42-і з’езд Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі

  • 17
  • 1:06

Дзяржава зробіць усё для рэалізацыі канкрэтных мер, накіраваных на паляпшэнне становішча моладзі ў краіне. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на 42-м з'ездзе грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць таго, што моладзь адкрыта ў шырокім складзе намячае стратэгію дзеянняў БРСМ, ацэньвае работу кіраўніцтва арганізацыі і актыву.

"Нашы з вамі рэгулярныя стасункі - гэта добры прыклад таго, як павінны будавацца адносіны дзяржавы і грамадскіх арганізайцый, - адзначыў Прэзідэнт. - Гэта рэальная магчымасць выказаць сваю пазіцыю па актуальных пытаннях жыцця, данесці ад імя моладзі прапановы і быць пачутымі. А для дзяржавы - гэта добрая пляцоўка, каб разумець, чым жыве моладзь, і знаходзіць найлепшыя формы ўзаемадзеяння на карысць нашай Радзімы".

Аляксадр Лукашэнка падкрэсліў, што яму цікава пачуць, як мысліць моладзь, што лічыць важным і карысным для краіны. "І калі ў нас дыялог, то важна, каб і вы мяне не толькі паслухалі, але і пачулі, аб'ектыўна ацанілі ўсё тое, што робіцца ў нашай маладой суверэннай дзяржаве для вас, для паспяховага сучаснага і ўпэўненай будучыні", - сказаў Прэзідэнт.

Ён таксама падкрэсліў, што сёння ва ўсім свеце, а Беларусь не з'яўляецца выключэннем, запатрабаваны моцныя, самастойныя, мэтанакіраваныя людзі. Яны патрэбны ўсюды - на вытворчасці і ў палітыцы, у бізнесе і ў навуцы, у адукацыі і дзяржкіраванні. Гэта рухавік прагрэсу, ад энергіі і моцы якога залежыць дынаміка развіцця грамадства.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Беларусь - адна з нямногіх дзяржаў, дзе маладзёжнаму руху ўдзяляецца асаблівая ўвага. Як Кіраўнік дзяржавы я стаўлю ў шэраг першарадных стратэгічных задач фарміраванне такога маладога пакалення, якое складала б ядро нашай працавітай, адукаванай і здаровай нацыі".

"Дзяржава ніколі не пакіне маладых людзей сам-насам са сваімі праблемамі, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Мы гатовы выбудоўваць нашы адносіны з моладдзю на поўным узаемным даверы. Дзяржава зробіць усё для рэалізацыі канкрэтных мер, накіраваных на паляпшэнне становішча моладзі ў краіне".

На думку Прэзідэнта, адказнасць, самастойнасць, ініцыятыва павінны стаць галоўнымі рысамі пакалення моладзі, а разам з ім - і ўсёй краіны. У сваю чаргу дзяржава, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, не здымае з сябе задачы стварэння неабходных умоў для самарэалізацыі і адукацыі моладзі. "Дзяржава па-ранейшаму будзе стаяць на яе абароне, дапамагаць у адаптацыі да сучасных умоў, каб мы ўсе разам змаглі пайсці далей, да больш высокай якасці жыцця", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі беражліва і настойліва выбудоўваецца сістэма ўзаемадзеяння дзяржавы і моладзі. "Цяпер адносіны ўлады да моладзі нагадваюць час, калі дзеці выходзяць з-пад бацькоўскага крыла. Кожны з бацькоў, я ў гэтым упэўнены, жадае, каб яго сын ці дачка дабіліся ў жыцці поспеху, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Не важна, у якой сферы і на якой пасадзе, галоўнае - адбыцца як прафесіянал і як чалавек. Тое ж самае і ў краіне. Ёй аднолькава неабходны інжынеры і ўрачы, рабочыя і бізнесмены, аграномы і механізатары, ваенныя і артысты. Дрэнны для Беларусі той, хто нічога не робіць або робіць у абход закону".

Прэзідэнт сказаў, што засмуціць нядобразычліўцаў: "Не спадзявайцеся - развіццё нашага падрастаючага пакалення мы ні ў якім выпадку не пусцім на самацёк, не зробім яго беспрытульным. Мы бачым на прыкладзе іншых дзяржаў, што можа адбыцца, калі не займацца развіццём і вольным часам моладзі".

"Ва ўмовах, калі супраць суверэнных дзяржаў пачынаюць выкарыстоўвацца розныя паліттэхналогіі з апорай на раздзіманне пратэстнага руху, агрэсіўнага нацыяналізму, мы бачым рэальнымі партнёрамі дзяржавы ў захаванні яе стабільнасці менавіта маладзёжныя групы патрыятычнай накіраванасці, якія не прымаюць дэструктыўныя паводзіны", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Як лічыць Аляксандр Лукашэнка, Беларусь, перш за ўсё вуснамі маладога пакалення, павінна дакладна і зразумела сказаць усім замежным тэатралам ад палітыкі: "Ваша драматургія на вуліцах і плошчах гарадоў свету - штучна створаны і запушчаны сцэнарый. У Беларусі ў гэтым пераканаліся. Мэта нашых нядобразычліўцаў - зрабіць моладзь той разбуральнай сляпой сілай, якая дапаможа прарвацца да ўлады замежным стаўленікам і пажывіцца за кошт будучых пакаленняў, за кошт абрабавання краіны. Гэтыя выклікі і пагрозы трэба не проста бачыць, але і рашуча ім процістаяць".

Кіраўнік дзяржавы ў сваім выступленні закрануў тэмы адукацыі і кадравай палітыкі. "Сённяшні тэхналагічны ўклад робіць свет даступным і ў пэўным сэнсе аднолькавым. Выраўноўваюцца магчымасці атрымання адукацыі і арганізацыі вытворчасці, укаранення найноўшых спосабаў лячэння і доступаў інфармацыі, правядзення даследаванняў і арганізацыі гандлю, - сказаў Прэзідэнт. - Таму, каб дабіцца камерцыйнага поспеху, навуковага прызнання, нарэшце, проста сямейнага дабрабыту, няма неабходнасці ехаць за акіян. Для гэтага не трэба нават пераязджаць з глыбінкі ў сталіцу. Усюды патрабуецца максімальнае ўкладанне ўласнай працы і настойлівасць у дасягненні мэты. Важна, каб кожны з вас як мага раней зразумеў і прыняў гэту простую ісціну".

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ён ні ў якім разе не адгаворвае моладзь ад уласцівага юнацтву жадання пабачыць свет. "Паедзьце і паглядзіце, вучыцеся, калі гатовы, асвойвайце новае, пераймайце карыснае. Але наўрад ці вас чакаюць там з распасцёртымі абдымкамі. Там даўно прывыклі лічыць грошы і проста так нічога не робяць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Не цешце сябе, што там вы знойдзеце нешта асаблівае, ісціну ў апошняй інстанцыі, - сказаў Прэзідэнт. - Сёння няма сусветных цэнтраў, дзе акумуляваліся б веды. Веды рассеяны паўсюль і ствараюцца кожнае імгненне адначасова ў розных кропках зямнога шара, у тым ліку ў навуковых цэнтрах і ўніверсітэтах Беларусі. З-за гэтага змяняецца ўся ранейшая сістэма адукацыі, асабліва вышэйшай. Той, хто хоча застацца першым у сваёй сферы, у прафесіі, не перастае вучыцца ўсё жыццё".

Прэзідэнт канстатаваў, што змяняецца і роля дзяржавы ў сістэме адукацыі. "Мы павінны прадаставіць і забяспечыць кожнаму маладому чалавеку якасную базавую адукацыю, а таксама выхаванне - тое, што стане фундаментам яго асобаснай сталасці. Далей - персанальны выбар і індывідуальны шлях развіцця, шлях да вашага дабрабыту і шчасця. Ужо сёння наймальнік глядзіць не толькі на дыплом, але і на дадатковыя веды і вопыт, якія выпускнік набыў, працуючы над сабой: курсы, трэнінгі, школы, стажыроўка, навуковыя даследаванні, самастойная работа", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Здавалася б, да такой сістэмы адукацыі маладое пакаленне гатова лепш, чым папярэдняе. У той жа час маладыя людзі ва ўзросце да 30 гадоў складаюць трэцюю частку беспрацоўных, зарэгістраваных у органах службы занятасці, а гэта больш за 55 тыс. чалавек. "У чым прычына - у недахопе ведаў або ў завышаных патрабаваннях кіраўнікоў?" - задаў пытанне Кіраўнік дзяржавы. Ён думае, што ў неапраўданых запатрабаваннях саіскальнаў. Работы ў краіне хапае, вось толькі "зялёныя" выпускнікі ВНУ хочуць усё і адразу. Не хочуць працаваць на нізавых пасадах, лічаць, што ім належыць максімальна магчымая зарплата. Напрыклад, малады юрыст не хоча разумець, якія страты можа панесці кампанія, калі складаць шматмільённы кантракт будзе ён, а не яго больш вопытны калега. Юны інжынер хоча адразу атрымліваць зарплату генеральнага дырэктара, але не задумваецца, колькі таму давялося пераадолець цяжкіх прыступак на шляху да кіраўніцтва прадпрыемствам.

"Нічога нікому не даецца адразу, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Нельга выехаць на шырокую дарогу, не пераадолеўшы старту, не разагнаўшы аўтамабіль, недзе нават не забуксаваўшы. Скажу прама: адукацыя - гэта, калі хочаце, усяго толькі вадзіцельскае пасведчанне, а здольнасць стаць лепшым спецыялістам, ісці ўверх па кар'ернай лесвіцы, да матэрыяльнага дабрабыту - гэта прафесіяналізм вадзіцеля, які выпрацоўваецца гадамі".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адна з важных задач БРСМ - знаходзіць і выхоўваць такіх лідараў, якія змогуць павесці беларускую моладзь да важных для ўсяго грамадства і дзяржавы спраў. Кампетэнтнасць, ініцыятыўнасць, самастойнасць і, галоўнае, сацыяльная адказнасць за будучае краіны - менавіта гэтыя якасці трэба фарміраваць у маладых грамадзян.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, ключавое значэнне ў гэтым працэсе належыць настаўнікам, куратарскай дзейнасці, да якой павінны прыцягвацца лепшыя вучоныя і практыкі. Аднак у Беларусі гэты інстытут незаслужана забыты органамі дзяржкіравання і арганізацыямі, хоць менавіта настаўніцтва з'яўляецца ўнікальным метадам аказання падтрымкі ў працэсе вучобы і службовага росту работніка. Настаўніцтва ў большай ступені паскарае прафесійнае станаўленне маладых работнікаў, садзейнічае іх прафесійнай адаптацыі, фарміруе з'яднаны калектыў.

"Нездавальняючы ўзровень кадравага забеспячэння дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі з'яўляецца даволі сур'ёзнай праблемай. У нас дагэтуль няма выразнай сістэмы каардынацыі маладзёжнай палітыкі з іншымі сферамі дзяржаўнай дзейнасці, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Нягледзячы на шматлікія праграмы, асобныя рэзервісты з перспектыўнага кадравага рэзерву не атрымліваюць рэальнага росту па дзяржаўнай службе". Напрыклад, дзяржслужачыя ў Беларусі ва ўзросце да 29 гадоў у 2013 годзе складалі менш як 16 працэнтаў. У заканадаўчых органах працуюць толькі 3 працэнты маладых спецыялістаў, а ў мясцовых органах выканаўчай улады - крыху больш за 11 працэнтаў.

Прэзідэнт заявіў, што стаўка на амаладжэнне кадраў - гэта не проста словы, а сучасная палітыка, якая павінна ахапіць усе сферы дзейнасці.

