Бел
Галоўная   /  Падзеі

Перагаворы з Прэзідэнтам Грузіі Гіоргіем Маргвелашвілі

22 сакавіка 2018 года
Падпісанне дакументаў па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Грузіі
Перагаворы з Прэзідэнтам Грузіі ў фармаце сам-насам
глядзіце таксама: відэа
22 сакавіка 2018 года
Перагаворы з Прэзідэнтам Грузіі ў фармаце сам-насам
Афіцыйны візіт у Грузію
глядзіце таксама: фота
22 сакавіка 2018 года
Афіцыйны візіт у Грузію
39 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае асаблівую дружбу паміж народамі Беларусі і Грузіі і добрыя пачуцці, якія засталіся яшчэ з савецкага часу. Аб гэтым Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў 22 сакавіка ў Тбілісі на перагаворах з Прэзідэнтам Грузіі Гіоргіем Маргвелашвілі.

"Я сапраўды сюды еду як дадому. Хоць і другі раз. Але я адчуваю, што тут блізкія нам людзі", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, з'яўляючыся Прэзідэнтам, бываў шмат разоў у розных краінах. "Шчыра скажу, што ў некаторыя паездкі едзеш і ведаеш, што гэта цяжкая работа. У Грузію, я разумею, што еду працаваць, але з вялікім хваляваннем заўсёды і ў чаканні, што тут вельмі дабрадушныя, прыстойныя людзі", - сказаў ён.

Кіраўнік беларускай дзяржавы згадзіўся са словамі грузінскага лідара аб тым, што супрацоўніцтва дзвюх краін развіваецца ў першую чаргу дзеля грамадзян. Гэта датычыцца ўзаемадзеяння як у сферы паставак і вытворчасці прадуктаў харчавання, так і складанай тэхнікі. "Думаю, што ў выніку нашых двухдзённых сустрэч мы знойдзем і іншыя шляхі паставак у Беларусь і назад, каб больш актыўна ішоў тавараабмен", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

"У Беларусі няма закрытых тэм у супрацоўніцтве з Грузіяй. Усё, на што мы здольныя, усё, што Грузія бачыць у нас і хоча, каб развівалася тут, мы заўсёды ідзём насустрач", - падкрэсліў беларускі лідар. Ён таксама выказаў упэўненасць, што краіны ўжо ў бягучым годзе змогуць пераадолець адзнаку $200 млн ва ўзаемным гандлі.

Гіоргій Маргвелашвілі таксама выказаўся за развіццё адносін паміж Беларуссю і Грузіяй. "У нас ёсць магчымасць тут разам збірацца і працаваць на карысць нашых грамадзян. Гэты візіт азнаменаваны тым, што мы будзем падпісваць дагавор, які будзе вызначаць адносіны паміж Беларуссю і Грузіяй на многія дзесяцігоддзі. Дзякуй вам асабіста за дружбу і добрае стаўленне", - сказаў Прэзідэнт Грузіі.

Ён падкрэсліў, што адносіны дзвюх краін для многіх у свеце могуць быць прыкладам.

Беларусь і Грузія за апошнія гады змаглі нанова аднавіць двухбаковыя адносіны, заявіў Аляксандр Лукашэнка на перагаворах у пашыраным складзе з Гіоргіем Маргвелашвілі.

"Мы сапраўды за апошнія два-тры гады нямала зрабілі для таго, каб не проста інтэнсіфікаваць нашы адносіны, а нанова аднавіць іх і закласці аснову і фундамент, аб чым вы сказалі. Мы паставілі перад сабой амбіцыйную мэту - дасягнуць $200 млн тавараабароту пры ўсіх праблемах, якія сёння існуюць. Мы не проста поўныя рашучасці, каб вырашыць гэту задачу, мы да канца года можам яе вырашыць. Гэта сведчыць аб тым, што мы на правільным шляху", - заявіў беларускі лідар.

Ён таксама падзякаваў кіраўніцтву Грузіі за падтрымку на міжнародных пляцоўках, у тым ліку ў АБСЕ, ААН, на пляцоўцы "Усходняга партнёрства". "Не было таго выпадку, каб Грузія не стаяла побач з Беларуссю ў самыя складаныя часы. І Міхаіл Саакашвілі, і цяперашняя ўлада заўсёды падтрымлівалі беларускі народ. І ў гэтым плане мы, вядома ж, абавязаны сваім братам-грузінам за тую каласальную салідарнасць, якую вы заўсёды праяўлялі ў адносінах да Беларусі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што краіны ідуць не проста па шляху звычайнага тавараабмену, хоць гэта і важна, але пачынаюць ствараць навуковыя цэнтры для патрэб сельскай гаспадаркі, сумесныя вытворчасці. "Няма закрытых тэм для супрацоўніцтва", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.



Прэзідэнт дадаў, што для эфектыўнага развіцця таго ці іншага напрамку неабходны падрыхтаваныя кадры, і ў гэтым плане ў краін ёсць добры патэнцыял для ўзаемадзеяння. "Калі мы ствараем сумесныя прадпрыемствы па трактарабудаванні, мы вам дапаможам падрыхтаваць спецыялістаў па гэтым напрамку, калі па жывёлагадоўлі - дапаможам вучонымі і спецыялістамі, калі мы вырашылі разам з вамі займацца транспланталогіяй - прыехаў наш кіраўнік цэнтра, прызнаны ва ўсім свеце (Алег Румо)", - канстатаваў Прэзідэнт.

Па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Грузіі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь заўсёды будзе адкрыта для супрацоўніцтва з Грузіяй.

"Асабліва хачу падкрэсліць - у беларуска-грузінскіх адносінах няма закрытых тэм і пытанняў. Наш дыялог на ўсіх узроўнях вызначае шчыры давер і павага, - падкрэсліў беларускі лідар. - Мы людзі абавязковыя. Калі мы дамовіліся - мы абавязкова гэта зробім. Калі мы штосьці можам, вы нам скажыце, - мы абавязкова падключымся і дапаможам тут, у Грузіі, рэалізаваць жаданыя і патрэбныя для грузінскага народа праекты".

"Вы павінны памятаць, што 2 тыс. км адлегласць паміж Мінскам і Тбілісі - гэта не адлегласць. Мы памятаем, што вы - нашы браты, што мы жылі, можна сказаць, у адным доме. І вы павінны памятаць, што ў вас там, на Захадзе, у цэнтры Еўропы ёсць надзейная база, дзе вы можаце не толькі з кімсьці размаўляць, але і гандляваць. Мы гатовы да гэтага супрацоўніцтва, і я ўпэўнены, вы верыце ў мае словы, таму што мы вас ніколі не падводзілі. Запэўніваю, што Беларусь заўсёды будзе адкрыта для супрацоўніцтва з Грузіяй, і я асабіста падтрымаю любыя сумесныя праекты, накіраваныя на далейшае пашырэнне і паглыбленне нашых адносін", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што вельмі хоча як чалавек і як Кіраўнік дзяржавы, каб у Грузіі было добрае і мірнае жыццё. "Грузінскі народ заслугоўвае павагі і мірнага існавання на гэтай планеце. Гэта старажытны народ, які даў цывілізацыі шмат добрага. Мы гэта цэнім", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што за час, які мінуў пасля яго папярэдняга візіту ў 2015 годзе, краіны значна рушылі наперад у супрацоўніцтве. Ён таксама падкрэсліў шчырую атмасферу цяперашніх сустрэч у Тбілісі, на якіх разгледжана шырокае кола пытанняў. Аднак асноўная ўвага традыцыйна была ўдзелена гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву. "Па выніках мінулага года нашы краіны выйшлі на высокі ўзровень аб'ёмаў узаемнага гандлю - каля $112 млн. Вядома, лічба невялікая. Але калі разумець, што калісьці быў нуль, і на працягу 2-3 гадоў мы выйшлі на такі ўзровень, то гэта добрыя тэмпы. І я ўпэўнены, што хутка мы пераадолеем той запаветны 200-мільённы рубеж. І для гэтага ў нас ёсць усе перадумовы", - упэўнены беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь і Грузія пайшлі па шляху прамысловай кааперацыі. Беларусь можа прапанаваць шырокую гаму складанатэхнічнай прадукцыі - ад пасажырскіх аўтобусаў і электробусаў да спецыяльнай пажарнай тэхнікі. Гэтымі днямі ў Тбілісі пачало функцыянаваць першае сумеснае прадпрыемства па зборцы беларускіх ліфтаў і іншых пад'ёмных механізмаў. Вырашаецца пытанне аб адкрыцці ў Грузіі зборачнай вытворчасці айчынных трактароў, разглядаюцца розныя варыянты супрацоўніцтва ў галіне фармацэўтыкі, лёгкай і харчовай прамысловасці. Беларусь таксама гатова аказаць садзейнічанне ў развіцці сельскай гаспадаркі Грузіі і ўмацаванні харчовай бяспекі. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што з сумесна вырабленай прадукцыяй неабходна выходзіць і на рынкі трэціх краін.



Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, дружалюбныя беларуска-грузінскія адносіны не абмяжоўваюцца толькі эканамічным супрацоўніцтвам. Ён прапанаваў падзяліцца распрацоўкамі ў сферы папярэджання і ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый, дапамагчы ў падрыхтоўцы адпаведных кадраў. Развіваецца і ўзаемадзеянне ў медыцынскай сферы - у гэтым годзе з удзелам беларускіх спецыялістаў у Грузіі пачнецца рэалізацыя праграмы па трансплантацыі печані.

Умацаванню ўзаемаразумення паміж народамі дзвюх краін садзейнічаюць і актыўныя культурныя сувязі, дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Пасля перагавораў Аляксандр Лукашэнка і Гіоргій Маргвелашвілі падпісалі дагавор аб асновах супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Грузіяй.

У дагаворы замацаваны намер Беларусі і Грузіі садзейнічаць умацаванню ўзаемадзеяння на ўсіх узроўнях і ва ўсіх сферах, якія ўяўляюць узаемны інтарэс.

Краіны дамовіліся аб далейшым развіцці палітычнага дыялогу, дагаворна-прававой базы двухбаковага супрацоўніцтва, узаемадзеянні ў рамках міжнародных арганізацый, у тым ліку па ключавых пытаннях глабальнай і рэгіянальнай бяспекі.

Беларусь і Грузія прадоўжаць прыкладаць сумесныя намаганні ў рамках існуючых механізмаў двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва ў мэтах паглыблення на ўзаемнай аснове міжгаліновага ўзаемадзеяння, умацавання эканамічных сувязей і развіцця прамых кантактаў паміж суб'ектамі гаспадарання.

Адзначаецца таксама намер заахвочваць кантакты на ўзроўні малога і сярэдняга бізнесу і рэалізацыю сумесных праектаў, развіваць супрацоўніцтва ў галіне максімальна эфектыўнага выкарыстання транзітнага патэнцыялу бакоў шляхам рэалізацыі сумесных праектаў у галіне транспарту і лагістыкі, а таксама ўдзелу ў развіцці міжнародных транзітных калідораў.Беларусь і Грузія будуць садзейнічаць пашырэнню міжрэгіянальнага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння ў сферы турызму.

Дасягнуты таксама дамоўленасці па садзейнічанні пашырэнню і развіццю супрацоўніцтва па такіх напрамках, як адукацыя, культура і мастацтва, інфармацыйная сфера і маладзёжная палітыка, заахвочванні падрыхтоўкі і рэалізацыі сумесных навуковых праектаў.

Акрамя таго, у прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў падпісаны яшчэ 10 дакументаў, накіраваных на развіццё супрацоўніцтва па канкрэтных напрамках. У іх ліку пагадненне паміж урадамі Беларусі і Грузіі аб узаемных бязвізавых паездках грамадзян. Заключаны мемарандум аб супрацоўніцтве паміж нацыянальнымі банкамі і мемарандум аб узаемаразуменні паміж нацыянальнымі банкамі ў галіне банкаўскага нагляду, мемарандум аб супрацоўніцтве паміж ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" і АТ "Партнёрскі фонд" Грузіі. Падпісаны пратакол аб намерах паміж Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і Міністэрствам сельскай гаспадаркі Грузіі, праграма развіцця супрацоўніцтва ў сферы вышэйшай адукацыі, пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Нацыянальнай парламенцкай бібліятэкай Грузіі. Зацверджана дарожная карта па рэалізацыі пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя і медыцынскай навукі паміж Міністэрствам аховы здароўя Беларусі і Міністэрствам працы, аховы здароўя і сацыяльнай абароны Грузіі.

Пасля завяршэння афіцыйных перагавораў прэзідэнты Беларусі і Грузіі наведалі Тбіліскі каньячны завод.

Кіраўніку беларускай дзяржавы падрабязна расказалі аб гісторыі прадпрыемства, а таксама аб розных тонкасцях тэхналогіі вытворчасці каньяку і яго правільнага ўжывання. Аляксандр Лукашэнка і Гіоргій Маргвелашвілі правялі купажыраванне і запячаталі бочку да маючага адбыцца 25-годдзя дыпламатычных адносін Беларусі і Грузіі.


