Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Перагаворы з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым

13 верасня 2018 года

Беларусь і Узбекістан дамовіліся развіваць шырокафарматнае супрацоўніцтва ва ўсіх сферах у духу даверу і ўзаемнай падтрымкі. Такі вынік перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым, якія адбыліся 13 верасня ў Ташкенце.

Кіраўнікі дзяржаў правялі перагаворы ў вузкім і пашыраным складах. Прычым сустрэча прэзідэнтаў у фармаце сам-насам працягвалася каля трох гадзін.

"Вам давялося разбіраць завалы ўнутры краіны - і аб'ектыўныя, і суб'ектыўныя рэчы. Усё ж такі прыкладна трыццаць тры мільёны насельніцтва - гэта гіганцкая рэспубліка, і ўвесь народ трэба накарміць. Трэба розныя плыні, рэлігійныя, нацыянальныя і іншыя, захаваць і аб'яднаць, накіраваць. Таму я вам адразу сказаў, што мы пад павелічальным шклом разглядаем усё, што вы робіце. І мы за вас рады, асабліва за тое, што вы выбудавалі адносіны з суседзямі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён расказаў, што нядаўна правёў афіцыйны візіт у Таджыкістан і кіраўніцтва гэтай краіны таксама пазітыўна ацаніла поспехі Узбекістана. "Тое меркаванне, якое сёння існуе ў эліты гэтых дзяржаў па вашай палітыцы, проста на зайздрасць. Таму я вас віншую, што вам удалося вызначыць той рэальны курс, які павінен быць ва Узбекістане. Мы за вас вельмі рады", - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт выказаў удзячнасць узбекскаму боку за падтрымку беларускай дыяспары - ва Узбекістане пражывае амаль 19 тысяч беларусаў. "Вы падтрымліваеце і культуру нашых беларусаў, якія жывуць тут. Упэўнены, што ніякіх праблем яны вам не ствараюць і ніколі не створаць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Я прыехаў сюды, каб падзякаваць вам за тое стаўленне да Беларусі і беларусаў, якое сёння вы прывіваеце ўзбекскаму народу. Мы сапраўды вельмі падобныя, перш за ўсё сваёй працавітасцю. Калі б мы навучыліся гандляваць, як узбекі, прадстаўляць тавар, які вырабляем, мы былі б у два разы багацейшыя. Думаю, вы нас навучыце і гэтай добрай практыцы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што краіны нядаўна на ўзаемнай аснове адкрылі свае пасольствы. У сувязі з гэтым ён прапанаваў узбекскаму боку пабудаваць у Мінску пасольства ў нацыянальным стылі каля Палаца Незалежнасці.

"Вы адкрылі ў нас пасольства. Гэта сведчанне таго, што вы не лічыце нас далёкімі людзьмі, якія жывуць за тысячы кіламетраў (хоць геаграфічна гэта так). Мы блізкія людзі, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Калі будзе патрэбна, няхай у вас будзе ў цэнтры Еўропы свой куток зямлі, адкуль вы можаце працаваць на ўвесь Еўрапейскі рэгіён".

Шаўкат Мірзіёеў адказаў, што гэта прапанова абавязкова будзе разгледжана. "Гэта была мая даўняя мара - адкрыць пасольства ў Беларусі. Калі мы гаворым пра дружалюбныя адносіны, то мы павінны былі адкрыць пасольства і працаваць як належыць", - упэўнены ён.

Прэзідэнт Узбекістана адзначыў, што адносіны Беларусі і Узбекістана за апошнія два гады перасягнулі ўсе чаканні. "Беларусь для нас - блізкі сябар і надзейны партнёр. У апошнія паўтара-два гады нашы адносіны ва ўсіх сферах, я думаю, перасягнулі ўсе чаканні. Гэта паказвае, што можна зрабіць пры жаданні і волі кіраўніцтва краіны", - сказаў Шаўкат Мірзіёеў.


