Перагаворы з Прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам

  • 34
  • 5:43

Беларусь гатова развіваць адносіны з Малдовай максімальна хуткімі тэмпамі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 18 красавіка па выніках перагавораў у Кішынёве з Прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам.

Кіраўнік дзяржавы на сустрэчы з малдаўскім лідарам прызнаўся, што, наведваючы былыя рэспублікі Савецкага Саюза, нідзе не адчувае такой настальгіі, як у Малдове. "Праязджаючы па цэнтральнай вуліцы Кішынёва, я больш за ўсё хацеў бы прайсці па ёй пяшком, як некалі было ў савецкія часы. Я прызнаюся шчыра (гэта не для піяру нейкага, таму што я ў Малдове): лепшай зямлі я не бачыў і не сустракаў. Тут добрыя людзі, зямля, вельмі добры клімат", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што прыехаў у Малдову не як госць. "Я прыехаў сюды як чалавек, які любіць гэты край, які тут бываў вельмі шмат разоў. І я не магу пазбавіцца ад той думкі, што тут жывуць блізкія людзі, прама скажу - нашы людзі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ігар Дадон падзякаваў Кіраўніку беларускай дзяржавы за тое, што той знайшоў час наведаць Малдову з афіцыйным візітам. Ён падкрэсліў, што яго краіна лічыць Беларусь сваім самым надзейным партнёрам. Асобную ўдзячнасць ён выказаў за бязвыплатную перадачу Малдове напярэдадні візіту Прэзідэнта Беларусі сельскагаспадарчай і камунальнай тэхнікі.


На перагаворах у пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый бакі абмеркавалі шырокі комплекс пытанняў, якія датычыліся развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, узаемадзеяння ў інтэграцыйных фарматах, у тым ліку на пляцоўках Еўразійскага эканамічнага саюза і Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць для Беларусі дружалюбных адносін з Малдовай. "Не буду пералічваць нашы праекты, мы нямала зрабілі ў былыя часы і асабліва цяпер. Вы для нас тое, што нам патрэбна ў гандлёва-эканамічных адносінах: вырабляеце ўсё тое, чаго няма ў Беларусі. Мы родныя людзі (я гэтага ніколі не забываю і не забуду), ды і вам, якія б у вас ні былі палітычныя перавагі, я разумею, што беларусы не чужыя людзі", - адзначыў Прэзідэнт.

"У нас няма ніякіх геапалітычных, стратэгічных інтарэсаў тут, акрамя дружалюбных. Таму, улічваючы тое, што мы блізкія людзі, і тое, што вы вырабляеце ўсё, што нам трэба, мы купім у вас", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.

Па выніках перагавораў, размаўляючы з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатова супрацоўнічаць з Малдовай па ўсіх напрамках, якія цікавыя гэтай краіне. "Хачу сказаць проста і даступна, няхай нас пачуюць і ў Амерыцы, і ў Еўрасаюзе, і на Усходзе: у нас няма закрытых тэм для супрацоўніцтва. Мы гатовы з вамі супрацоўнічаць, пачынаючы ад ВПК (калі вам гэта патрэбна) і заканчваючы любой грамадзянскай прадукцыяй, сельскай гаспадаркі, прадуктаў харчавання", - сказаў Прэзідэнт.

Пры гэтым, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы, беларускі бок гатовы дзейнічаць максімальна хутка, калі да гэтага будуць гатовы малдаўскія партнёры. "Мы гатовы настолькі, наколькі гатовы вы. Давайце не будзем траціць час", - заклікаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць, што Беларусі і Малдове не трэба замыкацца на звычайным гандлі, а трэба ствараць сумесныя прадпрыемствы. Работа ў гэтым напрамку вядзецца ўжо даўно, аднак яе трэба актывізаваць. "Больш таго, мы падрыхтуем вам спецыялістаў", - дадаў Прэзідэнт.


Закранаючы палітычную праблематыку, Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на размовы аб тым, што Малдова арыентуецца на Еўрапейскі саюз ці ж, наадварот, на Усход. І многія краіны не ведаюць, як развіваць супрацоўніцтва з ёй. "Трэба бачыць Малдову такой, якая яна ёсць. Мы такім прынцыпам і кіруемся", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Зыходзячы з гэтага, бакі выпрацавалі алгарытм супрацоўніцтва. Такое цеснае і канструктыўнае ўзаемадзеянне паміж дзяржавамі і іх кіраўніцтвам, лічыць Прэзідэнт, з'яўляецца прыкладам для іншых.

"Не трэба спрабаваць ставіць невялікія дзяржавы на калені і арыентаваць нас - або туды, або сюды. Дайце нам магчымасць вызначыцца, з кім нам быць і як нам дзейнічаць у далейшым. Я формулу Прэзідэнта Малдовы прымаю на ўра: мы павінны бачыць усё добрае і там, і там, - перакананы Аляксандр Лукашэнка. - На гэтым шляху мы для вас самыя добрыя і жаданыя сябры. Мы гатовы вам дапамагчы настолькі, наколькі можам. І настолькі, наколькі вы гэтага хочаце. Вось і ўся формула нашых адносін".

Кіраўнік дзяржавы таксама выказаў падтрымку Малдове ў сувязі з парламенцкімі выбарамі і выбарамі мэра Кішынёва, што праходзяць у краіне. "Я хачу, каб людзі ў Малдове ведалі, што беларусы з вамі", - сказаў ён.

Пасля афіцыйных перагавораў з Прэзідэнтам Малдовы і размовы з прэсай Аляксандр Лукашэнка ўсклаў вянок да помніка Штэфану Вялікаму. Бронзавы манумент устаноўлены ў цэнтры Кішынёва і з'яўляецца адным з сімвалаў горада і ўсёй краіны.


Кіраўнікі дзяржаў прадоўжаць перагаворы заўтра, але ўжо ў нефармальнай абстаноўцы. Аляксандр Лукашэнка і Ігар Дадон наведаюць інстытут раслінаводства "Парумбень", дзе прымуць удзел у цырымоніі "Дзень поля", прысвечанай пачатку пасяўной кампаніі. Разам прэзідэнты маюць намер пасадзіць новы ўраджай кукурузы.

На 19 красавіка ў Аляксандра Лукашэнкі таксама запланавана сустрэча з Прэм'ер-міністрам Малдовы Паўлам Філіпам. На перагаворах будуць разгледжаны пытанні пашырэння эканамічных сувязей у розных галінах, уключаючы сельскую гаспадарку, харчовую прамысловасць, вытворчую кааперацыю, інфраструктурныя праекты. Асобная ўвага будзе ўдзелена рабоце ўжо існуючых і стварэнню новых сумесных прадпрыемстваў, развіццю супрацоўніцтва ў энергетыцы, гуманітарнай сферы і праваахоўнай дзейнасці. Па выніках сустрэчы чакаецца падпісанне шэрага міжнародных дакументаў.