Уручэнне дзяржаўных узнагарод

  • 19

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Палацы Незалежнасці 28 красавіка ўручыў Дзяржаўныя прэміі 2016 года і дзяржаўныя ўзнагароды работнікам розных сфер.

"Сёння знамянальны дзень для ўсіх вас і для краіны ў цэлым. Ва ўрачыстай абстаноўцы напярэдадні майскіх свят мы ўшаноўваем лепшых людзей Беларусі, чые працоўныя і творчыя дасягненні прыносяць славу і павагу нашай маладой і суверэннай дзяржаве", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пачуццё гонару, адзначыў Прэзідэнт, выклікаюць прысутныя на ўзнагароджанні лаўрэаты Дзяржаўных прэмій Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі, мастацтва, літаратуры і архітэктуры за 2016 год. У першым радзе навуковых дасягненняў ідуць прадстаўнікі беларускай медыцыны, якімі выкананы і ўкаранёны ў шырокую практыку найскладанейшыя аперацыі па трансплантацыі комплексаў органаў.

"Стварэнне новага напрамку і прымяненне высокіх тэхналогій даюць моцны імпульс дынамічнаму развіццю айчыннай аховы здароўя, упэўненаму вывядзенню яго на лідзіруючыя пазіцыі ў свеце, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Думаю, дасягнуць гэтай мэты нам пад сілу з такімі адоранымі людзьмі, як нашы лаўрэаты з Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак 9-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска, Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра "Кардыялогія". Гэта маякі, на якія павінны арыентавацца і іншыя ўстановы галіны".

У навукова-прамысловай сферы Дзяржаўная прэмія прысуджана вучоным і спецыялістам Нацыянальнай акадэміі навук, адкрытых акцыянерных таварыстваў "Інтэграл" і "Планар" за стварэнне новага класа вырабаў мікраэлектронікі. Сферы іх прымянення самыя розныя - ад касмічных апаратаў і сістэм узбраенняў да абсталявання прадпрыемстваў электроннай галіны. Навуковыя распрацоўкі ўкаранёны ў вытворчасць - серыйна асвоена 137 тыпаў вырабаў двайнога і спецыяльнага прызначэння.

"Атрыманы нядрэнны эканамічны эфект - аб'ём іх экспартных паставак склаў амаль $350 млн. Важна і тое, што зроблены рэальны крок у стварэнні высокатэхналагічнай вытворчай базы, якая адпавядае V і VI укладам", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У галіне мастацтва прысуджаны дзве Дзяржаўныя прэміі. Адна - творчаму калектыву Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета за пастаноўку спектакля "Сівая легенда". "Гэты маштабны музычна-сцэнічны праект, які адлюстроўвае гісторыю нашай дзяржавы, увайшоў у залаты фонд тэатра і стаў важнай вяхой у развіцці нашага нацыянальнага мастацтва", - заявіў Прэзідэнт.

Другая прэмія прысуджана кампазітару Уладзіміру Кандрусевічу за стварэнне шэрага буйных музычных твораў.

"Аб працоўных дасягненнях і ўкладзе ва ўмацаванне нашай краіны наглядна сведчыць прысутнасць у гэтай зале вялікай групы людзей, удастоеных высокіх дзяржаўных узнагарод", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Так, ордэнам Пашаны адзначаны поспехі ў рабоце прадстаўнікоў Мінскага электратэхнічнага завода імя Казлова - электразваршчыка ручной зваркі Васіля Жыгімонта і кіраўніка праекта ўпраўлення перспектыўнага развіцця Ленгіна Стаброўскага.

Гэтай узнагароды таксама ўдастоены генеральны дырэктар ААТ "Дарожна-будаўнічы трэст № 3" Рыгор Цімафееў. Кіраўнік ААТ "Гроднапрамбуд" Абдулвагаб Вагабаў узнагароджаны ордэнам Айчыны III ступені. У актыве гэтых прадпрыемстваў важныя для краіны аб'екты: рэканструкцыя аўтадарог Мінск - Магілёў і Мінск - Гомель, узвядзенне другой кальцавой вакол Мінска, а таксама будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі, авіярамонтнага завода, жылых дамоў і школ.

Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў поспехі беларускіх спартсменаў. Ордэны Пашаны былі ўручаны спартсменам-інструктарам нацыянальных каманд Беларусі Уладзіміру Самсонаву і Вікторыі Азаранка. "Я часта гавару вялікім спартсменам, Вікторыі гаварыў: тое, што ты дасягнула вышыні, - гэта добра. А цяпер ты павінна за руку прывесці хаця б аднаго такога, як сама, выхаваць і падняць яго да гэтых вяршынь. Вось гэта падарунак краіне, калі ты сам здзейсніў подзвіг і яшчэ дапамог здзейсніць такі ж некалькім людзям", - сказаў ён.

Сёння сярод узнагароджаных таксама нямала людзей з багатым вопытам паспяховай арганізатарскай і творчай дзейнасці. "Такіх людзей мы асабліва цэнім, таму што за іх плячамі - прафесійнае майстэрства, шматгадовая работа з людзьмі, уменне вырашаць адказныя задачы, - адзначыў Прэзідэнт. - Як прызнанне іх заслуг - прысваенне ганаровых званняў. Тут прадстаўлены важнейшыя сферы: прамысловасць, транспарт, сельская гаспадарка, навука, медыцына, мастацтва, спорт, сілавыя структуры".

У іх ліку вядучы тэрапеўт 432-га галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра Роберт Ермалкевіч - яму прысвоена ганаровае званне заслужанага ўрача Беларусі, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Абламейка - ён удастоены ганаровага звання заслужанага дзеяча навукі Беларусі, генеральны дырэктар асацыяцыі "Белсадгадавальнік" Анатоль Каранько, які стаў заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі Беларусі.

"Кожны з вас заслужыў пашану і павагу ў нашым грамадстве. Няхай прэміі і ўзнагароды стануць стымулам для новых дасягненняў на карысць нашай Беларусі, - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да ўсіх узнагароджаных. - Прыміце мае шчырыя віншаванні са знамянальнай падзеяй у вашым жыцці і словы глыбокай удзячнасці за вашу працу і актыўную грамадзянскую пазіцыю".

Акрамя ўручэння Дзяржаўных прэмій і ўзнагарод, яшчэ адной знамянальнай падзеяй для ўзнагароджаных сталі экскурсія па Палацы Незалежнасці і наведванне праводзімай тут выставы вядомага беларускага жывапісца Сямёна Дамарада.