Афіцыйны візіт у Грузію
- 43
- 2:43
Беларусь і Грузія могуць стварыць трывалы фундамент для будучых адносін, заснаваны на моцных гандлёва-эканамічных сувязях. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 23 красавіка на сустрэчы ў Тбілісі са сваім грузінскім калегам Георгіем Маргвелашвілі.
"У палітыцы ў нас няма ніякіх супярэчнасцей. Я ўдзячны і былому Прэзідэнту, і вам за тое, што вы ўсюды на Захадзе нас падтрымлівалі і падтрымліваеце", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Мы даўно павінны былі сустрэцца тут, у гэтым легендарным горадзе, краіне, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я, на мой сорам, ні разу не быў у Тбілісі. Напэўна, даўно трэба было пабываць тут, тым больш што з даўніх часоў наш народ заўсёды меў глыбокія пачуцці павагі да грузінскага народа".
Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу, што яго візіт у Грузію пачаўся з ускладання вянка да магілы Невядомага салдата. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што зрабіў гэта ў знак павагі да загінулых у гады Другой сусветнай вайны, Вялікай Айчыннай вайны. "Гэта таму, што нашу Беларусь вызвалялі тысячы грузін. У нас загінулі сотні, а можа, і тысячы грузін, таму я аддаў даніну павагі напярэдадні важнай даты ўсім грузінам, усім савецкім воінам, якія загінулі ў гады вайны", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў Георгію Маргвелашвілі за ветлівасць і гасціннасць.
У сваю чаргу Прэзідэнт Грузіі адзначыў, што ў дзвюх краін ёсць добрае мінулае, на якім можна будаваць яшчэ лепшую будучыню. Ён назваў вельмі значным візіт беларускага лідара ў Грузію для абедзвюх краін і двухбаковых адносін. "Рады, што ён адбыўся. Упэўнены, што ён паслужыць асновай для ўмацавання і паглыблення тых вельмі праўдзівых адносін, якія існуюць паміж намі", - сказаў Георгій Маргвелашвілі.
"Ваша асабістае стаўленне і да Грузіі, і да грузін - гэта цудоўны фундамент для таго, каб развіваць адносіны", - лічыць Прэзідэнт Грузіі.
"Думаю, што ў многіх аспектах адносіны паміж Беларуссю і Грузіяй з'яўляюцца прыкладам для іншых краін і будуць ім з'яўляцца. Такім чынам, мы пачынаем вельмі добры і цікавы шлях у будучыню, да будучага супрацоўніцтва", - адзначыў Георгій Маргвелашвілі.
Кіраўнікі дзяржаў абмяняліся думкамі па актуальных міжнародных і рэгіянальных праблемах, маючых узаемны інтарэс, усебакова абмеркавалі шырокі спектр пытанняў і перспектыў беларуска-грузінскіх адносін.
У прыватнасці, Беларусь і Грузія дамовіліся аб перспектывах узаемнага тавараабароту ў памеры $200 млн. "Ёсць намеры, канкрэтныя кантракты, якія заключаны па гандлі паміж нашымі краінамі. Значыць, нам варта было арганізаваць гэту сустрэчу, каб у разы павялічыць наш тавараабарот", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Ён звярнуў увагу, што аб'ём узаемнага гандлю хоць і склаў па выніках мінулага года $64 млн, але захаваўся на ўзроўні 2013 года. "Зразумела, гэта не тыя лічбы, якія могуць нас задаволіць. Таму ў ходзе праведзеных перагавораў мы ўдзялілі значную ўвагу развіццю гандлёва-эканамічных адносін паміж нашымі краінамі", - адзначыў беларускі лідар. Ён нагадаў, што, нягледзячы на выхад Грузіі са складу СНД, у беларуска-грузінскіх адносінах захаваны рэжым свабоднага гандлю.
Прэзідэнты Беларусі і Грузіі дамовіліся, што вытворчая кааперацыя будзе асноўнай у двухбаковых адносінах. "Проста гандляваць - гэта проста, а вось стварыць сумеснае прадпрыемства, якое будзе вырабляць патрэбную прадукцыю і гандляваць па ўсім свеце, гэта больш складана, але рэальна", - лічыць беларускі лідар. Бакі дасягнулі дамоўленасці аб рэалізацыі пілотных праектаў па стварэнні ў Грузіі зборачнай вытворчасці беларускіх ліфтаў, трактароў розных мадыфікацый, патрэбных Грузіі.
"Паспрабуем з гэтага пачаць. І я ўпэўнены, што ў бліжэйшым будучым мы рэалізуем гэтыя праекты, - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы. - Перакананы, што калі нашы ўрады будуць працаваць эфектыўна і рэалізоўваць нашы дамоўленасці, уклад Беларусі ў развіццё Грузіі будзе відавочны і неаспрэчны. Мы хочам гэта зрабіць як самым блізкім, добрым не проста сябрам, а нашым братам, з якімі мы жылі ў адным доме, і аб гэтым забываць не трэба. Мы ў Беларусі аб гэтым добра памятаем".
Беларусь гатова таксама забяспечыць патрэбнасці грузінскіх партнёраў у сельскагаспадарчай, камунальнай тэхніцы, гарадскім пасажырскім транспарце, лекавых сродках, а таксама ў прадуктах харчавання. Аб гэтым ужо ёсць канкрэтныя дамоўленасці. Прэзідэнты Беларусі і Грузіі дамовіліся, што на ўзроўні ўрадаў будуць прапрацаваны канкрэтныя праекты, якія істотна павысяць двухбаковы гандлёва-эканамічны патэнцыял.
Беларусь гатова падзяліцца з Грузіяй вопытам вядзення сельскай гаспадаркі.
"Прэзідэнт Грузіі паставіў перада мной шмат задач па пераносе нашага вопыту ў Грузію, і я яму паабяцаў, што мы гэта выканаем, пачынаючы ад стварэння доследнага сельскагаспадарчага кааператыва ва ўмовах Грузіі да вырашэння праблемы харчовай бяспекі", - сказаў беларускі лідар.
Георгій Маргвелашвілі адзначыў, што Грузія з цікавасцю глядзіць на магчымасць не толькі гандлю, эканамічных адносін, але і па пераносе вопыту Беларусі, дзе 80 працэнтаў прадукцыі на ўнутраным рынку складае сельгаспрадукцыя ўласнай вытворчасці. У сваю чаргу Грузія адкрывае для Беларусі магчымасці інвестыцый у краіну, дзе нізкі ўзровень карупцыі, высокі рэйтынг па пачынанні і развіцці бізнесу і па гандлі з Еўропай, падкрэсліў Прэзідэнт Грузіі.
Закранаючы палітычныя адносіны, Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем адзначыў канструктыўны ўзровень узаемадзеяння дзвюх краін на міжнародных перагаворных пляцоўках, у тым ліку ў АБСЕ і ў фармаце ініцыятывы "Усходняе партнёрства". На сустрэчы прэзідэнтаў было разгледжана пытанне аб адкрыцці беларускага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Грузіі. "Мы таксама выступаем за актывізацыю міжпарламенцкага дыялогу паміж нашымі краінамі, разлічваем на падрыхтоўку парламентарыямі Беларусі і Грузіі заканадаўчых прапаноў, накіраваных на стымуляванне вытворчай кааперацыі", - сказаў беларускі лідар.
"Беларусь нязменна разглядае Грузію як дружалюбную і вельмі блізкую нам краіну. Развіццё беларуска-грузінскіх палітычных і эканамічных адносін адпавядае інтарэсам абедзвюх краін, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Грузія з'яўляецца для нас патэнцыяльна перспектыўным гандлёва-эканамічным партнёрам у рэгіёне Закаўказзя".
Па выніках перагавораў на вышэйшым узроўні быў падпісаны пакет з 15 дакументаў, якія пашыраюць супрацоўніцтва дзвюх краін.
Прэзідэнты падпісалі сумесную заяву.
Урады дзвюх краін заключылі пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне турызму, аховы інтэлектуальнай уласнасці, аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў на даходы і капітал, аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах і ў сферы барацьбы са злачыннасцю, аб рэадмісіі.
Міністэрствы замежных спраў Беларусі і Грузіі падпісалі пратакол аб супрацоўніцтве, міністэрствы юстыцыі - мемарандум аб узаемаразуменні.
Бакі падпісалі пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя і медыцынскай навукі, у сферы адукацыі, а таксама паміж гандлёва-прамысловымі палатамі.
Мемарандум аб развіцці супрацоўніцтва падпісаны паміж Міністэрствам прамысловасці Беларусі і Міністэрствам эканомікі і ўстойлівага развіцця, Міністэрствам сельскай гаспадаркі Грузіі. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі падпісала дагаворы аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве з Нацыянальнай акадэміяй навук і Акадэміяй сельскагаспадарчых навук Грузіі.
