Афіцыйны візіт у Азербайджанскую Рэспубліку

  • 23

Беларусь і Азербайджан пацвярджаюць узаемную зацікаўленасць у актыўным развіцці супрацоўніцтва па ўсім спектры двухбаковых адносін. Такі вынік перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым, якія адбыліся 28 лістапада ў Баку.

"Вы можаце на нас разлічваць як на самых блізкіх сяброў. Калі мы чымсьці можам быць карысныя вам у Азербайджане, мы заўсёды гэта зробім. Нашы магчымасці вы добра ведаеце, вы вялікі сябар Беларусі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

На перагаворах былі абмеркаваны стан і перспектывы развіцця беларуска-азербайджанскіх адносін, у тым ліку гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, работа па канкрэтных кааперацыйных праектах у сельскай гаспадарцы, лёгкай і цяжкай прамысловасці, умацаванне культурна-гуманітарных сувязей.

У прыватнасці, бакі разглядаюць магчымасць запуску сумеснай вытворчасці дываноў і вырабаў з бавоўны. "Вельмі правільна, з майго пункту гледжання, Азербайджан узяў курс на развіццё баваўнаводства, - адзначыў Прэзідэнт. - Павелічэнне аб'ёмаў вытворчасці будзе такое, што мы можам разлічваць на 25-30 тыс. т, а можа, і 40 тыс. т баваўнянага валакна".

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгледзець пытанне магчымай кааперацыі на базе Баранавіцкага баваўнянага камбіната. "У нас ёсць магчымасць там сумесна супрацоўнічаць. Мы не супраць, калі Азербайджан увойдзе ў капітал гэтага прадпрыемства", - сказаў Прэзідэнт.

Адной з тэм сустрэчы стала ўзаемадзеянне ў нафтавай сферы. "Калі ў вас ёсць інтарэс на рынку ў Еўропе, ды і не толькі ў Еўропе, давайце сядзем і дамовімся. Мы гатовы на доўгую перспектыву працаваць з Азербайджанам у выпадку дамоўленасці", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падзякаваў Ільхаму Аліеву за нядаўнюю пастаўку нафты ў Беларусь: у кастрычніку на Мазырскі НПЗ паступіла каля 85 тыс. т нафты. "Вы не першы раз нас падтрымліваеце, але гэта была разавая падтрымка. Я разумею, што любы вытворца нафты павінен мець стратэгію. Мы гатовы ў гэтым плане рухацца наперад настолькі далёка, наколькі гэта ў інтарэсах Азербайджана", - падкрэсліў беларускі лідар.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што партнёрства ў нафтавай сферы - гэта не самае галоўнае ў адносінах і перагаворах паміж Беларуссю і Азербайджанам. "Але гэта важны напрамак нашага супрацоўніцтва. Ёсць жаданне і зацікаўленасць - калі ласка. У нас два самыя магутныя, самыя сучасныя нафтаперапрацоўчыя заводы. Мы завяршаем іх мадэрнізацыю, выходзім на больш як 90 працэнтаў глыбіні перапрацоўкі нафты. Мы гатовы разгледзець на гэты момант і давальніцкія пастаўкі вашай нафты", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

На перагаворах было адзначана, што аб'ём узаемнага тавараабароту можна істотна павялічыць за кароткі час, калі правільна арганізаваць работу. "Мы не ўтойваем, што апошнія гады ў сувязі з сусветным крызісам мы праселі ў нашым гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Сёння дамовіліся аб тым, што ў будучым годзе мы можам дасягнуць тавараабароту ў памеры $700 млн. А гэта амаль у два разы больш, чым у самым паспяховым годзе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адной тэмай перагавораў лідараў Беларусі і Азербайджана стала знешнепалітычная сфера і ўзаемадзеянне на міжнароднай арэне. Бакі пацвердзілі гатоўнасць і далей развіваць цеснае супрацоўніцтва па тэматыках, што ўяўляюць агульны інтарэс, падтрымліваць пазіцыі дзвюх краін у ААН і яе інстытутах, АБСЕ і ў іншых міжнародных арганізацыях універсальнага і рэгіянальнага характару.

Было падкрэслена, што Беларусь і Азербайджан заўсёды будуць актыўна падтрымліваць адно аднаго на міжнароднай арэне і абараняць ад неабгрунтаваных нападкаў.

Па выніках сустрэчы падпісаны пакет дакументаў аб развіцці ўзаемадзеяння. Сярод іх праграмы па развіцці супрацоўніцтва ў сферы спорту, адукацыі і аграпрамысловага комплексу, план мерапрыемстваў па выкананні праграмы сацыяльна-эканамічнага супрацоўніцтва да 2025 года, пагадненне аб устанаўленні міжрэгіянальных сувязей паміж Гроднам і выканаўчай уладай Габалінскага раёна і іншыя дакументы.

Лідары краін таксама прынялі сумесную заяву, у якой пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць у прадаўжэнні актыўнага развіцця міждзяржаўнага супрацоўніцтва па ўсім спектры двухбаковых адносін у мэтах павышэння дабрабыту народаў Беларусі і Азербайджана.

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў узнагародзіў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку ордэнам Гейдара Аліева - вышэйшай узнагародай краіны.