Асаблівую ўвагу Кіраўнік дзяржавы ўдзяліў тэме развіцця студатрадаўскага руху: "Ужо не першы раз мы з вамі ўзнімаем тэму студатрадаў, і маю пазіцыю ў гэтым пытанні вы ведаеце. Я заўсёды буду падтрымліваць гэты напрамак, таму што студатрады - гэта не толькі добрая школа для моладзі, але і сур'ёзны кадравы рэзерв".
Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час была пастаўлена задача аднавіць студатрадаўскі рух, і сумесна ўдалося гэта зрабіць.

"Зразумела, што прымаць студатрады ў рэгіёне - справа клапатлівая, магчыма, лішні галаўны боль і турбота для мясцовых улад, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Трэба аддаць належнае БРСМ, і губернатарам, і работадаўцам за тое, што дапамагаюць моладзі, прадастаўляюць магчымасць зарабіць, павышаюць прэстыж рабочых прафесій".

На думку Кіраўніка дзяржавы, у студатрадах фарміруюцца будучыя кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый. Студатрады павінны працаваць у кожным раёне Беларусі. І для студатрадаў БРСМ наймальнікі, кіраўнікі рэгіёнаў павінны ствараць неабходныя ўмовы. Прыклад для пераймання ёсць - работа атрадаў на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Прэзідэнт падтрымаў прапанову моладзі, каб у гэтым годзе ў кожным рэгіёне сфарміраваць студатрадаўскі рух і стварыць хаця б адзін студэнцкі атрад.

Аляксандр Лукашэнка лічыць відавочнай вядучую ролю БРСМ у стварэнні беларускай інфармацыйнай прасторы. "Неабходна і далей працаваць у віртуальнай прасторы для развіцця маладзёжнага руху ў рэспубліцы, фарміравання грамадзянскай і патрыятычнай пазіцыі юных грамадзян", - сказаў Прэзідэнт.

Як лічыць Кіраўнік дзяржавы, у многім такія рысы сучаснай моладзі ўсяго свету, як адкрытасць, камунікабельнасць, аператыўнасць, задае глабальная камп'ютарная сетка. Жыццё многіх маладых людзей праходзіць у сетцы інтэрнэт. Можна гаварыць аб існаванні асаблівай групы моладзі, якая светапоглядна фарміруецца ў інтэрнэце і пры дапамозе яго.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем адзначыў, што колькасць інфармацыі не заўсёды пераходзіць у якасць. На яго думку, сусветная павуціна ператварылася ў арэну інфармацыйных войнаў, дзе вельмі складана, а часам немагчыма, адрозніць праўду ад хлусні, шчырае выказванне - ад правакацый. Назіраецца актыўная канкурэнцыя за меркаванне інтэрнэт-супольнасці, асабліва яе лідараў. У тым ліку маюць месца спробы падштурхнуць інтэрнэт-карыстальнікаў да дэструктыўных дзеянняў.

Звяртаючыся да моладзі, Прэзідэнт падкрэсліў: "Мне хацелася б, каб вы заўсёды маглі адшукаць ісціну ў бясконцай лавіне інфармацыі. Вучыцеся яе правяраць, не прымайце ўсё слепа на веру, думайце над тым, што чытаеце або бачыце ў сетцы. Вучыцеся процідзейнічаць маніпуляцыям, адрозніваць праўду ад няпраўды. Вы можаце дакладна арыентавацца ў патоках інфармацыі, але ў той жа час абавязаны не страціць духоўныя каштоўнасці, прынцыпы маралі нашага народа. Вы павінны заставацца грамадзянамі сваёй краіны. І не ўспрымайце інтэрнэт як прастору стасункаў. Гэта важная яго функцыя, але не галоўная. Яго асноўная каштоўнасць у тым, што ён стаў тэхналагічнай платформай для ўсіх сфер жыцця, перш за ўсё вытворчай. Гэта для нашай краіны прынцыпова".

Лакаматывам беларускай эканомікі ў бліжэйшыя гады павінны стаць інтэрнэт-, бія-, нанатэхналогіі і іншыя навукаёмістыя галіны, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, ад паспяховага развіцця гэтых галін будзе залежаць дабрабыт нашых грамадзян і аўтарытэт дзяржавы.

Ён адзначыў, што ўжо стала прывычным хваліць нашых праграмістаў, якія з зайздросным пастаянствам ствараюць інавацыйныя распрацоўкі, запатрабаваныя на міжнародным рынку. Літаральна за некалькі гадоў у Беларусі створана індустрыя праграмнага забеспячэння, узровень развіцця якой не ўступае вядучым краінам Еўропы і Азіі. Напрыклад, доля прадукцыі кампаній - рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій, якая ідзе на экспарт, набліжаецца да 90 працэнтаў. За гэтымі ўражальнымі лічбамі - талент і настойлівасць маладых распрацоўшчыкаў, якія поўныя ідэй і гатовы працаваць дзеля іх рэалізацыі.

Як упэўнены Прэзідэнт, будучае ў руках высакакласных спецыялістаў, неабыякавых да лёсу Беларусі. "Менавіта на вас разлічаны новыя высокатэхналагічныя рабочыя месцы, якія мы ствараем з удзелам нашых замежных партнёраў на АЭС у Астраўцы, у індустрыяльным парку "Вялікі камень", на новым заводзе электрапаяздоў, іншых вытворчых аб'ектах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, энергетыкі. Ужо сёння ў рэгіён можна ісці за работай, знаходзіць справу даспадобы і з высокім заработкам у сваёй краіне", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што падтрымка маладых сем'яў заўсёды была і застаецца адным з прыярытэтаў палітыкі Беларусі.

"Трэба сумленна прызнаць, што ў нечым з гэтымі прыярытэтамі мы нават перагнулі палку, імкнучыся, можа, залішне, папярэдзіць, падстрахаваць або засцерагчы ад цяжкасцей маладога чалавека, які ўступае ў дарослае і самастойнае жыццё. А жыццё не падманеш. Калі не прывучыць сябе да пераадолення меншых цяжкасцей, з вялікімі ніколі не справішся", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў рэгіёнах будзе нарошчвацца будаўніцтва жылля, а ў Мінску скарачацца. "Менавіта з наяўнасцю жылля сямейная моладзь часта звязвае рашэнне мець дзяцей. Нехта з асуджэннем скажа, што гэта вельмі прагматычна. Я адкажу: так, прагматычна. Але і патрыятычна таксама, паколькі гэта залог таго, што дзеці будуць абаронены ад бытавой неўладкаванасці, забяспечаны ўмовамі для нармальнага росту і развіцця", - лічыць Прэзідэнт.

"Згодна з сацыялагічнымі апытаннямі, дзеля будучага сваёй сям'і і дзяцей моладзь гатова да ўнутранай міграцыі. Гэта вельмі добры знак, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Прыход у Беларусь новых тэхналогій прымушае ацаніць тыя перавагі, якія з'яўляюцца ў маладых людзей у рэгіёнах пры наяўнасці там дастойнай і цікавай работы. Здаровая экалогія, крокавая даступнасць работы і сацыяльных аб'ектаў. А самае галоўнае - магчымасць хутчэй вырашыць жыллёвае пытанне".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цэлым у маладога пакалення ўзважанае і сур'ёзнае стаўленне да нараджэння і выхавання дзяцей. Паводле яго слоў, менавіта для гэтай сацыяльна адказнай большасці прызначана новая праграма дзяржаўнай падтрымкі "Вялікая сям'я", якую запусцілі з пачатку 2015 года.

"З дабрабыту сем'яў складваецца дабрабыт нацыі. Толькі такая формула здольна забяспечыць нам працвітанне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу на адну з важнейшых задач моладзі – гатоўнасць да абароны сваёй Радзімы.

