Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае 100-годдзю органаў дзяржбяспекі

  • 1

Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі адбыўся як эфектыўная і самадастатковая спецслужба суверэннай краіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 15 снежня на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным 100-годдзю органаў дзяржбяспекі.

"Сёння мы можам сцвярджаць, і гэта зноў жа прызнаюць як нашы сябры, так і апаненты, што КДБ Беларусі адбыўся як эфектыўная і самадастатковая спецслужба суверэннай краіны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Камітэт дзяржбяспекі вырашае самыя складаныя задачы па абароне палітычных і эканамічых інтарэсаў Беларусі, аказвае актыўнае процідзеянне замахам на канстытуцыйны лад. На якасна новым узроўні забяспечваецца ўрадавая сувязь, пры гэтым яна адноўлена беларускімі спецыялістамі на зусім новай аснове.

"Спецыфіка работы КДБ такая, што далёка не ўсе падрабязнасці, на жаль, вашай дзейнасці могуць стаць вядомы грамадскасці. Мы не можам, як на З'ездзе вучоных, гаварыць аб канкрэтных дасягненнях, аб тым, як мы жывём сёння, і самае галоўнае - мы не можам сказаць, што мы будзем рабіць заўтра. Мы можам гэта сказаць толькі ў агульных рысах. Але гэта не бяда, народ мяркуе аб нашых дзеяннях па выніках, а яны ёсць, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Вам ёсць чым ганарыцца. Многія аперацыі, без перабольшання, адпавядаюць лепшым узорам аператыўнага майстэрства і занесены ў падручнікі, па якіх навучаецца маладое пакаленне".

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што супрацоўнікі органаў дзяржбяспекі змогуць не дапусціць дэстабілізацыі грамадства. Як гэта было на зары станаўлення суверэннай Беларусі. "У тыя неспакойныя гады пасля развалу СССР шалі маглі калыхнуцца ў любы бок. У гэтым выпадку рэспубліку, у дадатак да бедаў, што напаткалі яе, чакалі яшчэ больш жудасныя сацыяльныя ўзрушэнні. Але дзякуючы прафесіяналізму, у тым ліку сілавых структур, спецыяльных службаў, нам удалося тады накіраваць сітуацыю у спакойнае рэчышча і цесна заняцца надзённымі гаспадарчымі пытаннямі", - канстатаваў беларускі лідар.

У выніку Беларусь стала сапраўды незалежнай дзяржавай, здольнай самастойна вырашаць свой лёс, весці шматвектарную знешнюю палітыку, удасканальваць нацыянальную эканоміку, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

У сваім выступленні ён таксама падрабязна спыніўся на гістарычных вехах развіцця органаў дзяржбяспекі, якое адбывалася ў непарыўнай сувязі з жыццём краіны ў мінулае стагоддзе. Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што гісторыя прадвызначыла Беларусі заўсёды знаходзіцца ў цэнтры падзей еўрапейскага і сусветнага маштабу. У такіх няпростых умовах станаўленне і развіццё беларускай дзяржаўнасці было б немагчымым без эфектыўнай работы сілавых структур і іх важнейшага кампанента - спецыяльных службаў.

"Разведка і контрразведка ва ўсе часы былі першараднымі дзяржаўнымі задачамі. У авангардзе ваюючых армій, у стане праціўніка сакрэтныя агенты здабывалі каштоўныя звесткі, выяўлялі шпіёнаў, дыверсантаў, тэрарыстаў і здраднікаў. Асабліва драматычным стала XX стагоддзе, якое кардынальна змяніла лёсы свету", - сказаў Прэзідэнт.

У гады станаўлення Савецкага Саюза чэкісты разам са сваімі галоўнымі абавязкамі выконвалі мноства іншых жыццёва важных функцый, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Сярод іх - барацьба з голадам, эпідэміямі і разрухай, перабоямі ў рабоце транспарту, выратаванне беспрытульных дзяцей. Складаную праверку на трываласць спецслужбы прайшлі ў гады Другой сусветнай вайны. "Супрацоўнікі дзяржбяспекі дастойна праявілі сябе на самых складаных участках і ў пасляваенны час, які, на жаль, не даў такой доўгачаканай перадышкі", - адзначыў ён.

Так, у гады халоднай вайны чэкісты паспяхова ажыццяўлялі разведвальную работу за мяжой, змагаліся з падрыўной дзейнасцю замежных разведак унутры краіны, забяспечвалі бяспеку кіраўнікоў дзяржавы. Застаючыся, як правіла, за кадрам, яны дзейнічалі таксама ў гарачых кропках, ліквідавалі наступствы чарнобыльскай катастрофы.

