Афіцыйны прыём ад імя Прэзідэнта Беларусі з нагоды старога Новага года

  • 12

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што Беларусь пераадолее негатыўныя наступствы сусветнага крызісу. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў 15 студзеня на традыцыйным афіцыйным прыёме ад імя Прэзідэнта Беларусі з нагоды старога Новага года.

Прэзідэнт падкрэсліў, што стары Новы год вянчае чараду калядных і навагодніх свят. "Не скрыю, маё запаветнае жаданне ў тым, каб гэты год стаў прарыўным і адкрыў новы этап развіцця краіны, каб мы пераадолелі негатыўныя наступствы сусветнага крызісу і значна павысілі ўзровень жыцця людзей, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Веру не ў цуд, а ў нашы сілы і здольнасці. Мы гэта зможам, калі ўсе разам будзем працаваць з поўнай аддачай і бачыць перад сабой мэту, пераадольваючы цяжкасці і складанасці, будзем ісці. І ні ў якім разе - не спыняцца".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў прытчу з Евангелля: "Апостал Пётр у цвёрдай веры ішоў па бушуючым моры, нібы па сушы. Але як толькі пахіснулася яго вера, ён пачаў тануць. Калі Хрыстос яго ўратаваў, то сказаў яму: "Малаверны! Навошта ты засумняваўся?". Таму, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, трэба без сумнення рухацца да мэты, але не напралом.

"Вось так і ў нашым жыцці. Выбралі свой курс, трэба яго прытрымлівацца, не паддаючыся ніякім сумненням і страхам. Тады нашаму караблю не будзе страшны ніякі шторм. Смеласць, настойлівасць бяруць гарады - вось дэвіз, які пакінула нам у спадчыну наша пакаленне пераможцаў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Бог надзяліў нас правам жыць на цудоўнай зямлі, а на добрай зямлі і добрая надзея, як сведчыць народная мудрасць. "Дык няхай жа здзейсняцца ўсе добрыя надзеі, каб наша Беларусь заўсёды заставалася квітнеючым, цудоўным краем, які за хараство і святасць беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч назваў "Зямлёй пад белымі крыламі". Няхай у нашых дамах пануюць узаемаразуменне, дабрабыт і любоў. А на роднай зямлі - абавязкова мір і працвітанне", - пажадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды: ордэн Айчыны III ступені - міністру аховы здароўя Васілю Жарко, ордэн Пашаны - міністру працы і сацабароны Мар'яне Шчоткінай і галоўнаму архітэктару праектаў праектнага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Белпрампраект" Марату Гроднікаву. Медаля "За працоўныя заслугі" ўдастоены галоўны трэнер хакейнай каманды "Юнацтва-Мінск" Міхаіл Захараў і палітычны аглядальнік галоўнай рэдакцыі АТН Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Андрэй Крывашэеў. Акрамя таго, ганаровае званне "Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь" прысвоена артысту-вакалісту (салісту) Маладзёжнага тэатра эстрады Вікторыі Алешка.

Гэтых узнагарод прадстаўнікі розных галін удастоены за высокі прафесіяналізм, актыўную грамадскую дзейнасць, значны асабісты ўклад у рэалізацыю сацыяльна-эканамічнай палітыкі, заслугі ў развіцці будаўнічай сферы, аховы здароўя, культуры і спорту.

Акрамя таго, заахвочаны і спартсмены. Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб'яўлена шэрагу хакеістаў за значны асабісты ўклад у паспяховае выступленне хакейнай каманды Прэзідэнта Беларусі на ХІІ Калядным міжнародным турніры аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі.