Удзел у спартыўным свяце "Мінская лыжня - 2019"

  • 21
  • 4:53

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 лютага прыняў удзел у рэспубліканскім зімовым спартыўным свяце "Мінская лыжня - 2019", якое ў бягучым годзе ўпершыню праводзілася ў фармаце біятлонных спаборніцтваў.

Кіраўнік дзяржавы выйшаў на старт у эстафетнай гонцы. У складзе прэзідэнцкай каманды, якая атрымала перамогу, разам з Аляксандрам Лукашэнкам выступілі чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава, Святлана Канашэнка і Мікалай Лукашэнка.

Акрамя прадстаўнікоў вышэйшых органаў улады ў гэтай гонцы ў складах двух дзясяткаў каманд прынялі ўдзел вядомыя спартсмены і дзеячы розных сфер, зоркі беларускай эстрады, прадстаўнікі СМІ.

Аляксандр Лукашэнка таксама пагутарыў з удзельнікамі і гасцямі свята, якое прайшло ў вельмі добразычлівай і душэўнай атмасферы.

Адказваючы на пытанне журналіста ў час "Мінскай лыжні", Аляксандр Лукашэнка заклікаў актыўней займацца лыжным спортам.

"Бегайце на лыжах. Больш эфектыўнага за заняткі лыжамі няма нічога, гэта прыгажосць і здароўе", -  сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падзяліўся, што з дзяцінства любіў бегаць на лыжах. "А цяпер я проста абавязаны гэта рабіць, каб іншыя пераймалі прыклад, бегалі на лыжах", - сказаў ён. Адказваючы на пытанне аб тым, ці давялося мяняць Прэзідэнту што-небудзь у сваім распарадку дня пры спартыўнай падрыхтоўцы да "Мінскай лыжні", ён падкрэсліў, што практычна нічога не мяняў, але давялося адмяніць хакей у апошнія два тыдні і займаліся толькі лыжамі.

"Вам дзякуй, што прыйшлі, бегайце на лыжах. Гэта я кажу не як Прэзідэнт, а як звычайны чалавек, які бегае з дзяцінства на лыжах. Больш эфектыўнага за лыжы, асабліва для дзяўчынак, няма нічога. Гэта прыгажосць, гэта здароўе, гэта работа ўсіх мышцаў. Лыжы - гэта вялікая справа", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён звярнуў увагу на значнасць асабістага прыкладу: "Навучыцеся вы - будуць бегаць і вашы дзеці". Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў яго лыжамі захапляюцца як малодшы сын, так і старэйшыя сыны. Таму асабісты прыклад вельмі важны.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка лічыць недастаткова актыўным развіццё ў краіне масавага спорту, асабліва сярод моладзі і навучэнцаў. "Прымушаю Кіраўніка Адміністрацыі, а яна ўвесь народ, асабліва школы - бегаць на трасе. Няўжо гэта нармальна: лыжы дай, скажы, што гэта добра, а потым яшчэ за руку цягні на трасу? Я не разумею, што за бацькі? Дзяцей трэба абавязкова выхоўваць у гэтым плане. Менш будуць хварэць. Гэта факт", - сказаў ён.

"Таму цяпер правядзём спаборніцтвы па школах, ВНУ. І запатрабуем з рэктара і выкладчыкаў, дырэктараў школ, чаму яны не цягнуць на трасы, на лыжню дзяцей. У савецкі час, не дай бог, не выканаць у школе праграму па лыжах", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падзяліўся ўспамінамі і аб сваіх дзіцячых гадах: "Памятаю, мне далі са школы дадому лыжы. Я іх нёс тры кіламетры перад сабой. Быў рады, што ў рукі ўзяў лыжы. А ў нас жа цяпер магчымасці якія!"

Адказваючы на пытанне аб стварэнні ў Беларусі вытворчасці інвентару для лыжнага спорту, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі да наступнай зімы наладзяць вытворчасць добрых айчынных лыж, якія можна будзе выкарыстоўваць для масавага спорту і падрыхтоўкі атлетаў.

"Я вам абяцаю, што ў нас будуць добрыя лыжы. Вядома, для такога ўзроўню, як Даша Домрачава або Надзя Скардзіна, мы будзем выбіраць з соцень пар вядучых лыжных фірм адны лыжы, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта не так проста стварыць лыжы і дацягнуцца да самай верхатуры. Я такую задачу перад спецыялістамі не стаўлю. Нам патрэбны лыжы для таго, каб падрыхтаваць спартсмена. А падрыхтаваўшы яго, тым больш вялікага, мы купім і тысячу пар, і выберам лепшыя".

Толькі каб яны займаліся і бегалі, і не ганьбілі краіну, як нашы біятланісты выступаюць у гэтым годзе", - заўважыў Кіраўнік дзржавы.

"Ну, я сказаў Дашы і Надзі - трэба вяртацца", - з доляй гумару дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што стварэнне добрай айчыннай вытворчасці з'яўляецца толькі пытаннем часу: "Час - гэта адзін год. Да наступнай зімы мы будзем мець добрыя лыжы". "Чаравікі зрабілі, палкі зрабілі, усё зрабілі. "Марко" мне перадалі чаравікі - выдатныя. Першыя я забракаваў. Другую пару перадалі - выдатныя. Трымаюць добра лыжы. Малайцы! Лыжы для пачынаючых ёсць. Але нам патрэбны сярэднія і крыху вышэйшыя за сярэдні ўзроўвень, каб падрыхтаваць спартсменаў. Мы гэтыя лыжы зробім. А пакуль закупілі - тое, што мы не можам рабіць. Ужо забяспечылі ўсіх", - расказаў беларускі лідар.

Гаворачы аб падборы лыж для спартсменаў, Прэзідэнт адзначыў, што для выступленняў на вышэйшым узроўні не падыдзе любая пара нават вытворцы з сусветным імем: "Вы не думайце, што Домрачава бяжыць... Гэта з тысячы пар яна выбрала адну".

На сустрэчы з журналістамі Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў упэўненасць у тым, што стаўка на развіццё ў Беларусі спорту і правядзенне ў краіне буйных міжнародных спартыўных спаборніцтваў прыносіць дывідэнды.

"Яна не суразмерныя дывідэнды прыносіць, а празмерныя дывідэнды. Зразумела, гэта ўсё акупляецца", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў першую чаргу размова ідзе аб фарміраванні іміджу краіны. "За гэта - імідж краіны, піяр сапраўдны - цяпер плацяць сотні мільенаў долараў", - адзначыў ён.

Прэзідэнт у якасці прыкладу прывёў праведзены нядаўна ў Мінску чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні, удзельнікі якога змаглі ацаніць гасціннасць і прыгажосць Беларусі нават у зімовы час. "Справа не ў гэтых капейках, якія мы затрацім. Хоць і гэта важна, і ў стратах мы ніколі не былі", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб маючых адбыцца ў Беларусі міжнародных спартыўных форумах, Аляксандр Лукашэнка адзначыў не толькі II Еўрапейскія гульні, але і лёгкаатлетычны матч паміж камандамі Еўропы і ЗША. "Я марыў аб гэтым, прасіў кіраўніка міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі прывезці нам матч Еўропа-ЗША. Вы ўяўляеце, якое гэта будзе свята. Гэта не ніжэй за ўзровень, чым Еўрапейскія гульні", - упэўнены беларускі лідар.

"Таму тое, што да нас едуць людзі, што яны ад'язджаюць адсюль з добрым настроем, што захоплены нашай краінай, згадзіцеся, гэта нават не сотні мільёнаў долараў. Гэта ўжо мільярды. Гэта інвестыцыі. Можа, не ў нас з вамі, але для нашых дзяцей і ўнукаў гэта вялікі фундамент. Няхай толькі яны гэтым скарыстаюцца. Таму не шкадуйце грошай на тое, каб запрасіць да сябе гасцей", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.