Адкрыццё XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску"

  • 11

Фестываль "Славянскі базар у Віцебску" з'яўляецца пляцоўкай міру і дабра. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 14 ліпеня на ўрачыстым адкрыцці XXV міжнароднага фестывалю мастацтваў.

Прэзідэнт адзначыў, што фестываль - равеснік суверэннай Беларусі, паколькі зрабіў свае першыя крокі ў год атрымання рэспублікай незалежнасці. "Ён развіваецца разам з краінай, і ў ім, як у люстэрку, адлюстроўваецца кожны этап станаўлення маладой дзяржавы", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэты юбілейны форум стаў цэнтральнай падзеяй аб'яўленага ў Беларусі Года культуры. "Гэта свята ўвасабляе наша духоўнае багацце. Адкрытасць і цікавасць да культуры розных народаў. Нездарма мы аб'ядналіся калісьці - тры брацкія краіны - Беларусь, Расія і Украіна. Мы сталі ядром фестывалю і на працягу гэтых гадоў з розным поспехам, калі шчыра гаварыць, дэманструем гэта культурнае адзінства", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што віцебскі фестываль параўноўваюць з Алімпійскімі гульнямі. "Калі перафразаваць П'ера дэ Кубертэна, мы гаворым: "О фестываль, ты - мір!". Гэта сапраўды пляцоўка міру і дабра. Думаю, яна яшчэ будзе запатрабавана", - сказаў беларускі лідар.

"У нашых дзяржавах асаблівае значэнне надаецца развіццю нацыянальнага мастацтва, беражліва захоўваюцца традыцыі і творчыя дасягненні папярэднікаў. Таму мы па праву можам заявіць, што гэтыя тры краіны - Беларусь, Расія і Украіна - цытадэль традыцыйнай культуры", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, гэта асабліва важна ў наш час, калі ў свеце страчваюцца арыенціры, якія раней аб'ядноўвалі людзей розных поглядаў, пакаленняў і культур. "Многія краіны сёння церпяць ад міжнацыянальнай, рэлігійнай варожасці, упадку маралі, вострых супярэчлівых канфліктаў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Думаю, справа ў тым, што плённае развіццё мастацтва патрабуе ўзаемаразумення, а не процістаяння, умацавання гуманістычных традыцый, а не варварскага разбурэння помнікаў культуры і адмаўлення ўсіх устояў грамадства".

"Менавіта на канструктыўных прынцыпах грунтуецца наш фестываль. У гэтым яго сіла і прывабнасць", - адзначыў беларускі лідар.

Гаворачы аб тым, што даў фестываль Віцебску, Беларусі і ўсяму свету, Аляксандр Лукашэнка адзначыў стварэнне ўнікальнага амфітэатра, у якім былі ўвасоблены самыя смелыя сцэнічныя навацыі. Таксама фестываль адкрыў сотні талентаў, даў пуцёўку ў жыццё масцітым артыстам, маладым выканаўцам і зусім юным дараванням, ператварыў горад Віцебск не толькі ў сучасную культурную сталіцу Беларусі, але і ў фестывальную сталіцу свету са штаб-кватэрай Сусветнай асацыяцыі фестываляў.

Заслуга "Славянскага базару" і ў прыцягненні ў Беларусь тысяч турыстаў, умацаванні яе станоўчага іміджу, ажыўленні эканомікі. Акрамя таго, дзякуючы фестывалю свет пазнаёміўся з Беларуссю, яе нацыянальнай культурай і гасцінным народам.

"Самае галоўнае, што кожны год фестываль дорыць мільёнам людзей сапраўднае, шчырае, душэўнае свята - свята дружбы, радасці, весялосці, творчасці, якое доўга жыве ў нашых сэрцах. Яно спалучае ў сабе класіку і сучаснасць, павагу да традыцый і свабоду мастацкага пошуку", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Цяпер, калі нават самыя прэстыжныя міжнародныя конкурсы аказваюцца несвабоднымі ад закулісных палітычных інтрыг, нам удаецца захоўваць сумленнасць і непрадузятасць нашага "Славянскага базару". Менавіта таму ён знайшоў шлях да сэрцаў мноства гледачоў на пяці кантынентах планеты", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што два дзесяцігоддзі таму фестываль "Славянскі базар" хацелі адправіць у падарожжа па ўсім свеце, што магло прывесці да страты аўтэнтычнасці гэтага форуму мастацтваў: "Тады мне давялося сур'ёзна заняцца "Славянскім базарам" і дабавіць слова "ў Віцебску", таму што вялікія разумнікі хацелі яго прысвоіць, зрабіць чыста камерцыйным. Усе хацелі зарабляць грошы. А фестывалю не было б".

На адкрыцці форуму Аляксандр Лукашэнка таксама ўручыў узнагароды дзеячам мастацтва Беларусі, Расіі і Украіны, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё фестывалю, прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2015-2016 гады, спецыяльную ўзнагароду Прэзідэнта Беларусі "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення".