Афіцыйны візіт у Туркменістан

  • 39
Беларусь і Туркменістан не павінны апускаць зададзеную высокую планку супрацоўніцтва. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 снежня на перагаворах з Прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым.

"Нашы краіны за кароткі час дасягнулі сапраўды прыкметных поспехаў у супрацоўніцтве, і гэту планку нельга апускаць", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу на пэўныя праблемы са зніжэннем узаемнага тавараабароту і падкрэсліў неабходнасць яго нарошчвання, паколькі гэта з'яўляецца фундаментам двухбаковых адносін. "І мы поўныя рашучасці аднавіць гэтыя гандлёва-эканамічныя адносіны", - сказаў ён.

"Мы прызнаём, што тавараабарот знізіўся. Як і ва ўсім свеце, проста адбыўся абвал цэн і на сыравіну, і на гатовую прадукцыю, - адзначыў беларускі лідар. - У фізічным аб'ёме тавараабарот у Беларусі захаваўся практычна з усімі краінамі і нават вырас, а ў вартасным выражэнні - упаў. Але ў нас дастаткова патэнцыялу, каб і ў вартасным выражэнні дасягнуць і перасягнуць самы высокі ўзровень тавараабароту, які ў нас быў".

На яго думку, перадумовы для нарошчвання і пашырэння спектра гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў краін ёсць. Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь гатова супрацоўнічаць з Туркменістанам па шырокім спектры напрамкаў, пачынаючы ад ваенна-прамысловага комплексу і да падрыхтоўкі кадраў.

У прыватнасці, Беларусь гатова значна пашырыць лінейку прадукцыі, што пастаўляецца ў Туркменістан. Цяпер тут праходзяць выпрабаванні беларускія аўтобусы, розныя віды камбайнаў, іншых сельгасмашын. Гэта дае магчымасць адаптаваць іх да кліматычных і эксплуатацыйных умоў.

Прэзідэнт Туркменістана адзначыў патрэбнасць яго краіны ў грузавых вагонах, пуцявым абсталяванні, ліфтах. На думку Аляксандра Лукашэнкі, нават для будучага горна-абагачальнага камбіната патрэбны сотні, а можа, і некалькі тысяч вагонаў для перавозкі калійных угнаенняў. "Нам трэба сёння прапаноўваць гэтыя варыянты Туркменістану", - падкрэсліў ён. Ураду Беларусі пастаўлена задача прапрацаваць гэтыя і іншыя варыянты супрацоўніцтва. "Думаю, мы паглядзім і на суседні Іран, - дадаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. - У нас ёсць такія магчымасці. Проста трэба варушыцца, каб актывізаваць супрацоўніцтва".

Беларусь гатова таксама прымаць актыўны ўдзел у маштабных праектах мадэрнізацыі эканомікі Туркменістана. Гурбангулы Бердымухамедаў прапанаваў беларускаму боку разгледзець магчымасць удзелу ў такіх праектах. "Калі вы знойдзеце сваё месца ў праектах, я буду гэта толькі вітаць", - сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка даручыў беларускай частцы міжурадавай камісіі вывучыць гэты напрамак супрацоўніцтва.

Беларусь гатова дапамагаць у рабоце па індустрыялізацыі краіны шляхам паставак сучаснай сельскагаспадарчай, аўтамабільнай, дарожна-будаўнічай, камунальнай і пасажырскай тэхнікі, адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што шырокі спектр супрацоўніцтва краін ёсць у аграпрамысловым комплексе, беларускаму боку трэба звярнуць увагу не толькі на пастаўкі трактароў і сельскагаспадарчай тэхнікі, але і на тэхналогіі. "Можа, у Туркменістане нешта спатрэбіцца з вопыту Беларусі, а можа, недзе падвучыцца і нам трэба ў Туркменістана", - адзначыў ён.

Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што важнейшым участкам сумеснай работы застаецца будаўніцтва калійнага гіганта ў пасёлку Гарлык. Засталося крыху больш за год да ўводу ў строй горна-абагачальнага камбіната. Пройдзены ўжо самыя цяжкія часы: навадненне ў шахтах, іх замарозка. "У бліжэйшы час мы здабудзем такі патрэбны ў гэтым рэгіёне і самому Туркменістану калій і будзем рады ўвядзенню ў строй гэтага камбіната", - сказаў беларускі лідар. На яго думку, гэты праект стане вянцом супрацоўніцтва Беларусі і Туркменістана.

"Для Беларусі Туркменістан - адзін з важнейшых стратэгічных партнёраў у Цэнтральнай Азіі, з якім нас звязваюць сапраўдныя дружалюбныя адносіны", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, пацвярджэнне гэтага - канструктыўнае ўзаемадзеянне як на двухбаковай, так і на шматбаковай аснове. "Наша краіна, як і Туркменістан, імкнецца да ўзаемнай павагі і раўнапраўнага ўзаемадзеяння з усімі без выключэння партнёрамі, прытрымліваецца неабходнасці мірнага ўрэгулявання існуючых праблемных пытанняў і канфліктаў", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

У палітычнай сферы ў бакоў няма абсалютна ніякіх праблем. "Мы з задавальненнем адзначаем падабенства падыходаў да шырокага спектра міжнародных і рэгіянальных пытанняў. Беларусь разлічвае на інтэнсіфікацыю кантактаў з Туркменістанам у міжнародных арганізацыях, далейшае канструктыўнае ўзаемадзеянне ў рамках ААН і сумеснае развіццё ініцыятыў, якія ўяўляюць узаемны інтарэс", - заявіў беларускі лідар.

Важны напрамак - узаемадзеянне ў гуманітарнай сферы. Так, у апошнія гады адзначаецца дынамічны рост колькасці туркменскіх грамадзян, якія імкнуцца атрымаць адукацыю ў Беларусі. Сёння навучаецца больш як 9 тыс. студэнтаў з Туркменістана, і беларускі бок мае намер прадаўжаць ажыццяўляць падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў.

Акрамя таго, у дзвюх краін ёсць канкрэтныя напрацоўкі ў сферы навукі і тэхналогій, узаемны інтарэс да развіцця супрацоўніцтва ў галіне аграпрамысловага комплексу. Перспектыўным напрамкам беларуска-туркменскага ўзаемадзеяння з'яўляецца і супрацоўніцтва ў сферы аховы здароўя. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што чакае істотнага ўкладу гандлёвых дамоў, размешчаных у Ашхабадзе і Мінску, у двухбаковы тавараабарот.

На яго думку, развіццю двухбаковых адносін садзейнічае падтрыманне актыўных кантактаў у сферы культуры. Яскравае пацвярджэнне таго - праводзімыя ў рамках візіту Дні культуры Беларусі ў Туркменістане.

Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі ўвесь спектр двухбаковых адносін спачатку сам-насам, а затым у пашыраным фармаце з удзелам дэлегацый. Яны канстатавалі, што перагаворы былі плённымі і мелі прадметны характар. Бакі асабліва адзначылі пазітыўны і плённы характар беларуска-туркменскіх кантактаў, якія, без сумнення, будуць прадоўжаны.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што знаходзіцца ў Ашхабадзе напярэдадні знамянальнай для Туркменістана даты - 20-годдзя набыцця статусу пастаяннага нейтралітэту. Ён падзякаваў за запрашэнне прыняць удзел у канферэнцыі, якая збярэ тут 12 снежня лідараў дзяржаў рэгіёна, важных сусветных палітычных дзеячаў. Кіраўнік беларускай дзяржавы асабліва адзначыў, што тэматыка канферэнцыі - "Палітыка нейтралітэту: міжнароднае супрацоўніцтва ў імя  міру, бяспекі і развіцця" - адлюстроўвае ў тым ліку накіраванасць знешняй палітыкі Беларусі.

"Без міру і бяспекі няма стабільнасці. Гэта якраз на злобу дня. Вакол бушуюць пажары канфліктаў, сутыкненняў і ўжо войнаў. Не дай бог, як я ўжо гаварыў, выступаючы ў ААН, нам дажыць да таго часу, калі гэта перарасце ў маштабную вайну. Гэта вельмі важны кантэкст размовы", - лічыць Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"З задавальненнем адзначу агульнасць нашых падыходаў да пабудовы дзяржавы. Паводле ўзаемнага меркавання, яна павінна быць сацыяльна арыентаваная. Яе важнейшым прынцыпам з'яўляецца якасць жыцця людзей. Людзі - вось галоўная каштоўнасць і Беларусі, і Туркменістана", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Па выніках перагавораў у Ашхабадзе падпісаны пакет дакументаў. У прыватнасці, Беларусь і Туркменістан падпісалі дарожную карту супрацоўніцтва на 2016-2017 гады. Дарожная карта ўяўляе сабой план сумесных мерапрыемстваў па развіцці супрацоўніцтва дзвюх краін.

Лідары дзвюх дзяржаў прынялі сумесную заяву аб паглыбленні адносін дружбы і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Туркменістанам.

Падпісана таксама міжурадавае пагадненне аб узаемным заахвочванні і абароне інвестыцый, праграма супрацоўніцтва паміж міністэрствамі замежных спраў на 2016-2017 гады. Акрамя таго, падпісаны дакументы аб супрацоўніцтве ў харчовай і лёгкай прамысловасці, па лініі акадэмій навук дзвюх краін, саюзаў прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння.

"Упэўнены, што дасягнутыя ў ходзе сустрэчы на вышэйшым узроўні дамоўленасці і падпісаныя дакументы будуць садзейнічаць умацаванню спрыяльнай атмасферы нашага супрацоўніцтва, пашырэнню дагаворна-прававой базы міждзяржаўных адносін", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.