На сустрэчы ў пашыраным складзе з удзелам прадстаўнікоў дэлегацый Аляксандр Лукашэнка расказаў аб выніках трохгадзінных перагавораў двух лідараў у фармаце сам-насам.

"Галоўны вынік нашых перагавораў (я хачу, каб гэта чулі члены Урада, адказныя людзі з двух бакоў): мы дамовіліся, што ў нас у Беларусі няма закрытых тэм не толькі для абмеркавання, але і для далейшых дзеянняў. Калі нешта нашы ўзбекскія браты ўбачаць у Беларусі патрэбнае, гэта будзе неадкладна зроблена: або перанесена вытворчасць на вашу тэрыторыю, або створым сумеснае прадпрыемства", - паабяцаў Кіраўнік дзяржавы.

У прыклад Прэзідэнт прывёў магчымае стварэнне прадпрыемства ў сферы лёгкай прамысловасці. "Мы тут будзем вырошчваць бавоўну, перапрацоўваць яе ў Беларусі і прадаваць на тых рынках, дзе бавоўна не расце, - растлумачыў ён. - У нас ёсць тэхналогіі, людзі, у нас захавалася школа, вытворчасць. Сыравіна - давайце будзем дамаўляцца".

"Разам будзем гэта ствараць. Адкрыю сакрэт: я не супраць, калі вы ўвойдзеце ў капітал нашых прадпрыемстваў. Гэта будзе і ваша прадпрыемства. І будзем прадаваць на еўрапейскім рынку самыя добрыя тканіны, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Я вельмі прашу, каб члены нашага Урада гэта пачулі, і каб не было скаргаў з боку нашых узбекскіх таварышаў".

Абодва прэзідэнты адзначылі, што краіны валодаюць патэнцыялам для росту тавараабароту да $1 млрд. "Нягледзячы на тое, што аб'ёмы гандлю паміж нашымі краінамі за апошнія гады істотна павялічыліся, захоўваюцца каласальныя магчымасці. Я марыў аб $500 млн і з гэтым сюды прыехаў. Але калі пачуў ад Прэзідэнта, што не за гарамі мільярд, падумаў: слава богу. Калі Прэзідэнт пра гэта гаворыць, значыць, ёсць мэта. Мы да гэтага гатовы", - падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі, як і ва Узбекістане, акцэнт у знешняй палітыцы робіцца на развіцці ўзаемавыгаднага эканамічнага супрацоўніцтва. "Эканоміка - гэта фундамент, гэта аснова любых адносін. Будзе эканоміка - будуць дружалюбныя адносіны і ўсё астатняе", - перакананы Прэзідэнт.


На перагаворах Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што Беларусь і Узбекістан могуць разам выходзіць на рынкі трэціх краін, напрыклад, Афганістана. "Мы вельмі зацікаўлены, каб узбекскія браты дапамаглі нам супрацоўнічаць з Афганістанам. Але мы не хочам ісці туды адны, хочам з вамі туды прыйсці з нашай прадукцыяй. Таму, ствараючы ва Узбекістане прадукцыю, у тым ліку складаную, машынабудаўнічую, давайце разам пойдзем і дапаможам афганцам. Яны гэта ацэняць, ім усё патрэбна", - лічыць Прэзідэнт.

Кіраўнік беларускай дзяржавы заўважыў, што афганскі рынак не мае патрэбы ў суперкамбайнах або тэхнічна складаных трактарах, ім патрэбна простая тэхніка. "Мы гатовы сёння ва Узбекістане сабраць такую тэхніку, а заўтра патроху яе рэалізаваць - не толькі ва Узбекістане, але і ў Таджыкістане, Афганістане", - дадаў ён.

Пры гэтым, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, у стварэнні сумесных прадпрыемстваў і перадачы вопыту з беларускага боку няма ніякай дабрачыннасці. "Узбекская дзяржава гатова за гэтыя тэхналогіі плаціць і падтрымліваць стварэнне сумесных прадпрыемстваў. Што яшчэ трэба? Для нашай растучай вытворчасці патрэбны рынкі, і нам прапануюць: прыходзьце - 33 млн чалавек. Гэта толькі на тэрыторыі, а вакол - каласальны рэгіён", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі таксама прапанаваў узбекскаму боку развіваць супрацоўніцтва ў ваенна-тэхнічнай сферы.

