Удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета

  • 30

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у юбілейным пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якое прайшло 29 мая ў сталіцы Казахстана Нур-Султане.

Пасля прыбыцця ў Палац Незалежнасці яго прывітаў Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў. Пасля цырымоніі фатаграфавання лідары краін пачалі абмеркаванне пытанняў парадку дня пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета (ВЕЭС), якое прайшло ў вузкім і пашыраным складах.

"Сённяшняе пасяджэнне праходзіць у дзень юбілейнай даты - пяцігоддзя Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе. 29 мая 2014 года ў Астане прэзідэнты Беларусі, Казахстана і Расіі падпісалі гэты гістарычны дакумент. Пазней да нас далучыліся Арменія, Кыргызстан. Пакладзены пачатак новаму этапу развіцця еўразійскай інтэграцыі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў заслугі інтэграцыйнага аб'яднання, нягледзячы на невялікі тэрмін, які прайшоў з моманту яго стварэння: "Безумоўна, ЕАЭС яшчэ вельмі малады. Аднак ён ужо даказаў сваю эфектыўнасць і самастойнасць, забяспечыўшы нашым краінам дадатковую крыніцу эканамічнага росту, што дае магчымасць процідзейнічаць негатыўным тэндэнцыям у свеце. І гэты патэнцыял не проста далёка не вычарпаны, яму наогул не пакладзены пачатак. Наперадзе велізарныя перспектывы".

Так, у апошнія гады ўдаецца падтрымліваць павелічэнне аб'ёмаў узаемнага гандлю (у 2017 годзе - больш як 127% да ўзроўню 2016 года, у 2018 годзе - амаль 112% да ўзроўню 2017 года). "Хоць насцярожвае, што тэмпы нарошчвання тавараабароту ў рамках саюза запавольваюцца. Пры гэтым з трэцімі краінамі яны, наадварот, растуць", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

У ЕАЭС таксама пашыраецца прымяненне нацыянальных валют ва ўзаемных разліках, удалося пагасіць інфляцыйныя рызыкі, узяць пад кантроль пытанні занятасці насельніцтва. "Гэта азначае, што дзяржавы - удзельніцы саюза ўсё больш сінхранізуюць працэсы свайго развіцця, паступова збліжаючы пазіцыі ў правядзенні ўзгодненай макраэканамічнай палітыкі, - сказаў Прэзідэнт Беларусі. - Нам трэба выкарыстоўваць такі вопыт. У тым ліку ў мэтах фарміравання агульных галіновых стратэгій - у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, транспарце, энергетыцы і іншых сферах".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў і аўтарытэт Еўразійскага эканамічнага саюза на сусветнай арэне. "Часам мы часта чуем, ды і самі гаворым, што з намі нібыта не хочуць супрацоўнічаць. Проста зайздросцяць, недзе баяцца. Гэта канкурэнцыя, і гэта натуральна. Але не заўважаць нас ужо не ўдаецца", - падкрэсліў беларускі лідар.

Прадаўжаецца дыялог з іншымі дзяржавамі, рэгіянальнымі аб'яднаннямі і міжнароднымі структурамі. Умацоўваецца пазітыўнае ўспрыманне саюза як сістэмаўтваральнай арганізацыі эканамічнай інтэграцыі на Еўразійскім кантыненце.

"Парадак дня напаўняецца новымі напрамкамі для работы. Мы пачалі лічбавую трансфармацыю эканомік, актывізацыю трансгранічных сувязей у рэальным сектары, стварэнне механізмаў рэалізацыі інавацыйных і інвестыцыйных праектаў. Гэта ўсё - важныя і перспектыўныя сегменты супрацоўніцтва", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым Прэзідэнт падкрэсліў важнасць якаснага выканання ўжо існуючых у саюзе дамоўленасцей, што павінна з'яўляцца прыярытэтам. "Па фарміраванні адзіных рынкаў, забеспячэнні свабоды руху капіталаў, тавараў, работ і паслуг. Актыўнасць на знешнім контуры і новых напрамках не павінна наносіць урон асноўнай дзейнасці па адмене бар'ераў, выключэнняў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што адчувальны станоўчы эфект ад інтэграцыйнага праекта дадуць больш цесная кааперацыя, павелічэнне долі тавараў, вырабленых унутры ЕАЭС, на агульным рынку.

