Віншаванне з Днём ратавальніка

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў работнікаў і ветэранаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях з прафесійным святам - Днём ратавальніка.

    У віншаванні гаворыцца, што супрацоўнікі МНС дастойна вырашаюць складаныя задачы па абароне краіны ад тэхнагенных аварый і стыхійных бедстваў. У пераадоленні наступстваў надзвычайных сітуацый яны не раз праявілі свае высокія прафесійныя і маральныя якасці, заслужыўшы павагу грамадзян краіны і замежных калег.

    "Ваша служба - доля моцных і мужных людзей, адданых сваёй справе, якія маюць высокую кваліфікацыю і багаты вопыт, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Кожны ратавальнік з годнасцю выконвае свой службовы абавязак і ў любую хвіліну гатовы прыйсці на дапамогу людзям, якія трапілі ў бяду, часам рызыкуючы ўласным жыццём".

    Аляксандр Лукашэнка выказаў асаблівую ўдзячнасць усім ветэранам МНС, многія з якіх і сёння перадаюць свой бясцэнны вопыт маладым работнікам. Прэзідэнт упэўнены, што супрацоўнікі органаў па надзвычайных сітуацыях і ў далейшым будуць сумленна служыць Айчыне, умацоўваючы яе бяспеку.