"Мы сёння дамовіліся, што не толькі адрамантуем, мадэрнізуем вашу тэхніку, лятальныя апараты, бранятэхніку, але і тут, на вашай базе, можам ствараць адпаведныя заводы і мадэрнізаваць і Су, і МіГ, і БТР, і танкі - у гэтым рэгіёне шмат гэтай тэхнікі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Цікавяць вас прадпрыемствы ВПК - калі ласка, яны адкрыты для вас. Патрэбны вам складаныя камандныя комплексы кіравання - мы іх ствараем самі. Яны ў нас на ўзбраенні стаяць. Мы вам створым. Трэба будзе - больш складаную ракетную тэхніку", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ў сферы бяспекі ў Беларусі няма сакрэтаў ад Узбекістана. "Прэзідэнт разумее, у якім свеце мы сёння жывём, і ставіць задачу па бяспецы і абароне. Калі ў вас ёсць цікавасць да нашых ваенных школ і органаў дзяржаўнай бяспекі - калі ласка, у нас не будзе ад вас ніякіх сакрэтаў", - сказаў беларускі лідар.

У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў абмяняліся меркаваннямі і па міжнародным парадку дня, пацвердзілі гатоўнасць і імкненне ўмацоўваць прававую базу ў галіне процідзеяння тэрарызму і экстрэмізму, разам процістаяць кантрабандзе наркотыкаў і іншым пагрозам.


Па выніках перагавораў бакі падпісалі 16 дакументаў, у асноўным дагаворы і пагадненні, аб развіцці ўзаемадзеяння ў розных сферах. Ключавыя дамоўленасці адлюстраваны ў міжурадавым дагаворы аб сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве на 2019-2023 гады. Прэзідэнты таксама прынялі сумесную заяву. У ёй кіраўнікі дзяржаў выказалі сваё задавальненне паступальным нарошчваннем двухбаковага супрацоўніцтва і ўпэўненасць у тым, што рэалізацыя дасягнутых дамоўленасцей і падпісаных дакументаў будзе садзейнічаць далейшаму развіццю традыцыйна дружалюбных адносін паміж краінамі і іх вываду на якасна новы ўзровень.

На сустрэчы з журналістамі Аляксандр Лукашэнка расказаў, як рыхтаваўся яго візіт ва Узбекістан. Бакі дамовіліся аб гэтым яшчэ два гады таму ў час сустрэчы ў Самаркандзе. Тады на перагаворах Шаўкат Мірзіёеў запрасіў Кіраўніка беларускай дзяржавы наведаць Узбекістан праз два месяцы.

"Быў бы жывы Іслам (першы Прэзідэнт Узбекістана Іслам Карымаў), гэта быў бы больш пратакольны візіт. Я папрасіў: "Давайце возьмем паўзу і падрыхтуем салідны візіт, каб была нейкая аснова. Шавяльнём нашы двухбаковыя адносіны, падштурхнём нашу міжурадавую камісію. Калі мы ўбачым амаль выпакутаваную дарожную карту, мы сустрэнемся, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вось гісторыя гэтай сустрэчы".

"Мы не турыстычную паездку зрабілі. Я ўжо гэта адчуваю. Мы прыехалі сюды з канкрэтнымі прапановамі на патрабаванні і пажаданні майго сябра і калегі Прэзідэнта Узбекістана", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён канстатаваў, што ў апошнія гады беларуска-ўзбекскія адносіны выйшлі на якасна новы ўзровень. Краіны вядуць адкрыты дыялог на аснове разумення, узаемнага даверу і шчырага жадання развіваць усебаковае супрацоўніцтва. Доўгія гады адносіны паміж Беларуссю і Узбекістанам развіваліся вельмі маруднымі тэмпамі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што за тры-чатыры гады яны навярстаюць упушчанае.

