Адкрыццё новага будынка музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

  • 26
  • 4:01

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 2 ліпеня на адкрыцці новага будынка Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны падкрэсліў недапушчальнасць перакройвання гісторыі пад канкрэтны палітычны заказ. У мерапрыемстве таксама прыняў удзел Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін азнаёміліся з экспазіцыямі залаў музея. Прэзідэнтам падрабязна расказалі аб гісторыі яго стварэння і асноўных вехах вайны, у тым ліку аб гераізме абаронцаў Брэсцкай крэпасці, партызанскім руху, трагедыі Хатыні і пакутах вязняў лагераў смерці. Храналагічна экспазіцыя ахоплівае перыяд з 1920 па 1950 год. У новай экспазіцыі музея акцэнт зроблены на гісторыю Беларусі ў гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, ролю беларускага народа, які ўнёс свой неацэнны ўклад у справу Вялікай Перамогі, у барацьбе з фашызмам як на сваёй зямлі, так і далёка за яе межамі.

"Шчырую пагарду ў нашых людзей выклікае адкрытая мана аб вайне, калі розныя псеўдагісторыкі выстаўляюць здраднікаў героямі, а захопнікаў - вызваліцелямі, калі яны бессаромна перакройваюць гісторыю пад канкрэтны палітычны заказ і спрабуюць украсці ў нашага народа Вялікую Перамогу. Такім марадзёрам мы давалі і будзем даваць рашучы адпор, адстойваючы гэты важнейшы гістарычны здабытак. І ў гэтай вайне супраць марадзёраў мы таксама будзем разам", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Галоўны ўдар гітлераўцаў прыпаў на Маскву праз нашу Беларусь. Бясстрашныя абаронцы Брэсцкай крэпасці і Магілёва, героі Мінскага падполля і беларускія партызаны – усе яны разумелі сваю правату ў барацьбе з агрэсарам і мужна змагаліся, не шкадуючы ўласнага жыцця. Беларусь стала рэспублікай-партызанкай. І ўжо ў 1943 годзе (задоўга да адкрыцця Другога фронту) амаль 60% яе тэрыторыі кантралявалі партызаны", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Толькі дзякуючы адзінству шматнацыянальнага савецкага народа, які ад малога да вялікага паўстаў на абарону агульнай Айчыны, удалося разграміць магутнага, да тых часоў непераможнага ворага. Прытым не проста выгнаць агрэсара са сваёй тэрыторыі, але і вызваліць усё чалавецтва ад пагрозы фашысцкага прыгнёту, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – Менавіта паражэнне гітлераўцаў на Усходнім фронце вызначыла вынік Другой сусветнай вайны, а потым і ўсё пасляваеннае ўладкаванне свету. І гэта праўда!"

"Здавалася б, заходнія дзяржавы павінны цаніць уклад нашых народаў у Вялікую Перамогу, аднак замест удзячнасці ад іх мы бачым высакамерны дыктат і санкцыі. І гэта, на жаль, таксама праўда!" – адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб цярністым і цяжкім шляху воінаў спачатку ад Брэста да Масквы, а потым ад Масквы да Берліна, горы і стратах, асабліва ў час адступлення. "Але не было такога цынічнага нацыянальнага здрадніцтва і разважлівай ганебнай баязлівасці, як у шэрагу еўрапейскіх краін, якія без бою здаваліся фашыстам", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Пазней адбылася двухбаковая сустрэча лідараў Беларусі і Расіі.

Аляксандр Лукашэнка назваў прыезд Уладзіміра Пуціна ў Беларусь у гэтыя святочныя дні сімвалічным. "Гэта сімвалізуе наша адзінства, сведчыць аб тым, што мы як былі тады разам, так і заўсёды будзем разам".

"Як я некалі ўжо сказаў, калі мяне тут дапякалі асобныя людзі: не хвалюйцеся, калі трэба, мы станем спінай да спіны і будзем абараняцца, мы будзем змагацца, як некалі змагаліся разам", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Уладзіміру Пуціну за прыезд, а таксама за дапамогу і падтрымку, што аказваюцца краіне і эканоміцы. "Мы гэта помнім, і паверце, што пакрыху і Расія, і Беларусь з сусветнага крызісу выбіраюцца. Мы станем на ногі і, упэўнены, эканамічна будзем яшчэ мацнейшыя", - падкрэсліў беларускі лідар.

У сваю чаргу Прэзідэнт Расіі павіншаваў Кіраўніка беларускай дзяржавы і ўвесь беларускі народ з 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Потым прэзідэнты ўсклалі вянкі да абяліска на Плошчы Перамогі ў Мінску.