Афіцыйны візіт у Рэспубліку Малдова

  • 18

Беларусь нязменна разглядае Малдову як надзейнага партнёра, развіццё палітычных і эканамічных адносін з якім прыярытэтнае. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 верасня на сустрэчы са сваім малдаўскім калегам Мікалаем Цімофці.

Кіраўнік беларускай дзяржавы 24 верасня прыбыў з афіцыйным візітам у Малдову. У Кішынёве адбыліся перагаворы прэзідэнтаў Беларусі і Малдовы спачатку ў вузкім, а потым у пашыраным фармаце. Тэматыка размовы закранала ўсе сферы двухбаковых адносін.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што з апошняй афіцыйнай сустрэчы двух прэзідэнтаў мінула ні многа, ні мала 14 гадоў. "Аднак гэта ні ў якім разе не азначае, што адносіны з Малдовай адышлі для нас на другі план. Мы нязменна разглядаем Малдову як надзейнага партнёра, дружалюбную і блізкую нам краіну, развіццё палітычных і эканамічных адносін з якой прыярытэтна для Беларусі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Малдова з'яўляецца для Беларусі важным гандлёва-эканамічным партнёрам і займае пятае месца ў агульным аб'ёме тавараабароту з краінамі СНД. З 2000 года аб'ём узаемнага гандлю вырас у пяць разоў і дасягнуў у 2013 годзе адзнакі амаль $360 млн. Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, пэўны зачын зроблены, трэба рухацца далей. На праведзеных перагаворах прэзідэнты акцэнтавалі ўвагу на развіцці гандлёва-эканамічных адносін паміж дзвюма краінамі.

Закранаючы палітычныя адносіны Беларусі і Малдовы, Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем канстатаваў высокі ўзровень узаемадзеяння дзвюх краін на міжнароднай арэне, у тым ліку ў ААН, АБСЕ, СНД, іншых універсальных і рэгіянальных арганізацыях. Ён падзякаваў малдаўскаму боку за падтрымку Беларусі на самітах "Усходняга партнёрства". Беларускі бок разлічвае таксама на сумесную работу парламентарыяў Беларусі і Малдовы, на падрыхтоўку заканадаўчых ініцыятыў, накіраваных на стымуляванне вытворчай кааперацыі, стварэнне сумесных прадпрыемстваў і вытворчасцей.

Прэзідэнт Беларусі лічыць перспектыўным супрацоўніцтва з Малдовай у вытворчай кааперацыі для выхаду на рынкі трэціх краін і ЕС. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўжо рэалізуюцца праекты зборкі ў Малдове беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі і тралейбусаў, на чарзе - зборка аўтобусаў. На думку беларускага лідара, у сувязі з гэтым Беларусі і Малдове трэба арыентавацца на павелічэнне таварабароту да $1 млрд.

Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што беларускі бок гатовы забяспечыць патрэбнасці малдаўскіх партнёраў у машынабудаўнічай і нафтахімічнай прадукцыі, таварах лёгкай прамысловасці, будматэрыялах, бытавой тэхніцы, лекавых сродках і прадуктах харчавання. Акрамя таго, Беларусь зацікаўлена ў рэалізацыі праектаў развіцця дарожнай інфраструктуры і сельскай гаспадаркі Малдовы. "Нам ёсць што прапанаваць", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што падпісанне Малдовай пагаднення аб асацыяцыі з ЕС не паўплывае на адносіны з Беларуссю.

"Не драматызуйце. Праблема ў адным: склалася новая сітуацыя, і ў ёй патрэбны новыя падыходы, іншыя дзеянні. Трэба ствараць новыя формы, шукаць новыя шляхі супрацоўніцтва. Такое жыццё. Гэта канкурэнцыя", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускі бок з павагай ставіцца да рашэння Малдовы падпісаць і ратыфікаваць пагадненне аб асацыяцыі з ЕС. "Мы гвалтам не крычым і не ствараем нейкіх неадольных бар'ераў у сувязі з гэтым. Заўсёды трэба глядзець на канкрэтыку, - лічыць Кіраўнік беларускай дзяржавы. - Перш чым крычаць, павінны сесці і разабрацца: хто парушыў дамоўленасці, як і чаму. Але, калі мы прыйдзем да нейкіх неадольных бар'ераў, вынікаў нашых узаемаадносін, звязаных менавіта з пагадненнем аб асацыяцыі Малдовы з ЕС, мы адкрыта скажам вам, што не можам у сувязі з абавязацельствамі з іншымі дзяржавамі. Пакуль гэтага няма".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер беларускі бок, праводзячы перагаворы з Малдовай, з улікам абавязацельстваў у Мытным саюзе, з улікам арыенціраў Малдовы на Еўрапейскі саюз, знаходзіць дадатковыя шляхі супрацоўніцтва.

"Я ведаю, што шмат пытанняў цяпер: а як будзе ў Малдове, вось гэтыя санкцыі, эмбарга і іншае... Я думаю, не трэба занадта перабольшваць такія рэчы. Проста вы будзеце знаходзіцца ў іншай сітуацыі. Трэба перабудоўваць сваю работу ў сувязі з існуючай сітуацыяй, у сувязі з новымі абставінамі", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Калі вы захочаце гандляваць з Расійскай Федэрацыяй (а я ведаю падыходы кіраўніцтва Расіі: яны таксама не хочуць лішніх праблем), без драматызацыі, без гвалту, буз шуму вы заўсёды дамовіцеся", - упэўнены беларускі лідар. Галоўнае - сваімі дзеяннямі не шкодзіць партнёрам, дадаў ён. "Усё павінна быць па-чалавечы. І так заўсёды было паміж малдаўскім, рускім і беларускім народамі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Нам не патрэбны напружанасць і дадатковыя раздзяляльныя лініі на еўразійскай прасторы. Мы прыхільнікі інтэграцыі інтэграцый, выхаду ў перспектыве на агульную эканамічную прастору - ад Лісабона да Уладзівастока. Упэўнены, што розныя вектары інтэграцыйнага развіцця Беларусі і Малдовы не павінны перашкаджаць двухбаковаму эканамічнаму супрацоўніцтву", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі бок спадзяецца на больш актыўнае супрацоўніцтва з Малдовай у СНД. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што будзе чакаць у Мінску на чарговым саміце Садружнасці, які пройдзе ў кастрычніку, Прэзідэнта Малдовы. Ён таксама запрасіў Мікалая Цімофці наведаць з афіцыйным візітам Беларусь з тым, каб пракантраляваць выкананне дасягнутых дамоўленасцей.

Па выніках перагавораў быў падпісаны пакет дакументаў, што пашыраюць двухбаковае супрацоўніцтва.

У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка і Мікалай Цімофці падпісалі сумесную заяву, у якой канстатавалі паступальны характар развіцця малдаўска-беларускіх адносін і пацвердзілі, што іх далейшае паглыбленне адпавядае інтарэсам дзвюх краін. Бакі выказалі зацікаўленасць у паглыбленні вытворчай кааперацыі, пашырэнні створаных у Малдове зборачных прадпрыемстваў для задавальнення патрэбнасцей малдаўскага рынку і магчымага экспарту іх прадукцыі ў трэція краіны. Прэзідэнты выказалі ўпэўненасць, што гэты візіт беларускага лідара ў Малдову стане чарговым крокам у развіцці палітычнага дыялогу, гандлёва-эканамічных і міжрэгіянальных адносін, будзе садзейнічаць далейшаму паглыбленню і ўмацаванню дружбы і супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі.

Акрамя таго, пагадненне аб супрацоўніцтве падпісалі гандлёва-прамысловыя палаты Беларусі і Малдовы.

Падпісаны пералікі прадукцыі, якая будзе пастаўляцца па кааперацыі прадпрыемствамі Беларусі і Малдовы ў 2015 годзе згодна з пагадненнямі паміж міністэрствамі прамысловасці ад 1996 года. Міністэрства замежных спраў Беларусі і Міністэрства замежных спраў і еўрапейскай інтэграцыі Малдовы падпісалі план мерапрыемстваў па супрацоўніцтве на 2015-2016 гады. Падпісаны план мерапрыемстваў на 2015-2016 гады ў галіне эканамічнага, навукова-тэхнічнага і сацыяльна-культурнага супрацоўніцтва паміж Мінскім гарвыканкамам і прымэрыяй муніцыпія Кішынёў. Беларусь і Малдова падпісалі таксама дагавор аб перадачы асоб, асуджаных да пазбаўлення волі, для далейшага адбывання пакарання.

"Калі будзе ваша воля, можаце быць упэўнены, што наша слова цвёрдае, і мы выканаем усё, аб чым дамовіліся", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Пазней Прэзідэнт Беларусі па просьбе журналістаў пракаменціраваў сітуацыю ва Украіне. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што за апошні час зроблена шмат для ўрэгулявання гэтага канфлікту. Паводле ацэнкі Кіраўніка беларускай дзяржавы, кантактная група па Украіне, якая працавала ў Мінску, правяла каласальную работу. "Яны спынілі бойню, мясарубку. Гэта вялікі прагрэс. Вайна адразу не спыняецца. Лёгка яе развязаць, лёгка далёка зайсці, а вось выйсці - вельмі цяжка. Так было ў гісторыі заўсёды. Але ўжо зроблена шмат", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі лічыць, што выхад з канфлікту ва Украіне будзе цяжкі, але вайны не будзе.