Размаўляючы па выніках перагавораў з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь і Грузія знойдуць такія варыянты супрацоўніцтва, каб у партнёраў у ЕАЭС і ЕС не было прэтэнзій.
"Мы маем пэўныя абавязацельствы ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, Грузія мае пэўныя абавязацельствы, падпісаўшы пагадненне аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам, але яны ніколькі не супярэчаць нашым узаемаадносінам", - сказаў беларускі лідар. На думку Прэзідэнта Беларусі, калі гэтым вялікім саюзам спатрэбіцца больш працяглы час, каб прыйсці да пагаднення, то паміж дзвюма краінамі, якія ўваходзяць у гэтыя саюзы, гэта зрабіць вельмі проста.
"Ніякіх тут перашкод быць не можа. Мы разумныя народы, разумныя дзяржавы, і мы знойдзем схему і варыянты супрацоўніцтва так, каб нашы партнёры ў ЕАЭС, ЕС не мелі да нас прэтэнзій. У гэтым вы можаце быць упэўнены", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік беларускай дзяржавы лічыць, што краінам неабходна максімальна выгадна выкарыстоўваць удзел Беларусі ў ЕАЭС і рэалізацыю Грузіяй пагаднення аб асацыяцыі з ЕС.
Прэзідэнт Грузіі таксама ўпэўнены, што для развіцця двухбаковага супрацоўніцтва не існуе ніякіх праблем. Членства Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе і рэалізацыя Грузіяй пагаднення аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам адкрываюць новыя магчымасці для інвестыцый і бізнесу, новыя патэнцыяльныя рынкі. "Новыя саюзы - гэта новыя магчымасці, а не новыя бар'еры", - падкрэсліў Георгій Маргвелашвілі.
Прэзідэнт Беларусі лічыць таксама пераадольным неразуменне паміж Грузіяй і Расіяй на палітычным узроўні.
"Пасля ўсіх неразбярых і нават вайны, можна сказаць, канфлікту паміж Грузіяй і Расіяй, трэба было б неяк мякчэй выбудоўваць адносіны", - сказаў беларускі лідар.
"Але мы з Прэзідэнтам рэалісты і дамовіліся, што падвядзём рысу і паглядзім у заўтрашні дзень, якія можна зрабіць крокі, каб нармалізаваць адносіны паміж Грузіяй, зрабіць яшчэ глыбейшымі з Беларуссю, і Расійскай Федэрацыяй", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Думаю, у бліжэйшы час мы знойдзем хаця б адзін адказ на маленькае пытанне, які зрабіць крок, каб не толькі спыніць гэту рыторыку, а зблізіць пазіцыі дзяржаў і жыць у адной сям'і, як некалі было. Бо няма супярэчнасцей паміж грузінскім народам, беларусамі, расіянамі. Ёсць неразуменне на палітычным узроўні, яно пераадольнае, але трэба ставіць перад сабой канкрэтныя задачы і рабіць канкрэтныя крокі", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Пазней Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прэм'ер-міністрам Грузіі Іракліем Гарыбашвілі, усклаў вянок да Мемарыяла героям, якія загінулі за адзінства Грузіі.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка сустрэўся 23 красавіка з Каталікосам-Патрыярхам усяе Грузіі, Архіепіскапам Мцхецкім і Тбіліскім, Мітрапалітам Піцундскім і Сухум-Абхазскім Іліёй II.
"Вы мне сказалі толькі што сам-насам нечакана і ад душы: "Нарэшце мы вас дачакаліся". Дзякуй вам за тое, што вы чакалі не Прэзідэнта Лукашэнку, а прадстаўніка беларускага народа - самага добрага, можна сказаць, святога народа, міралюбнага, маючага самыя высокія добрыя пачуцці да братоў-грузін", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
"Нашы народы заўсёды былі блізкія, і ваш боль, нам блізкі", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Тут жывуць нашы браты, і тая пазіцыя, якую мы займалі адносна глабальных праблем развіцця грузінскага народа, яго веры, праваслаўя, - аказалася небескарыснай. Мы аб гэтым не шкадуем, хоць, як вы добра ведаеце, нам гэта далося няпроста", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Мы будзем рабіць усё, каб грузінскі народ як мага хутчэй перагарнуў старонкі нядаўняй гісторыі і забыў гэтыя дні. Сумна, што ў нас, у праваслаўных народаў, гэтыя старонкі з'явіліся", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
"Але мы павінны глядзець у будучыню, і мы дамовіліся з вашымі кіраўнікамі, што ў бліжэйшы час прыкладзём максімум намаганняў па лініі славянскіх народаў і нашага брацкага грузінскага народа, каб пераадолець гэтыя падзеі. Упэўнены, гэта нам пад сілу. Мы гэта зробім. Я магу вас у гэтым запэўніць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі перадаў самыя цёплыя пажаданні беларускага народа.
"Помніце, што там, у цэнтры Еўропы, жывуць вашы родныя людзі, якія гатовы па першым закліку прыйсці да вас на дапамогу. Мы заўсёды былі разам, гісторыя аб гэтым сведчыць, і нікому сёння не дазволена, і нікому не пад сілу парушыць гэта адзінства. Мы брацкія народы, мы былі разам і заўсёды будзем разам. Я хачу, каб вы гэта заўсёды помнілі", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што фундаментам любога супрацоўніцтва з'яўляецца эканоміка. "І калі мы сёння маем тавараабарот ўсяго $65 млн - смешную лічбу, тавараабарот сярэдніх бізнесменаў, то за гэтыя два дні мы дасягнулі дамоўленасцей з вашымі прадпрымальнікамі на $200 млн, і пад канкрэтныя дамоўленасці заключаны кантракты", - дадаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. "Мы селі за стол перагавораў і дамовіліся, што мы павінны дасягнуць на працягу бягучага і будучага года гэтага тавараабароту, і значыць, і дабрабыту двух народаў", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў хуткім часе будзе святкавацца юбілей Вялікай Перамогі. "Мне вельмі прыемна, што шанаванне нашых людзей мы пачынаем з гэтай святой, старажытнай зямлі", - сказаў беларускі лідар.
Каталікос-Патрыярх усяе Грузіі, Архіепіскап Мцхецкі і Тбіліскі, Мітрапаліт Піцундскі і Сухум-Абхазскі Ілія II адзначыў, што ў Грузіі глыбока ўсведамляюць значнасць візіту Прэзідэнта Беларусі.
"Мы шмат добрага чулі пра вас і рады, што вы прыбылі ў Грузію і можаце падзяліцца сваім вопытам з нашымі кіраўнікамі, - сказаў Каталікос-Патрыярх усяе Грузіі. - Мы добра ведаем Беларусь, яе гісторыю, культуру, дасягненні, якія адбыліся апошнім часам пад вашым кіраўніцтвам".
"Думаю, што ваш візіт паслужыць умацаванню супрацоўніцтва паміж нашымі народамі і дзяржавамі", - адзначыў ён.
"Мы жывём у складаны час глабалізацыі, і праваслаўныя народы павінны захаваць сваю культуру, веру, традыцыі і перадаць гэта будучаму пакаленню", - упэўнены Каталікос-Патрыярх усяе Грузіі.
"Грузія перажывае складаны перыяд - парушана тэрытарыяльная цэласнасць, гэта адкрытыя раны на целе Грузіі і на сэрцы кожнага жыхара", - сказаў ён.
Паводле яго слоў, у Грузіі цэняць працу Кіраўніка беларускай дзяржавы і яго заслугі перад беларускім народам. "Думаю, ваш візіт - прадвеснік міру, і я ўдзячны, што гэта прынясе добрыя вынікі нашым дзяржавам, - адзначыў ён. - Жадаю, каб гэты візіт быў пачаткам цеснага супрацоўніцтва і брацкага яднання нашых народаў".
Аляксандр Лукашэнка таксама наведаў Кафедральны сабор Святой Тройцы.
Прэзідэнт Беларусі 24 красавіка наведаў Аўтаномную Рэспубліку Аджарыя. Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са старшынёй урада Аджарыі Арчылам Хабадзэ.
Кіраўнік беларускай дзяржавы прапанаваў гэтаму рэгіёну супрацоўніцтва ў машынабудаванні, будаўніцтве, турызме. "Лічу, мы знойдзем у вас сваё месца і вы ніколі не прад'явіце нам прэтэнзій", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі вельмі развіта машынабудаўнічая сфера. Беларускі бок гатовы прапанаваць любыя паслугі будаўнічага комплексу, паставіць любую тэхніку: ад сельскагаспадарчай да камунальнай.
Прэзідэнт падкрэсліў таксама, што Аджарыя з'яўляецца найбольш развітым рэгіёнам не толькі Грузіі, але і ўзбярэжжа. Рэспубліка ўносіць у ВУП краіны больш як $1 млрд. "Тое, што вы зрабілі рывок у турыстычнай сферы, - гэта наогул уражальна. Вы за апошнія гады вельмі многае зрабілі, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Сёння тут такі ціхі, спакойны, утульны куток, і зразумела, ён будзе прыцягваць турыстаў". Прэзідэнт адзначыў, што апошнім часам у разы павялічылася і колькасць турыстаў з Беларусі ў Грузію, у тым ліку ў Аджарыю. На яго думку, гэтаму садзейнічае і наяўнасць прамых авіязносін паміж Беларуссю ў Грузіяй.
"Мы рады, што ў вас сур'ёзныя поспехі. У цяжкія часы Аджарыя не кінулася ў амбіцыі, а разам з грузінскай дзяржавай рухалася наперад і развівала сваю зямлю. Раздзяліцца можна за паўгода, а вось каб потым наладзіць адносіны, пойдуць гады і, пакуль не зменіцца пакаленне, цяжка будзе нешта аднавіць", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што члены беларускага ўрада, якія таксама ў гэтыя дні працавалі ў Грузіі, добра вывучылі рэгіён і змогуць прапанаваць калегам у Аджарыі варыянты супрацоўніцтва.
Арчыл Хабадзэ ў сваю чаргу падкрэсліў, што Аджарыя чакае беларускія інвестыцыі ў турыстычную галіну, гатова прадаставіць для беларускіх кампаній участкі, дзе могуць быць пабудаваны вялікія комплексы для адпачынку беларусаў.
Старшыня ўрада нагадаў, што ў Аджарыі цеснае супрацоўніцтва з Беларуссю, рэалізуецца шэраг сумесных праектаў, закупляецца беларуская сельскагаспадарчая і дарожная тэхніка, і прапанаваў таксама развіваць больш цеснае супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі.
Затым Прэзідэнт Беларусі прыняў удзел у цырымоніі падпісання пагаднення аб устанаўленні партнёрскіх адносін паміж гарадамі Брэст і Батумі.
У Аджарыю таксама прыбыў Прэзідэнт Грузіі. Аляксандр Лукашэнка і Георгій Маргвелашвілі пагутарылі з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі і Грузіі няма ніякіх праблем у палітыцы. На думку Кіраўніка беларускай дзяржавы, краінам трэба стварыць трывалы фундамент двухбаковых адносін. "А гэта гандаль, гэта эканоміка - вось што галоўнае", - адзначыў ён.
Беларускі лідар расказаў, што Беларусь мае намер на працягу года адкрыць у Грузіі пасольства. У Беларусі існуе такі падыход, што калі гандлёва-эканамічныя адносіны паміж краінамі выходзяць на даволі высокі ўзровень, вырашаецца пытанне аб адкрыцці пасольства. Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Таму што ў нас у МЗС гандлёва-эканамічныя адносіны - гэта пытанне нумар адзін".
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што за мінулыя два дні Беларусь і Грузія выйшлі на дамоўленасці, у выніку рэалізацыі якіх двухбаковы тавараабарот бачыцца ў аб'ёме $200 млн. "Таму тут неабходна дыпламатычнае прадстаўніцтва, якое будзе займацца і дыпламатыяй, і гандлёва-эканамічнымі адносінамі", - адзначыў Прэзідэнт.
У сваю чаргу Георгій Маргвелашвілі заявіў, што ў асобе Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі Грузія ўбачыла сапраўднага сябра, які паважае краіну, яе дзяржаўнасць і суверэнітэт.
Георгій Маргвелашвілі падкрэсліў, што на падставе гэтага грузінскі бок гатовы прыкласці максімум намаганняў для развіцця міралюбівага супрацоўніцтва з Беларуссю. Ён адзначыў, што, хоць Беларусь - член ЕАЭС, а Грузія рэалізуе пагадненні аб асацыяцыі з ЕС, гэта з'яўляецца магчымасцямі для краін, а не бар'ерам. "Мы абодва паважаем наш выбар. І зыходзячы з гэтага стараемся атрымаць найбольш пазітыўны вынік для развіцця нашых узаемаадносін", - сказаў Прэзідэнт Грузіі.
Прэзідэнт Грузіі лічыць важнай ролю беларускага лідара на постсавецкай прасторы. "Мінск - гэта тое месца, дзе многія працэсы знаходзяць мірнае вырашэнне. Прэзідэнта Лукашэнку я ведаю як чалавека, які зрабіў вельмі шмат для нашых суседзяў. Дружба і партнёрства з такім чалавекам, я ўпэўнены, будзе вялікім крокам наперад і для Грузіі, і для ўсяго нашага рэгіёна", - падкрэсліў Георгій Маргвелашвілі.
24 красавіка афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Грузію завяршыўся.