Уручэнне даверчых грамат пасламі замежных дзяржаў

  • 12

Міралюбнасць з'яўляецца асноўнай характарыстыкай беларускай знешняй палітыкі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 26 чэрвеня, прымаючы даверчыя граматы паслоў замежных дзяржаў.

"Беларусь - выключна мірная краіна. Мы добра помнім урокі мінулага. Беражліва ставімся да сучаснасці. Удумліва - да будучыні нашай Айчыны. Таму асноўнай характарыстыкай нацыянальнай знешняй палітыкі з'яўляецца міралюбнасць. У гэта слова ўкладваюцца такія паняцці, як шматвектарнасць, збалансаванасць, прагматычнасць і паслядоўнасць. Асабліва ў знешняй палітыцы. Наша краіна выступае за шырокі дыялог па ўсіх міжнародных пытаннях. Мы высока цэнім шчырасць, адкрытасць, паважлівае стаўленне да нас і гатовы адказваць узаемнасцю", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Даверчыя граматы Прэзідэнту Беларусі ўручылі паслы Замбіі, Італіі, Рэспублікі Кіпр, Рэспублікі Конга, М'янмы, Непала, Пакістана, Польшчы, Узбекістана, Эквадора.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў гэтым годзе споўнілася 25 гадоў з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін з Узбекістанам. "Даражым вузамі дружбы, якія звязваюць беларускі і ўзбекскі народы. Вітаем рашэнне нашага шматгадовага партнёра адкрыць у Мінску паўнацэннае дыпламатычнае прадстаўніцтва. Гэта важны і своечасовы крок, які дэманструе нацэленасць на ўсебаковае паглыбленне дыялогу", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што выбудоўванне сапраўды добрасуседскіх і раўнапраўных адносін з Польшчай - адна з прыярытэтных задач айчыннай дыпламатыі, Польшча - наш сусед, суседзяў не выбіраюць. "Нас збліжаюць не толькі сумесная граніца, эканамічнае супрацоўніцтва, міжасобасныя кантакты, але і агульная адказнасць за стабільнасць і бяспеку ў нашым рэгіёне. Неабходна надаць нашаму ўзаемадзеянню ўстойлівы і паслядоўны характар. Мы да гэтага гатовы", - заявіў Прэзідэнт.

Гады паспяховага супрацоўніцтва па шырокім спектры напрамкаў звязваюць Беларусь з Італіяй. "Нам заўсёды ўдавалася вырашаць любыя задачы ў атмасферы адкрытасці і даверу. Перакананы, што актыўны палітычны дыялог, рэалізацыя сумесных эканамічных праектаў, узаемадзеянне ў культурнай і навуковай сферах цалкам адпавядаюць інтарэсам нашых народаў", - падкрэсліў ён.

Беларусь таксама зацікаўлена ў развіцці адносін з Кіпрам па ўсіх пытаннях двухбаковага і глабальнага парадку дня. "У нас ужо дасягнуты нядрэнныя паказчыкі ў гандлі паслугамі. Надышоў час падумаць над сумеснымі праектамі ў банкаўскай справе, у сферах інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і турызму. Добра, што рэзервы для гэтага існуюць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён вітаў паслоў з дзяржаў Азіі, Лацінскай Амерыкі і Афрыкі, адзначыўшы, што ўзаемадзеянне з іх краінамі ўяўляе для Беларусі асаблівы палітычны і безумоўны эканамічны інтарэс.

Так, у апошнія гады сфарміраваны неабходныя механізмы для прадметнай і поўнафарматнай работы з Пакістанам. "Мы чакаем паспяховага ажыццяўлення сумесных праектаў у розных галінах прамысловасці, ахове здароўя, а таксама ў галіне падрыхтоўкі кадраў", - заявіў беларускі лідар.

Беларусь адкрыта для актывізацыі разнапланавага супрацоўніцтва з Непалам. "Маючы значны індустрыяльны і адукацыйны патэнцыял, можам аказаць садзейнічанне развіццю вашай дзяржавы", - прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.

"Наша краіна ўважліва назірае за абнаўленнем М'янмы. Мяркуем, што адкрыюцца новыя магчымасці і перспектывы для пашырэння кантактаў у розных сферах", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Адным з ключавых партнёраў Беларусі ў Паўднёвай Амерыцы з'яўляецца Эквадор. "Нас збліжаюць сугучныя прыярытэты ўнутранай і знешняй палітыкі, сацыяльна-эканамічнага развіцця. Мы гатовы зрабіць неабходныя крокі для таго, каб двухбаковыя адносіны ў самыя кароткія тэрміны выйшлі на якасна новы ўзровень і служылі для іншых дзяржаў узорам дружбы і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва", - заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што акрэдытацыя паслоў Замбіі і Конга прызначана дапамагчы знайсці новыя агульныя інтарэсы і надаць адносінам належную дынаміку, асабліва з улікам узаемадапаўняльнасці эканомік.

Звяртаючыся да дыпламатаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яны прыбылі ў сучасную, бяспечную для пражывання і зручную для вядзення бізнесу еўрапейскую дзяржаву, якая дынамічна развіваецца. "Наша краіна мае моцную прамысловасць і сельскую гаспадарку, сур'ёзны навуковы патэнцыял і кваліфікаваныя кадры. Адной з найбольш перспектыўных галін айчыннай эканомікі з'яўляецца ІТ-сфера. Па шэрагу напрамкаў мы ўжо занялі лідзіруючыя пазіцыі ў рэгіёне", - заявіў ён.

Прэзідэнт дадаў, што высокатэхналагічныя кампаніі свету праявілі цікавасць да Парка высокіх тэхналогій, індустрыяльнага парка "Вялікі камень" і іншых інавацыйных пляцовак. Яны ператвараюцца ў цэнтры прыцягнення інвестыцый.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ў Беларусі 2018-2020 гады пройдуць пад знакам Года малой радзімы. "Сёння ў кожным раёне нашай краіны праводзяцца мерапрыемствы па добраўпарадкаванні куткоў, у якіх мы нарадзіліся. Запрашаю вас пазнаёміцца не толькі з жыццём сталіцы, але і рэгіёнаў. З культурай, традыцыямі, душой беларускага народа. Адчуць яго гасціннасць і ветлівасць. Абсалютна ўпэўнены, што знаходжанне ў Беларусі стане адным з самых яркіх і запамінальных перыядаў у вашай кар'еры", - сказаў беларускі лідар.