Бел
Галоўная   /  Падзеі

Адкрыццё XXVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску"

11 ліпеня 2019 года

Фестываль "Славянскі базар у Віцебску" стаў святам дружбы і ўзаемаразумення. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 11 ліпеня на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця XXVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".

"У гэты ўрачысты вечар хачу шчыра вітаць усіх, хто сэрцам адгукнуўся на пазыўныя міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар". Усіх, дзякуючы каму не проста горад, а ўся наша Беларусь у літаральным сэнсе жыве мастацтвам, гучыць музыкай фестывальнага лета, гаворыць на розных мовах. Мы рады ўсім, хто прыехаў да нас, каб далучыцца да гэтага прыгожага свята - сапраўднага свята мастацтва, дружбы і ўзаемаразумення", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што менавіта такім фестываль і задумваўся ў пачатку 1990-х гадоў, ён стаў адказам творчых людзей на распад вялікай шматнацыянальнай краіны. "Яны аб'ядналіся, каб захаваць братэрскія адносіны паміж новымі незалежнымі дзяржавамі. Гэта заканамерна: у няпросты час маральную апору людзі заўсёды знаходзілі ў мастацтве", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, Віцебск невыпадкова быў выбраны тады культурнай сталіцай братэрскіх славянскіх краін: гэты горад мае асаблівую творчую энергетыку. "Тут жылі і стваралі вядомыя авангардныя мастакі - Малевіч і Шагал. Яны падарылі свету чорны квадрат і юных закаханых, лунаючых над горадам", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён канстатаваў, што творчая атмасфера, якая пануе ў Віцебску, вось ужо паўстагоддзя натхняе на стварэнне яркіх разнапланавых фестываляў. Многія з іх і сёння збіраюць самых таленавітых музыкантаў, харэографаў, дызайнераў і мастакоў з самых розных краін. "Мы захавалі статус Віцебска, горада з багатымі культурнымі традыцыямі, падтрымаўшы "Славянскі базар" на дзяржаўным узроўні. У свой час мы проста ўратавалі "Славянскі базар" ад знішчэння пасля распаду Савецкага Саюза. І не дарэмна - штогод мы прымаем сяброў нашага фестывалю з усіх куткоў зямнога шара. Славянскі свет, які, напэўна, многія недзе на Захадзе некалі не ўспрымалі ўсур'ёз, стаў ядром, цэнтрам прыцяжэння многіх народаў. Сёння ў Віцебску мы ўжо чуем мову прадстаўнікоў Індыі, Кітая, Кубы, Ізраіля, Злучаных Штатаў Амерыкі. Мы ім рады. Традыцыйна ў ліпеньскія дні Віцебск уяўляе сабой прыклад самага гасціннага і музычнага горада", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў канкурсантам фестывалю паспяховых выступленняў, журы - сумленнага судзейства, гледачам - самых станоўчых эмоцый і добрага настрою і ўсім - добрага надвор'я. Ён перакананы, што ўражанні ад фестывальных дзён будуць самымі яркімі, настрой толькі святочным, а душы будуць сагрэтыя мелодыямі любімых песень.

У час цырымоніі адкрыцця Кіраўнік дзяржавы ўручыў спецыяльную ўзнагароду Прэзідэнта Беларусі "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" народнай артыстцы Украіны і Інгушэціі Таісіі Павалій.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што "Славянскі базар", на якім за 28 гадоў вырасла цэлае пакаленне, поўны добрых традыцый. І адна з іх - ушаноўваць у дзень адкрыцця выдатных артыстаў, чыя творчасць садзейнічае ўмацаванню дружбы паміж народамі.

"У бягучым годзе спецыяльную ўзнагароду "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення" мы ўручаем выдатнай спявачцы і добраму сябру не толькі Беларусі, але і Расіі - народнай артыстцы Украіны Таісіі Павалій. У яе асаблівая гісторыя: у свой час яна стала пераможцам конкурсу маладых выканаўцаў на гэтай сцэне, і сёння яе імя заслужана заззяла на плошчы зорак нашага "базару", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы пажадаў, каб творчы шлях Таісіі Павалій стаў дастойным прыкладам для ўсіх, хто робіць першыя крокі ў свеце музыкі, у тым ліку для прадстаўніцы Беларусі Ксеніі Галецкай, якая стала ўладальніцай Гран-пры міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2019". Юная спявачка таксама атрымала сваю ўзнагароду з рук Прэзідэнта. "Хацелася б, каб лёс гэтага прызёра склаўся гэтак жа, як у Таісіі Павалій", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Таісія Павалій прызналася, што атрыманне спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі стала для яе вельмі важнай падзеяй. "Тое, што я атрымліваю яе на беларускай зямлі, для мяне таксама вельмі важна, бо менавіта тут робіцца ўсё дзеля міру, дружбы і ўзаемаразумення паміж людзьмі", - падкрэсліла спявачка.


© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь