Адкрыццё Еўрапейскай міністэрскай канферэнцыі па пытаннях умацавання здароўя

  • 8

Беларусь поўнасцю падтрымлівае ініцыятывы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і прыкладае максімум намаганняў для іх рэалізацыі. Аб гэтым заявіў 21 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на Еўрапейскай міністэрскай канферэнцыі па пытаннях умацавання здароўя на ўсіх этапах жыцця ў кантэксце палітыкі "Здароўе-2020".

Мерапрыемства прысвечана ажыццяўленню Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя новай палітыкі "Здароўе-2020". Гэта маштабны план дзеянняў, накіраваны ў тым ліку на папярэджанне і прафілактыку неінфекцыйных захворванняў.

"Здароўе нацыі - галоўнае багацце любой дзяржавы і аснова працвітання гэтай дзяржавы", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што са свайго боку Беларусь можа прапанаваць міжнароднай супольнасці вопыт вырашэння шэрага праблем, такіх, напрыклад, як мінімізацыя наступстваў чарнобыльскай катастрофы, стварэнне магутных медыцынскіх цэнтраў, забеспячэнне максімальнай даступнасці лячэбных устаноў і іншых.

"Аснова нашай унутранай палітыкі - будаўніцтва сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Гэта вельмі важна, асабліва для нашага рэгіёна  пасля распаду Савецкага Саюза, калі ўсе мы, не разумеючы, кінуліся ў рынак, забыўшыся пра людзей", - сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ахова здароўя, адукацыя, даступнае жыллё з'яўляюцца менавіта тымі сферамі, якія ўлічваюць інтарэсы людзей, вызначаюць якасць жыцця і фарміруюць чалавечы капітал. На яго думку, яны з'яўляюцца важным фактарам забеспячэння згоды ў грамадстве і стабільнасці ў любой дзяржаве.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для гэтага Беларусі давялося шмат зрабіць. Ён звярнуў увагу на складаную сітуацыю ў краіне ў 90-я гады ў перыяд набыцця суверэнітэту, калі былі сур'ёзна аслаблены як матэрыяльна-тэхнічная база лячэбных устаноў, іх кадравае і фінансавае забеспячэнне, так і адзначаліся дыспрапорцыі ў даступнасці кваліфікаванай медыцынскай дапамогі ў рэгіёнах. Усё гэта не магло не паўплываць на дэмаграфічную сітуацыю. Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі, нягледзячы на эканамічныя цяжкасці, значныя фінансавыя рэсурсы былі накіраваны на вырашэнне перш за ўсё сацыяльных задач.

Ён звярнуў увагу на тое, што кожны год на ахову здароўя выдзяляюцца значныя сродкі. Так, у 2014 годзе іх аб'ём склаў каля 6 % ад ВУП. Значныя фінансавыя рэсурсы накіроўваюцца з боку мецэнатаў і спонсараў. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, усё гэта дало магчымасць у бягучай пяцігодцы ўвесці ў эксплуатацыю больш за 130 аб'ектаў для медыцынскай галіны. Акрамя таго, завершана фарміраванне 17 рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў, якія ахопліваюць усе галіны медыцыны.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што захаванне і ўмацаванне здароўя грамадзян з'яўляецца стратэгічнай задачай Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы са шкадаваннем канстатаваў, што эканамічныя страты, звязаныя з захваральнасцю працаздольных грамадзян, інваліднасцю і смяротнасцю яшчэ вялікія. "Уздзеянне такіх фактараў рызыкі, як тытунекурэнне, злоўжыванне алкаголем, гіпадынамія, незбалансаванае харчаванне, стрэсы, вядуць да развіцця неінфекцыйных захворванняў, але іх можна прадухіліць", - лічыць беларускі лідар.

Ён адзначыў, што пры падтрымцы Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ з улікам перадавога міжнароднага вопыту распрацаваны мерапрыемствы па барацьбе з неінфекцыйнымі захворваннямі. "Мы інвесціруем значныя сродкі ў прафілактыку захворванняў, стараемся палепшыць жыллёвыя ўмовы, страхуем работнікаў ад няшчасных выпадкаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі работа па прафілактыцы неінфекцыйных захворванняў вядзецца шляхам укаранення прынцыпаў здаровага ладу жыцця і ўстаранення фактараў рызыкі. У краіне дасягнуты станоўчыя вынікі ў барацьбе з курэннем, актыўна праводзіцца барацьба з алкагалізмам і спажываннем наркатычных сродкаў, пры гэтым асаблівая ўвага ўдзяляецца маладзёжнаму асяроддзю. "Клопат аб падрастаючым пакаленні - залог паспяховага будучага і ўстойлівага развіцця краіны. Вельмі важна, каб юнакі і дзяўчаты актыўна ўдзельнічалі ў развіцці грамадства, валодалі высокімі маральнымі якасцямі і абавязкова займаліся масавымі відамі спорту", - лічыць беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што для Беларусі відавочны факт прамой залежнасці здароўя нацыі ад узроўню развіцця фізкультуры. Ён адзначыў, што ў краіне рэалізуюць амбіцыйную задачу: фізкультурай павінны рэгулярна займацца 30-40 % насельніцтва, а здаровы лад жыцця павінен стаць візітнай карткай Беларусі. Таму ў краіне вядзецца сістэмная работа па яго папулярызацыі.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што дзяржава не пакідае без увагі і пажылых людзей, ствараючы ўсе ўмовы для іх працяглага, здаровага, актыўнага і творчага жыцця.

Прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі Беларусі з'яўляецца ахова здароўя маці і дзіцяці. Прэзідэнт расказаў, што ў краіне ў гэтым напрамку прымаюцца дзейсныя меры, што дало магчымасць значна палепшыць медыка-дэмаграфічныя паказчыкі.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і на актыўнае развіццё высокіх тэхналогій у сферы аховы здароўя. Ён адзначыў, што наяўнасць сеткі медыцынскіх цэнтраў, якія выкарыстоўваюць найноўшыя метады прафілактыкі, дыягностыкі, лячэння і рэабілітацыі, дае магчымасць праводзіць складаныя ўмяшанні на ўзроўні перадавой медыцынскай практыкі - ад кардыяхірургіі да трансплантацыі органаў і тканак.

Акрамя таго, у краіне мадэрнізуюцца фармацэўтычныя вытворчасці, асвойваецца выпуск новых лекавых сродкаў.

Сур'ёзная ўвага ўдзяляецца таксама паляпшэнню падрыхтоўкі медыцынскіх кадраў. Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем заўважыў, што беларуская адукацыя, і не толькі медыцынская, карыстаецца попытам у замежных грамадзян.

"Беларуская ахова здароўя ідзе па шляху мадэрнізацыі і тэхналагічных інавацый. Асноўным прынцыпам з'яўляецца забеспячэнне якасці, эфектыўнасці і бяспекі медыцынскіх паслуг", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што поспехаў у ахове здароўя Беларусь не змагла б дасягнуць без дапамогі вядучых краін - Расіі, ЗША, Германіі, Аўстрыіі, іншых заходніх дзяржаў, спецыялісты з якіх прыязджалі і вучылі перадавому вопыту, дапамагалі асвоіць найноўшае абсталяванне. Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць за гэту дапамогу.

"Хваробы не ведаюць граніц, а значыць, і змагацца з імі мы павінны разам, дапамагаючы адзін аднаму ў пошуку эфектыўных, папераджальных дзеянняў. Разам заўсёды больш лёгка, плённа і рэзультатыўна", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, перад еўрапейскімі краінамі стаяць падобныя праблемы, якія патрабуюць асаблівай увагі. Гэта старэнне насельніцтва, зніжэнне нараджальнасці, пагаршэнне навакольнага асяроддзя, тэхнагенныя катастрофы, масавыя хваробы, тэрарызм і лакальныя войны, а таксама некаторыя сацыяльныя павевы. "Паасобку з гэтымі праблемамі справіцца вельмі цяжка", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ва ўсім свеце неінфекцыйныя захворванні забіраюць жыцці актыўнага працаздольнага насельніцтва, аказваючы на грамадства такое негатыўнае ўздзеянне, як палітычныя і эканамічныя крызісы.

Прэзідэнт лічыць, што падагульняючы дакумент гэтай канферэнцыі - Мінская дэкларацыя - стане важным інструментам у рэалізацыі еўрапейскай палітыкі "Здароўе-2020". "Вырашэнне трох яе задач - дзейнічаць раней, дзейнічаць своечасова і дзейнічаць разам - дасць магчымасць дабіцца станоўчага эфекту па павелічэнні працягласці і паляпшэнні якасці жыцця людзей", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў канферэнцыі, кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што іх веды, вопыт і прафесіяналізм будуць запатрабаваны толькі ва ўмовах міру і стварэння. "Няхай гэта мерапрыемства стане гарантам адкрытасці нашых краін, гатоўнасці дзяліцца вопытам, агульнай прыхільнасці да захавання і паляпшэння здароўя цяперашняга і будучых пакаленняў", - падкрэсліў Прэзідэнт.