Віншаванне з Днём Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

    Дарагія суайчыннікі!

    Віншую вас з Днём Канстытуцыі!

    Роўна 25 гадоў таму быў прыняты Асноўны Закон нашай краіны, які адкрыў новую старонку ў шматвяковай гісторыі беларускага народа. Гэта знакавая падзея дала магчымасць рэалізаваць імкненне многіх пакаленняў беларусаў быць гаспадарамі на сваёй зямлі, жыць у свабодным, справядлівым і стабільным грамадстве.

    Канстытуцыя заклала трывалыя асновы дзяржаўнага суверэнітэту і палітычнага ўпарадкавання Беларусі, устанавіла гарантыі сацыяльных правоў грамадзян, стварыла ўмовы для захавання і прымнажэння гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны нацыі.

    Абапіраючыся на ідэі і прынцыпы Асноўнага Закона, краіна дынамічна развіваецца - абнаўляюцца гарады і вёскі, павышаецца дабрабыт людзей, расце яе аўтарытэт на міжнароднай арэне.

    Перакананы, што наша моладзь, якая толькі ўступае ў жыццё, унясе свой важкі ўклад ва ўмацаванне незалежнай беларускай дзяржавы.

    Шчыра жадаю ўсім міру, дабра, шчасця і новых здзяйсненняў на карысць роднай Айчыны.

    Аляксандр Лукашэнка