"Вельмі цяжкі будзе выхад з канфлікту, а вынікі - катастрафічныя з пункту гледжання псіхалогіі людзей, сваякоў загінуўшых. Але гэта той шлях, які давядзецца прайсці", - сказаў Прэзідэнт Беларусі. Пры гэтым ён падкрэсліў: "Веру, што вайны не будзе, таму што ў ёй не можа быць ні пераможных, ні пераможцаў". "Няма перспектывы перамогі. Дык навошта тады ваяваць? І гэта бакі канфлікту разумеюць", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Яна не патрэбна нікому. Вайна вядзецца, калі нехта думае перамагчы, але ўсе бакі канфлікту перакананы, што перамогі ім не атрымаць: ні ўкраінская армія не пераможа, ні армія супраціўлення, якая там ёсць і якую называюць сепаратыстамі, многія лічаць, што там Расія ваюе, Расія там не ваявала, і калі яна будзе ваяваць, яна таксама не пераможа, толькі горш зробіць", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што Расія ні з кім не хоча весці эканамічную вайну. "Ведаючы псіхалогію, вельмі добра ведаючы кіраўніцтва Расіі, - Расія не хоча ні з кім весці, а ў гэтай сітуацыі тым больш, эканамічную вайну", - сказаў беларускі лідар.

"Калі Украіна, Малдова, іншыя краіны, падпісаўшы дагавор аб асацыяцыі з ЕС, не будуць шкодзіць Расіі, я ўпэўнены, у бліжэйшы час, калі ўрону расійскай эканоміцы не будзе, вы нармалізуеце з ёй адносіны. Расія ў гэтай сітуацыі проста спрабуе абараніцца", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён дадаў, што пэўныя насцярожанасці ёсць не толькі ў Расіі, але і ў Беларусі, і аб гэтым было сказана Прэзідэнту Украіны Пятру Парашэнку на апошняй сустрэчы ў Мінску. Украінскаму прэзідэнту былі прыведзены канкрэтныя палажэнні дагавора аб асацыяцыі з Еўрасаюзам, якія выклікаюць насцярожанасць. Паводле слоў беларускага лідара, Пётр Парашэнка запэўніў, што калі гэтыя насцярожанасці перарастуць у канкрэтныя факты, то ўкраінскі бок будзе несці за гэта адказнасць. "На гэтым і парашылі", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Не трэба шкодзіць адзін аднаму. Ашукаць, абысці, змікшыраваць неяк сітуацыю не атрымаецца: усюды добрыя спецыялісты: і ў Малдове, і ў Расіі, і ў Беларусі, і ва Украіне. Усё падлічваецца", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дасягнутыя Беларуссю дамоўленасці з Малдовай ніяк не могуць шкодзіць ні Расіі, ні Казахстану. "Мы не ствараем нашы адносіны супраць некага. Мы ствараем іх на карысць нашых народаў і не на шкоду некаму", - сказаў беларускі лідар.

На думку Прэзідэнта Беларусі, усё, што адбылося на Майдане, - няправільна і неканстытуцыйна. "Там загінулі людзі з двух бакоў. Гэта дрэнна. І ў кожнага загінуўшага, у калекі ёсць бацькі, сваякі. Нехта сына страціў або атрымаў скалечаным, нехта страціў мужа, дзеці засталіся без бацькі... Гэта што, нармальна? Гэта ненармальна. Гэта мая пазіцыя і беларускага народа", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

Беларускі лідар лічыць, што падзел жыхароў адной краіны на заходніх і ўсходніх ствараецца штучна, каб сутыкнуць народы, каб знайсці матывацыю для сваіх пазіцый.

Аляксандр Лукашэнка папрасіў не лічыць яго міратворцам украінскага канфлікту, паколькі, паводле яго слоў, ён проста робіць тое, аб чым яго папрасілі. "Так склалася, што Беларусь стала зручнай пляцоўкай для перагавораў. І я як гаспадар нешта спрабаваў зрабіць у гэтым плане, а мая заслуга ў гэтым невялікая", - сказаў ён. Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што ў яго ёсць пэўная асабістая матывацыя, паколькі ён мае ўкраінскія карані, а таксама не можа глядзець, калі "плачуць дзеці, а калі гінуць - наогул катастрофа".

"Мы менш за ўсё баімся, што заўтра нехта прыйдзе ў Беларусь і пачне ваяваць. Гэтага не будзе", - запэўніў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускі бок будзе рабіць усё, што ад яго залежыць, каб вайны ва Украіне не было. "Не таму, што гэта пагражае Беларусі або Малдове. Малдова гэта гора ўжо зведала. Аказалася падзеленай краіна. Гэта ваш боль. Дзякуй богу, Беларусь гэта не закранула. І мы робім усё для таго, каб гэта не адбылося. І мы зробім усё для таго, каб гэтага не было. Гэта я вам гарантую", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

"Упэўнены: мы, славянскія народы, пераадолеем гэтыя цяжкасці, - сказаў беларускі лідар. - Любая вайна заканчваецца мірам".

Вечарам у гонар Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі адбылася афіцыйная вячэра ад імя Прэзідэнта Малдовы Мікалая Цімофці.

У другі дзень афіцыйнага візіту 25 верасня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са старшынёй парламента Малдовы Ігарам Корманам і лідарамі парламенцкіх фракцый, а таксама прэм'ер-міністрам гэтай краіны Юрыем Лянкэ.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў бліжэйшыя гады Малдова можа дасягнуць добрых вынікаў развіцця. "Вашу краіну за 5 гадоў можна зрабіць калі не працвітаючай, то цудоўнай", - сказаў беларускі лідар. "Важна, каб пасля выбараў была адзіная кансалідацыя, або хаця б ва ўрадзе не перашкаджалі працаваць", - дадаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што з даўніх часоў ведае Малдову, неаднаразова бываў тут і заўсёды адчувае сябе ў гэтай краіне камфортна.

Прэзідэнт Беларусі разам са сваім малдаўскім калегам Мікалаем Цімофці прыняў удзел у цырымоніі ўрачыстага адкрыцця ў Кішынёве камерцыйнага цэнтра па продажы керамічнай пліткі і санітарнай керамікі вядучага беларускага прадпрыемства "Керамін".

Аляксандр Лукашэнка назваў гэта знакавай падзеяй, якая красамоўна сведчыць аб развіцці дзелавога супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. "Прыемна, што адна са старэйшых вытворчасцей Беларусі кожны год узмацняе свае пазіцыі на рынку Садружнасці Незалежных Дзяржаў і Еўропы. Наша прадпрыемства мае высокі аўтарытэт сярод партнёраў дзякуючы сучаснаму стылю, добраму дызайну, выдатнай якасці і шырокаму выбару выпускаемай прадукцыі", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Апошнія 10 гадоў запар гандлёвая марка "Керамін" станавілася пераможцай нацыянальнага конкурсу "Гандлёвая марка года" ў Малдове з уручэннем Гран-пры "Залаты Меркурый".

Прэзідэнт Беларусі лічыць, што новы буйнейшы ў Кішынёве гандлёвы цэнтр дасць магчымасць узняць узровень арганізацыі абслугоўвання пакупнікоў. На яго думку, гэтаму паслужыць і тое, што акрамя керамікі тут прадстаўлена якасная прадукцыя і іншых беларускіх вытворцаў.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў кіраўніцтву прадпрыемства "Керамін-Кішынёў" за рашэнне аб выдзяленні беларускай абшчыне Малдовы плошчаў для размяшчэння тут Цэнтра беларускай культуры імя Янкі Купалы. "Упэўнены, ён стане прывабным астраўком беларускай зямлі ў Малдове і будзе садзейнічаць пашырэнню беларускай культуры і ўмацаванню дружбы паміж нашымі народамі", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што ў час перагавораў з яго малдаўскім калегам, а таксама прэм'ер-міністрам і спікерам шмат гаварылася аб няпростых часах, якія перажывае Малдова. "Усё гэта пераадольна, толькі трэба аб'яднацца і ў гэтым напрамку дзейнічаць. А мы будзем вам надзейнымі спадарожнікамі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнты агледзелі гандлёвы цэнтр, агульная плошча якога складае больш як 15 тыс. кв.м. Аляксандр Лукашэнка таксама сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай дыяспары. Кіраўнік грамадскай арганізацыі "Беларуская абшчына Рэспублікі Малдова" Юрый Статкевіч падарыў Аляксандру Лукашэнку драўлянае пано, а ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Вайцаховіч - кнігу мемуараў.

Аляксандр Лукашэнка таксама ўсклаў вянок да помніка Стэфану Вялікаму.