Віншаванне ўдзельнікам і гасцям абласнога фестывалю-кірмашу "Дажынкі-2019" у Смаргоні

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне ўдзельнікам і гасцям абласнога фестывалю-кірмашу "Дажынкі-2019" у Смаргоні.

    "Аграрыяў нездарма называюць соллю зямлі. Вы выбралі сваёй прафесіяй цяжкую, але пачэсную сялянскую працу. Плёнам гэтай працы багацее наша Беларусь", - гаворыцца ў віншаванні.

    Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што Гродзенская вобласць унесла ў рэспубліканскі каравай амаль 1,5 млн т збожжа. Яна займае вядучыя пазіцыі ў краіне па большасці сельскагаспадарчых паказчыкаў.

    "Цёплых слоў удзячнасці заслугоўваюць усе, хто беззапаветна любіць родную зямлю і працуе на агульны дастойны вынік: спецыялісты, занятыя ў жывёлагадоўлі і раслінаводстве, вучоныя-селекцыянеры, механізатары, работнікі сэрвісных службаў, транспартных і перапрацоўчых прадпрыемстваў", - адзначыў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што аграпрамысловы комплекс Гродзенскай вобласці здольны і ў далейшым паспяхова вырашаць важныя задачы, якія стаяць перад вобласцю, перадаваць традыцыі новым пакаленням працаўнікоў вёскі і нястомна працаваць на карысць Беларусі і яе народа.