Выступленне на цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі з нагоды 72-й гадавіны Вялікай Перамогі

  • 16
Дарагія ветэраны!

Паважаныя суайчыннікі і замежныя госці!

У нашай гісторыі нямала лёсавызначальных дат. Але 9 мая 1945 года асаблівы дзень - Дзень Вялікай Перамогі. Яна заваявана савецкім народам у самай страшнай вайне, бязлітаснай вайне з фашызмам.

Свет быў выратаваны ад карычневай чумы велізарнай цаной. За гады вайны Беларусь страціла трэць свайго насельніцтва. У адным толькі лагеры смерці "Трасцянец" пад Мінскам фашысты знішчылі звыш двухсот тысяч чалавек. А колькі людзей загінула ў спаленых карнікамі вёсках і разбураных гарадах?!

Нашай краіне быў нанесены незаменны матэрыяльны ўрон: знішчаны тысячы прадпрыемстваў, школ, музеяў, бібліятэк, храмаў. Мы страцілі больш за палову свайго нацыянальнага здабытку.

Злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў з памяці людзей не выкрасліць. Гэта павінны ведаць у тым ліку і тыя, хто сёння робіць спробы перапісаць гісторыю, адабраць у нашага народа Вялікую Перамогу. Дапусціць гэтага мы не можам. І ніколі не перастанем схіляцца перад мужнасцю сваіх землякоў, якія прайшлі праз страшэнны агонь вайны. Яны не сталі на калені перад захопнікамі. Супраць прыгнятальнікаў падняліся і стары і малы. Сотні тысяч партызан і падпольшчыкаў грамілі ворага на кожным кавалачку беларускай зямлі. Такое моцнае супраціўленне акупантам стала рэальным укладам у разгром фашызму і вызваленне Беларусі.

З першых дзён вайны сыны і дочкі Беларусі гераічна змагаліся на франтах. Славутыя старонкі ў ваенны летапіс упісалі байцы пагранічных застаў, бессмяротны гарнізон Брэсцкай крэпасці, абаронцы Магілёва, падпольшчыкі Мінска, Оршы, іншых гарадоў, удзельнікі легендарнай аперацыі "Баграціён" і іншых важнейшых бітваў Вялікай Айчыннай. Тут, у самым сэрцы горада-героя Мінска, на плошчы Перамогі знаходзяцца капсулы з зямлёй гарадоў-герояў: Масквы, Ленінграда, Смаленска, Тулы, Сталінграда, Кіева, Севастопаля, Керчы, Адэсы, Мурманска, Новарасійска. У кожным з іх пралівалі кроў нашы землякі. Мужнасць і адвагу яны праявілі ў бязлітасных баях за вызваленне Варшавы, Будапешта, Прагі, Бухарэста, Вены і Берліна.

Радзіма высока ацаніла ўклад беларусаў у агульную перамогу. Вышэйшай узнагароды - звання Героя Савецкага Саюза - удастоіліся больш як чатырыста сорак нашых землякоў, а ордэнаў і медалёў - звыш трохсот тысяч. Многія, на жаль, пасмяротна.

Вечная слава героям! Вечная памяць тым, хто аддаў жыццё за свабоду Айчыны! Давайце ж разам з вамі ў гэтыя ўрачыста-трагічныя хвіліны ўшануем іх памяць мінутай маўчання.

(Метраном адлічвае мінуту маўчання)

Паважаныя таварышы!

Нацысты ператварылі наш квітнеючы край у руіны. Каб адрадзіць Беларусь з попелу, спатрэбілася яшчэ адна цяжкая бітва. Цяпер ужо з разрухай і голадам. Самаадданасць, гераізм людзей, з'яднанасць і братэрская дапамога саюзных рэспублік зрабілі, здавалася б, немагчымае. За кароткі тэрмін мы аднавілі  заводы і фабрыкі, узвялі новыя, арганізаваны сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, пабудавалі школы, ВНУ, бібліятэкі, тэатры і музеі. Пакаленне пераможцаў стварыла магутны эканамічны і культурны патэнцыял. Гэта стала асновай далейшага развіцця нашай краіны.

Мы шчаслівыя, што нашы дарагія ветэраны вайны і працы сёння знаходзяцца сярод нас. Усё, што вы зрабілі для Радзімы, ніколі не будзе забыта. Вашы здзяйсненні назаўсёды занялі самае пачэснае месца ў айчыннай гісторыі. На вашым прыкладзе вучацца і будуць вучыцца ўсе пакаленні беларусаў. Паколькі не можа быць нічога больш дастойнага, чым ахвярны подзвіг у імя свабоды і незалежнасці.

З цягам часу мы разумеем гэта ўсё вастрэй. Асабліва сёння, калі вас, дарагія ветэраны, становіцца ўсё менш і менш і калі ўзрастае міжнародная напружанасць, адраджаюцца ідэі сусветнага панавання. У розных рэгіёнах планеты палаюць узброеныя канфлікты. Чалавецтва апынулася ля небяспечнай мяжы новай вялікай вайны.

Пагрозы зведвае і наша Беларусь. Каля нашых граніц накопліваюцца ваенныя арсеналы. Літаральна па суседстве - у былых савецкіх рэспубліках - размяшчаюцца ваенныя базы, праводзяцца баявыя вучэнні і манеўры. З дапамогай нашай унутранай "пятай калоны" робяцца спробы дэстабілізаваць абстаноўку ўнутры краіны.

Таму асаблівую значнасць набываюць пільнасць і забеспячэнне бяспекі дзяржавы. Як зрэнку вока неабходна берагчы мір і згоду ў нашым родным доме. Мы павінны быць такія ж адзіныя і цвёрдыя, як нашы бацькі, дзяды і прадзеды ў час суровых выпрабаванняў. Тады ніхто не асмеліцца праверыць нас на трываласць. Мы проста ў імя памяці тых соцень тысяч загінулых на франтах, той трэці насельніцтва нашай краіны, якую мы страцілі, павінны берагчы мір і спакой на нашай зямлі. Гэта будзе найвялікшы падарунак не толькі жывым ветэранам, але і - самае важнае - тым, хто аддаў жыццё за ўсё тое, чым мы сёння карыстаемся.

З нашай зямлі ніколі не ішла і не будзе ісці агрэсія. Мы даказалі ўсім, што Беларусь мірная і дружалюбная краіна. Але гэта не значыць, што яна не можа за сябе пастаяць. Так, чужога нам не трэба, але і свайго мы не аддадзім! Так навучылі нас нашы гераічныя продкі. І мы будзем верныя іх святому запавету.

Шчасця і міру вам, дарагія сябры, дарагія суайчыннікі і госці нашай Беларусі!

Са святам Вялікай Перамогі!