"Чым глыбей вывучаеш гісторыю, тым больш пераконваешся ў тым, што яе немагчыма падзяліць на чорнае і белае, даць адназначныя адказы на ўсе пытанні, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Вам, нам за мінулае нашых спецслужбаў, чэкістаў саромецца няма чаго. Няма ніякай прычыны. Мы не жылі ў той час, не ведалі і цяпер не адчуваем нерв тых часоў. А знеслаўляць гісторыю лёгка і проста. Але трэба помніць, што гісторыя вельмі моцна плаціць за яе скажэнне. Наша армія, нашы Узброеныя Сілы, нашы спецслужбы ва ўсе перыяды нашай гісторыі з годнасцю выконвалі свой абавязак, яны былі верныя прысязе, дысцыпліне і парадку. Не было б іх - не было б краіны і не было б нас пры ўсіх нашых памылках".

З набыццём Беларуссю незалежнасці органы дзяржбяспекі адкрылі чарговую главу ў сваім слаўным летапісе, беражліва захаваўшы лепшыя традыцыі папярэднікаў, сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Сёння перад нашымі спецслужбамі стаяць новыя задачы. Адна з галоўных - барацьба з тэрарызмам. Свет нагадвае разварушаны мурашнік. Цераз граніцы перапраўляюцца натоўпы бежанцаў, а пад іх прыкрыццем - фанатыкі, гатовыя забіваць мірных грамадзян, сеяць хаос. У транзітным патоку на тэрыторыі нашай рэспублікі рэгулярна затрымліваюцца члены міжнародных тэрарыстычных арганізацый", - сказаў беларускі лідар.

"Ідзе таксама незаконны гандаль зброяй, які імкліва распаўзаецца па свеце. На жаль, ад гэтага не застрахаваны і мы. Нам трэба быць максімальна пільнымі і ні ў якім разе не дапусціць, каб гэты арсенал стаў пранікаць праз нашу граніцу", - дадаў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што многія сучасныя пагрозы могуць быць пераадолены толькі разам. "КДБ Беларусі развівае практычнае ўзаемадзеянне са службамі дзясяткаў краін, перш за ўсё з нашай Расіяй, нашымі постсавецкімі рэспублікамі, іншымі дзяржавамі свету. Высокі ўзровень партнёрства дае магчымасць паспяхова праводзіць сумесныя мерапрыемствы. На падставе інфармацыі нашых работнікаў спынены шэраг спроб учынення тэрактаў у Расіі, некаторых еўрапейскіх дзяржавах, а таксама ў нашай краіне", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Геаграфія і інтэнсіўнасць кантактаў па лініі спецслужбаў пашыраюцца, і гэта сведчыць аб прызнанні сусветнай супольнасцю важнай ролі Беларусі ў забеспячэнні рэгіянальнай, а па асобных напрамках і глабальнай бяспекі.

Прэзідэнт падкрэсліў, што важная задача органаў дзяржбяспекі датычыцца і эканамічнага сектара. "Усе навуковыя сакрэты, найноўшыя тэхналагічныя распрацоўкі, стратэгічныя аб'екты, такія як атамная станцыя, хімічныя прадпрыемствы краіны, павінны стаць прадметам пільнай увагі органаў дзяржбяспекі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Прымаючы рашучыя дзеянні супраць эканамічных злачынстваў, супрацоўнікі КДБ заўсёды кіруюцца непахісным прынцыпам: прычынены ўрон дзяржаве павінен быць вернуты. Дзякуючы іх рабоце толькі за апошнія тры гады ў бюджэт пералічаны Br250 млн, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Дасягнуты канкрэтныя вынікі па пытаннях харчовай бяспекі, энергетыкі, машынабудавання і шэрага іншых галін".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трэба прадоўжыць актыўную барацьбу з карупцыяй, усялякімі схемамі ўхілення суб'ектаў гаспадарання ад падаткаў, вывадам грашовых сродкаў за мяжу. "Вопыту ў гэтай справе камітэту не займаць. Напрыклад, у ходзе адной з нядаўніх аперацый яму ўдалося спыніць атрыманне буйнейшай у гісторыі краіны сумы хабараў на $5 млн. Прычым грошы былі арыштаваны і вернуты ў бюджэт", - расказаў ён.

"У апошнія гады агульнымі намаганнямі кампетэнтных службаў карупцыю ўдалося ўтаймаваць. І гэта прызнаюць усе ў свеце. Аднак аб ліквідацыі негатыўных з'яў яшчэ гаварыць не даводзіцца", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Хабарніцтва, крадзяжы, ценявая камерцыя і іншыя такія парушэнні закону па-ранейшаму ўяўляюць сабой вялікую небяспеку для краіны. Важнейшую ролю ў процістаянні гэтаму злу адыгрываюць органы дзяржбяспекі, - падкрэсліў беларускі лідар. - Скажу прама. Гэту ролю яны выконваюць значна эфектыўней, чым іншыя адпаведныя структуры дзяржавы, прызначаныя змагацца з гэтым злом".

Прэзідэнт лічыць важным, што КДБ сёння з'яўляецца вельмі дынамічнай структурай, абсалютна адкрытай для новых ідэй. "Сплаў вопыту і інавацый утварае той фундамент, які дазваляе нашай спецслужбе ўдасканальвацца і ўпэўнена глядзець у будучыню. Пры гэтым галоўным яе здабыткам заўсёды былі і застаюцца людзі, прафесіяналы з вялікай літары, носьбіты ўнікальных ведаў і ўменняў, а таксама выключных асабістых якасцей. Цяперашняе пакаленне чэкістаў, якое прыняло эстафету ў сваіх бацькаў і дзядоў, валодае гэтымі якасцямі спаўна і гатова даць адэкватны адказ на выклікі часу", - упэўнены ён.

Звяртаючыся да дзеючых супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай бяспекі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ім даверана многае, дадзены вялікія паўнамоцтвы, але і запатрабаванне з іх асаблівае. "Я заўсёды ад кіраўніцтва КДБ патрабаваў, патрабую і буду патрабаваць: ні ў якім разе не дапусціце ў сваёй рабоце такіх памылак, якія зламалі б лёсы людзям, хаця б аднаму чалавеку. Гэтага гісторыя нам ніколі не даруе. Маё стаўленне да такіх негатыўных з'яў будзе надзвычайным, неадкладным, - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы. - Быць чэкістам - гэта перш за ўсё быць патрыётам, бескарысліва аддаваць усяго сябе сваёй Айчыне, не разлічваючы на публічнае прызнанне. Вы павінны помніць, што мы з вамі заўсёдымі першымі павінны прыйсці на дапамогу нашым людзям, нашым суседзям. Мы людзі ў пагонах, нам даверана такое права. І мы яго павінны выканаць".

Прэзідэнт звярнуў увагу, што гэта цяжкі абавязак і асаблівы гонар, якія даюць толькі адну прывілею - заставацца на пярэднім плане барацьбы за нацыянальныя інтарэсы. "Такі наш шлях, і я жадаю вам ісці па ім цвёрда, з дакладным разуменнем слушнасці сваёй справы, пачуццём гордасці і задавальнення за дастойна выкананы абавязак", - сказаў беларускі лідар.

"Я гаварыў нашым армейцам, міліцыі, скажу і вам: вы ніколі не ўбачыце мяне ў тыле, у гэтай складанай барацьбе (а можа, будзе і яшчэ складаней) я будуць заўсёды разам з вамі і ніколі не дазволю здрадзіць нашым з вамі інтарэсам па абароне дзяржавы і чалавека, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Я гэта гавару, таму што вельмі ўжо часта мы назіраем, у тым ліку зусім побач, як здраджвалі ваенным, работнікам спецслужбаў тыя, хто ўчора аддаваў ім каманды. Гэтага ў Беларусі не было і не будзе. Таму я з вас заўсёды патрабую адэкватнай работы па абароне нашых беларускіх грамадзян, нашых сяброў, родных і блізкіх, дзяцей, Радзімы".

З асаблівай цеплынёй Кіраўнік дзяржавы выказаў словы ўдзячнасці ветэранам, для якіх самадданая работа ў сакрэтных органах стала сапраўдным прызваннем. Менавіта яны заклалі аснову нацыянальнай спецслужбы, вызначылі галоўныя напрамкі яе дзейнасці. "Вы, паважаныя ветэраны, з'яўляецеся ўзорам вернасці прысязе, сапраўднымі настаўнікамі, чый бясцэнны вопыт заўсёды запатрабаваны", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Асобнае віншаванне ён адрасаваў жонкам работнікаў КДБ. "Без вас, верных баявых сябровак, без вашага цярпення, любові і падтрымкі ў людзей у пагонах не было б надзейнага тылу, а значыць, і высокіх вынікаў", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.