Афіцыйны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Малдова Мікалая Цімофці ў Беларусь

  • 17
Беларусь гатова да рэалізацыі новых праектаў з Малдовай. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 ліпеня на перагаворах у Мінску з Прэзідэнтам Малдовы Мікалаем Цімофці.

Адкрываючы сустрэчу, Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі і Малдовы няма ніякіх праблем у адносінах. "Дай бог, каб з усімі ў нас былі такія адносіны па ўсіх пытаннях", - сказаў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу на высокі ўзровень тавараабароту ў памеры $400 млн, якога краіны дасягнулі па выніках мінулага года."Гэта ўлічаны тавараабарот. Лічу, мы пад паўмільярда  цягнем у тавараабароце, - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. - Я ніколі нават уявіць не мог, што мы можам узняцца на такую вышыню". Тым не менш, паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, у дзвюх краін ёсць рэзервы для нарошчвання аб'ёмаў узаемнага гандлю.

Што датычыцца падпісання Малдовай пагаднення аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам, то Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускі бок не драматызуе сітуацыю з арыентацыяй Малдовы на Еўрасаюз і не палітызуе факт падпісання гэтага дакумента. "Мы гэта ўспрымаем як данасць", - сказаў беларускі лідар.

На думку Прэзідэнта Беларусі, у любой сітуацыі трэба шукаць варыянты, каб выкарыстоўваць гэту сітуацыю на карысць дзвюх краін.

"Мы вам удзячныя, нягледзячы на тое што, можа, недзе ў якасці падтрымкі сваіх саюзнікаў, у якасці пэўных абяцанняў вы і павінны былі падтрымліваць Еўрасаюз, ЗША, пры гэтым ніколі такога не было, каб гэта было супраць Беларусі. Мы гэта вельмі цэнім", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. На яго думку, гэта сведчыць аб значнасці двухбаковых адносін, аб высокім узроўні даверу. "Вы можаце быць упэўнены, што мы ніколі Малдове нічога дрэннага не рабілі і не зробім. Мы будзем толькі развіваць наша супрацоўніцтва так, каб гэта было выгадна нашым народам", - запэўніў Прэзідэнт Беларусі.

"Мы паважаем выбраны вамі курс развіцця і ўспрымаем яго як данасць, - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. - Мы прытрымліваемся прагматычнай пазіцыі ў гэтым пытанні".

"Разам з тым лічу, што нам неабходна дакладна ўяўляць, якім будзе наша супрацоўніцтва ў новых рэаліях, паколькі і ў Малдовы, і ў Беларусі ёсць абавязацельствы перад партнёрамі па інтэграцыйных аб'яднаннях", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, пры вывераным і ўзважаным падыходзе можна не толькі мінімізаваць рызыкі для двухбаковага гандлю, але і выкарыстоўваць перавагі ад рознанакіраванай інтэграцыі, стаць своеасаблівым мостам паміж дзвюма інтэграцыйнымі структурамі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі з Малдовай няма нявырашаных пытанняў і закрытых для абмеркавання тэм. "Я абсалютна ўпэўнены, што, падыходзячы прагматычна, па меры нарастання нейкіх пытанняў, мы можам спакойна дамаўляцца па іх і здымаць любыя праблемы", - сказаў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, актыўны палітычны дыялог, пабудаваны на прынцыпах раўнапраўя, садзейнічае далейшаму паглыбленню беларуска-малдаўскага супрацоўніцтва. Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што краіны канструктыўна ўзаемадзейнічаюць на міжнароднай арэне.

"Беларусь заўсёды ставілася з разуменнем да значных для Малдовы пытанняў. Разлічваем, што малдаўскі бок будзе прадаўжаць прытрымлівацца аналагічных партнёрскіх падыходаў, як было да гэтага часу", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем адзначыў узаемную зацікаўленасць дзвюх краін у наладжванні эканамічнага партнёрства. Паводле яго слоў, у гэтым напрамку бакі працуюць выключна прагматычна. Малдова для Беларусі з'яўляецца чацвёртым па тавараабароце партнёрам сярод краін СНД.

Беларусь пастаўляе шырокі пералік тавараў, запатрабаваных на рынку Малдовы. Гэта аўтатрактарная тэхніка, прадукцыя нафтахімічнага комплексу, лякарствы, халадзільнікі, газавыя пліты, тавары лёгкай прамысловасці, малочныя прадукты.

Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму рэалізацыі кааперацыйных праектаў. Ён адзначыў, што ў Малдове вырабляюцца беларускія тралейбусы і трактары, прапрацоўваецца праект зборачнай вытворчасці аўтобусаў МАЗ. Беларускія вытворцы гатовы да павелічэння аб'ёмаў выпуску прадукцыі на дзеючых вытворчасцях.

На думку Кіраўніка беларускай дзяржавы, ёсць магчымасць для планамернага павышэння працэнта лакалізацыі, з тым каб выйсці з сумесна вырабленай прадукцыяй на рынкі суседніх еўрапейскіх краін.

"Такія праекты выгадны абодвум бакам. Разлічваем на іх падтрымку кіраўніцтвам Малдовы", - сказаў беларускі лідар.

З улікам развітой прамысловасці і транспартна-лагістычнай інфраструктуры Беларусь можа стаць пляцоўкай для перапрацоўкі, захоўвання і прасоўвання малдаўскіх тавараў на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза, лічыць Кіраўнік беларускай дзяржавы..

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэтым плане Беларусь адкрыта для прапаноў малдаўскага боку. "Галоўнае - каб гэта прадукцыя была якаснай і прадпрымальнікі ішлі да нас з адкрытым сэрцам і душой! Ніякіх хабараў, ніякіх пабораў! І якасць! Перамог на конкурсе, на тэндары - усё будзе сумленна і справядліва. Я паабяцаў гэта Прэзідэнту Малдовы", - сказаў беларускі лідар.

Адначасова ёсць зацікаўленасць у арганізацыі сумеснай перапрацоўкі малдаўскай плодаагародніннай прадукцыі ў Беларусі. "На малдаўскай зямлі спеюць добрыя садавіна і агародніна, выпускаюцца якасныя віны, каньякі, іншая прадукцыя. І мы яе закупляем у вас у вялікіх аб'ёмах", - адзначыў беларускі лідар. Толькі ў 2014 годзе 42 % аб'ёму малдаўскага экспарту вінаробчай і каля 25 % плодаагародніннай прадукцыі прыпала на Беларусь.

Беларусь таксама гатова падзяліцца сваімі напрацоўкамі ў тых сферах, дзе мае сур'ёзны вопыт і рэсурсы, у прыватнасці ў будаўніцтве дарог і інфраструктуры, узвядзенні малочнатаварных комплексаў і іншых сельгасаб'ектаў. Паводле слоў Кіраўніка беларускай дзяржавы, бакам можна больш актыўна папрацаваць у гэтых напрамках, калі ў гэтым ёсць інтарэс малдаўскіх партнёраў.

Прэзідэнт Беларусі лічыць, што для наладжвання сувязей паміж суб'ектамі гаспадарання неабходна таксама выкарыстоўваць патэнцыял узаемадзеяння гандлёва-прамысловых палат і іншых структур, якія аб'ядноўваюць дзелавыя колы. На думку Аляксандра Лукашэнкі, неабходна часцей праводзіць і бізнес-форумы.

Кіраўнік беларускай дзяржавы з задавальненнем адзначыў высокую інтэнсіўнасць двухбаковых кантактаў у гуманітарнай сферы - навуцы, адукацыі, спорце і іншых галінах. Ён лічыць, што чарговым крокам у гэтым напрамку стане правядзенне Дзён культуры Беларусі ў Малдове восенню гэтага года, а ў наступным годзе Беларусь чакае малдаўскіх дзеячаў культуры з візітам у адказ.

"У нас няма ніякіх камянёў за пазухай. Мы вельмі адкрыты ў адносінах з нашымі малдаўскімі сябрамі. Наш народ вельмі дабрадушны, ён вельмі добра ставіцца да малдаўскага народа", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў дзвюх краін ёсць тая аснове, на якой можна выбудоўваць двухбаковыя адносіны. Ён выказаў упэўненасць, што пасля гэтага візіту ў Беларусь Прэзідэнта Малдовы краіны значна прыбавяць у супрацоўніцтве, хоць гэты ўзровень ужо сёння даволі высокі. "Але ёсць да чаго імкнуцца, ёсць куды расці, і мы поўныя рашучасці гэта зрабіць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў час цяперашняга візіту ў малдаўскай дэлегацыі ёсць магчымасць не толькі абмеркаваць увесь спектр адносін з беларускім бокам, але і наведаць сучасныя высокатэхналагічныя прадпрыемствы, сацыяльна-культурныя аб'екты. "Спадзяюся, што ўбачанае вамі будзе ажыццёўлена ў бліжэйшым будучым у сумесных праектах", - сказаў беларускі лідар.

"Мы гатовы вам паказаць усё, што вы захочаце. Калі вы захочаце гэта мець у Малдове, мы гатовы працаваць разам з вамі ў Малдове для таго, каб наш вопыт перанесці на тэрыторыю дружалюбнай і блізкай нам Малдовы", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Па выніках перагавораў прэзідэнты канстатавалі, што адбылася прадукцыйная і прадметная размова.

Значную ўвагу лідары дзвюх краін ўдзялілі пошуку новых фарматаў узаемадзеяння ў мэтах развіцця двухбаковых гандлёва-эканамічных сувязей. Паводле слоў Кіраўніка беларускай дзяржавы, перспектыўным напрамкам супрацоўніцтва з'яўляецца вытворчая кааперацыя, прытым ва ўсіх сферах узаемнага інтарэсу з выхадам сумеснай прадукцыі на рынкі трэціх краін, уключаючы краіны Еўразійскага эканамічнага саюза і Еўрапейскага саюза.

 Беларусь гатова забяспечыць патрэбнасці Малдовы ў прамысловай і харчовай прадукцыі. У прыватнасці, беларускі бок гатовы пастаўляць машынабудаўнічую і нафтахімічную прадукцыю, будматэрыялы, тавары лёгкай прамысловасці, бытавую тэхніку, лекавыя сродкі і прадукты харчавання.

Акрамя таго, Беларусь зацікаўлена ва ўдзеле ў праектах па мадэрнізацыі аўтамабільнай і чыгуначнай інфраструктуры Малдовы, гатова падзяліцца напрацаваным вопытам у прамысловасці, будаўніцтве, сельскай гаспадарцы і іншых сферах. "Нам ёсць што прапанаваць па гэтых напрамках", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

"У Беларусі з Малдовай няма нявырашаных пытанняў і закрытых тэм для абмеркавання", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У прысутнасці прэзідэнтаў Беларусі і Малдовы быў падпісаны шэраг дакументаў.   

У прыватнасці, бакі падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам прамысловасці Беларусі і Міністэрствам эканомікі Малдовы аб укараненні сумеснага праекта па абнаўленні парку пасажырскага транспарту ў Малдове.

Акрамя таго, Мінпрам падпісаў мемарандум аб узаемаразуменні з прымэрыяй Кішынёва аб стварэнні ў сталіцы Малдовы СП па зборцы аўтобусаў МАЗ.

Мемарандум аб узаемаразуменні па пытаннях супрацоўніцтва і абмену прававой інфармацыяй падпісалі Вярхоўны суд Беларусі і Вышэйшая судовая палата Малдовы.

Сярод падпісаных дакументаў два пратаколы - шаснаццатага пасяджэння міжурадавай беларуска-малдаўскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і абмену ратыфікацыйнымі граматамі дагавора паміж Беларуссю і Малдовай аб перадачы асоб, асуджаных да пазбаўлення волі, для далейшага адбыцця пакарання.

Падпісаны таксама дакументы, накіраваныя на развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Сярод іх пагадненне аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным, адукацыйным і культурным супрацоўніцтве паміж Мінскім аблвыканкамам і Выканаўчым камітэтам Аўтаномнага тэрытарыяльнага ўтварэння Гагаузія. З Магілёўскім аблвыканкамам Гагаузія падпісала план мерапрыемстваў на 2015-2017 гады па выкананні пагаднення аб гандлёва-эканамічным і культурным супрацоўніцтве.