"Трэба адмовіцца ад пратэкцыянісцкіх рашэнняў на нацыянальных узроўнях, ад увядзення ўсемагчымых забаронных і абмежавальных мер. У гэтым залог фарміравання трывалага фундаменту нашага саюза, паспяховага развіцця эканомік краін, якія ўдзельнічаюць у інтэграцыі. Тады не будзе праблемы прыцягнення новых краін, якія мы хочам бачыць у саюзе. Яны самі прыйдуць у гэты саюз. Неабходна ствараць роўныя ўмовы ва ўсіх сферах, уключаючы энергетыку. Пакуль перавага аддаецца інтарэсам асобнага суб'екта гаспадарання, галіны або краіны", - заявіў Прэзідэнт.

Ён асабліва адзначыў, што кожны - ад кіраўнікоў дзяржаў да экспертаў - павінен дакладна разумець, што ў ЕАЭС будуецца менавіта адзіны рынак, агульная прастора.

Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць важным далейшае пашырэнне паўнамоцтваў Еўразійскай эканамічнай камісіі, у першую чаргу ў частцы процідзеяння ўвядзенню бар'ераў. "Думаю, што значную дапамогу нам можа тут аказаць, адыграўшы значную ролю, Ганаровы старшыня нашага саюза", - адзначыў ён. Прэзідэнт падкрэсліў, што пытанне не толькі ў асобе Нурсултана Назарбаева: "У яго за плячамі велізарная армія талковых людзей, экспертаў. Яны вельмі сур'ёзна працавалі з ім, калі ён быў Прэзідэнтам, і нам нельга гэта страціць".

Прэзідэнт таксама прапанаваў, каб Нурсултан Назарбаеў заняўся і рэвізіяй усяго, што зроблена або не зроблена ў саюзе, пачынаючы ад кадравага складу Еўразійскай эканамічнай камісіі і заканчваючы стратэгічнымі напрамкамі дзейнасці.

"Пяць гадоў таму мы зрабілі рашучы крок да стварэння саюза. Галоўная задача бягучага дня - захаваць дасягнутыя вынікі і прымножыць іх на карысць нашых дзяржаў і народаў. У сённяшняй заяве мы фармулюем асноўныя прынцыпы і прыярытэты далейшага супрацоўніцтва", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што сумеснымі намаганнямі бакам удасца дабіцца ўмацавання еўразійскай інтэграцыі.

Акрамя ўдзелу ў саміце праграма рабочага візіту Кіраўніка беларускай дзяржавы ўключала шэраг двухбаковых сустрэч і перагавораў з замежнымі лідарамі. Напярэдадні пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым і першым Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым. Бакі пацвердзілі дружалюбны характар адносін і нацэленасць на далейшае развіццё супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Казахстанам.

Міжнародныя кантакты прадоўжыліся і на палях саміту ЕАЭС. Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў са сваім расійскім калегам Уладзімірам Пуціным пытанні паглыблення двухбаковай інтэграцыі. Раней бакі абмяняліся адпаведнымі прапановамі. Сёння Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін разгледзелі гэтыя пытанні ў першым прыбліжэнні і далі даручэнне ўрадам да 21 чэрвеня знайсці па ўсіх з іх агульныя падыходы. Пасля гэтага прэзідэнты дамовіліся правесці сустрэчу на вышэйшым узроўні для грунтоўнага і падрабязнага абмеркавання ўсіх расійска-беларускіх пытанняў і далейшага сістэмнага ўзаемадзеяння.