Віншаванне з Днём ведаў

    Вучням, студэнтам, аспірантам,
    настаўнікам, навукова-педагагічным работнікам

    Дарагія сябры!

    Віншую вас з Днём ведаў!

    Гэта свята дорага кожнаму. Яно прыходзіць у наша жыццё з першым званком, застаецца з намі назаўсёды лепшымі ўспамінамі аб школьным дзяцінстве і студэнцкім юнацтве, пранізана пачуццём удзячнасці любімым настаўнікам за набытыя ў гэты перыяд веды і вопыт.

    Сёння стартуе новы навучальны год. Самыя маленькія грамадзяне Беларусі прыйдуць на першы ў іх жыцці ўрок. Няхай ён стане яркім пачаткам дзіўнага шляху ў свет цікавых адкрыццяў, натхняючых поспехаў і сяброўскіх стасункаў.

    Упэўнены, што педагогі і навучэнцы настроены на сур'ёзны і дзелавы рытм вучэбных будняў. Выпускнікі гатовы прыкласці максімум намаганняў для дасягнення высокага выніку. Бацькі поўныя душэўных сіл і веры ў сваіх дзяцей.

    Жадаю ўсім моцнага здароўя, творчага натхнення і невычэрпнай энергіі. Імкніцеся да ведаў. Гэта ключ да паспяховага, стваральнага і цікавага жыцця.

    Аляксандр Лукашэнка