Адкрыццё беларуска-егіпецкага дзелавога форуму

  • 37

Перад Беларуссю і Егіптам адкрываюцца новыя гарызонты супрацоўніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на адкрыцці беларуска-егіпецкага дзелавога форуму.

"Перад Беларуссю і Егіптам адкрываюцца новыя гарызонты супрацоўніцтва. Вам даволі добра вядомы трактары "Беларус". Цяпер яшчэ адно наша вялікае прадпрыемства - Мінскі аўтамабільны завод - пачынае асвойваць егіпецкі рынак, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Важна, што мы не толькі прадаём беларускую тэхніку, але і гатовы прыходзіць сюды са сваімі тэхналогіямі і спецыялістамі, ствараць тут узорна-паказальныя прадпрыемствы, паказваць, як мы можам працаваць, і вучыць егіпецкіх людзей вырабляць гэту прадукцыю".

На думку Кіраўніка дзяржавы, у Егіпце можна арганізаваць новыя сумесныя зборачныя прадпрыемствы, у прыватнасці па выпуску кар'ернай, дарожна-будаўнічай і камунальнай тэхнікі.

"Сёння ў свеце праяўляецца вялікі інтарэс да выкарыстання беларускіх тэхналогій геолагаразведкі, бурэння глыбакаводных свідравін, ачысткі сцёкавых вод. Нашы спецыялісты гатовы падзяліцца з егіпецкімі партнёрамі набытымі ведамі і практычным вопытам, - сказаў Прэзідэнт. - У аграпрамысловай сферы мы можам сумесна рэалізоўваць праекты аж да стварэння дэманстрацыйных гаспадарак і перапрацоўчых прадпрыемстваў".

Прэзідэнт заклікаў прадстаўнікоў бізнесу абедзвюх краін актыўней выкарыстоўваць у наладжванні двухбаковых сувязей магчымасці беларуска-егіпецкай гандлёвай камісіі, рабочай групы па развіцці супрацоўніцтва ў сферы прамысловасці. "Уносьце свае аргументаваныя прапановы і будзьце ўпэўнены ў падтрымцы на самым высокім узроўні. З боку майго калегі і сябра Прэзідэнта Егіпта Абдэль Фатаха аль-Сісі вы сустрэнеце аналагічны падыход", - выказаў упэўненасць беларускі лідар.

"На працягу першага квартала бягучага года павінна быць падрыхтавана дарожная карта нашага супрацоўніцтва. Трэба за тры месяцы сфарміраваць гэты план дзеянняў і прывязаць яго да зямлі. Мы там дакладна павінны прапісаць, якія вытворчасці і сумесныя прадпрыемствы трэба стварыць на тэрыторыі Егіпта", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што менавіта такую прапанову агучыў егіпецкі бок, і Беларусь падтрымала яе. "Ад нас хуткасць руху да зададзенай мэты залежаць не будзе. Мы будзем рухацца настолькі хутка, наколькі захоча гэтага Егіпет, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Я папрасіў бы членаў урада і кіраўнікоў нашых буйнейшых прадпрыемстваў заўсёды аб гэтым помніць. Мы заўсёды былі людзьмі абавязковымі, і за гэта нас у свеце цанілі і цэняць".

Выступаючы на адкрыцці форуму, Аляксандр Лукашэнка расказаў егіпцянам аб канкурэнтных перавагах Беларусі.

"Эканамічны патэнцыял нашай дзяржавы грунтуецца на машынабудаванні, металаапрацоўцы, хімічнай і нафтахімічнай, лёгкай, харчовай, лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, фармацэўтыцы і мікрабіялогіі. Я сёння расказваў Прэзідэнту, што ў нас ёсць тэхналогіі, заснаваныя на глыбокіх навуковых даследаваннях. І гэта зацікавіла яго. Ён адразу ж прапанаваў, каб нашы вучоныя сустрэліся ў Беларусі. Прэзідэнт паставіў задачу падвесці пад наша супрацоўніцтва глыбокую навуку і тэхналогіі. І гэта правільна", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь спецыялізуецца на выпуску грузавых аўтамабіляў, аўтобусаў і спецтэхнікі і з'яўляецца буйным вытворцам сельскагаспадарчых машын. У краіне выпускаецца 30 працэнтаў вырабляемых у свеце цяжкіх кар'ерных самазвалаў (БелАЗ) і 17 працэнтаў камбайнаў. Мінскі трактарны завод уваходзіць у васьмёрку буйнейшых сусветных вытворцаў колавых трактароў. "Беларусь вырабляе хімічныя валокны, паліва, калійныя, азотныя і комплексныя ўгнаенні, якія карыстаюцца павышаным попытам за межамі краіны. Сярод еўрапейскіх дзяржаў Беларусь займае лідзіруючыя пазіцыі ў галіне высокіх тэхналогій. Упэўнены, што многія з вас ужо выкарыстоўваюць праграмнае забеспячэнне нашых распрацоўшчыкаў. Такое, напрыклад, як дадатак Viber", - заўважыў Прэзідэнт.

Аграпрамысловы комплекс, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, таксама з'яўляецца адным з важнейшых сегментаў беларускай эканомікі. На сусветным рынку Беларусь прызнана адным з буйнейшых пастаўшчыкоў малочнай прадукцыі.

"Важна і тое, што ў Беларусі створаны спрыяльныя ўмовы для вядзення бізнесу: гарантавана абарона прыватнай уласнасці і інвестыцый, забяспечана права на рэпатрыяцыю прыбытку. Нацыянальным агенцтвам інвестыцый і прыватызацыі сумесна з Сусветным банкам укараняюцца сучасныя падыходы да прыватызацыі, адкрытыя і зразумелыя замежным кампаніям. Мы садзейнічаем рэалізацыі любых узаемавыгадных праектаў", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Перад адкрыццём форуму Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах аль-Сісі наведалі выстаўку беларускай тэхнікі. Калі лідары краіны аглядалі выставачныя ўзоры грузавікоў Мінскага аўтамабільнага завода, прагучала прапанова перадаць егіпецкаму боку неабходныя чарцяжы для вытворчасці, у прыватнасці, дадатковага навяснога абсталявання на аўтатэхніку.

"Мы перадаём вам на першым этапе тэхналогіі вытворчасці гэтых надбудоў, а ніжнюю частку і кабіну будзем пакуль рыхтаваць у Мінску, паступова замяшчаючы вытворчасць і пераносячы яе ў Егіпет, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - Так паступова будзем перадаваць тэхналогіі. І гэта па ўсіх напрамках, не толькі па аўтамабільнай тэхніцы".

Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу на шырокі спектр выкарыстання тэхнікі МАЗ і МТЗ, а таксама яе нізкі кошт у параўнанні з заходнімі аналагамі.

Пасля заканчэння беларуска-егіпецкага дзелавога форуму Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Арабскай Рэспублікі Егіпет Алі Абдэль Алем Саедам.