Адкрыццё другой узлётна-пасадачнай паласы ў Нацыянальным аэрапорце Мінск

  • 11
  • 3:55

У Нацыянальным аэрапорце Мінск 3 мая адкрылі другую штучную ўзлётна-пасадачную паласу. У цырымоніі прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Сімвалічную стужку ва ўрачыстай абстаноўцы перарэзалі Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, Міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка, генеральны дырэктар Нацыянальнага аэрапорта Мінск Дзмітрый Мелікян. На мерапрыемстве прысутнічалі работнікі аэрапорта, авіякампаніі "Белавія", прадпрыемства "Белаэранавігацыя" і арганізацый, якія ўдзельнічалі ў будаўніцтве новай паласы.

Адкрыццё другой узлётна-пасадачнай паласы Аляксандр Лукашэнка назваў неардынарнай падзеяй. "Многія спецыялісты мяне пераконвалі, што гэта нам не пад сілу, мы гэта не зробім, ніколі не будавалі гэтых палос і трэба мець справу з фірмамі сусветнага ўзроўню. Мы ўжо амаль дамовіліся, але, калі мне прынеслі на подпіс дакумент і там значылася лічба за $600 млн, я сказаў, што тады не трэба нам гэта паласа", - нагадаў перадгісторыю будаўніцтва Прэзідэнт.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, у хуткім часе ён усё ж такі вырашыў, што новая ўзлётна-пасадачная паласа неабходна, паколькі аэрапорт - гэта твар краіны. Аднак было вырашана, што будаўніцтвам зоймуцца беларускія спецыялісты.

З магчымасцямі новай узлётна-пасадачнай паласы Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся яшчэ ў канцы красавіка. Менавіта па ёй самалёт Кіраўніка дзяржавы ўзлятаў у напрамку Кітая. На паласу борт нумар адзін садзіўся і пасля вяртання ў Мінск. "Я спытаў свайго пілота, ён кажа: "Я бачыў такую паласу толькі ў Арабскіх Эміратах". Значыць, можам. І пабудавалі мы яе не за $600 млн, а прыкладна ў тры разы танней. Гэта наша найвялікшае дасягненне. Гэта сведчыць аб тым, што мы можам усё, толькі трэба настроіцца на тое, каб гэта зрабіць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы ўспомніў 1990-я гады, калі ў краіне пачыналася павальная прыватызацыя. Многія замежныя інвестары хацелі выкупіць усе аэрапорты краіны. "У іх вока гарэла на гэты аэрапорт. Я адмовіўся ад прыватызацыі ўсіх аэрапортаў, у тым ліку гэтага, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Асноўныя вароты краіны павінны належаць дзяржаве".

На думку Прэзідэнта, калі б ў тыя гады Нацыянальны аэрапорт Мінск быў прыватызаваны, то наўрад ці ён развіваўся б такімі тэмпамі.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў будаўнікам за ўзвядзенне новай паласы і парэкамендаваў ім рыхтавацца да яшчэ больш складаных подзвігаў. "Беларусы павінны ў сябе ў доме рабіць усё сваімі рукамі. Мы гэта ўмеем", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт дадаў, што на адкрыцці новай узлётна-пасадачнай паласы развіццё аэрапорта не скончыцца. "Трэба мадэрнізаваць і далей дабудоўваць для людзей. Нам трэба комплекс гэты да розуму даводзіць. Якую-небудзь фішку нам трэба дабавіць тут. Усё быццам зручна, добра, але няма фішкі, як у іншых дзяржавах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У гонар адкрыцця другой узлётна-пасадачнай паласы ад работнікаў аэрапорта Кіраўніку дзяржавы паднеслі макет самалёта Boeing 767 300ER - борта нумар адзін.

Прэзідэнт паразмаўляў з працоўнымі калектывамі, падзякаваўшы ім за ўклад у будаўніцтва новай паласы. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ўмовамі іх работы, памерамі заработнай платы. Ён адзначыў, што з павелічэннем пасажырапатоку будзе і расці зарплата ў работнікаў аэрапорта. "Але галоўнае, каб было стабільна. Як толькі будзе нестабільна - да нас ніхто не прыедзе. Вось гэта трэба помніць", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

"Дзякуй вам за тое, што вы зрабілі. Здавалася б, немагчымае, з пункту гледжання нашага Урада. Малайцы, не падвялі!" - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб выніках будаўніцтва другой штучнай узлётна-пасадачнай паласы, перспектывах развіцця аэрапорта і прылеглай тэрыторыі, транспартных зносін са сталіцай і бліжэйшымі гарадамі.

Паводле слоў Міністра транспарту і камунікацый Аляксея Аўраменкі, у гэтым годзе дзве паласы будуць выкарыстоўваць адначасова, а да канца 2020-га пачнуць рамонт старога палатна. "Фактычна ў нас будуць дзве раўнацэнныя паласы, якія будуць прымаць любыя самалёты", - адзначыў ён. Рэканструкцыя ацэньваецца ў памеры $90 млн. Плануецца, што зойме яна два-тры гады.

Аляксандр Лукашэнка даручыў не зацягваць з рамонтам старой паласы. "Жалезныя два патрабаванні: без усялякіх празмернасцей, па мінімуму аднавіць гэту паласу, асучасніць, калі трэба, і ў выключна сціслыя тэрміны. Можа, і не два гады, - сказаў Прэзідэнт. - Паездзіце па свеце, вывучыце перадавы вопыт і паглядзіце, як яе шліфануць і які слой бетону трэба пакласці".

Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў арганізаваць зручныя чыгуначныя зносіны паміж Мінскам, індустрыяльным паркам "Вялікі камень" і аэрапортам. Гэтыя пытанні ён даручыў узяць на асаблівы кантроль. "Трэба паглядзець, каб гэта было разумна. Чыгунку трэба будаваць хутка, каб людзям было зручна пад'ехаць", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.