Бел
Галоўная   /  Падзеі

Адкрыццё Гомельскай цэнтральнай гарадской паліклінікі

21 ліпеня 2020 года
Адкрыццё Гомельскай цэнтральнай гарадской паліклінікі
глядзіце таксама: відэа
21 ліпеня 2020 года
Адкрыццё Гомельскай цэнтральнай гарадской паліклінікі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 ліпеня ва ўрачыстай абстаноўцы адкрыў Гомельскую цэнтральную гарадскую паліклініку.

На цырымоніі прысутнічала шмат людзей - тых, хто прымаў удзел у будаўніцтве аб'екта, супрацоўнікаў паліклінікі і жыхароў горада. "Гэта вельмі патрэбны аб'ект для людзей", - ацаніў Прэзідэнт увядзенне ў строй новай паліклінікі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што аб'ект будаваўся працяглы час, але ў гэтым годзе наладзілі больш інтэнсіўную работу і будаўніцтва завяршылі.

"Хачу вам пажадаць, каб вы сюды не хадзілі наогул", - з доляй гумару пажадаў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка выказаў асаблівую ўдзячнасць урачам і медперсаналу за выдатную работу ў складаны эпідэміялагічны перыяд. "Ім трэба дзякаваць за тое, што ў вельмі цяжкіх умовах - без вакцын, без лякарстваў, невядомая хвароба - яны навучыліся лячыць людзей. Гэта подзвіг", - сказаў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што Беларусь выбрала свой шлях у барацьбе з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі, і гэта дало станоўчы вынік, захваральнасць зніжаецца. Поспехі краіны прызнаюць і замежныя эксперты, ёсць цікавасць да беларускага вопыту з боку міжнародных структур, у сувязі з гэтым некаторыя банкаўскія арганізацыі выказваюць гатоўнасць прадаставіць краіне значныя грашовыя сродкі на пераадоленне сітуацыі з каранавірусам.

Разам з тым у свеце не выключана другая хваля захваральнасці, таму важна берагчы здароўе і аддаць перавагу не замежным паездкам, а знаходжанню ў Беларусі. "Мы вас стрымліваць не будзем. Хочаце на Чорнае мора - калі ласка, на Міжземнае, Эгейскае, акіян, на Канары, Балі, Гоа, у Тайланд - калі ласка, едзьце", - сказаў Прэзідэнт. Але дадаў, што пасля вяртання ў Беларусь тыя, хто падарожнічаў, павінны быць гатовы пры неабходнасці пайсці на каранцін за ўласны кошт, выконваючы адпаведныя патрабаванні Міністэрства аховы здароўя. Ведамства вызначае спіс краін, пасля паездак у якія прадпісана выконваць самаізаляцыю.

У час адкрыцця новай паліклінікі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць захавання на цяперашнім этапе незалежнасці і суверэнітэту краіны.

"Цяпер вельмі небяспечны момант, нам нельга страціць тое, што мы з вамі стварылі. Нельга! Гэта галоўнае, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Гэты кавалак зямлі мы павінны захаваць і нікому не аддаваць. Няма ніякага страху, няма ніякай катастрофы, але нягоднікі павінны ведаць, што мы будзем заўсёды суверэнныя і незалежныя і жыць на гэтай зямлі разам са сваімі дзецьмі".

Аляксандр Лукашэнка параіў не верыць тым, хто абяцае правядзенне хуткіх рэформ і абагачэнне без працы за кароткі тэрмін. "Калі вам будуць гаварыць пра нейкія рэформы, пра тое, што вам цяпер на верталётах грошы прывязуць, пачнуць раскідваць, вы, калі ласка, не купіцеся на гэта", - сказаў Прэзідэнт. Ён нагадаў, як на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў крок за крокам аднаўлялі Гомельскую вобласць, змагаліся з наступствамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. "Тады нам ніхто нічога не абяцаў. Ніхто сюды не ехаў і не расказваў гэтыя байкі, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Не купіцеся, не згубіце сваю краіну".

Прэзідэнт агледзеў адкрытую паліклініку, азнаёміўся з яе магчымасцямі і паразмаўляў з персаналам. Прэзідэнту расказалі аб аснашчанасці новага аб'екта аховы здароўя, прадэманстравалі абсталяванне. Па апошнім слове тэхнікі аснашчаны ў тым ліку кабінет ЛФК, дзе ёсць розныя трэнажоры і спецыяльнае абсталяванне. "Гэта тое, на што здольна дзяржаўная медыцына. У прыватнай, калі ёсць, то шалёныя грошы за гэта заплаціш. І не пойдзеш туды на рэабілітацыю, - адзначыў беларускі лідар. - Нават пасля кавіду ў санаторый мы адпраўляем, і яны (пацыенты. - Заўвага) удзячны".

Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік далажыў Прэзідэнту аб развіцці новага фармату аказання амбулаторна-паліклінічнай дапамогі, павышэнні якасці дыягностыкі. "У чым яшчэ новы фармат - гэта камп'ютарны тамограф. Дзякуй вялікі, па вашых асабістых дамоўленасцях з Міхаілам Сафарбекавічам (бізнесмен Міхаіл Гуцарыеў. - Заўвага) у Мінск прыйшлі ўжо 10 камп'ютарных тамографаў. Яны знаходзяцца на стадыі мантажу", - адзначыў ён.

Такім чынам, дыягностыка на КТ стане даступнай на ўзроўні паліклінічнага звяна. Аналагічнае абсталяванне ўстаноўлена і ў адкрытай у Гомелі паліклініцы. "Гэты стандарт мы будзем развіваць і ў далейшым", - заявіў Уладзімір Каранік.

"Мы робім класічную трыяду амбулаторнага звяна: добра аснашчаная паліклініка, перааснашчэнне службы хуткай медыцынскай дапамогі, уключаючы тое, што мы аднавілі санавіяцыю, і стварэнне аддзяленняў неадкладнай дапамогі пры бальніцах. Гэта, па сутнасці, аддзяленні кароткачасовага знаходжання", - расказаў міністр.

Паводле яго слоў, згодна з праектам, які рэалізуецца пры садзейнічанні Еўрапейскага інвестыцынага банка, па ўсёй краіне павінна з'явіцца 15 такіх аддзяленняў. "Туды дастаўляецца пацыент - КТ, МРТ, шокавая аперацыйная, эндаскапія і ложкі кароткачасовага знаходжання", - адзначыў Уладзімір Каранік. У далейшым на працягу сутак ужо будзе вырашацца - пераводзіць пацыента ў аддзяленне ў бальніцу або накіроўваць на амбулаторнае лячэнне пад наглядам урача агульнай практыкі.

Пасля выхаду з паліклінікі Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз паразмаўляў з прысутнымі на мерапрыемстве жыхарамі Гомеля, адказаў на іх пытанні. У прыватнасці, узнімаліся тэмы будаўніцтва дзіцячых і спартыўных пляцовак у дварах, развіцця дарожнай інфраструктуры. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў у гэтым плане падтрымку.


Тэгі: Паездкі
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь