Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Перагаворы з Прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвам

17 студзеня 2019 года
Сустрэча з прадстаўнікамі СМІ па выніках перагавораў
глядзіце таксама: відэа
17 студзеня 2019 года
Сустрэча з прадстаўнікамі СМІ па выніках перагавораў
Перагаворы з Прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвам
глядзіце таксама: відэа
17 студзеня 2019 года
Перагаворы з Прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвам
Цырымонія афіцыйнай сустрэчы Прэзідэнта Зімбабвэ Эмерсана Мнангагвы
Перагаворы з Прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвам
глядзіце таксама: фота
17 студзеня 2019 года
Перагаворы з Прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвам
17 фота

Беларусь прапануе Зімбабвэ выбудаваць стратэгію і канкрэтны план развіцця супрацоўніцтва на перспектыву. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 17 студзеня на перагаворах з Прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвам, якія прайшлі ў Палацы Незалежнасці.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь, не з'яўляючыся гіганцкай краінай, не можа на глыбокай аснове выбудоўваць супрацоўніцтва з усімі краінамі Афрыкі. "Таму мы спрабуем знайсці тых, з кім маглі б выбудаваць стратэгічнае партнёрства", - сказаў ён.

"Мы вельмі эфектыўна супрацоўнічаем з краінамі Паўночнай Афрыкі, перш за ўсё нашым дружалюбным партнёрам Егіптам, Алжырам, іншымі краінамі. У Цэнтральнай Афрыцы мы супрацоўнічаем з даўняй пары з Суданам. Мы хацелі б мець вельмі цеснае супрацоўніцтва і з дзяржавамі Паўднёвай Афрыкі. Мы пабывалі ў многіх краінах Афрыкі і бачым вялікі фронт работы для Беларусі ў Зімбабвэ", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што бакі добра ведаюць магчымасці адзін аднаго, але на шляху развіцця адносін ёсць пэўныя складанасці. "Не пераадолець гэтыя цяжкасці могуць толькі тыя, хто не спрабуе гэта зрабіць. Калі мы паставім перад сабой мэту пераадолець цяжкасці, якія ёсць у адносінах паміж нашымі дзяржавамі, мы абавязкова рэалізуем праекты, якія мы ўжо сёння бачым", - упэўнены беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу, што Зімбабвэ цяпер перажывае нялёгкі час, як і Беларусь у свой час - больш як 20 гадоў таму. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што такія складаныя этапы праходзіць любая дзяржава, якая спрабуе рэфармаваць, удасканаліць і будаваць уласную эканоміку і грамадства. "Мы вельмі перажываем за вас і хацелі б, каб вы як мага хутчэй пераадолелі ўсе ўнутрыпалітычныя і ўнутрыэканамічныя цяжкасці. І вы павінны помніць, што мы ўсяляк будзем гэтаму садзейнічаць", - запэўніў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што з вялікім задавальненнем зробіць візіт у Зімбабвэ, але заявіў аб неабходнасці перад гэтым дамовіцца і рэалізаваць там чатыры-пяць канкрэтных праектаў. "Такіх праектаў, якія ўбачыў бы ўвесь зімбабвійскі народ", - сказаў ён.

Прэзідэнт Беларусі цёпла вітаў свайго калегу ў Мінску, адзначыўшы, што ўжо сустракаўся з ім некалькі гадоў таму, калі Эмерсан Мнангагва займаў пасаду першага віцэ-прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка павіншаваў яго з поспехам на выбарах і пажадаў выканаць тыя абяцанні, якія былі дадзены народу гэтай краіны.

Эмерсан Мнангагва ў сваю чаргу адзначыў, што паміж Беларуссю і Зімбабвэ склаліся вельмі цесныя і добрыя ўзаемаадносіны. "З часу майго апошняга візіту ў Рэспубліку Беларусь, які адбыўся каля чатырох гадоў таму, мы пастаянна падтрымлівалі цесныя сувязі. І я вельмі рады, што ў нас ёсць такія адкрытыя і прамыя кантакты, - падкрэсліў ён. - Паміж нашымі краінамі склаліся вельмі цесныя і добрыя ўзаемаадносіны. Мая адміністрацыя і народ Зімбабвэ ў цэлым разглядаюць Рэспубліку Беларусь як брацкую краіну".


Эмерсан Мнангагва адзначыў, што Зімбабвэ перажывае нялёгкі час: на працягу амаль двух дзесяцігоддзяў краіна падпадала пад розныя эканамічныя санкцыі, фактычна была ізалявана.

Ён падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за аказаны яму і членам дэлегацыі цёплы прыём, а таксама за падтрымку яго краіны ў гэты нялёгкі для яе час.

На перагаворах у пашыраным складзе Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь імкнецца да паступовага выхаду на стратэгічны ўзровень супрацоўніцтва з Зімбабвэ і бачыць значны патэнцыял у развіцці двухбаковых адносін.

"Зімбабвэ з'яўляецца нашым важным партнёрам у Паўднёва-Афрыканскім рэгіёне, і мы імкнёмся да паступовага выхаду на найвышэйшы стратэгічны ўзровень супрацоўніцтва. Цяпер адносіны паміж дзвюма краінамі дынамічна развіваюцца. Аднак значны патэнцыял узаемадзеяння шмат у чым яшчэ не рэалізаваны. У бліжэйшыя гады нам трэба будзе гэта зрабіць, асабліва ў сферах гандлю і эканомікі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананне, што візіт Эмерсана Мнангагвы надасць імпульс развіццю двухбаковых адносін. "Вы вельмі ёміста вызначылі шлях развіцця краіны, заявіўшы сусветнай супольнасці, што Зімбабвэ адкрыта для бізнесу. Мяркуем, што такі падыход станоўча паўплывае на рэалізацыю беларуска-зімбабвійскіх сумесных праектаў, - лічыць беларускі лідар. - Як мяне інфармуюць, вы паставілі перад сабой задачу за кароткі тэрмін вывесці краіну на лідзіруючыя пазіцыі ў Афрыцы па тэмпах эканамічнага росту".

Прэзідэнт упэўнены, што ў Зімбабвэ ёсць усё неабходнае для хуткага эканамічнага росту і вырашэння першачарговых праблем, для таго, каб адзець і накарміць людзей. "Беларусы гатовы аказаць вам у гэтым дапамогу. Тым больш, вы ведаеце, мы гэта ўмеем рабіць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь зацікаўлена ў пастаўках на зімбабвійскі рынак грузавой, аўтобуснай і кар'ернай тэхнікі, іншага абсталявання для горназдабыўной галіны, трактароў, харчовай прадукцыі. Заяўлена аб гатоўнасці абмеркаваць перспектывы беларускага ўдзелу ў сумесных праектах у сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, энергетыцы, геолагаразведцы, здабычы карысных выкапняў. У 2018 годзе было заключана некалькі шматмільённых кантрактаў на экспарт у Зімбабвэ беларускай тэхнікі пры фінансавай падтрымцы Банка развіцця Беларусі і Рэзервовага банка Зімбабвэ. Чакаецца, што пасля ўзгаднення ўсіх працэдур пачнуцца пастаўкі ў адпаведнасці з гэтымі дамоўленасцямі.

Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, важкім укладам ва ўмацаванне двухбаковых адносін могуць стаць будаўніцтва ў Зімбабвэ мяса-малочных комплексаў, вырошчванне і перапрацоўка агародніны. Вызначаны таксама напрамкі супрацоўніцтва ў транспартнай сферы. Размова ідзе аб развіцці транспартнай інфраструктуры Зімбабвэ і стварэнні там транспартна-лагістычнага цэнтра.


"Шырокія магчымасці для ўзаемадзеяння нашых краін прадастаўляюць унікальныя ландшафтна-прыродныя, мінеральна-сыравінныя, рэкрэацыйныя рэсурсы Зімбабвэ. Таму перспектыўным можа стаць удзел беларускіх кампаній ва ўзвядзенні гідраэнергетычных аб'ектаў, будаўніцтве пад ключ электрастанцыі на сонечных панэлях, геолагаразведцы і распрацоўцы радовішчаў карысных выкапняў", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён звярнуў увагу на актыўнае развіццё ўзаемадзеяння ў гуманітарнай сферы. Дасягнуты дамоўленасці аб міжвузаўскім абмене, а таксама аб атрыманні зімбабвійцамі ў Беларусі вышэйшай і паслядымломнай адукацыі. У сваю чаргу вядучыя арганізацыі аховы здароўя Беларусі могуць прадаставіць грамадзянам Зімбабвэ высокатэхналагічную медыцынскую дапамогу. "Нашы дасягненні ў нейрахірургіі, артапедыі, кардыялогіі, анкалогіі, транспланталогіі, рэабілітацыі вядомы далёка за межамі Беларусі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што стварэнне беларуска-зімбабвійскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве магло б лепш стымуляваць рэалізацыю намечаных планаў. Ён адзначыў, што для хуткай і якаснай работы над інвестыцыйнымі і сумеснымі праектамі неабходны прамыя кантакты і наладжаныя камунікацыі паміж міністэрствамі, арганізацыямі і кампаніямі. "Трэба праяўляць максімальную ўвагу да прапаноў, што паступаюць з абодвух бакоў. Толькі так мы зможам дабіцца жаданага выніку", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што дзелавыя колы, асацыяцыі бізнесменаў, гандлёва-прамысловыя палаты дзвюх дзяржаў таксама павінны стаць важнымі элементамі ў працэсе фарміравання новых сумесных праектаў.

"Беларусь адкрыта для дыялогу па ўсіх пытаннях, якія цікавяць вас. Мы гатовы да прадметнага абмеркавання напрамкаў узаемадзеяння для павелічэння двухбаковага тавараабароту і пашырэння ўзаемавыгаднага партнёрства. Хачу падкрэсліць: для Беларусі няма закрытых тэм у супрацоўніцтве з Зімбабвэ", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Па выніках перагавораў у Мінску падпісаны міжнародныя дакументы аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах.

Размаўляючы з журналістамі пасля праведзеных перагавораў з Прэзідэнтам Зімбабвэ, Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Вынікі сённяшняй сустрэчы я ацэньваю як плённыя - было шмат тэм для прадметнай размовы, дасягнуты пэўныя дамоўленасці. Галоўнае - мы дамовіліся з Прэзідэнтам, што да майго візіту ў Зімбабвэ мы падрыхтуем шэраг канкрэтных кантрактаў, якія дзве краіны павінны будуць ажыццявіць ужо ў гэтым годзе. У хуткім часе мы чакаем значнага прагрэсу не толькі ў двухбаковым гандлі, але ў супрацоўніцтве ў сферах прыватнага бізнесу, прамысловасці і сельскай гаспадаркі, здабычы прыродных рэсурсаў, адукацыі".

Паводле слоў Прэзідэнта, былі абмеркаваны асноўныя напрамкі развіцця беларуска-зімбабвійскіх адносін і перспектывы іх выхаду на новы, якасна больш высокі ўзровень. "Беларусь разглядае Зімбабвэ як важнага партнёра ў рэгіёне Паўднёвай Афрыкі. Адносіны паміж дзвюма краінамі можна ахарактарызаваць як дружалюбныя і ўзаемавыгадныя", - адзначыў беларускі лідар.


Ён заявіў, што Беларусь і Зімбабвэ імкнуцца рухацца далей і прыйсці да больш сучасных і шматпланавых эканамічных адносін, чым проста гандлёвыя. З гэтай мэтай былі абмеркаваны перспектывы рэалізацыі ў Зімбабвэ інвестыцыйных і сумесных праектаў у сферах сельскай гаспадаркі, будаўніцтва, транспартнай інфраструктуры, энергетыкі, геолагаразведкі і здабычы карысных выкапняў.

"Мы зыходзім з таго, што нарошчванне і дыверсіфікацыя беларускага экспарту ў Зімбабвэ павінны адпавядаць агульным інтарэсам, у тым ліку садзейнічаць эканамічнаму развіццю краіны", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама разлічвае на пашырэнне беларуска-зімбабвійскіх сувязей па лініі дзелавых колаў, выбудоўванне ўзаемавыгадных доўгатэрміновых кантактаў. Ён лічыць неабходным наладзіць і ў далейшым падтрымліваць устойлівыя бізнес-сувязі па лініі гандлёва-прамысловых палат і асацыяцый дзелавых колаў.

Аляксандр Лукашэнка назваў велізарным патэнцыял узаемадзеяння дзвюх краін. "Вядома, Зімбабвэ перажывае сёння няпросты перыяд. Праз гэта трэба прайсці. Таму я пажадаў Прэзідэнту і дэлегацыі рашучых дзеянняў па пераадоленні праблем, а працавітаму зімбабвійскаму народу - цярпення і мужнасці. Праз цяжкасці і нягоды праходзілі ўсе краіны і народы", - сказаў ён.

Прэзідэнт таксама выказаў надзею, што Зімбабвэ зможа на працягу кароткага прамежку часу правесці неабходныя пераўтварэнні. "Вы на правільным шляху. І на гэтым шляху, як сказаў Прэзідэнт, вельмі важны сябры. Можаце лічыць, што Беларусь з'яўляецца вашым надзейным сябрам і памочнікам", - запэўніў ён.

© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь