Афіцыйны візіт Прэзідэнта Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава

  • 26
Беларусь і Туркменістан дамовіліся пашыраць двухбаковыя сувязі, вызначыўшы ў дарожнай карце новыя ўзаемавыгадныя напрамкі супрацоўніцтва. Такія вынікі праведзеных у Мінску 8 кастрычніка перагавораў прэзідэнтаў Беларусі і Туркменістана Аляксандра Лукашэнкі і Гурбангулы Бердымухамедава.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яму прыемна сустрэцца з Гурбангулы Бердымухамедавым па многіх прычынах. "Па-першае, едзе свой чалавек, вы сапраўды наш сябар. Па-другое, пасля нашых сустрэч адбываецца пэўны ўздым у нашых адносінах, у тым ліку гандлёва-эканамічных, палітычных", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу, што ў адносінах дзвюх краін няма асаблівых праблем. "Калі ёсць нейкія недапрацоўкі, то да нашых візітаў абавязкова адказныя асобы падцягваюць нявырашаныя пытанні", - адзначыў ён.

Беларусі і Туркменістану ўдалося стварыць унікальную формулу стасункаў, якая будуецца на штогадовым абмене візітамі лідараў дзвюх дзяржаў. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, па гэтым прынцыпе Беларусь стараецца будаваць адносіны і з іншымі краінамі. Такі падыход даў свае вынікі: тавараабарот паміж дзвюма краінамі за невялікі прамежак часу вырас практычна да $0,5 млрд, Туркменістан займае 4-е месца ў знешнім гандлі Беларусі з краінамі СНД пасля Расіі, Украіны і Казахстана. "Усё, што мы напрацавалі, было створана намі за апошнія пяць гадоў. Я вам вельмі ўдзячны за гэта, удзячны за спагадлівасць, за рэзультатыўнасць", - сказаў Прэзідэнт Беларусі, звяртаючыся да свайго туркменскага калегі.

Гурбангулы Бердымухамедаў лічыць, што ў Беларусі і Туркменістана ёсць добрыя перспектывы супрацоўніцтва, у прыватнасці ў машынабудаванні, металургіі, хімічнай індустрыі, харчовай прамысловасці, сельскай гаспадарцы. Ён падзякаваў беларускаму боку за аказваемую Туркменістану падтрымку на міжнароднай арэне, а таксама за супрацоўніцтва ў сферы адукацыі. "У нашай моладзі ёсць жаданне навучацца ў вас. Калі вы дадзіце магчымасць павялічыць квоту, мы будзем удзячныя", - сказаў Прэзідэнт Туркменістана. Ён таксама звярнуў увагу на важнасць развіцця супрацоўніцтва ў навуковай сферы, галіне культуры і спорту.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Туркменістану новыя ўзаемавыгадныя напрамкі сумеснай работы.

У прыватнасці, беларускі бок прапануе пастаўкі ў Туркменістан беларускіх камбайнаў, пасажырскіх аўтобусаў, грузавых вагонаў. "Упэўнены, што беларуская тэхніка, якая праходзіць выпрабаванні ў складаных кліматычных умовах Туркменістана, дакажа сваю жыццяздольнасць і мы падпішам узаемавыгадныя кантракты", - адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Паводле яго слоў, актыўная работа паміж беларускай кампаніяй "Фідмаш" і туркменскімі канцэрнамі нафта- і газаперапрацоўкі адкрывае новыя перспектывы супрацоўніцтва ў горна-хімічнай прамысловасці.

Маштабнае жыллёвае будаўніцтва, разгорнутае ў Туркменістане, прадугледжвае пастаўкі будаўнічых матэрыялаў і ліфтавага абсталявання. Гэтыя пазіцыі таксама цікавыя для Беларусі, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На думку беларускага лідара, пілотным праектам у лёгкай прамысловасці магло б стаць стварэнне сумеснага прадпрыемства па пашыве  абмундзіравання для туркменскіх сілавых ведамстваў. Для гэтага беларускі бок прапануе ў бліжэйшы час узгадніць і падпісаць міжурадавае пагадненне аб узаемадзеянні ў гэтай сферы, якое стварыла б неабходную прававую базу.

"Вядома, не трэба забываць і аб традыцыйна напрацаваных сувязях - гэта далейшыя пастаўкі беларускіх грузавых аўтамабіляў і трактароў", - адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Развіццё новых напрамкаў узаемадзеяння з улікам узятага ў Туркменістане курсу на фарсіраваную мадэрнізацыю вытворчасці стварае рэальную базу для далейшага пашырэння ўзаемнага гандлю", - лічыць Прэзідэнт Беларусі. З гэтай мэтай ён прапануе даручыць сустаршыням міжурадавай беларуска-туркменскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве распрацаваць дарожную карту, якая закране шырокае кола напрамкаў двухбаковага ўзаемадзеяння.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўзаемны інтарэс не толькі ў чыстым гандлі. Ключавым у двухбаковых адносінах застаецца праект будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната. Прэзідэнт падкрэсліў, што беларускі бок надае прыярытэтнае значэнне якаснаму выкананню сваіх абавязацельстваў.

Беларускія суб'екты гаспадарання гатовы таксама прыняць самы актыўны ўдзел у рэалізацыі праектаў у Туркменістане ў галіне будаўніцтва транспартных камунікацый і развіцця лагістыкі.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў пашырэнне кантактаў у сферы навукі і выказаў упэўненасць, што прапанаваныя беларускімі вучонымі сучасныя распрацоўкі зацікавяць дзяржаўныя структуры Туркменістана. "Як вы ведаеце, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі вядзе перагаворы аб магчымасцях пастаўкі ў Туркменістан шматфункцыянальных беспілотных авіяцыйных комплексаў, - сказаў беларускі лідар. - Улічваючы нашы дружалюбныя адносіны, мы гатовы не толькі пастаўляць, але і арганізаваць у перспектыве сумесную вытворчасць беспілотнікаў у Туркменістане".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў. што Беларусь гатова навучаць большую колькасць студэнтаў з Туркменістана і выдзеліць месца пад інтэрнат для іх.

Беларускі бок прапанаваў выдзеліць месца, магчыма, у студэнцкай вёсцы, пад будаўніцтва інтэрната для студэнтаў з Туркменістана і спартыўных збудаванняў побач. Прэзідэнты дамовіліся, што будзе распрацаваны адпаведны праект, яго рэалізацыю пачнуць пасля  заканчэння будаўніцтва новага будынка туркменскага пасольства ў Мінску.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў, каб такі праект быў рэалізаваны і для навуковых колаў з улікам актыўнага развіцця супрацоўніцтва паміж краінамі ў навуковай сферы. На думку Прэзідэнта Беларусі, гэта можа быць невялікі гасцінічны комплекс, месца для якога гатовы выдзеліць на тэрыторыі Нацыянальнай акадэміі навук.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што гуманітарнае супрацоўніцтва, асабліва ў сферы адукацыі і культуры з'яўляецца немалаважным аспектам двухбаковага ўзаемадзеяння. На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, пераканаўчым пацвярджэннем плённай працы ў галіне адукацыі з'яўляецца той факт, што ў Беларусі навучаюцца амаль 9 тыс. грамадзян Туркменістана. "Гэта сведчыць аб даверы да беларускай сістэмы адукацыі ў справе падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў для вашай краіны з дынамічным развіццём", - сказаў беларускі лідар.

Падводзячы вынікі перагавораў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў іх плённы і прадметны характар​​. "Для Беларусі Туркменістан з'яўляецца адным са стратэгічных партнёраў у Цэнтральнай Азіі", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. - Упэўнены, што дасягнутыя ў час сённяшняй сустрэчы дамоўленасці і падпісаныя дакументы будуць садзейнічаць умацаванню спрыяльнай атмасферы нашага супрацоўніцтва, пашырэнню дагаворна-прававой базы міждзяржаўных адносін".

Прэзідэнты Беларусі і Туркменістана Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў 9 кастрычніка заклалі памятную капсулу нашчадкам у фундамент комплексу будынкаў пасольства Туркменістана ў Мінску.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта сімвалізуе новы якасны этап узаемадзеяння Туркменістана і Беларусі. "Мы даём старт будаўніцтву комплексу будынкаў пасольства Туркменістана ў Беларусі, пацвярджаючы ўпэўненасць у доўгатэрміновым характары нашага супрацоўніцтва, нацэленасць на яго развіццё і паглыбленне", - сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін дзве краіны значна ўмацавалі сувязі і сталі стратэгічнымі партнёрамі. "Нас звязваюць узаемныя эканамічныя інтарэсы, агульнасць падыходаў па многіх пытаннях знешняй і ўнутранай палітыкі, дружалюбныя адносіны паміж нашымі працавітымі народамі", - сказаў Прэзідэнт Беларусі. Паводле яго слоў, склалася практыка рэгулярных сустрэч на вышэйшым узроўні, наладжаны ўстойлівыя кантакты на ўзроўні ўрадаў, міністэрстваў і прадпрыемстваў, сфарміравана значная дагаворна-прававая база двухбаковых адносін. Шматразова ўзрос аб'ём узаемнага гандлю, павялічыўшыся за апошнія пяць гадоў у 4,5 раза, рэалізуецца маштабны праект будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што зроблены істотны крок наперад у навукова-тэхнічным і гуманітарным супрацоўніцтве, пашырылася геаграфія міжрэгіянальных сувязей, наладжваюцца кантакты паміж дзелавымі коламі Беларусі і Туркменістана. "Усё гэта красамоўна сведчыць аб шматграннасці нашага партнёрства", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Стварэнне ў Мінску астраўка туркменскай зямлі адкрые новыя магчымасці для далейшага нарошчвання яго маштабаў. Паколькі будынак пасольства Туркменістана стане домам дружбы і месцам канструктыўных сустрэч, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Упэўнены, што ў хуткім часе мы будзем прысутнічаць ужо на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця новага аб'екта, які ўзбагаціць архітэктурнае аблічча нашай сталіцы". Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама запэўніў свайго калегу, што з беларускага боку будаўніцтву будзе аказана максімальнае садзейнічанне і падтрымка.

Гурбангулы Бердымухамедаў адзначыў, што новы будынак пасольства будзе месцам, дзе беларусы змогуць знаёміцца з культурай і мастацтвам Туркменістана, месцам сустрэч вучоных і творчай інтэлігенцыі. "Упэўнены, што будынак будзе стаяць на трывалым фундаменце дружбы і ўзаемаразумення і яго дзверы заўсёды будуць адкрыты для сяброў і партнёраў", - падкрэсліў Прэзідэнт Туркменістана.