Віншаванне тэлерадыёкампаніі "Мір" з нагоды 25-годдзя з дня яе стварэння

    Міждзяржаўная тэлерадыёкампанія "Мір" з'яўляецца магутным інструментам інфармацыйнай палітыкі дзяржаў СНД. Аб гэтым гаворыцца ў віншаванні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі калектыву тэлерадыёкампаніі з нагоды 25-годдзя з дня яе стварэння.

    "Гэты маштабны медыяпраект, што адпавядае духу часу, аб'ядноўвае таленавітых, ініцыятыўных прафесіяналаў, якія любяць сваю справу, шануюць лепшыя традыцыі і высокія стандарты журналістыкі. Асвятляючы ўсе грані грамадска-палітычнага, эканамічнага, культурнага і спартыўнага жыцця Садружнасці, вы ўносіце значны ўклад ва ўмацаванне дружбы і ўзаемнага даверу паміж нашымі народамі", - гаворыцца ў віншаванні.

    Прэзідэнт адзначыў, што за мінулыя чвэрць стагоддзя тэлерадыёкампанія набыла адданую шматмільённую і шматнацыянальную аўдыторыю не толькі ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў, але і далёка за яе межамі.

    "Упэўнены, "Мір" прадоўжыць з годнасцю выконваць сваю важную місію - збліжаць людзей, фарміраваць іх светапогляд, аб'ектыўна і бесстаронна ацэньваючы падзеі, што адбываюцца", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

    Калектыву тэлерадыёкампаніі ён пажадаў моцнага здароўя, натхнення і новых здзяйсненняў.