“Гэта не пафасная фраза, а патрабаванне жыцця. На жаль, ХХІ стагоддзе так і не прынесла чалавецтву збавення ад кашмараў вайны. Сёння ні адна дзяржава не адчувае сябе абароненай ад спроб умяшання ў яе ўнутраныя справы і ад тэрарызму”, - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. - Тое, што адбываецца ў свеце і ўжо ў непасрэднай блізкасці ад нашых граніц, практычна ля парога нашага дома, прымушае ўспомніць урокі гісторыі і запаветы пакалення пераможцаў аб неабходнасці як зрэнку вока берагчы Айчыну, ахоўваць свет і спакой на роднай зямлі".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што маладзёжныя праекты, у тым ліку па захаванні памяці аб подзвігу ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, сёння як ніколі важныя. "Страціўшы гэту Вялікую Перамогу, страціўшы тое, што мы не павінны страціць, - страцім будучыню. Таму вашы дзеянні, звернутыя ў сярэдзіну мінулага стагоддзя, як ніколі важныя і актуальныя для нашага грамадства сёння. Таму яны атрымліваюць падтрымку ўлад і будуць атрымліваць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў зале прысутнічаюць маладыя людзі ў пагонах. "Яны выбралі адну з самых небяспечных і самых патрэбных прафесій, без якой не можа быць нармальнага жыцця, нармальных умоў для працы і развіцця ні ў адной дзяржаве. І гэта таксама праяўленне патрыятызму - рыхтаваць сябе да барацьбы за сваю зямлю, за сваіх дзяцей, за свае сем'і", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

"Дзяржава заўсёды будзе рабіць усё, каб абаронца Радзімы быў сапраўднай гордасцю народа. Але і кожны з нас незалежна ад роду сваёй дзейнасці абавязаны ўнесці ўклад ва ўмацаванне дзяржавы і прымнажэнне яе нацыянальных багаццяў. Тады народ Беларусі можа быць упэўнены ў сваёй здольнасці абараніць суверэнітэт і незалежнасць краіны", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка закрануў таксама пытанні культуры і здароўя.

На думку Прэзідэнта, у эпоху глабалізацыі нацыянальныя культуры не страчваюць актуальнасці. "Ёсць шырока распаўсюджанае меркаванне: у сучасным свеце няма месца нацыянальным культурам, а ім на змену прыходзіць адна - глабальная. Думаю, што гэта не так. У кожнага народа ёсць уласная сістэма каардынат, вектар развіцця, зададзены яго гістарычным вопытам і нацыянальнай культурай. Праз іх прызму мы ўспрымаем свет. Ці ўключаемся мы ў эканамічныя альянсы, ці пераймаем тэхналогіі, ці далучаемся да сусветнай культуры, мы ўсё роўна ўсё прапускаем праз сябе. І гэта дае магчымасць нам перажыць, засвоіць, калі хочаце, глабалізацыю, узяць ад яе толькі тое, што нас умацоўвае", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Культура - вось што робіць беларуса беларусам, а не проста "тутэйшым", у якой бы кропцы зямнога шара ён ні знаходзіўся. Не толькі наша багацейшая спадчына: літаратура, музыка, архітэктура - але і мова, якую мы павінны ведаць, гісторыя, якую мы павінны помніць, і каштоўнасці, якія мы павінны шанаваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Прэзідэнта, інтэграцыйныя працэсы, сустрэчы з людзьмі іншых традыцый, іншага сацыяльнага вопыту пабуджаюць больш уважліва ўглядацца ў саміх сябе. Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым успомніў чэмпіянат свету па хакеі, які ў маі мінулага года ўпершыню прайшоў у Беларусі. "Мы паўсталі перад гасцямі як самабытнейшы еўрапейскі народ. Нашы адкрытасць і дружалюбнасць, спакой і гасціннасць прымусілі не толькі здзіўляцца прыезджых, але і ў нас саміх выклікалі гордасць і самапавагу. І ў гэтым вялікая заслуга вас - моладзі, тых дзяўчат і хлопцаў, якія запісаліся ў валанцёры і зрабілі ўсё, каб госці даведаліся пра Беларусь і яе жыхароў з найлепшага боку", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, падзякаваўшы за гэта моладзі.

"І кадры, і студатрады, і праекты, і тэхналогіі, і пасады, і званні, аб якіх мы толькі што разважалі, - усё гэта будзе, калі ў нас будзе здаровая ва ўсіх сэнсах гэтага паняцця моладзь. Здаровая моладзь - гэта аснова дабрабыту грамадства не толькі сёння, але перш за ўсё заўтра, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Чалавек тады будзе паспяховым, калі ён будзе весці ў поўным сэнсе гэтага слова здаровы лад жыцця".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на розныя шкодныя прывычкі і пагрозы здароўю моладзі. "Кожны дзень медыкі вяртаюць да жыцця маладых, юных грамадзян, якія атруціліся так званымі спайсамі і іншай заразай. І гэта самае страшнае, што адбываецца ў маладзёжным асяроддзі. Страшней няма куды, калі мы з-за дурасці імкліва страчваем маладое жыццё. Гэта на самай справе падстава прызадумацца аб нашым будучым. І вырашыць гэту праблему трэба ўсім светам праз актыўны лад жыцця, праз спорт. Любымі лёсамі гэту праблему трэба вырашыць!" - падкрэсліў Прэзідэнт.

На думку Кіраўніка дзяржавы, трэба выкарыстоўваць усе магчымасці, каб вывесці падлеткаў і моладзь з вуліц і загрузіць іх карыснымі справамі, каб не было свабоднай хвіліны думаць пра гэту атруту. "А галоўная ж задача БРСМ менавіта ў гэтым. І работа саюза будзе мець сэнс толькі тады, калі арганізацыя пачне вырашаць праблемы моладзі сіламі самой моладзі. У гэтым заключаецца яе прызванне і асноўнае прызначэнне", - адзначыў Прэзідэнт.

"Мы жывём у новы час, у канкурэнтным асяроддзі, на фоне ўзрастаючага патоку інфармацыі, выклікаў як унутры нашага грамадства, так і звонку. Калі збоку навязваецца незразумелы лад жыцця, культывуецца і пазіцыянуецца зло, насілле, разбурэнне", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, адзначыўшы, што ў сувязі з гэтым пагрозы здароўю моладзі выклікаюць сур'ёзную трывогу.

Аляксандр Лукашэнка падтрымаў агучаныя ініцыятвы моладзі, даручыўшы Адміністрацыі Прэзідэнта выбудаваць план мерапрыемстваў на аснове прапаноў 42-га з'езда БРСМ.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што БРСМ стаў "арганізацыяй, якая не проста парадна шуміць, бурна дэманструючы, што яна ёсць". "Вы адчуваеце сваю адказнасць. Уносячы прапановы, адчуваецца, што вы іх выпакутавалі. Гэта сведчыць аб вашай сталасці", - прадоўжыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка выказаў пажаданне, каб 2015 год, аб’яўлены ў Беларусі па ініцыятыве БРСМ Годам моладзі, прайшоў прымента.

"Унясіце свае канкрэтныя прапановы, рэалізуйце шмат мерапрыемстваў, карысных для нашага грамадства, каб гэты год запомніўся многім пакаленням", - дадаў Краўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што юнацтва і маладосць у грамадстве заўсёды ўспрымаліся і ўспрымаюцца як час паўнаты жаданняў і мноства магчымасцей. "Сёння ваш лепшы час. Увасабляйце свае мары, укладвайцеся ў тое, што вы робіце. Усе свае сілы ўкладвайце ў гэту справу - душу, энергію і волю", - заклікаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ўручыў Пераходны сцяг, заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, студэнцкаму будаўнічаму атраду "Дзвіна" імя Героя Савецкага Саюза В.І.Яронькі, які прызнаны лепшым па выніках 2014 года.