Афіцыйны візіт Генеральнага сакратара ЦК Камуністычнай партыі В'етнама Нгуен Фу Чонга

  • 6

Беларусь і В'етнам дамовіліся выйсці на самы высокі ўзровень супрацоўніцтва і партнёрства. Такая дамоўленасць дасягнута 26 лістапада па выніках праведзеных перагавораў паміж Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам і Генеральным сакратаром Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Сацыялістычнай Рэспублікі В'етнам Нгуен Фу Чонгам.

В'етнам з'яўляецца для Беларусі значным і правераным часам партнёрам у Паўднёва-Усходняй Азіі, падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы. Прэзідэнт адзначыў, што нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, краіны не адно дзесяцігоддзе звязаны вузамі цеснай дружбы і ўзаемадапамогі. Паводле яго слоў, і сёння ідзе актыўнае ўзаемадзейнічанне па ўсіх напрамках.

Вітаючы в'етнамскую дэлегацыю, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Вы прыехалі ў родную для вас краіну. Мы добра помнім нашу сумесную барацьбу, звязаную з незалежнасцю В'етнама". Паводле яго слоў, беларускі бок гатовы зрабіць усё неабходнае для вырашэння тых праблем, якія, магчыма, існуюць у В'етнаме. Акрамя таго, Прэзідэнт адзначыў, што беларускі народ "з вялікай павагай і далікатнасцю ставіцца да нашых в'етнамскіх сяброў".

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што аўтарытэт В'етнама ў рэгіянальным і глабальным плане пастаянна расце. Краіны маюць падобныя погляды на актуальныя пытанні сусветнай палітыкі і канструктыўна супрацоўнічаюць у рамках міжнародных арганізацый.

"Мы бачым шмат нявыкарыстаных рэзерваў для далейшага ўмацавання нашага партнёрства. Гэта адносіцца перш за ўсё да гандлёва-эканамічнай сферы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. У беларускіх прадпрыемстваў ёсць вялікія магчымасці істотна нарасціць аб'ёмы паставак беларускай тэхнікі на в'етнамскі рынак, у першую чаргу сельгасмашын і аўтатэхнікі.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь у гандлёвых узаемаадносінах гатова выкарыстоўваць сучасныя інструменты - механізмы лізінгу, экспартнага крэдытавання і страхавання.

Значны імпульс развіццю адносін паміж Беларуссю і В'етнамам можа надаць сумесная рэалізацыя буйных праектаў, лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі набыты значны вопыт праектавання і будаўніцтва аб'ектаў рознай складанасці, развіцця інфраструктуры, мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі. На яго думку, ёсць добрыя напрацоўкі ў энергетыцы і іншых сферах. "Гэтым вопытам мы гатовы падзяліцца з нашымі в'етнамскімі сябрамі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён лічыць, што перспектыўным напрамкам беларуска-в'етнамскіх сувязей з'яўляецца вытворчая кааперацыя. У В'етнаме ўжо збіраюцца аўтамабілі МАЗ. З улікам праводзімага абнаўлення парку пасажырскіх аўтобусаў у В'етнаме Прэзідэнт Беларусі прапанаваў стварыць там сумеснае прадпрыемства па вытворчасці пасажырскай тэхнікі.

У сваю чаргу Беларусь зацікаўлена ў больш актыўнай рабоце в'етнамскіх карпарацый на беларускім рынку, у прыватнасці такіх, як Viettel, іх удзеле ў рэалізацыі розных інвестыцыйных праектаў у Беларусі. Дарэчы, у Мінскім раёне працуе ўжо сумеснае прадпрыемства па перапрацоўцы в'етнамскай кавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што ў прадукцыі, вырабленай у рамках такіх праектаў, ёсць добрыя магчымасці для выхаду на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза.

"Беларусь разлічвае, што В'етнам стане своеасаблівым плацдармам для пашырэння эканамічных інтарэсаў Беларусі ў рэгіёне Паўднёва-Усходняй Азіі", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць развіцця эканамічных сувязей з В'етнамам па ўсіх напрамках. Паводле яго слоў, у цяперашніх умовах Беларусь і В'етнам павінны развіваць супрацоўніцтва не толькі ў сферы адукацыі, але таксама ў галінах навукі і высокіх тэхналогій.

Прэзідэнт адзначыў, што ўзаемадзеянне ў сферы адукацыі паміж краінамі мае добрыя традыцыі яшчэ з часоў Савецкага Саюза. Цяпер у Беларусі штогод навучаюцца каля 100 в'етнамскіх студэнтаў. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў павялічыць колькасць в'етнамскіх грамадзян, якія паступаюць у беларускія ВНУ. Беларусь можа рыхтаваць спецыялістаў рознага профілю ў адпаведнасці з патрэбнасцямі в'етнамскага боку. Прэзідэнт таксама лічыць неабходным актывізаваць работу сумеснага беларуска-в'етнамскага цэнтра, створанага з удзелам акадэмій навук дзвюх краін для распрацоўкі і асваення ў вытворчасці тэхналогій прыбора- і машынабудавання.

На яго думку, ёсць перспектывы і па развіцці ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. Беларусь разлічвае на выпрацоўку сумесна з в'етнамскім кіраўніцтвам доўгатэрміновай стратэгіі ўзаемадзеяння ў гэтай сферы.

У ходзе сустрэчы Генеральны сакратар ЦК Кампартыі запрасіў Прэзідэнта Беларусі наведаць В'етнам. Аляксандр Лукашэнка прыняў запрашэнне і паабяцаў у 2015 годзе прыехаць у Ханой. "Абавязкова ў наступным годзе прыеду ў В'етнам", - запэўніў Кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён прапанаваў пабудаваць мінскую сустрэчу такім чынам, каб "перагаворы сталі этапам падрыхтоўкі маштабных двухбаковых дамоўленасцей у час маючага адбыцца візіту ў В'етнам".

Па выніках праведзеных перагавораў Аляксандр Лукашэнка і Нгуен Фу Чонг сустрэліся з прадстаўнікамі СМІ.

Прэзідэнт адзначыў, што на працягу доўгага часу В'етнам і тагачасны Савецкі Саюз, а потым і Беларусь звязвалі і звязваюць вузы традыцыйнай дружбы і ўзаемавыгаднага шматпланавага супрацоўніцтва. Беларускія грамадзяне на працягу многіх гадоў працавалі ў В'етнаме і ў цяжкія часы дапамагалі змагацца з агрэсарамі. Беларусы добра ведаюць і помняць гісторыю той барацьбы. Перажытыя страшныя войны родняць нашы народы.

Цяпер Беларусь і В'етнам паслядоўна ажыццяўляюць палітычны дыялог на ўсіх узроўнях, у тым ліку і на самым высокім. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь і В'етнам паспяхова супрацоўнічаюць па многіх напрамках міждзяржаўнага ўзаемадзеяння.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што няма ніякіх рознагалоссяў паміж нашымі краінамі па міжнародным парадку дня, тут у краін падобныя пазіцыі. Гэта, перш за ўсё, пытанні ўстанаўлення справядлівага светапарадку, заснаванага на ўмацаванні шматпалярнага свету і выкананні агульнапрызнаных норм міжнароднага права.

"Мы ўжо ўшчыльную падыходзім да якасна новага ўзроўню супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў. Будзем прадаўжаць лінію на паступальнае паглыбленне двухбаковага ўзаемадзеяння паміж нашымі краінамі ва ўсіх галінах", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

Ён таксама падкрэсліў, што Беларусь падтрымлівае намеры В'етнама аб заключэнні Пагаднення аб свабодным гандлі з Мытным саюзам.

Паводле слоў Прэзідэнта, у беларускіх прадпрыемстваў ёсць магчымасці істотна нарасціць аб'ёмы паставак прадукцыі, неабходнай для В'етнама. Гэта прамысловае і тэхналагічнае абсталяванне, кар'ерная, аўтамабільная і спецыяльная тэхніка, аўтамабільныя шыны, харчовая і іншыя віды прадукцыі. Беларусь у сваю чаргу зацікаўлена ў в'етнамскіх таварах, якія з-за кліматычных умоў не могуць быць выраблены ў Беларусі, - гэта морапрадукты, каўчук, перапрацаваныя трапічныя фрукты, чай, спецыі, кава, а таксама тэкстыльная прадукцыя.

Перспектыўнымі эканамічнымі напрамкамі ўзаемадзеяння, на думку Аляксандра Лукашэнкі, з'яўляюцца прыцягненне інвестыцый у стварэнне сумесных вытворчасцей, рэалізацыя інфраструктурных праектаў.

Беларусь і В'етнам разлічваюць на прарыў у адносінах і выхад на самы высокі ўзровень партнёрства.

"Я лічу, што галоўным вынікам гэтага візіту стане рэалізацыя ў адпаведнасці з нашымі дамоўленасцямі шэрага мерапрыемстваў, якія дадуць магчымасць зрабіць прарыў у адносінах паміж Беларуссю і В'етнамам. І яны выйдуць на самы высокі ўзровень партнёрства і стратэгічнага супрацоўніцтва", - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі і Генеральны сакратар Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Сацыялістычнай Рэспублікі В'етнам па выніках перагавораў прынялі сумесную заяву аб умацаванні і развіцці адносін дружбы, усебаковага беларуска-в'етнамскага супрацоўніцтва.

У дакуменце гаворыцца, што кіраўнікі дзвюх дзяржаў у атмасферы дружбы і ўзаемаразумення праінфармавалі адзін аднаго аб сітуацыях у абедзвюх дзяржавах, ацанілі вынікі развіцця двухбаковых адносін, пацвердзілі гатоўнасць умацоўваць супрацоўніцтва, а таксама абмяняліся думкамі па некаторых рэгіянальных і міжнародных праблемах, што ўяўляюць узаемны інтарэс.

Бакі дамовіліся актывізаваць пазітыўны палітычны дыялог на ўсіх узроўнях па пытаннях двухбаковых адносін, рэгіянальнай і міжнароднай праблематыкі, актывізаваць абмен дэлегацыямі, прадоўжыць удасканаленне прававой базы двухбаковага супрацоўніцтва. Беларусь і В'етнам пацвердзілі вялікі патэнцыял у развіцці двухбаковых сувязей і згадзіліся ствараць спрыяльныя ўмовы для развіцця адносін у гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай сферах, галінах машынабудавання, сельскай гаспадаркі, нафтахіміі, лёгкай прамысловасці, інфармацыйных тэхналогій, электронікі, здабычы карысных выкапняў.

Беларусь і В'етнам дамовіліся вывучыць магчымасць арганізацыі прамых авіязносін паміж краінамі і ўстанаўлення бязвізавага рэжыму для кароткатэрміновых дзелавых паездак. На думку абодвух бакоў, гэта садзейнічала б актывізацыі двухбаковых гандлёва-эканамічных адносін.

Аляксандр Лукашэнка і Нгуен Фу Чонг згадзіліся з неабходнасцю развіцця і дзяржпадтрымкі сумесных прадпрыемстваў і вытворчасцей, што ствараюцца на тэрыторыях дзвюх краін, іх уключэння ў дзяржаўныя эканамічныя праграмы.

На думку бакоў, афіцыйны візіт у Беларусь Генеральнага сакратара ЦК Кампартыі В'етнама ўнясе важны ўклад ва ўмацаванне адносін традыцыйнай дружбы і шматбаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і В'етнамам.