Дзяржаўны візіт Старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Беларусь

  • 48
  • 4:29

10-12 мая адбыўся дзяржаўны візіт Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіна ў Беларусь. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 мая асабіста сустрэў  Кіраўніка кітайскай дзяржавы ў Нацыянальным аэрапорце Мінск.

Візіт Старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Беларусь адкрывае новую эпоху ў развіцці беларуска-кітайскага стратэгічнага партнёрства. Аб гэтым сведчаць вынікі перагавораў лідараў дзвюх краін і падпісаны пакет двухбаковых дакументаў.

Пасля афіцыйнай цырымоніі сустрэчы ў Палацы Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін правялі перагаворы ў пашыраным фармаце і вузкім складзе, па выніках якіх падпісалі шэраг дакументаў.

Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што развіццё ўсебаковага стратэгічнага партнёрства Беларусі і Кітая будуецца на прынцыпах узаемапавагі, падтрымкі і шматпланавага супрацоўніцтва. На яго думку, высокі ўзровень кантактаў і адкрытасць намераў фарміруюць доўгатэрміновую палітыку сумеснага развіцця дзвюх краін. "Мэта ў нас толькі адна - дабрабыт нашых народаў. Мы ні ў якім разе не будуем нашы адносіны і нашу дружбу супраць некага або на шкоду каму б там ні было. Сведчаннем таго з'яўляецца канцэпцыя Шаўковага шляху, якая дасць імклівы рывок развіццю ўсіх дзяржаў, што маюць дачыненне да гэтага, іх эканомікам, а значыць, і жыццю людзей гэтых дзяржаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на тое, што сёння Беларусь і Кітай сумесна адзначаюць 70-годдзе Вялікай Перамогі над фашызмам і мілітарызмам. "Гэта не першая юбілейная дата, але так маштабна мы яе сумесна адзначаем упершыню ў гэтым годзе", - сказаў беларускі лідар. Ён адзначыў, што ў гісторыі ёсць паказальныя прыклады баявога братэрства прадстаўнікоў Беларусі і Кітая ў абароне Радзімы ад агрэсараў. На думку Кіраўніка беларускай дзяржавы, гэта яшчэ адзін фактар, які аб'ядноўвае краіны.

"Увесь свет ведае аб вялікім подзвігу савецкага народа і тых каласальных стратах, якія ён паклаў на алтар Перамогі - гэта 30 млн чалавек. Але я хачу, каб усе ведалі, што кітайскі народ у Другой сусветнай вайне страціў 35 млн сваіх суайчыннікаў. Кітайскі народ стрымліваў на працягу ўсяго перыяду Другой сусветнай вайны значныя сілы японскіх мілітарыстаў на ўсходзе краіны, прадухіліўшы страшныя магчымыя падзеі, калі нам давялося б ваяваць на два франты. Таму гэта наша сумесная Перамога, і мы яе ў гэтым годзе святкуем разам", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Нашымі агульнымі намаганнямі мы ні за што не дазволім перагледзець вынікі Другой сусветнай вайны. Агрэсар не павінен выглядаць міратворцам, а вялікі подзвіг народа не павінен быць забыты", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што дзяржавы з падобнай пазіцыяй павінны як ніколі раней аб'яднацца, каб процістаяць негатыўным тэндэнцыям развіцця на планеце.

"На жаль, абстаноўка ў свеце далёкая ад вылучанага вамі "Шанхайскага духу", у аснове якога паглыбленне даверу, узаемавыгаднага супрацоўніцтва на прынцыпах роўнасці, кансультацыі, узаемаразуменне і ўзаемная ўступчывасць", - сказаў беларускі лідар. Ён канстатаваў, што ў сучасным свеце нарастаюць сур'ёзныя супярэчнасці. Прэзідэнт Беларусі абмяняўся са Старшынёй КНР думкамі наконт гэтага, і яны прыйшлі да высновы, што сітуацыя ў свеце няпростая, напружаная, і ад таго, як будуць дзейнічаць вядучыя дзяржавы ў свеце, будзе залежаць далейшае развіццё на зямлі.

"Ствараюцца пункты напружанасці, вы бачыце, што ў цэнтры Еўропы не проста напружанасць, а ідзе вайна. Напружаная абстаноўка ў такіх рэгіёнах, як Блізкі Усход, Сярэдняя і Цэнтральная Азія. Дзейнасць Ісламскай дзяржавы прывяла да чарговага ўсплёску міжнароднага тэрарызму", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. На яго думку, відавочна, што сёння назіраецца зніжэнне эфектыўнасці сістэмы міжнароднай бяспекі. "Зусім аслаблі інструменты Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, як і сама Арганізацыя Аб'яднаных Нацый. Нам здаецца, што без фундаментальнай рэформы ААН не абысціся, і тут, вядома, важна роля Кітайскай Народнай Рэспублікі", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь ніколі не адмаўлялася ад супрацоўніцтва ў сферы ВПК, па лініі спецслужбаў для таго, каб забяспечыць бяспеку як дзяржаў, так і рэгіёнаў.

Прэзідэнт Беларусі выказаў Старшыні КНР удзячнасць за дружалюбныя і даверныя адносіны. "Існуючыя паміж намі адносіны даюць магчымасць нам абмеркаваць самыя далікатныя пытанні і нашых адносін, і сітуацыі ў рэгіёне", - сказаў беларускі лідар.

Кіраўнікі дзяржаў падпісалі Дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Кітаем, а таксама сумесную дэкларацыю аб далейшым развіцці і паглыбленні адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства.

Прадстаўнікі афіцыйных дэлегацый падпісалі амаль два дзясяткі пагадненняў і мемарандумаў, якія прадугледжваюць развіццё супрацоўніцтва ў эканоміцы, гандлі, навуцы, адукацыі і культуры, рэалізацыі сумесных праектаў. Шэраг пагадненняў звязаны з развіццём міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння. Заключаны таксама значны пакет беларуска-кітайскіх крэдытных пагадненняў, якія ў тым ліку арыентаваны на развіццё транспартнай інфраструктуры і фінансаванні інвестыцыйных праектаў.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што падпісанне такога пакета дамоўленасцей надасць магутны імпульс двухбаковаму ўзаемадзеянню ў самых розных сферах. У першую чаргу ў будаўніцтве і мадэрнізацыі інфраструктуры Беларусі, міжбанкаўскім узаемадзеянні, тэхніка-эканамічным і крэдытна-інвестыцыйным супрацоўніцтве.
"У гэтых дакументах прадугледжаны магчымасці нарошчвання ўзаемнага гандлю ў два разы, абмену тэхналогіямі і павелічэння долі навукова-тэхнічных інавацый. Плануецца стварэнне прававых умоў для турыстычных, адукацыйных і культурных абменаў. Умацаванне сувязей у ваенна-тэхнічнай сферы. Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва Кітайскай Народнай Рэспублікі і Беларусі таксама атрымае дадатковы імпульс", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён канстатаваў, што Беларусь і Кітай фарміруюць новы ўзровень сумеснага развіцця ў адносінах, у аснове якога знаходзіцца пераход ад крэдытнага да інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Вопыт такой работы ў бакоў ужо ёсць. У Беларусі рэалізуюцца два буйныя сумесныя праекты па вытворчасці легкавых аўтамабіляў з удзелам кітайскай кампаніі "Джылі" і будаўніцтве Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі Камень".

Узаемадзеянне дзвюх краін дынамічна развіваецца. У ліпені 2013 года Беларусь і Кітай устанавілі адносіны ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. "Сёння мы вядзём даверны палітычны дыялог, узгадняем пазіцыі на міжнароднай арэне, усебакова развіваем узаемавыгаднае гандлёва-эканамічнае, крэдытна-інвестыцыйнае, навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва. Мы таксама пашыраем абмены ў гуманітарнай сферы", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што Беларусь стане вузлавой платформай у рэалізацыі праектаў Шаўковага шляху. Беларусь падтрымлівае вылучаныя Сі Цзіньпінам канцэпцыі "Эканамічны пояс Шаўковага шляху" і "Марскі шаўковы шлях ХХІ стагоддзя". "Вы неяк сказалі аднойчы, што адносіны паміж краінамі залежаць ад блізкасці народаў. Упэўнены, што Беларусь стане вузлавой платформай у рэалізацыі гэтых маштабных праектаў у Еўразійскім рэгіёне і тым самым яшчэ больш зблізіць нашы народы і нашы дзяржавы", - сказаў беларускі лідар. На яго думку, гэтаму паслужыць і адкрыццё прамых авіязносін паміж Мінскам і Пекінам.

Прэзідэнт Беларусі асабліва падкрэсліў, што ў бакоў няма ніякіх праблем ва ўзаемаадносінах. "І наогул беларускі народ, наша дзяржава ганарыцца адносінамі з вялікім кітайскім народам", - сказаў беларускі лідар.

"Калі нас на Захадзе крытыкуюць за асобныя нашы пазіцыі, а дзе-нідзе гучыць голас аб ізаляцыі, я заўсёды прыводжу прыклад нашага супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай і кажу аб тым, што ніякай ізаляцыі дзяржавы быць не можа, калі ў гэтай дзяржавы добрыя і тым больш дружалюбныя адносіны з Кітайскай Народнай Рэспублікай", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што ў Беларусі з вялікім задавальненнем чакалі візіт Сі Цзіньпіна і сур'ёзна да яго рыхтаваліся. "У ходзе візіту вы зможаце пераканацца ў тым, што ўсе нашы дамоўленасці няўхільна і дакладна выконваюцца, - сказаў беларускі лідар. - Вы можаце разлічваць на гэту зямлю і народ, які тут жыве".

У сваю чаргу Сі Цзіньпін заявіў, што чаканыя вынікі візіту ў Беларусь поўнасцю дасягнуты. "Цяпер кітайска-беларускія адносіны знаходзяцца на важным этапе свайго развіцця. Спадзяюся, што мой цяперашні візіт надасць новы імпульс далейшаму развіццю двухбаковых адносін на больш высокім узроўні. Мяркуючы па выніках плённых перагавораў з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам магу зрабіць вывад, што чаканыя вынікі візіту поўнасцю дасягнуты", - адзначыў кітайскі лідар.

"Бакі будуць супрацоўнічаць на аснове ўзаемапавагі і роўнасці, падтрымліваць адзін аднаго па пытаннях, якія ўяўляюць ключавыя інтарэсы", - сказаў Старшыня КНР.

Кітай таксама мае намер пашыраць імпарт беларускай прадукцыі. "Мы адзіныя ў тым, каб паглыбіць усебаковае практычнае супрацоўніцтва пры сумесным стварэнні эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Мы павінны спалучаць стратэгіі развіцця дзвюх краін, грунтоўна планаваць і каардынаваць дзеянні па пашырэнні практычнага супрацоўніцтва. Мы таксама павінны павялічыць аб'ём двухбаковага гандлю, аптымізаваць яго структуру. Кітайскі бок будзе пашыраць імпарт якаснай і канкурэнтаздольнай прадукцыі з Беларусі", - заявіў Старшыня КНР.

Паводле слоў Сі Цзіньпіна, неабходна з апорай на будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка стварыць шэраг узорных праектаў. Старшыня КНР таксама бачыць неабходнасць у актыўным умацаванні супрацоўніцтва ў частцы фінансавання праектаў, што, паводле яго слоў, дапаможа надаць магутны імпульс сацыяльна-эканамічнаму развіццю ў Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Сі Цзіньпіну за ўвагу да пытанняў пашырэння двухбаковага супрацоўніцтва і ўмацавання дружбы паміж народамі.

"Гэты візіт з'яўляецца гістарычнай падзеяй у двухбаковых адносінах паміж нашымі дзяржавамі, сімвалам узаемнага імкнення ўмацоўваць і паглыбляць усебаковае стратэгічнае партнёрства", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Вы прыехалі да нас у востры перыяд палітычнага развіцця і рэгіёна, і нашай краіны. Вы наведваеце нашу краіну напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Мы гэта вельмі высока цэнім. І хачу вас запэўніць, што нашы прэзідэнцкія выбары пройдуць так, што вам ніколі не будзе сорамна за супрацоўніцтва з Беларуссю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін, які знаходзіцца ў Беларусі з дзяржаўным візітам, 11 мая прынялі ўдзел у Беларуска-кітайскім бізнес-форуме і наведалі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што такі маштабны міжрэгіянальны бізнес-форум Беларусі і Кітая ўпершыню пачынае работу. На думку Кіраўніка беларускай дзяржавы, гэта сведчанне новага ўзроўню двухбаковых адносін, заснаваных на ўсебаковым стратэгічным партнёрстве. "На сучасным этапе непасрэднае ўзаемадзеянне паміж рэгіёнамі і прадпрыемствамі павінна стаць вядучай рухаючай сілай чалавечага і дзелавога супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі", - лічыць беларускі лідар.

"Задача форуму - напоўніць канкрэтным зместам двухбаковае стратэгічнае партнёрства. Пры гэтым асаблівую важнасць набываюць наладжванне дружалюбных кантактаў і асабістых сувязей сярод кіраўнікоў і рэгіёнаў, і прадпрыемстваў, што надасць магутны стымул развіццю дзелавых абменаў", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ва ўсіх абласцей Беларусі ёсць пабрацімы і партнёры па супрацоўніцтве з Кітаем, а ў некаторых нават не па адным партнёры, і губернатары гавораць аб тым, што створаны ўсе ўмовы для развіцця гэтых адносін. "Гэта таксама значны фактар для ўстанаўлення больш цеснай эканамічнай кааперацыі", - лічыць Кіраўнік беларускай дзяржавы. Паводле слоў Прэзідэнта, у рэгіянальным узаемадзеянні ў першую чаргу патрэбна рэалізацыя інвестыцыйных праектаў у самых розных галінах. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што цяпер у Беларусі створаны ўнікальныя ўмовы для інвесціравання.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адкрыўшы вытворчасці ў Беларусі, кітайскі бізнес зможа скарыстацца бесперашкодным выхадам на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза. "Калі гаварыць шчыра, Кітайская Народная Рэспубліка і без Беларусі можа выйсці на вялікі еўразійскі саюз у плане эканомікі, але вось супрацоўнічаць з Еўрапейскім саюзам (без чаго Кітайская Народная Рэспубліка ўжо сёння не можа), а ў перспектыве як вызначальны фактар сусветнага развіцця такая пляцоўка для КНР выключна выгадная. І ў яе якасці выступае наша Беларусь", - сказаў Прэзідэнт.

Кітайскія інвестары змогуць пераканацца на сваім вопыце ў тым, што працаваць у Беларусі камфортна і выгадна, адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. "А кіраўнікі дзвюх краін будуць іх у гэтым падтрымліваць", - падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць Сі Цзіньпіну за асабістае садзейнічанне ў паездцы такой прадстаўнічай дэлегацыі дзелавых колаў Кітая ў Беларусь. "Кітай - старажытная цывілізацыя, вялікая нацыя, вялікая дзяржава, і знакі ў адносінах Кітая з дзяржавамі вельмі важныя. Я гэта гавару беларусам. Тое, што сюды прыехалі сотні бізнесменаў разам са Старшынёй КНР, - вялікі знак для нашай краіны, і мы павінны яго выкарыстаць", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

"Хачу вас запэўніць, што мы зробім усё, каб вы ніколі не пашкадавалі, што прыехалі ў нашу краіну. Мы зробім усё неабходнае, каб вы маглі вельмі эфектыўна пашыраць свае інтарэсы ў Еўропе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы адзін аднаму паабяцалі, што возьмем на сур'ёзны кантроль нашы гандлёва-эканамічныя адносіны. Мы павінны зрабіць усё, каб нашым адносінам з Кітайскай Народнай Рэспублікай зайздросцілі ўсе", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Старшыня КНР лічыць, што Беларусь мае ўнікальную перавагу для развіцця эканамічнага пояса новага Шаўковага шляху, паколькі краіна размешчана адначасова і ў цэнтры Еўропы, і на Шаўковым шляху.

Кітай зацікаўлены ў развіцці ўсебаковага супрацоўніцтва з Беларуссю, у тым ліку на міжрэгіянальным узроўні. Сі Цзіньпін агучыў некалькі прапаноў, якія павінны пасадзейнічаць умацаванню сувязей паміж рэгіёнамі. Адна з іх заключаецца ў тым, каб палепшыць бізнес-клімат шляхам спрашчэння працэдуры рэгістрацыі прадпрыемстваў, прадастаўлення падатковых ільгот. Акрамя таго, бакам важна развіваць вытворчую кааперацыю. Старшыня КНР адзначыў, што кітайскі бок гатовы падзяліцца з беларускім перадавымі тэхналогіямі ў такіх сферах, як чыгунка, сувязь.

"Мы гатовы выкарыстоўваць фонд Шаўковага шляху для развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва", - сказаў Сі Цзіньпін. Ён падкрэсліў, што ўмацаванню сувязей паміж рэгіёнамі павінна пасадзейнічаць фінансава-крэдытная падтрымка, у тым ліку малога і сярэдняга бізнесу Беларусі і КНР.

Кітайска-беларускі індустрыяльны парк - добрая пляцоўка для развіцця такога супрацоўніцтва, падкрэсліў кітайскі лідар. "Мы вітаем павелічэнне беларускіх інвестыцый", - дадаў ён.

Старшыня КНР звярнуў увагу, што беларуска-кітайскі тавараабарот расце паскоранымі тэмпамі, нягледзячы на складаныя знешнія ўмовы - спад сусветнай эканомікі, напружаная абстаноўка ў рэгіёне. Сі Цзіньпін заклікаў прысутных на форуме кітайскіх бізнесменаў скарыстацца магчымасцю і вывучыць перспектывы ўзаемадзеяння з беларускімі партнёрамі. Ён выказаў упэўненасць, што дзякуючы актыўнаму ўдзелу рэгіёнаў беларуска-кітайскія адносіны ўзнімуцца на новую ступень.

Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін наведалі таксама Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Прэзідэнт Беларусі лічыць, што сёння, калі міжнародная супольнасць перажывае складаны крызісны час, гістарычная памяць і адзінства набываюць асаблівую каштоўнасць. "Савецкі народ, беларускі народ і Кітай аб'ядноўваюць не толькі шматгадовая дружба і ўсебаковае  стратэгічнае партнёрства, але і гісторыя баявога братэрства двух народаў у абароне сваіх краін ад агрэсараў. Беларусы і грамадзяне Кітая змагаліся за свабоду сваёй зямлі, за будучыню новых пакаленняў", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў музеі ёсць асобная экспазіцыя "Беларусь і Кітай. Вехі баявога братэрства", якая расказвае аб узаемадзеянні Народна-вызваленчай арміі Кітая і Чырвонай Арміі. "Тут мы бачым удзел у Вялікай Айчыннай вайне кітайскіх патрыётаў", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён адзначыў, што кітайцы таксама ўдзельнічалі ў антыфашысцкім руху ў Віцебску.

У маі 1945 года капітулявала Германія. "Але Другая сусветная вайна прадаўжалася, і скончылася яна там - на тэрыторыі вялікага Кітая - разгромам Квантунскай арміі. Гэтым быў пакладзены канец японскаму мілітарызму. І зрабілі гэта савецкія войскі разам з Народна-вызваленчай арміяй Кітая", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што Кітай ваяваў цэлых 8 гадоў, страціўшы 35 млн жыццяў кітайскага народа.

Прэзідэнт Беларусі таксама паведаміў, што Старшыня КНР Сі Цзіньпін прыняў рашэнне маштабна адсвяткаваць у гэтым годзе 70-гадовы юбілей Перамогі. "Гэта вялікі залог таго, што гісторыя ніколі не будзе фальсіфікавана, а ваш подзвіг ніколі не будзе забыты", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да прысутных ветэранаў. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сёння ён і Старшыня КНР прыйшлі разам у музей, каб пакланіцца загінулым і жывым. "Жадаем кожнаму ветэрану, удзельніку тых падзей, самае галоўнае - здароўя і доўгіх гадоў жыцця. Дзякуй вам!" - сказаў беларускі лідар.

Старшыня КНР узнагародзіў 15 беларускіх ветэранаў, якія ўдзельнічалі ў баях з японскімі агрэсарамі ў канцы Другой сусветнай вайны, медалём Міру. "Вы ўнеслі вялікі ўклад у справу барацьбы з фашызмам. Вы з'яўляліся цвёрдымі абаронцамі міру на Зямлі", - сказаў кітайскі лідар, звяртаючыся да ветэранаў. Ён адзначыў, што наведванне музея яго вельмі глыбока ўразіла. "Перад тварам страшэннай у гісторыі чалавецтва вайны беларускі народ праявіў вялікую мужнасць. Стойка прымаў на сябе першы ўдар вайны. Сваім жыццём і крывёй беларусы адстаялі годнасць і незалежнасць свайго народа і дзяржавы. Менавіта сваім гераізмам беларускі народ заваяваў павагу і прызнанне народаў усяго свету", - сказаў Старшыня КНР.

Ён зрабіў акцэнт на тым, што ў гады сумеснай барацьбы з агрэсарамі народы абедзвюх краін ваявалі плячо ў плячо. "Менавіта ў гэтыя гады крывёй была змацавана баявая дружба. Беларусы ў складзе савецкай арміі ваявалі ў нашай краіне з японскімі агрэсарамі ў ходзе паветраных баёў, а таксама баявых аперацый на паўночным усходзе нашай краіны. Яны паскорылі разгром японскага мілітарызму. Нізкі вам паклон!" - сказаў Сі Цзіньпін.

Кітайскі лідар поўнасцю згодны з пазіцыяй Аляксандра Лукашэнкі наконт таго, што нельга дапускаць спробы фальсіфікацыі гісторыі Другой сусветнай вайны, гераізацыі фашыстаў. "Мы гатовы з усімі народамі, у тым ліку з беларускім, сумеснымі намаганнямі адстаяць вынікі нашай перамогі ў Другой сусветнай вайне", - заявіў ён.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін 12 мая сумесна наведалі месца першага этапу будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка.

Лідарам дзвюх краін прэзентавалі праект парка, а таксама кароткія апісанні інвестыцыйных праектаў першых рэзідэнтаў. Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін паставілі свае подпісы на плане развіцця парка.

Кіраўніцтва індустрыяльнага парка абмянялася пагадненнямі аб намеры стаць рэзідэнтамі парка з прадстаўнікамі 14 кампаній.

Работа над інфраструктурай Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка вядзецца ў адпаведнасці з графікам. Будаўнічая пляцоўка стартавай зоны тэрыторыі парка перададзена генеральнаму падрадчыку, пачаты будаўнічыя работы. Паралельна ажыццяўляецца праектаванне і будаўніцтва тыпавых аб'ектаў камерцыйнай і вытворчай нерухомай маёмасці для будучых рэзідэнтаў парка. Да канца 2016 года на стартавай пляцоўцы парка чакаецца стварэнне дарог, у тым ліку з удасканаленым пакрыццём, сетак электразабеспячэння, водазабеспячэння, каналізацыі, газазабеспячэння, сувязі, інжынерных збудаванняў, трансфарматарнай падстанцыі. Плануецца, што ў пачатку 2017 года будзе гатова нерухомая маёмасць для здачы ў арэнду патэнцыяльным інвестарам (адміністрацыйна-дзелавы цэнтр, офісныя плошчы, тыпавыя вытворчыя плошчы).

Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін сёння завяршыў дзяржаўны візіт у Беларусь. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка асабіста праводзіў высокага госця.