Уручэнне дзяржаўных узнагарод

  • 20

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды шматдзетным маці і заслужаным дзеячам розных сфер, а таксама генеральскія пагоны прадстаўнікам вышэйшага афіцэрскага складу. Урачыстая цырымонія адбылася 7 сакавіка ў Палацы Незалежнасці.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сённяшняя ўрачыстасць прысвечана мужнасці і прыгажосці, а падставай для гэтай сустрэчы паслужылі два святы - Дзень абаронцаў Айчыны і Дзень жанчын. "У нас зарадзілася новая традыцыя - аб'ядноўваць гэтыя святы ў адно мерапрыемства, каб на высокім узроўні павіншаваць і ўручыць заслужаныя ўзнагароды лепшым з самых прыгожых і самых моцных", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт сказаў, што свята 8 Сакавіка ўзнікла больш як 160 гадоў таму як міжнародны рух у абарону грамадзянскіх правоў жанчын, але ў наш час гэта дата стала чырвоным днём календара, набыла новы сэнс ушаноўвання дарагіх сэрцу людзей, якія ўвасабляюць у сабе прыгажосць і пяшчоту, дабрыню і чуласць.

"Гэта знак глыбокай павагі і прызнання выключна важнай ролі жанчын у грамадстве. Таму што дзякуючы ім прадаўжаецца жыццё на Зямлі. Таму што для кожнага чалавека важныя мацярынская любоў, клопат і ўвага, а для сапраўдных мужчын галоўнае - рыцарскае стаўленне да жанчыны. У вас - наша сіла і мужнасць, шчасце і душэўны спакой, радасць і натхненне. Вы, як вясна, дорыце нам цяпло, жаданне жыць і абавязкова станавіцца лепшымі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Менавіта жаночыя пяшчота і ранімасць абуджаюць у мужчын высакародныя пачуцці і імкненне берагчы і ахоўваць, перакананы Аляксандр Лукашэнка. "Прызванне жанчыны - упрыгожваць свет, прызванне мужчыны - абараняць гэты свет і жанчын. І якія б сацыяльныя ролі яны ні прымяралі на сябе, важна, каб усе помнілі аб сваім галоўным прызначэнні і захоўвалі ў грамадстве гармонію адносін", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што рады бачыць у Палацы Незалежнасці людзей, якія сталі сапраўдным прыкладам адвагі, пашаны і мужнасці, - сапраўдных мужчын, якія ў такі няпросты час выбіраюць прафесію Радзіму абараняць. Ім прысвоены высокія званні і ўручаны новыя пагоны. "Разам з гэтым узрасце і адказнасць, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Упэўнены, вы з гонарам справіцеся з ускладзенымі на вас абавязацельствамі".

Прэзідэнт шчыра вітаў суайчынніц. "Я заўсёды гаварыў і сёння паўтару: беларускія жанчыны - самыя лепшыя і самыя прыгожыя, якія ўмеюць дзіўным чынам спалучаць у сабе сілу характару і незвычайную жаноцкасць. Многія з вас дасягаюць вялікіх вышынь, скажу як ёсць, часам нават абсалютна ў нежаночых прафесіях. Асабліва відавочна гэта праявілася ў спорце", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Не менш важны подзвіг штодзённа здзяйсняюць і маці, асабліва шматдзетныя. На іх плячах не меншая фізічная і эмацыянальная нагрузка, а таксама велізарнейшая адказнасць за будучае сваіх дзяцей, за будучае нашых грамадзян. "Гэтыя жанчыны аддаюць ім усё сваё жыццё", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Вялікай павагі заслугоўваць таксама прадстаўніцы прыгожага полу, якія паспяхова працуюць у такіх сферах, як адукацыя і медыцына, культура і мастацтва, у розных галінах эканомікі і на дзяржаўнай службе. "Асабліва каштоўна, калі, сумяшчаючы кар'еру і дамашнія клопаты, яны застаюцца ўзорнымі жонкамі і маці - пяшчотнымі, клапатлівымі і абавязкова любячымі. І мы ганарымся такімі жанчынамі", - заявіў Прэзідэнт.

За нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей Аляксандр Лукашэнка ўручыў ордэн Маці 18 прадстаўніцам прыгожага полу. У ліку ўзнагароджаных на цырымоніі прысутнічалі выхавальніца ясляў-сада нумар 5 Пастаў Святлана Іванова, мастацкі кіраўнік народнага ансамбля народнай песні "Вабічанскія ўзоры" Вішоўскага сельскага цэнтра культуры і правядзення вольнага часу Алена Калакустава, медыцынская сястра Барысаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Людмілы Свіклістава.

За шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў і выдатных спартыўных вынікаў, значны асабісты ўклад у развіццё сферы аховы здароўя і адукацыі Прэзідэнт уручыў дзяржаўныя ўзнагароды прадстаўніцам розных сфер дзейнасці.

Так, залаты прызёр зімовых алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане Ганна Гуськова атрымала з рук Кіраўніка дзяржавы ордэн Айчыны III ступені з прысваеннем ганаровага звання "Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь". Прафесар кафедры педагогікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, чэмпіёнка летніх Алімпійскіх гульняў 1968-га, 1972-га, 1976-га і 1980-га гадоў па фехтаванні Алена Бялова была ўдастоена ордэна Пашаны.

Сярод узнагароджаных медалём "За працоўныя заслугі" былі старшы дыспетчар па флоце Днепра-Бярэзінскага прадпрыемства водных шляхоў Ніна Чарных, першы намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Гродзенскай вобласці Тамара Стасевіч, дырэктар Мінскага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Ніна Віктароўская.

Медалём Францыска Скарыны Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў настаўніцу рускай мовы і літаратуры Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна Іну Віннік.

У святочнай абстаноўцы таксама былі прысвоены ганаровыя званні Рэспублікі Беларусь. Заслужаным майстрам спорту стала спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды па фрыстайле Ала Цупер, заслужаным работнікам прамысловасці - дырэктар ЗАТ "Калінка" Галіна Каліценя, заслужаным настаўнікам - дырэктар Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа Алена Жураўлёва.

Пагоны генерал-маёра былі ўрачыста ўручаны палкоўнікам Руслану Касыгіну, Уладзіміру Кулажыну і Максіму Міронаву.

Акрамя ўручэння дзяржаўных узнагарод і генеральскіх пагонаў, для запрошаных былі падрыхтаваны яшчэ два сюрпрызы. Непасрэдна да мерапрыемства для іх правялі экскурсію па Палацы Незалежнасці. Тут яны таксама змаглі наведаць выстаўку калекцыйных касцюмных лялек Алены і Мікалая Байрачных, а таксама прэзентацыю работ "Ажыўшыя карціны" мастака Андрэя Смаляка. Акрамя таго, для ўдзельнікаў мерапрыемства арганізаваны ўрачысты прыём.