"Сёння перагаворы прайшлі ў вельмі цёплай, дружалюбнай і брацкай атмасферы. Асноўная ўвага, вядома, была ўдзелена гандлёва-эканамічнаму ўзаемадзеянню, якое апошнім часам, на шчасце, паспяхова пашыраецца", - расказаў журналістам Прэзідэнт.

Прыярытэтнымі напрамкамі супрацоўніцтва, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, павінна стаць пашырэнне вытворчай кааперацыі ў машынабудаванні, аграпрамысловым комплексе, транспартнай і фармацэўтычнай галінах, сферы інфармацыйных тэхналогій.

Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу кіраўнікам міністэрстваў і буйнейшых прадпрыемстваў знайсці ва Узбекістане для рэалізацыі канкрэтныя праекты і даручыў віцэ-прэм'еру Міхаілу Русаму кантраляваць гэтыя пытанні.


"Калі ўзбекам трэба збожжаўборачны камбайн, зрабіце той, які ім патрэбны. Калі ім патрэбны абаротны плуг, зрабіце яго - менавіта той, які патрэбны ва Узбекістане, а не ў Беларусі, Украіне або Расіі, - запатрабаваў Прэзідэнт. - Давайце знойдзем сабе работу, гэта ж нам на карысць. Гэта ж не дабрачыннасць: Узбекістан, багатая, а ў перспектыве яшчэ больш багатая краіна, за гэта плаціць грошы. І мы павінны зрабіць так, каб яны сталі яшчэ багацейшымі, каб потым яшчэ больш нам заплацілі".

Пасля афіцыйных перагавораў Аляксандр Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў адкрылі ў Ташкенце выстаўку беларускіх вытворцаў Made in Belarus. Тэматычныя экспазіцыі расказваюць аб развіцці ў Беларусі такіх галін, як машынабудаванне і транспарт, хімія і нафтахімія, будаўніцтва і дрэваапрацоўка, сельская гаспадарка і харчаванне, ахова здароўя і фармацэўтыка, лёгкая прамысловасць, навука і тэхналогіі, адукацыя, спорт і турызм.

Прэзідэнты асаблівую ўвагу ўдзялілі стэндам вядомых прамысловых прадпрыемстваў: Беларускага аўтамабільнага завода, Мінскага аўтамабільнага завода, "Белшыны", "Белкамунмаша". Спыніліся яны і каля экспазіцый "Гарызонта", Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Нацыянальнай акадэміі навук, канцэрнаў "Беллегпрам" і "Белдзяржхарчпрам".

На выстаўцы кіраўнікі дзяржаў не проста заслухоўвалі даклады аб выпускаемай на прадпрыемствах прадукцыі. Яны разам з бізнесменамі абмяркоўвалі магчымыя сумесныя праекты і тут жа давалі даручэнні адказным асобам прапрацаваць іх. Размова, у прыватнасці, ішла аб пастаўках прадукцыі, арганізацыі зборачных і перапрацоўчых вытворчасцей, стварэнні лагістычных цэнтраў.

Затым кіраўнікі дзяржаў агледзелі выстаўку беларускай пасажырскай, сельскагаспадарчай, дарожна-будаўнічай тэхнікі. Побач разгарнулася экспазіцыя ўзбекскіх харчовых тавараў. Прэзідэнты абмеркавалі пытанні ўзаемных паставак харчовых тавараў, супрацоўніцтва мытных органаў у гэтай сферы.

У гэты ж дзень два лідары наведалі цырымонію адкрыцця новага вытворчага корпуса беларуска-ўзбекскага прадпрыемства "Амкадор-Агратэхмаш". Кіраўнікам дзяржаў далажылі аб дзейнасці завода і яго перспектывах развіцця. На прадпрыемстве ім таксама прадэманстравалі незвычайнае шоу - танец пагрузчыкаў і трукі на экскаватарах, якія збіраюцца ў Ташкенце.

Тэгі: Візіты
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь