Адкрыццё Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната

  • 33

Гарлыкскі горна-абагачальны камбінат афіцыйна пачаў работу. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў ва ўрачыстай абстаноўцы перарэзалі стужку і націснулі сімвалічную кнопку запуску работ.

Кіраўнікі дзяржаў азнаёміліся з прадпрыемствам і яго вытворчымі магчымасцямі, а затым пакінулі запісы ў Кнізе ганаровых гасцей камбіната.

"Увядзенне ў строй з удзелам беларускіх спецыялістаў Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната, які ўвасобіў лепшыя рашэнні і самыя перадавыя тэхналогіі, з'яўляецца яркім прыкладам плённага супрацоўніцтва нашых дзяржаў. Упэўнены, гэта ўнікальная высокатэхналагічная вытворчасць унясе важкі ўклад ва ўмацаванне эканомікі Туркменістана і развіццё ў краіне новай, горна-хімічнай галіны на карысць туркменскага народа", - гаворыцца ў запісе Аляксандра Лукашэнкі.

Выступаючы на цырымоніі адкрыцця, Прэзідэнт Беларусі заявіў, што Туркменістан павінен стаць флагманам калійнай вытворчасці ў Цэнтральна-Азіяцкім рэгіёне.

"Разам мы рэалізавалі грандыёзны праект, які прынёс адчувальную карысць нашым народам. Жадаю вам, каб вы ажыццявілі свае планы па будаўніцтве яшчэ двух такіх комплексаў і каб Туркменістан стаў флагманам калійнай вытворчасці ва ўсім Цэнтральна-Азіяцкім рэгіёне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Новая галіна горна-хімічнай прамысловасці магутнасцю да 1,5 млн т прадукцыі ў год была створана ў Туркменістане фактычна з нуля. "Калі пачыналі будаўніцтва, было вельмі шмат праблем. Мы іх пераадолелі. Для Беларусі было справай гонару, каб дружалюбны Туркменістан атрымаў перадавое прадпрыемства. Выкананне гэтай задачы стала як сур'ёзным экзаменам для нас і Туркменістана, так і вялікім вопытам, які спатрэбіцца тут", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

Будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната задало новы скорасны рэжым у рэалізацыі такіх праектаў на постсавецкай прасторы. Фактычна за пяць гадоў быў пройдзены шлях ад геалагічных пошукаў да выпуску першай партыі ўгнаенняў. "Удалося захаваць аптымальны кошт будаўніцтва, беспрэцэдэнтны для такіх аб'ектаў, і не страціць як у якасці, так і ў тэмпе", - звярнуў увагу Прэзідэнт.


Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што першую партыю прадукцыі Туркменістан накіраваў у суседні Афганістан. "Вось так трэба жыць. Тады будуць і цябе паважаць, і да цябе імкнуцца, і будуць заўсёды дзякаваць. Гэта найвялікшае рашэнне! - заявіў беларускі лідар. - Гэта сімвалічны крок, які ўзвышае не толькі Прэзідэнта, але і народ Туркменістана".

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што сённяшняя знакавая падзея акажа вялікі ўплыў на эканоміку Туркменістана. З цягам часу тут з'явяцца 2 тыс. высокапрадукцыйных рабочых месц на самім камбінаце, а затым спатрэбяцца працоўныя рэсурсы і ў сумежных сферах - забеспячэнні, лагістыцы, збыце.

Істотны імпульс да развіцця атрымае аграрны комплекс краіны. Маючы доступ да ўласных калійных угнаенняў, сельскагаспадарчая галіна зможа павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі на знешніх рынках, павялічыць даходы ад экспарту.

"Прынцыпова важна, што ў беларуска-туркменскіх адносінах з'яўляецца напрамак, дзе нашы краіны змогуць і далей супрацоўнічаць, узаемна абагачаючы адна адну", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

31 сакавіка завяршыўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Туркменістан. Аляксандра Лукашэнку ў аэрапорце праводзіў асабіста Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў. Кіраўнікі дзвюх дзяржаў паспелі правесці кароткую размову і цёпла развіталіся.