Цырымонія ўшаноўвання выпускнікоў ваенных навучальных устаноў і вышэйшага афіцэрскага складу

  • 17

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць міру і спакою на беларускай зямлі ў эпоху глабальнай ваеннай нестабільнасці. Аб гэтым ён заявіў 10 ліпеня ў Палацы Незалежнасці на цырымоніі ўшаноўвання выпускнікоў ваенных навучальных устаноў і вышэйшага афіцэрскага складу.

"На вас ускладаецца адказнасць за мір і спакой на беларускай зямлі ў эпоху глабальнай ваеннай нестабільнасці, - сказаў Прэзідэнт. - У перыяд, калі міжнародная сістэма бяспекі знаходзіцца пад пагрозай разбурэння. Гэта выклікі, якія вы павінны аб'ектыўна ацэньваць і якім павінны быць гатовы процістаяць".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прафесіяналізм афіцэраў, іх высокія маральныя якасці і імкненне самааддана абараняць сваю зямлю з'яўляюцца гарантыяй мірнага і стваральнага жыцця беларускай дзяржавы.

"Менавіта вам, афіцэрам Узброеных Сіл, давядзецца ўдасканальваць іх сучаснае аблічча, укараняць у баявую вучобу ўсё самае перадавое, асвойваць найноўшыя ўзоры тэхнікі і ўзбраення, вучыць войскі дзеянням у адпаведнасці з сучаснымі тэндэнцыямі ваеннай справы, - сказаў ён. - Сур'ёзным экзаменам на прафесійную сталасць стане сумеснае аператыўнае вучэнне ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Шчыт Саюза - 2019". Перакананы ў вашай гатоўнасці прадэманстраваць выдатную вывучку, мабільнасць і здольнасць хутка прымаць правільныя рашэнні".

Задачы, якія ставіць дзяржава перад вышэйшым афіцэрскім складам, застаюцца нязменнымі: для супрацоўнікаў органаў унутраных спраў - абарона асобы, грамадства і краіны ад любых злачынных замахаў, для супрацоўнікаў МНС - адказнасць за бяспеку жыцця і дзейнасці чалавека, прафілактыка і папярэджанне бытавых здарэнняў і тэхнагенных катастроф. У зоне іх асаблівай увагі таксама знаходзіцца эксплуатацыя Беларускай атамнай электрастанцыі.

"Ад выпускнікоў-пагранічнікаў з улікам узрастання негатыўных фактараў, звязаных з незаконнай міграцыяй, наркатрафікам, кантрабандай, патрабуецца падтрыманне высокага ўзроўню баявой гатоўнасці, уменне адэкватна рэагаваць на развіццё абстаноўкі ў пагранічнай сферы", - адзначыў Прэзідэнт.

Звяртаючыся да супрацоўнікаў спецслужбаў, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў неабходнасць сканцэнтраваць намаганні на нейтралізацыі праяў тэрарызму і экстрэмізму, распальвання нацыянальнай і рэлігійнай варожасці ў грамадстве, прыняць меры па недапушчэнні нанясення эканамічнага ўрону краіне.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ўрачыстая цырымонія праходзіць у год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. "Успамінаючы вялікі подзвіг герояў, якія адстаялі свабоду Айчыны, з пачуццём гонару глядзім на ўсіх, хто, працягваючы слаўныя традыцыі, становіцца на абарону Радзімы. Хто, прысягнуўшы краіне не вернасць, ахоўвае мір і забяспечвае бяспеку жыцця і дзейнасці людзей", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ва ўрачыстай абстаноўцы пагоны генерал-маёра атрымалі начальнік 72-га гвардзейскага аб'яднанага вучэбнага цэнтра Узброеных Сіл Уладзіслаў Будзік, памочнік Міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах - начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Леанід Касінскі, начальнік сувязі Узброеных Сіл - начальнік упраўлення сувязі Генеральнага штаба Алег Мішчанка і першы намеснік камандуючага ўнутранымі войскамі Міністэрства ўнутраных спраў - начальнік штаба Ігар Бурмістраў.

Прэзідэнт таксама ўручыў пагоны генерал-маёра юстыцыі начальніку ўпраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці Сяргею Паско, начальніку ўпраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці Андрэю Лісу.

Пагоны генерал-маёра міліцыі ўручаны начальніку ўпраўлення ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама Аляксандру Васільеву, а пагоны генерал-маёра ўнутранай службы - намесніку міністра па надзвычайных сітуацыях Анатолю Далгалеўцу.

У Палацы Незалежнасці ўшаноўвалі і выпускнікоў, якія скончылі ваенныя навучальныя ўстановы з выдатнымі паказчыкамі ў вучобе. Кіраўнік дзяржавы ўручыў ім спецыяльныя лісты аб аб'яўленні Падзякі Прэзідэнта Беларусі.

Звяртаючыся да выпускнікоў, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што афіцэр слаўны не пагонамі, а афіцэрскім гонарам. "Прыкладам доблесці і сумленнага служэння Айчыне з'яўляюцца для вас ваеннаслужачыя, удастоеныя генеральскіх званняў. У Беларусі такіх няшмат, і дасягнутая імі планка вельмі высокая", - сказаў Прэзідэнт.

"Беларускі народ вельмі цэніць і паважае ўсіх, хто па закліку сэрца выбірае прафесію служыць сваёй краіне. І ведае, што знаходзіцца пад надзейнай абаронай. Будзьце дастойныя гэтага даверу, - даваў наказ Кіраўнік дзяржавы. - Жадаю вам, таварышы генералы, з гонарам несці на плячах гэтыя пагоны, усім афіцэрам - імкнуцца да дасягнення гэтай вяршыні".

На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз павіншаваў афіцэраў, пажадаўшы ім поспехаў і надзейнага тылу.