Афіцыйны візіт Прэзідэнта Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава

  • 30

Беларусь і Туркменістан маюць намер актыўна нарошчваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва па ўсіх напрамках. Такая дамоўленасць дасягнута 11 мая на перагаворах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава.

У час сустрэчы сам-насам Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць прыезду ў Мінск Гурбангулы Бердымухамедава. Кіраўнік беларускай дзяржавы прапанаваў разгледзець двухбаковае супрацоўніцтва ў кантэксце сусветнай сітуацыі і выпрацаваць меры для пераадолення негатыўных з'яў, якія ўплываюць на Беларусь і Туркменістан. У час сустрэчы адзначаўся высокі ўзровень узаемадзеяння ў палітычнай сферы. Краіны маюць падобныя пазіцыі на міжнароднай арэне, у прыватнасці, у пытанні неабходнасці забеспячэння стабільнасці і бяспекі ва ўсім свеце. З імі яны выступаюць у аўтарытэтных міжнародных структурах: ААН, АБСЕ, СНД.

Беларусь і Туркменістан традыцыйна падтрымліваюць адзін аднаго на міжнародных пляцоўках, і Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што так будзе і ў далейшым.

На перагаворах у пашыраным складзе бакі дэталёва абмеркавалі перспектывы гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Туркменістан карыстаецца заслужаным аўтарытэтам на сусветнай арэне як прадказальны партнёр, які праводзіць узважаную палітыку. Па ініцыятыве гэтай краіны ажыццяўляюцца інфраструктурныя праекты, якія маюць істотнае значэнне для ўсёй Цэнтральнай Азіі. Так, туркменскі бок разглядае Беларусь як перспектыўнага партнёра ў рэалізацыі маштабнага праекта па стварэнні разгалінаванай сеткі транспартнай транзітнай лагістычнай інфраструктуры камбінаванага тыпу. Яна будзе ўключаць у сябе транзітныя кантынентальныя калідоры, якія ідуць у рэгіёны басейнаў Каспійскага, Чорнага, Балтыйскага мораў.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў партнёрстве Мінска і Ашхабада ўжо ёсць некалькі асноўных напрамкаў, якія надаюць трываласць двухбаковым сувязям. "У першую чаргу гэта будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната, якое стымулюе развіццё іншых вектараў супрацоўніцтва, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Рэалізацыі гэтага праекта беларускі бок удзяляе першарадную ўвагу". На перагаворах падкрэслівалася, што будаўніцтва Гарлыкскага ГАК павінна быць завершана ў 2017 годзе. Прэзідэнт Туркменістана ў час сустрэчы з беларускім лідарам выказаў упэўненасць, што гэты каласальны, грандыёзны праект у будучым прынясе дзвюм краінам вельмі добрыя эканамічныя дывідэнды.

Сярод значных напрамкаў узаемавыгаднага супрацоўніцтва абазначыліся таксама пастаўкі беларускай тэхнікі. Многія гады беларускія машынабудаўнікі экспартавалі ў Туркменістан трактары, грузавікі, спецыяльна адаптаваныя да туркменскіх кліматычных умоў. "Мы зацікаўлены аднавіць продажы ў ранейшых аб'ёмах", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Беларускі бок гатовы ўдзельнічаць у рэалізацыі праграм па развіцці сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай галіны Туркменістана, а таксама ў сумесным праектаванні інфраструктуры чыгунак. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь можа прапанаваць кормаўборачную тэхніку, навясныя і прычапныя агрэгаты, тэхналогіі вытворчасці, захоўвання і перапрацоўкі сельгаспрадукцыі.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што Туркменістан удзяляе значную ўвагу развіццю транспартнай сеткі. "Сумеснае праектаванне інфраструктуры чыгунак у Туркменістане і адпаведнае навучанне персаналу дадуць вам магчымасць у далейшым самастойна вырашаць складаныя тэхнічныя задачы, мы гатовы падключыцца да гэтага пытання. Мы маем магчымасці для ўдзелу ў будаўніцтве туркменскіх магістралей, у тым ліку на ўмовах субпадраду", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.

Краіны дасягнулі адчувальных поспехаў у навукова-тэхнічным узаемадзеянні. Так, сумесна рэалізуецца высокатэхналагічны праект стварэння ў Туркменістане беспілотных авіяцыйных комплексаў. На думку Прэзідэнта, перспектыўным рэзервам навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва застаюцца пакуль незадзейнічаныя ў поўнай меры сумесныя праекты ў сферы камп'ютарных тэхналогій. Беларускія ІТ-кампаніі гатовы прадаўжаць укараненне сучасных тэхналогій у розныя галіны.

Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, парадак дня двухбаковага супрацоўніцтва арганічна дапаўняе дыялог у сферы культуры. Жыхары Беларусі зноў рады сустрэчам з туркменскімі майстрамі мастацтваў. Традыцыі абмену Днямі культуры з'яўляюцца істотным фактарам умацавання дружалюбных адносін паміж двума народамі, перакананы Кіраўнік дзяржавы.

Па выніках перагавораў Аляксандр Лукашэнка паведаміў прадстаўнікам СМІ, што Беларусь і Туркменістан дамовіліся аб узаемных кроках па нарошчванні двухбаковага тавараабароту. Прэзідэнт адзначыў, што Туркменістан належыць да ліку стратэгічных партнёраў Беларусі, дзве краіны звязваюць дружалюбныя і шчырыя адносіны. Гэта пацвярджаецца і штогадовымі сустрэчамі кіраўнікоў дзяржаў у Мінску і Ашхабадзе.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, узаемавыгадны гандаль з'яўляецца асновай беларуска-туркменскіх адносін. Па выніках першых месяцаў бягучага года назіраецца пазітыўная дынаміка - тавараабарот павялічыўся амаль на 75 працэнтаў. Аднак, як лічыць Кіраўнік дзяржавы, гэта не павінна супакойваць. Таму ў ходзе перагавораў былі намечаны новыя перспектывы і абазначаны канкрэтныя праекты ўзаемнага супрацоўніцтва ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, сферах транспарту і навукі. Акрамя таго, дасягнуты шэраг дамоўленасцей, якія дадуць магчымасць узмацніць узаемадзеянне паміж краінамі ў галіне адукацыі, культуры і спорту.

Па выніках перагавораў прэзідэнты падпісалі сумесную заяву, у якой адзначылі высокую дынаміку развіцця міждзяржаўных адносін, падкрэслілі неабходнасць каардынацыі намаганняў ва ўніверсальных і рэгіянальных арганізацыях, актывізацыі супрацоўніцтва ў барацьбе з экстрэмізмам, міжнародным тэрарызмам і незаконным абаротам наркотыкаў, а таксама пацвердзілі прыярытэтны характар пашырэння ўзаемавыгаднага гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння. У прысутнасці Аляксандра Лукашэнкі і Гурбангулы Бердымухамедава быў падпісаны шэраг дакументаў, накіраваных на развіццё супрацоўніцтва Беларусі і Туркменістана, у тым ліку ў сферы культуры, спорту, узаемадзеяння паміж установамі адукацыі дзвюх краін і СМІ. Падпісана таксама міжурадавае пагадненне аб вызваленні ад ПДВ пры ўвозе тавараў беларуска-туркменскім гандлёвым домам на тэрыторыю дзвюх краін.

У адпаведнасці з існуючай на вышэйшым узроўні традыцыяй Гурбангулы Бердымухамедаў пасадзіў дрэва на Алеі ганаровых гасцей Палаца Незалежнасці.