На ўрачыстым прыёме ад імя Прэзідэнта Грузіі Гіоргія Маргвелашвілі Аляксандр Лукашэнка адзначыў вялікую зацікаўленасць і актыўнасць з грузінскага боку ў развіцці адносін з Беларуссю.

"Вы, паважаныя браты грузіны, мяне вельмі здзівілі. Я, напэўна, у палітыцы больш, чым хто-небудзь з прысутных тут. Тым больш, на гэтай пасадзе. І сустракаўся з рознымі людзьмі, рознымі дэлегацыямі. Часам вельмі шмат абяццаняў, размоў, наказаў, жадання заўтра ж горы звярнуць. Праходзіць паўгода - два-тры, а элементарныя пытанні не вырашаюцца", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ён спачатку думаў, што так можа быць і ў выпадку з Грузіяй. "Таго, што нашы грузінскія калегі так спрацуюць, шчыра прызнаюся, я не чакаў. Таму я без ліслівасці вам кажу: вы мяне прыемна здзівілі, вы проста малайцы ў гэтым плане, і, напэўна, за вамі вялікае будучае", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падзякаваў грузінскаму боку за гасцінны прыём, аказаны беларускай дэлегацыі, і адзначыў гатоўнасць і далей развіваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва. "Грузінскі народ заслугоўвае добрага жыцця. Гэта працавіты, прадпрымальны народ, які ўмее працаваць у рыначных адносінах значна лепш, чым беларусы, - сказаў ён. - Нам прыемна мець справу з такімі партнёрамі. Калі мы нешта можам зрабіць для вас, вы павінны быць абсалютна ўпэўнены - мы для вас абавязкова зробім".

"Трэба рухацца тымі ж тэмпамі, якімі мы рухаемся да гэтага моманту. Бывайце часцей у нас, мы будзем прыязджаць часцей да вас. І адпачыць, і папрацаваць, і падгледзець адзін у аднаго нешта добрае, пераняць лепшае. Усё ў імя нашых народаў. Наша палітыка такая. Думаю, што ў вас таксама", - дадаў беларускі лідар.

Гіоргій Маргвелашвілі ў сваю чаргу адзначыў, што супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Грузіяй накіравана на паляпшэнне жыцця грамадзян абедзвюх краін.

"Працуючы з беларусамі, мы мяняем жыццё радавых грамадзян, і гэта мае асаблівае значэнне і асабліва ўспрымаецца палітыкамі. Думаю, што, нягледзячы на нашы адносіны, многія краіны могуць сказаць, што гэта прыклад таго, як могуць супрацоўнічаць дзяржавы не на шкоду сваім інтарэсам, а, наадварот, нарошчваючы свае магчымасці і ствараючы магчымасці іншым брацкім краінам і народам. Дзякуй за тыя гады дружбы і супрацоўніцтва, якія мы правялі разам і якія ўвянчаліся значнымі дагаворамі і праектамі", - заявіў грузінскі лідар.

Ён падкрэсліў вялікую ролю, якую адыграў прыезд Кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі ў цяперашніх беларуска-грузінскіх адносінах. "Мы змаглі зафіксаваць нашы двухбаковыя адносіны ў шэрагу асабліва значных дакументаў, якія ствараюць трывалую аснову для супрацоўніцтва паміж нашымі народамі і краінамі. Гэта таксама для мяне магчымасць падзякаваць вам за асаблівае стаўленне да грузінаў. Вы заўсёды былі адкрыты для дапамогі, супрацоўніцтва і для развіцця двухбаковых адносін на карысць нашых дзяржаў", - сказаў Гіоргій Маргвелашвілі.

Ён таксама асабліва падкрэсліў, што супрацоўніцтва ажыццяўляецца на карысць простых грамадзян як Грузіі, так і Беларусі. "Вы не толькі дапамагаеце нам і развіваеце разам з намі гандлёва-эканамічныя адносіны, той падыход, які ёсць у беларусаў: не толькі прадаваць, але і даваць магчымасць тут жа, у Грузіі, ствараць і навуковыя, і прыкладныя цэнтры для развіцця вытворчасці. Усё гэта ідзе ад таго падыходу, які ў вас існуе і ў адносінах да свайго, і ў адносінах да брацкіх народаў", - адзначыў Прэзідэнт Грузіі.

Пасля прыёму ад імя грузінскага лідара Прэзідэнт Беларусі падарыў Гіоргію Маргвелашвілі малагабарытны трактар BELARUS-152.


Тэгі: Візіты
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь