Афіцыйны візіт Прэм'ер-міністра Пакістана Наваза Шарыфа ў Беларусь

  • 41
Беларусь надае вялікае значэнне ўмацаванню поўнамаштабнага супрацоўніцтва з Пакістанам. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 10 жніўня на сустрэчы ў Мінску з Прэм'ер-міністрам Пакістана Навазам Шарыфам.

Адкрываючы перагаворы, Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Навазу Шарыфу за абавязковасць. "Мы дамовіліся ў гэты дзень і ў гэты час сустрэцца ў Мінску, і дзякуючы таму, што вы ўмееце трымацца свайго слова, мы з вамі ў гэты дзень і ў гэты час сустракаемся ў Мінску", - сказаў беларускі лідар.

Ён нагадаў, што на сустрэчы ў Ісламабадзе бакі дамовіліся, што гэты візіт будзе насычаны эканамічнымі мерапрыемствамі і выльецца ў стварэнне трывалай дагаворна-прававой базы паміж дзяржавамі. "Так яно і выйшла", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. Бакі сур'ёзна працавалі над падрыхтоўкай гэтага візіту, адзначыў Прэзідэнт. Пакістан наведалі прадстаўнікі дзелавых колаў Беларусі, міністры, у Беларусі пабывалі члены ўрада Пакістана, бізнесмены для вывучэння краіны з тым, каб пасля на вышэйшым узроўні былі прыняты сур'ёзныя рашэнні.

"Наша павага да вас у Беларусі бязмерная. Вы той палітык, які можа быць прыкладам для любога палітыка ў свеце і для мяне ў тым ліку. Ваша жыццё - гэта барацьба, гэта імкненне да тых мэт, якія вы ставілі перад сваёй камандай, перад сваёй партыяй, перад сваімі калегамі. Вашаму палітычнаму жыццю можа пазайздросціць любы. Вы прызнаны лідар народаў Пакістана, і мы гэтак жа вас сустракаем у Беларусі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што з моманту сустрэчы ў Ісламабадзе мінула крыху больш як два месяцы, але бакі паспелі пераканацца ўжо, наколькі своечасовыя былі абмеркаваныя там прапановы па наладжванні кантактаў паміж дзвюма краінамі. У чэрвені-ліпені Пакістан наведалі дэлегацыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, БелАЗа і МАЗа, Беларускай лясной кампаніі і "Беларуснафты". У пачатку жніўня ў Мінску адбылося першае ў гісторыі пасяджэнне сумеснай камісіі па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве. Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным звярнуць асабліва пільную ўвагу на магчымасці ўзаемадзеяння ў гэтым напрамку. "Нам ёсць што прапанаваць і над чым разам працаваць у такой важнай сферы", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

На яго думку, добрыя перспектывы адкрываюцца і для навучання пакістанскіх спецыялістаў, у чым змаглі асабіста пераканацца сакратар урада Пакістана па пытаннях адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі Мухамад Таджвар і асобы, якія суправаджалі яго ў час знаходжання ў беларускай сталіцы. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што сустрэчы, якія прайшлі ў беларускіх ВНУ, будуць садзейнічаць росту колькасці пакістанскіх студэнтаў у беларускіх установах адукацыі.

Прэзідэнт таксама лічыць, што лагічным працягам узаемавыгадных кантактаў стала правядзенне ў Мінску першага пасяджэння сумеснай беларуска-пакістанскай камісіі. На яго думку, каб дынамічна нарошчваць гандлёва-эканамічныя і інвестыцыйныя сувязі, ёй неабходна збірацца не радзей як адзін раз у год.

Важным кампанентам двухбаковых адносін з'яўляецца міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, першы крок у гэтым напрамку быў зроблены ў маі ў Ісламабадзе, калі Магілёўскі аблвыканкам і ўрад правінцыі Пенджаб падпісалі адпаведнае пагадненне. "Цяпер яго трэба напоўніць практычным зместам, праводзіць дзелавыя і інвестыцыйныя форумы, культурныя мерапрыемствы, - сказаў беларускі лідар. - Да такой дынамікі развіцця кантактаў з часам падцягнуцца іншыя рэгіёны Беларусі і Пакістана".

Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што патэнцыял узаемадзеяння Беларусі і Пакістана больш поўна можа быць раскрыты пры выхадзе за рамкі двухбаковага супрацоўніцтва. Паводле яго слоў, тут важны рэалізацыя сумесных праектаў і аказанне ўзаемнай падтрымкі ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях.

Прэзідэнт адзначыў, што беларускі бок вітае рашэнне аб адкрыцці пасольства Пакістана ў Мінску. "Мы зробім усё для таго, каб вы тут не мелі праблем ні з будаўніцтвам гэтага пасольства, ні з месцам яго размяшчэння", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. У сваю чаргу ён папрасіў Прэм'ер-міністра дапамагчы беларускаму боку ў пошуку дастойнага месца для размяшчэння пасольства Беларусі ў дыпламатычным квартале Ісламабада.

Прэзідэнт, карыстаючыся выпадкам, павіншаваў пакістанскі бок з нацыянальным святам - Днём Незалежнасці Ісламскай Рэспублікі Пакістан, які будзе адзначацца 14 жніўня. "Мы ведаем аб складанай і гераічнай гісторыі вашай краіны і разумеем, як патрэбны народу мір, эканамічнае развіццё і дабрабыт", - сказаў беларускі лідар.

Па выніках перагавораў бакі падпісалі пакет з паўтара дзясятка дакументаў у сферы міжведамаснага, гуманітарнага, рэгіянальнага, міжвузаўскага супрацоўніцтва, а таксама Дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Пакістанам.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў задаволенасць вынікамі праведзеных перагавораў. Ён падкрэсліў, што гэтыя перагаворы з'яўляюцца толькі часткай беларуска-пакістанскіх мерапрыемстваў, якія праходзілі напярэдадні і адбудуцца ў дні першага візіту ў Беларусь прэм'ер-міністра Пакістана.

"Мы абмеркавалі шырокі спектр пытанняў, якія закранаюць розныя сферы двухбаковых адносін, абмяняліся думкамі па актуальных міжнародных і рэгіянальных праблемах, што ўяўляюць узаемны інтарэс", - сказаў ён. Паводле слоў беларускага лідара, Наваз Шарыф падрабязна праінфармаваў аб сітуацыі ў рэгіёне, дзе знаходзіцца Пакістан, і аб той разрадцы напружанасці, якая адбываецца ў тым ліку ў сувязі з намаганнямі кіраўніцтва Пакістана. "Мы гэта цэнім", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што для беларускага боку вялікае значэнне мае развіццё і паглыбленне палітычнага дыялогу паміж дзвюма краінамі, умацаванне міжпарламенцкіх сувязей, гандлёва-эканамічных адносін, а таксама пашырэнне дагаворна-прававой базы двухбаковага супрацоўніцтва.

Паводле яго слоў, бакі з задавальненнем адзначылі супадзенне пазіцый па многіх актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня, пацвердзілі важнасць павышэння ролі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і яе інстытутаў у вырашэнні глабальных пытанняў забеспячэння ўстойлівага развіцця, умацавання бяспекі і стабільнасці ў свеце.

Акрамя таго, пацверджана сумесная гатоўнасць да пашырэння супрацоўніцтва ў сферы барацьбы з тэрарызмам, экстрэмізмам, нелегальнай міграцыяй, гандлем людзьмі, трансгранічнай арганізаванай злачыннасцю, незаконным гандлем зброяй і абаротам наркатычных сродкаў.

"У свеце такіх, як Пакістан, густанаселеных краін - 6. І ў залежнасці ад таго, якая будзе сітуацыя ў гэтых дзяржавах, наколькі яны будуць стабільныя, ад гэтага будзе залежаць клімат на нашай планеце. І тое, што Пакістан сёння паспяхова вядзе актыўную барацьбу супраць тых, хто дэстабілізуе абстаноўку ў рэгіёнах планеты, і на гэта Пакістан паклаў не толькі вялізныя сродкі, але і жыцці сваіх сыноў, і перамагае - гэта вельмі вялікі ўклад у абарону міру і стабільнасці на нашай планеце", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь гатова сур'ёзна абмяркоўваць магчымасці ўзаемадзеяння ў рэалізацыі шэрага буйных праектаў у Пакістане, прыняць удзел у стварэнні пакістана-кітайскага эканамічнага калідора. "Мы проста абавязаны выкарыстаць патэнцыял нашых (і Беларусі, і Пакістана) добрых адносін з Кітаем. І трохвугольнік Мінск - Пекін - Ісламабад, улічваючы ўзаемадапаўняльнасць кожнага ў геаграфічным і эканамічным сэнсе, можа стаць перспектыўнай формулай узаемадзеяння", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што беларуска-пакістанскія эканамічныя адносіны трэба развіваць больш дынамічна, не абмяжоўвацца толькі гандлем, а нарошчваць патэнцыял вытворчай кааперацыі і інвестыцый. "Мы добра ведаем, што ў Пакістане Беларусь асацыіруецца перш за ўсё з аднайменным трактарам, гэтай машынай, у якой мае патрэбу Пакістан, а потым ужо - з краінай. На працягу многіх гадоў нам добра вядомы пакістанскі рыс, тэкстыль, іншыя тавары", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Мы прынялі рашэнне, што члены сумеснай беларуска-пакістанскай камісіі сёння - заўтра будуць інтэнсіўна працаваць для таго, каб прадставіць нам дарожную карту на кароткатэрміновую і сярэднетэрміновую перспектыву развіцця адносін", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што бакі павінны наблізіцца да дасягнення дамоўленасцей, якія ў бліжэйшай перспектыве дадуць магчымасць зрабіць істотны рывок па такіх напрамках, як прамысловасць, фармакалогія, лагістыка, сельская гаспадарка і іншыя.

Прэзідэнт упэўнены, што першы ў гісторыі афіцыйны візіт Прэм'ер-міністра Пакістана, лідара народаў Пакістана, у Беларусь стане новым і значным этапам у пашырэнні двухбаковага супрацоўніцтва ва ўсіх сферах, напоўніць яго новым канкрэтным зместам. "Вы павінны ведаць, што ў вас тут ёсць сябры, і мы заўсёды будзем рады сустрэць вас у Беларусі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Наваз Шарыф адзначыў, што ў Пакістане вельмі цёпла ўспрынялі нядаўні візіт Аляксандра Лукашэнкі. "Вы паклалі пачатак дружбе паміж нашымі краінамі, і сёння мы разглядаем наш візіт як працяг і далейшае ўмацаванне нашай дружбы", - сказаў ён, звяртаючыся да беларускага лідара.

Прэм'ер-міністр Пакістана запрасіў Прэзідэнта Беларусі яшчэ раз наведаць гэту краіну. "Цяпер, калі нашы адносіны становяцца ўсё больш моцнымі, я лічу, што нам трэба часцей сустракацца", - лічыць Наваз Шарыф.

Пасля завяршэння перагавораў адбыўся афіцыйны абед ад імя Прэзідэнта Беларусі ў гонар Прэм'ер-міністра Пакістана.

Наваз Шарыф таксама пасадзіў дрэва на Алеі пачэсных гасцей Палаца Незалежнасці.