Уручэнне дзяржаўных узнагарод

  • 31

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 7 сакавіка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды шматдзетным маці і заслужаным дзеячам розных сфер, а таксама генеральскія пагоны прадстаўнікам вышэйшага афіцэрскага складу.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяперашняя сустрэча сімвалічна аб'яднала два ўсенародна любімыя святы - Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл і Дзень жанчын. "Сёння ў залу запрошаны афіцэры і тыя, дзеля каго яны нясуць сваю нялёгкую службу, - нашы цудоўныя жанчыны, прадстаўніцы самых мірных і творчых прафесій на Зямлі", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што хоць у грамадстве, як і ў сям'і, у мужчын і жанчын розныя ролі, але сапраўдная гармонія ствараецца толькі іх сумеснымі намаганнямі.

Роўна 160 гадоў таму, 8 сакавіка 1857 года, жанчыны ўпершыню адкрыта выступілі ў абарону сваіх правоў. "Гэты дзень паклаў пачатак міжнароднаму святу, якое сёння набыло новы сэнс і стала ўвасабленнем нашай павагі да вас - працаўніц, маці, грамадскіх дзеячаў, захавальніц дамашняга ачага", - сказаў беларускі лідар.

Ён падкрэсліў, што не выпадкова адным з крытэрыяў цывілізаванасці дзяржавы лічыцца становішча і роля жанчын у грамадстве. "У гэтых адносінах Беларусь па праву знаходзіцца ў ліку перадавых. Ва ўсіх сферах жыццядзейнасці - як прафесійнай, так і грамадскай - нашы суайчынніцы прымаюць самы актыўны ўдзел", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Вы плённа працуеце ў розных галінах эканомікі, уносіце прыкметны ўклад у развіццё аховы здароўя, адукацыі, культуры, навукі", - адзначыў Прэзідэнт.

Расце роля жанчын і ў сістэме дзяржаўнага кіравання, палітычнага жыцця краіны.

Прадстаўніцы розных сфер дзейнасці былі ўзнагароджаны ордэнам і медалямі Францыска Скарыны, медалямі "За працоўныя заслугі". Ім таксама прысвоены ганаровыя званні Рэспублікі Беларусь.

Словы асаблівай удзячнасці і глыбокай павагі Аляксандр Лукашэнка адрасаваў шматдзетным маці. "Нездарма старажытныя людзі гаварылі, што ключы ад лёсаў народаў знаходзяцца ў руках маці, - адзначыў ён. - Многія з прысутных у гэтай зале жанчын сумяшчаюць выхаванне дзяцей, прафесійную і грамадскую дзейнасць. Вы дастойны шчырага захаплення за тое, што ўмееце будаваць яркае, насычанае падзеямі жыццё, дзе знаходзіцца месца для работы, сям'і, культурнага адпачынку, спорту. У вашай асобе мы віншуем сёння ўсіх беларускіх жанчын".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што менавіта маці нясуць асноўную нагрузку і клопат па выхаванні дзяцей. "Вы проста малайцы, вы выконваеце галоўную сваю місію. І гэта мэта ўсёй маёй палітыкі - у Беларусі павінна быць не менш як 20 млн чалавек. Вось тады мы будзем магутныя як ніколі, і ніхто ў наш бок скоса глядзець не будзе", - заявіў ён.

Прэзідэнт падзякаваў суайчынніцам за працу, актыўную грамадзянскую пазіцыю і вялікі ўклад у развіццё дзяржавы, а таксама за тое, што пры ўсіх цяжкасцях жыцця яны застаюцца ўвасабленнем сардэчнасці і міласэрнасці, разумення і чуласці, энергіі і сілы характару.

"Захоўвайце ў сабе гэта святло, якое азарае вашы сем'і, родных, блізкіх, калег. Сучаснаму грамадству так патрэбны мудрасць, дабрата, згода, якую вы несяце, і мір", - пажадаў Кіраўнік дзяржавы.

Ордэны Маці за нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей Аляксандр Лукашэнка ўручыў 21 шматдзетнай жанчыне.

На ўрачыстым мерапрыемстве таксама прысутнічалі ваеннаслужачыя і супрацоўнікі праваахоўных органаў. "І гэта не выпадкова. Паколькі толькі пад мірным небам можна будаваць шчаслівае жыццё, гадаваць дзяцей, рэалізоўваць свае таленты і здольнасці", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што сёння многія краіны, у тым ліку і бліжэйшыя суседзі, ідуць па шляху нарошчвання ваеннай сілы. "Працэсы, якія адбываюцца, нагадваюць чарговы віток гонкі ўзбраенняў перыяду "халоднай вайны", - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Беларусь - міралюбівая дзяржава, мы праводзім узважаную шматвектарную палітыку і не хочам быць уцягнутымі ў процістаянне розных блокаў і дзяржаў. Але і заставацца бесклапотнымі ў такі час недапушчальна. Таму мы, нікому не пагражаючы і нікога не правакуючы, забяспечваем бяспеку сваёй краіны".

Паводле слоў Прэзідэнта, генеральскія пагоны ўручаны тым, хто трымае ў надзейных руках шчыт Айчыны. З пачуццём гордасці за беларускую армію кіраўнік дзяржавы нагадаў і аб велізарнай адказнасці, якая ляжыць на плячах кожнага - ад галоўнакамандуючага і міністра абароны да радавога - за жыццё суайчыннікаў, за мір і спакой у агульным беларускім доме.

"У нас не шмат генералаў. Але я і не планую павялічваць генеральскі корпус, каб не прынізіць гэта званне. Генерал - гэта асаблівы чалавек", - падкрэсліў беларускі лідар.

Воінскае званне генерал-маёра прысвоена Аляксандру Шкірэнку, Аляксандру Караву, Сяргею Феакціставу і Сяргею Церабаву.

"Напэўна, самая пачэсная справа - гэта атрымаць генеральскія пагоны ў прысутнасці нашых жанчын, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Калі не для жанчын мы гэта ўсё робім, то для каго?"

"Многія пакаленні беларусаў марылі аб тым, каб быць гаспадарамі на роднай зямлі і самім выбіраць свой лёс. Нам удалося здзейсніць гэту мару, але галоўнае сёння - захаваць дасягнутае для нашчадкаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падзякаваў усім удзельнікам мерапрыемства, адзначыўшы, што менавіта іх шматгадовыя намаганні, карпатлівая праца, мэтанакіраванасць і талент забяспечваюць асноўныя складнікі дабрабыту беларускай дзяржавы: стабільнасць, грамадскую згоду і высокі ўзровень абараназдольнасці краіны.

"Ад усёй душы жадаю вам далейшых поспехаў у працы, грамадскай дзейнасці, ажыццяўлення намечаных планаў, шчасця і дабрабыту", - дадаў Прэзідэнт.

Акрамя ўручэння дзяржузнагарод і генеральскіх пагонаў для запрошаных таксама былі падрыхтаваны яшчэ два прыемныя сюрпрызы. Непасрэдна да мерапрыемства для іх правялі экскурсію па Палацы Незалежнасці, а пасля адбыўся ўрачысты прыём, у якім прыняў удзел і Кіраўнік дзяржавы.