Адкрыццё сустрэчы Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы

  • 13

Цяпер няма больш важнага пытання, чым захаванне міру на планеце. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 31 кастрычніка на адкрыцці сустрэчы Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.

"Актуальнасць гэтай тэмы пацвярджае і ўражальны склад удзельнікаў канферэнцыі, і пералік абмяркоўваемых праблем, у якім знайшлі адлюстраванне найбольш вострыя для нашага рэгіёна пытанні: ад рознагалоссяў па лініі Усход-Захад да канфлікту ва Украіне. На жаль, вымушаны згадзіцца з вывадамі апошняга даклада Мюнхенскай канферэнцыі аб тым, што наша планета падышла да краю прорвы, за якой знаходзіцца глабальны канфлікт. Канфрантацыя стала адным з вызначальных фактараў развіцця міжнародных адносін, у тым ліку і ў нашым рэгіёне", - сказаў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што ўзброеныя проціборствы ідуць практычна на ўсіх кантынентах. "Тлеючы канфлікт, а па сутнасці няспынная вайна на Данбасе - гэта вайна тут, у нашай з вамі Еўропе. У нашым агульным доме", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні таксама згадаў аб усё большай колькасці бежанцаў у свеце, гандлёвых супярэчнасцях паміж ЗША і Кітаем, усё больш відавочным характары рознагалоссяў паміж ЗША і ЕС - самымі блізкімі саюзнікамі, трывожнай сітуацыі вакол дагавораў аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці і аб скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў.

"Прорва недаверу паміж Расіяй і Захадам цяпер значна шырэйшая, чым у папярэднія складаныя перыяды навейшай еўрапейскай гісторыі. Поўным ходам ідуць маштабныя санкцыйныя і інфармацыйныя войны, іншых слоў не падбярэш", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў меркаванне, што вялікія дзяржавы страчваюць статус гарантаў стабільнасці, яны не могуць прыйсці да адзінага меркавання ні па адным з самых сур'ёзных пытанняў. "Савет Бяспекі ААН ператварыўся ў пляцоўку для высвятлення адносін. На агульнапалітычнай дыскусіі ў рамках цяперашняй, 73-й сесіі Генасамблеі ААН кожны гаворыць пра свае інтарэсы, прэтэнзіі, заклапочанасць і мала хто - пра тое, што трэба садзіцца за стол перагавораў і мяняць сітуацыю. Прытым час ідзе катастрафічна. Яго практычна ўжо не засталося для вырашэння вельмі сур'ёзных і вострых пытанняў сучаснасці. Ужо не толькі сусветныя палітыка, эканоміка, але і спорт, культура, іншыя нейтральныя сферы міжнароднага супрацоўніцтва становяцца арэнай процістаяння некаторых дзяржаў", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што на адкрыцці летняй сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Мінску ў ліпені мінулага года беларускі бок прапанаваў ідэю новага Хельсінкскага працэсу. "Тады мы нярэдка чулі, што, маўляў, Беларусь вельмі наіўная, выстаўляючы такія прапановы. Некаторыя намякалі на тое, што і не справа гэта Беларусі. Некаторымі беларуская ініцыятыва была нават успрынята як прапанова аб пераглядзе дзеючай рэгіянальнай сістэмы бяспекі, якая, дарэчы, не працуе. Хачу падкрэсліць: мы ніколі не прапаноўвалі нічога перакрэсліваць. А сёння заўважаем, што колькасць прыхільнікаў гэтай ідэі расце", - сказаў Прэзідэнт.

"Наша краіна зыходзіць з таго, што ва ўмовах, калі гэта сістэма дае збой (яна ж не дазволіла прадухіліць крывавыя канфлікты ў Еўропе, напрыклад, у Югаславіі і Украіне), трэба прымаць меры, каб аднавіць яе эфектыўную работу, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Або замяніць, калі не атрымаецца аднавіць. Але для гэтага патрэбны дыялог усіх зацікаўленых".

Паводле яго слоў, беларуская дзяржава выступае за інклюзіўны дыялог, нават калі няма гарантыі таго, што ён завершыцца канкрэтным вынікам. "Мы не прэтэндуем на манаполію гэтай ініцыятывы. Разумеем, што яе рэалізацыя залежыць ад згоды многіх, у першую чаргу ключавых, ігракоў. Але ў сучасных умовах, калі вялікія дзяржавы не могуць дамовіцца, важную ролю могуць і павінны адыграць іншыя краіны", - упэўнены беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што такі дыялог будзе значна адрознівацца ад таго, які быў у рамках Хельсінкскага працэсу. "Хельсінкі-2", хутчэй, метафара для абазначэння сутнасці новага працэсу - пошуку сучасных шляхоў і спосабаў адысці ад небяспекі вялікага канфлікту. Рашэнні па выхадзе з крызісу не павінны паўтараць рэцэпты халоднай вайны, але сёння ў Еўропе няма адзінага меркавання аб тым, як павінна быць арганізавана абноўленая сістэма бяспекі", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Тым не менш Прэзідэнт лічыць, што, нягледзячы на адсутнасць палітычных перадумоў для запуску новага перагаворнага працэсу, неабходна шукаць магчымасці для прапрацоўкі яго асновы, няхай спачатку на экспертным узроўні, а потым і асноўнымі ігракамі.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што тры тыдні таму ў Мінску пад эгідай АБСЕ прайшла міжнародная канферэнцыя высокага ўзроўню па барацьбе з тэрарызмам у лічбавую эпоху. Яе ўдзельнікі сышліся на думцы, што, толькі выступіўшы адзіным фронтам, магчыма паспяхова процістаяць кібертэрарызму і іншым сучасным выклікам і пагрозам. "Кібертэрарызм, і гэта мы зразумеем літаральна ў бліжэйшыя год-два, будзе не менш небяспечны, чым ядзерная зброя", - упэўнены беларускі лідар.

"Беларусь гатова прыняць у сябе сумесную канферэнцыю ААН і АБСЕ па барацьбе з тэрарызмам і саміт па барацьбе з кіберзлачыннасцю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама прапанаваў падумаць над аднаўленнем пад эгідай АБСЕ дзейнасці "Групы мудрацоў" з ліку вядомых палітыкаў і аналітыкаў. "Іх задачай стане выпрацоўка рэкамендацый стратэгічнага характару па агульных пытаннях бяспекі на еўраатлантычнай і еўразійскай прасторах", - растлумачыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананне, што ніхто ў Еўропе і за яе межамі не хоча адкрытага ваеннага сутыкнення Усходу і Захаду. "Але давайце будзем рэалістамі. Сёння ў нашым рэгіёне відавочны буйны палітычны і эканамічны заказ на эскалацыю напружанасці. Варонка проціборства зацягвае ў сябе ўсё новыя і новыя краіны, ператвараючыся ў міжблокавае процістаянне", - заявіў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, у многіх выпадках канфлікт можна было ўстараніць, згладзіць, змякчыць, аднак палітычнай волі на гэта няма. "Абвінавачваць кагосьці вельмі позна. Але менавіта з-за яе адсутнасці мы маем шматгадовы тупік перагавораў па ўсіх "гарачых кропках" і ва ўсіх вядомых фарматах", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт лічыць, што калі ў самы бліжэйшы час не спыніць махавік канфрантацыі і працэс злому агульнапрызнаных правіл гульні, то можа адбыцца далейшая эскалацыя проціборства. "Запалае ўжо не толькі Украіна або Усходняя Еўропа. Так недалёка і да ядзернага канфлікту паміж геапалітычнымі ігракамі, у якім не будзе пераможцаў", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на праблемы, якія ўсё больш узнікаюць на Балканах.

Вырашэнне ўкраінскага канфлікту Кіраўнік дзяржавы назваў ключавым пытаннем бяспекі ў Еўропе. "Без яго ўрэгулявання мір на кантыненце будзе заставацца пад пагрозай", - сказаў ён.

"Калі хочаце, гэта тэст на нашу здольнасць што-небудзь зрабіць,  што-небудзь вырашаць і захаваць наш агульны дом Еўропу. Калі мы не здольны вырашыць гэты (сур'ёзны, вядома) канфлікт, то мы ператворымся ў добрых перагаворшчыкаў, будзем перыядычна праводзіць гаварыльні, але не прыйдзем да вырашэння ніводнага з сур'ёзных пытанняў", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, на гэты момант з задачай спыніць проціборства на паўднёвым усходзе Украіны ніхто не спраўляецца - ні "нармандская чацвёрка", ні трохбаковая кантактная група АБСЕ, ні Спецыяльная маніторынгавая місія АБСЕ ва Украіне, ні фармат Волкер-Суркоў.

Самым жудасным Аляксандр Лукашэнка назваў той факт, што прадаўжаюць гінуць у тым ліку многія прадстаўнікі мірнага насельніцтва - жанчыны і дзеці.

"Мінула больш за тры з паловай гады з моманту прыняцця ўзгодненых "нармандскай чацвёркай" мінскіх пагадненняў. Аднак поўнасцю ніводны з іх пунктаў так і не рэалізаваны. Хоць гэта не значыць, што пагадненні дрэнныя. Іх безальтэрнатыўнасць як адзінага шляху ўкраінскага ўрэгулявання прызнаецца і ў Расіі‚ і ў Еўропе, і ў ЗША", - дадаў беларускі лідар.

"Ідзе нагнятанне сітуацыі. Пастаўкі ў рэгіён процітанкавай, зенітнай і іншай лятальнай зброі толькі набліжаюць радыкальны сцэнарый, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Паводле нашых даных, завозяць сучасную зброю, якая здольна весці радыёэлектронную барацьбу не толькі на зямлі, але і ў космасе. Што тады засталося - ядзерную зброю туды завезці, і вайна забяспечана".

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што Беларусь прыняла 160 тыс. перасяленцаў з Украіны, забяспечыўшы іх усім неабходным, аказаўшы дапамогу ў працаўладкаванні, медабслугоўванні, сацыяльнай і псіхалагічнай адаптацыі. "Словам, яны атрымалі тут сваю другую радзіму. І нам далося гэта няпроста ў нашай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі", - сказаў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу і на пытанні бяспекі, рэгулярнае затрыманне на граніцы зброі, на што, зразумела, неабходны рэсурсы.

"Фактычна, канфлікт на нашай зямлі. Нават не каля нашага парога. Таму мы так занепакоены гэтай сітуацыяй", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі таксама агучыў канкрэтныя прапановы па забеспячэнні міру ва ўсходніх рэгіёнах Украіны. "Будзем шчырымі: вырашэнне канфлікту на Данбасе, пры жаданні, магло б быць ужо даўно знойдзена. Трэба прадаўжаць работу па ўзмацненні магчымасцей Спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ ва Украіне і трохбаковай кантактнай групы. Мы гатовы разгледзець стварэнне ў Мінску тэхнічнага пункта трохбаковай кантактнай групы і іншага, на што мы здольны сёння дамовіцца ў Еўропе", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама лічыць важным дапоўніць дыпламатычны дыялог узаемасувязямі парламентарыяў, прадстаўнікоў рэгіянальных улад, грамадзянскай супольнасці і экспертаў.

"Неабходна весці далейшы пошук узаемапрымальнага рашэння па размяшчэнні на Данбасе міратворцаў. Магчыма, разгледзець варыянт размяшчэння сумеснай місіі ААН і АБСЕ ва Украіне. У яе склад могуць увайсці ваеннаслужачыя, паліцэйскія, грамадзянскі персанал з краін, якія на працягу ўсяго перыяду канфлікту ўносілі пасільны ўклад у яго вырашэнне. Трэба забяспечыць прынцып паэтапнасці ў разгортванні гэтай місіі, але часу амаль не засталося", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На думку беларускага лідара, таксама трэба было б актывізаваць і работу ў "нармандскім фармаце", каб забяспечыць дакладны механізм кантролю за выкананнем мінскіх пагадненняў. "Аднак з улікам вопыту мінулых гадоў ёсць апасенні, што гэтага будзе недастаткова", - адзначыў ён.

"Беларусь - невялікая дзяржава, але мы гатовы ўносіць сваю лепту ў вырашэнне тых ці іншых канфліктаў. Што мы, у прынцыпе, ужо робім. Але хочам адчуваць нашу большую запатрабаванасць з боку асноўных сусветных ігракоў", - заявіў Прэзідэнт.

"Прасцей кажучы, мы можам узяць на сябе адказнасць за забеспячэнне міру ва ўсходніх рэгіёнах Украіны і кантроль на расійска-ўкраінскай граніцы, а таксама суправаджаць правядзенне выбараў на Данбасе, зыходзячы з разумення таго, што гэтыя рэгіёны з'яўляюцца неад'емнай часткай Украіны", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.

"Не спяшайцеся гэта адхіляць. Нашы прапановы заснаваны на той павазе з боку ўкраінскага народа і той пазіцыі, ролі, якую адыгрывае Беларусь з самага пачатку гэтага канфлікту, - сказаў Прэзідэнт. - Мы гатовы вырашыць гэту праблему, толькі калі будзем упэўнены, што асноўныя сусветныя ігракі хочуць міру ў нашым агульным еўрапейскім доме, калі няма зацікаўленых, каб разаграваць сітуацыю ва Украіне і зрабіць яе апорнай кропкай процідзеяння Расіі і Беларусі. Думаю, дэталізаваць не трэба".

"Людзі стаміліся ад вайны ва Украіне. Гэта вайна нікому не патрэба - ні Беларусі, ні Расіі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён лічыць самай сур'ёзнай памылкай спробы пошуку вінаватых у той час, калі вырашаецца пытанне міру на Данбасе. "Мы ні ў якім разе не павінны гэты канфлікт пакінуць нашым дзецям. Але вось шукаць вінаватых - гэта пытанне дзецям можна пакінуць. Яны потым разбяруцца, калі захочуць разабрацца ў гэтым, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Сёння не вінаватых трэба шукаць. Сёння трэба вырашаць праблему. У адваротным выпадку ўсялякія размовы аб нашым агульнаеўрапейскім доме, у якім павінен быць мір і парадак, не сумленныя".

"Каб ажыццявіць гэтыя прапановы на практыцы, трэба іх абмяркоўваць за сталом перагавораў з удзелам усіх уцягнутых бакоў. І давайце будзем сумленнымі: калі нам не ўдасца прыцягнуць за гэты стол Злучаныя Штаты Амерыкі, наўрад ці мы дасягнём мэты", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Усходнюю Еўропу трэба зрабіць трансгранічным поясам стабільнасці і ўзаемадзеяння. "Мы не хочам апынуцца на лініі новага цывілізацыйнага разлому, на вастрыі блокавага процістаяння паміж Усходам і Захадам - гэта галоўнае. Беларусы, як ніхто іншы, ведаюць, што гэта можа ў сабе таіць. З ростам процістаяння нам прадказваюць лёс буфера, або "бастыёна", паміж Расіяй і НАТА. Аб гэтым гавораць і эксперты, і палітыкі, - канстатаваў беларускі лідар. - З аднаго боку, гэта дрэнна. Але з іншага, калі б уладныя людзі прыйшлі да дамоўленасці не цягнуць дзяржавы Усходняй Еўропы ў розныя ваенна-палітычныя блокі, не патрабаваць пацвярджэння лаяльнасці на шкоду іх суверэнным інтарэсам, гэты рэгіён стаў бы трансгранічным поясам стабільнасці і ўзаемадзеяння".

У сваім выступленні Прэзідэнт таксама шчыра выказаўся па пытанні дэмакратыі і правоў чалавека. "Нам кажуць, што Еўропа зацікаўлена ў суверэнітэце Беларусі. Пры гэтым асобныя нашы заходнія партнёры ў захапленні ад пазіцыі Мінска па Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, па Крыме і Данбасе. Аднак як толькі даходзіць да канкрэтных пытанняў узаемадзеяння, то ў нас, аказваецца, ёсць праблемы з правамі чалавека", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што развітая еўрапейская дэмакратыя фарміравалася стагоддзямі, а ад Беларусі і іншых постсавецкіх краін хочуць рыўка за пару дзясяткаў гадоў. "Калі рабіць гэта скачкападобна, праз націск, вынік будзе няўстойлівы. Таму мы ідзём шляхам эвалюцыі, а не рэвалюцыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама адзначыў, што ў постсавецкіх рэспубліках усё больш расце няўпэўненасць, што Захад, які актыўна папулярызуе сваю дэмакратыю, захавае яе сам. "Давайце паглядзім, што адбудзецца з дэмакратыяй у Заходняй Еўропе. Калі ўжо прагрэсіўныя немцы не ацанілі ролю Меркель у сучаснай гісторыі і спрабуюць выкінуць яе на задворкі гісторыі... - сказаў Прэзідэнт. - Паглядзіце, якія працэсы адбываюцца ў вас, на Захадзе, у дзяржавах. А вы гаворыце па-ранейшаму аб нейкай дэмакратыі, нават не спрабуючы вывучыць, якія працэсы адбываюцца тут - на постсавецкай прасторы: у той жа Расіі, Беларусі, Малдове, Украіне, Казахстане і іншых рэспубліках".

"Я часта гавару: вы хутка прыедзеце да нас вучыцца нашай дэмакратыі, таму што ў аснове яе ляжыць стабільнасць і нармальнае жыццё людзей", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Дзяўчаты ў школах не павінны баяцца хадзіць у спадніцах. Пра якую дэмакратыю тут можна гаварыць?" - прывёў прыклад Кіраўнік дзяржавы.

"А дзе правы чалавека ў тых расстраляных у Нарвегіі (сем ці восем дзясяткаў чалавек было забіта), дзе іх правы чалавека, іх родных і блізкіх? А ён (злачынец) сядзіць у трохпакаёвай кватэры і патрабуе яшчэ нейкіх правоў і прывілей", - сказаў Прэзідэнт.

"І вы хочаце нам навязаць гэтыя нормы і прынцыпы. Можа, мы некалі і прыйдзем да гэтага, але не сёння. Не таму, што я гэтага не разумею. Гэтага не разумеюць нашы народы, таму трэба быць больш цярплівымі і засяроджваць сваю ўвагу на тых праблемах, якія трэба вырашаць у імя сапраўднай дэмакратыі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Для нас адным з ключавых складнікаў не толькі фундаментальных правоў чалавека, але і бяспекі была і застаецца сацыяльна-эканамічная сфера. Будуць нармальна жыць людзі - будзе ўсякая дэмакратыя. У нестабільным грамадстве не могуць быць забяспечаны ніякія правы і свабоды чалавека".

Кіраўнік дзяржавы запрасіў еўрапейскія эліты і бізнес звярнуць больш пільную ўвагу на інтэнсіфікацыю ўсіх складнікаў супрацоўніцтва з Беларуссю: "Мы імкнёмся да таго, каб Еўрасаюз стаў адной з апор знешняга гандлю Беларусі, супастаўнай з Расіяй і Еўразійскім эканамічным саюзам. Інтэнсіўнае крэдытна-інвестыцыйнае супрацоўніцтва, садзейнічанне далейшай мадэрнізацыі нашага прамысловага і аграрнага комплексаў - вось тое, што нам трэба для ўмацавання суверэнітэту і незалежнасці".

Ён адзначыў, што Беларусь забяспечвае надзейны, бесперабойны транзіт энерганосьбітаў. Акрамя таго, праз краіну штогод праходзіць больш за 100 млн т розных грузаў. "І мы ніколі не стваралі праблем для заходніх партнёраў, і не створым іх", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён звярнуў увагу на наяўнасць значных бар'ераў у гандлі з Еўрасаюзам. "А гэта ж аснова бяспекі - менавіта эканоміка, сацыяльна-эканамічныя пытанні параджаюць нестабільнасць", - адзначыў Прэзідэнт.

Беларусь шмат што робіць для Еўрасаюза ў сферы бяспекі: створаны эфектыўны заслон на шляху нелегальнай міграцыі, вядзецца актыўнае процідзеянне наркатрафіку, крыміналу, прадухіляецца перамяшчэнне праз граніцу ў тым ліку радыеактыўных матэрыялаў.

"Пры гэтым мы не прэтэндуем на членства ў Еўрасаюзе і ідзём да еўрапейцаў не з працягнутай рукой. Нам заўсёды ёсць што прапанаваць партнёрам", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што попыт на дыялог і ўмацаванне даверу ў свеце перавышае прапанаванне. Беларусь спрабуе па меры сіл садзейнічаць выраўноўванню гэтага дысбалансу. "Такую аб'яднальную палітыку мы збіраемся праводзіць і далейшым. Сучасны свет мае вострую патрэбу ў выпрацоўцы новай формулы балансу інтарэсаў. І чым больш будзе такіх мерапрыемстваў, як сённяшняе, тым лепш мы станем разумець адзін аднаго. А значыць, тым больш шанцаў, што такая формула будзе выпрацавана", - заявіў Прэзідэнт.

"У гэтым плане мы да вашых паслуг. Вы можаце выкарыстоўваць гэты кавалачак зямлі ў цэнтры Еўропы (Беларусь) дзеля міру. Мы гатовы адыграць гэту ролю. Мы павінны цяпер спыніць спаўзанне да вайны", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.