заявіў беларускі лідар.

У Туркменістане па-ранейшаму карыстаецца попытам беларуская машынабудаўнічая прадукцыя. "Мы гатовы рэалізоўваць тут і самаходную, і прычапную сельскагаспадарчую тэхніку, і не толькі. Мы можам стварыць (ёсць такі інтарэс) дызель-поезд для эксплуатацыі ў гэтых гарачых кліматычных умовах", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Дзве краіны аб'ядноўвае і імкненне да развіцця навукі, у тым ліку ў сферах сельскай гаспадаркі, энергазберажэння, аховы здароўя, біятэхналогій. Кіраўнік беларускай дзяржавы прапанаваў звярнуць увагу на сур'ёзны ўзровень развіцця ў Беларусі ІТ-тэхналогій. "Нашы спецыялісты запатрабаваны тут. Думаю, у гэтым напрамку мы можам значна рушыць наперад", - лічыць ён.

Значная частка абмяркоўваемых пытанняў датычылася развіцця супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, у прыватнасці ў адукацыі. "Партнёрства ў падрыхтоўцы туркменскіх студэнтаў у нашых ВНУ можна смела назваць узорным. Але эканоміцы патрэбны не толькі інжынеры, урачы, але і кваліфікаваныя рабочыя. І я прапанаваў Прэзідэнту і нашым туркменскім сябрам паглядзець на ўзровень прафтэхадукацыі ў Беларусі, падрыхтоўку спецыялістаў у сярэдніх спецыяльных навучальных установах. Калі такі будзе інтарэс, мы гатовы таксама аказаць тут значную падтрымку", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

У цэлым на перагаворах была ўдзелена асаблівая ўвага павышэнню эфектыўнасці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. "Мы адназначна выказаліся за тое, што патэнцыял у нас велізарны і той узровень, якога мы дасягнулі сёння, абсалютна не адпавядае гэтаму патэнцыялу, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Нам трэба ўсяляк нарошчваць узаемныя пастаўкі, аказваць паслугі, у тым ліку і будаўнічыя, каб гэты тавараабарот быў значна вышэйшы".

У сваю чаргу Гурбангулы Бердымухамедаў адзначыў, што ўзаемадзеянне паміж дзяржавамі развіваецца вельмі актыўна. "Самае галоўнае - яно з году ў год актывізуецца. Мы ўпэўнены, што выйдзем на высокі ўзровень у пытаннях нашага супрацоўніцтва", - сказаў ён.

Прэзідэнт Туркменістана падкрэсліў, што Беларусь праводзіць адказную і міралюбівую знешнюю палітыку, выступае паслядоўным прыхільнікам умацавання ролі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, выканання норм міжнароднага права і стварэння эфектыўных механізмаў партнёрства і ўзаемадзеяння.

У гэты ж дзень кіраўнікі дзяржаў прынялі ўдзел у адкрыцці комплексу будынкаў пасольства Беларусі ў Туркменістане. Сімвалічна, што практычна год таму Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў разам прынялі ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці комплексу будынкаў пасольства Туркменістана ў Беларусі. "На мове дыпламатыі гэта сведчыць шмат аб чым. Узвядзенне ўласных будынкаў пасольстваў пацвярджае стратэгічны характар нашага партнёрства, сімвалізуе правераную часам дружбу беларускага і туркменскага народаў, якой мы вельмі даражым", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У Ашхабадзе Прэзідэнт Беларусі таксама ўсклаў вянок да манумента Вечнай славы мемарыяльнага комплексу "Народная памяць".