Цырымонія ўручэння дыпломаў навуковым і навукова-педагагічным работнікам

  • 24

Беларусь зрабіла першы крок у пабудове інтэлектуальнай эканомікі. Аб гэтым 2 лютага заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэння дыпломаў акадэміка і члена-карэспандэнта НАН Беларусі, доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам.

"Мінулы год быў вельмі важны для Беларусі. Ён паказаў, што наша краіна гатова зрабіць першы крок у пабудове інтэлектуальнай эканомікі, эканомікі будучыні. І мы яго зрабілі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што на II З'ездзе вучоных прыняты доўгатэрміновы стратэгічны дакумент - праграма развіцця навукі да 2040 года. "Менавіта вам - вучоным - трэба будзе ажыццяўляць гэтыя ідэі. Вашы здольнасці, інтэлект заслужана прыцягваюць новых паслядоўнікаў, дазваляюць фарміраваць і развіваць навуковыя школы, планамерна рыхтаваць маладую змену. Не страцьце гэта імкненне да навуковага пошуку і творчасці!" - даў наказ беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржавай нямала зроблена для развіцця айчыннай навукі. Былі пачуты і прапановы дзеячаў навуковай сферы. У краіне падрыхтаваны шэраг заканадаўчых актаў, накіраваных на павышэнне сацыяльнага статусу навуковых работнікаў і стварэнне спрыяльнага асяроддзя для інтэлектуальнай дзейнасці. "Лічу, што гэтыя рашэнні будуць добрым стымулам для актывізацыі навуковай дзейнасці, дадуць магчымасць больш поўна раскрыць таленты нашых вучоных і прыцягнуць моладзь у гэту вельмі важную сферу", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Навуку Прэзідэнт параўнаў з непрачытанай кнігай. "Кожнае новае вынаходства, паспяховы вопыт або адкрыццё прыводзяць да новых пытанняў, даюць новыя тэмы для работы, ставяць чарговыя задачы і выклікаюць велізарнае жаданне вырашаць іх", - адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што заслужанае прызнанне на гэтым шляху прыходзіць да таго, хто з'яўляецца не проста спецыялістам у сваёй галіне, а хто паспяхова праходзіць цяжкі і цярністы шлях вучобы і практыкі, абароны дысертацый, становіцца аўтарам калі не сенсацыі, то ўнікальнага даследавання, карыснага для краіны і людзей.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што асаблівы статус цяперашняму мерапрыемству надае той факт, што новыя званні былі атрыманы ў Год навукі, пад знакам якога ў Беларусі прайшоў 2017 год.

У Беларусі па праву ганарацца сваёй навуковай элітай, якую складаюць разумнейшыя і працавітыя спецыялісты, адзначыў Кіраўнік дзяржавы. "Мы маем права чакаць ад вас адкрыццяў на мяжы немагчымага. У гэтым сэнс навукі. З гэтага моманту вы пачынаеце жыць у новай прафесійнай рэальнасці. А гэта значыць - працаваць і заўсёды адпавядаць свайму высокаму званню, - сказаў Прэзідэнт. - Яшчэ важней пакінуць пасля сябе след у выглядзе сваіх вучняў".

Ён падкрэсліў, што вынікі працы вучоных павінны прымяняцца на практыцы, служыць на карысць людзей і краіны. "Вельмі веру ў вас і шчыра жадаю, каб прафесійныя поспехі кожнага ўвайшлі ў гісторыю не толькі беларускай навукі, але і сусветнай", - пажадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама асабліва адзначыў, што галоўнае багацце Беларусі - гэта людзі.

Прэзідэнт назваў адной з ключавых умоў паспяховага развіцця інавацыі ў прамысловай і аграрнай сферах, стварэнне новых матэрыялаў і тэхналогій у машынабудаванні і электроніцы, хіміі і біялогіі, медыцыне і фармацэўтыцы - у тых галінах, якія вызначаюць узровень і якасць жыцця людзей.

Вялікая роля ў сучасным свеце таксама адводзіцца даследаванням у гуманітарнай сферы. "І тут перад вамі - педагогамі, гісторыкамі і сацыёлагамі - няпростая, але важная задача. Сёння многія спрабуюць перапісаць гісторыю. Ніяк не могуць уціхамірыцца. І вам неабходна дастойна адказаць на гэты выклік. Пакінуць нашчадкам аб'ектыўнае ўяўленне аб нашым жыцці. Аб той гісторыі, якая сапраўды была", - падкрэсліў беларускі лідар.

На мерапрыемства былі запрошаны больш за 40 дзеячаў навуковай сферы, якія прадстаўляюць розныя галіны ведаў. Сярод іх шмат імёнаў, вядомых не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.

У Беларусі ўдзяляецца вялікая ўвага пытанням падтрымкі і стварэння ўмоў для самарэалізацыі таленавітых людзей. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў у час размовы з прадстаўнікамі навуковай сферы пасля цырымоніі ўручэння дыпломаў і атэстатаў.

"Таленавітых, здольных людзей мы ніколі не страцім у Беларусі. Я вам клянуся. Я за гэтым вельмі дасканала сачу. Лёс чалавека для мяне - галоўны пастулат. Асабліва таленавітага. Гэта здабытак нашай краіны. Мы не павінны іх страціць", - падкрэсліў беларускі лідар.

У самым пачатку мерапрыемства Прэзідэнт адзначыў, што праведзеная сустрэча - гэта яшчэ і магчымасць размовы са шчырымі людзьмі, якія не крывяць душой, не ўтойваюць пачуццяў і не прыхарошваюць рэчаіснасць. "Мне важна пачуць вашы думкі. Паколькі вам пашанцавала знайсці сябе і свой шлях у дзіўным свеце навукі. Гэта сфера вывучэння прыроды свету і чалавека бясконцая ў сваім змесце, а таму і захапляючая", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Размова сапраўды была вельмі змястоўная і вялася на розныя тэмы. У тым ліку абмяркоўваліся дасягненні ў галіне медыцыны, фарміраванне айчынных навуковых школ і падрыхтоўка новых перспектыўных кадраў, работа па пашырэнні экспарту беларускіх паслуг і прадукцыі, пытанні эфектыўнай сувязі навукі і вытворчасці, дасягненні і далейшыя планы развіцця ў спартыўнай галіне, тэматыка ідэалагічнай работы.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з маючымі адбыцца ў Рэспубліцы Карэя зімовымі Алімпійскімі гульнямі зрабіў асаблівы акцэнт на сферы спорту. Ён падкрэсліў важнасць прыцягнення як дзяцей, так і дарослых да заняткаў масавымі відамі спорту, што ў цэлым садзейнічае фарміраванню здаровай нацыі. Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на ідэалагічны складнік: "Спорт - гэта найвялікшая ідэалогія. Калі ёсць поспех спартсмена, гэта натхняе ўвесь народ. Спартыўныя мерапрыемствы глядзяць мільёны". У гэтым плане адзначана важнасць правільнага псіхалагічнага настрою ў спартсменаў, якія выступаюць за краіну на міжнародных спаборніцтвах і здольныя змагацца за высокія месцы на п'едэстале.

Абмяркоўвалася на сустрэчы і тэма нарматворчасці, прагназавання патрэбнасці ў прыняцці таго ці іншага акта. У гэтым пытанні Аляксандр Лукашэнка выказаўся за больш актыўнае прыцягненне да гэтых працэсаў вядучых экспертаў з навуковага асяроддзя. У цэлым размова Прэзідэнта з вучонымі прайшла ў вельмі цёплай і дружалюбнай атмасферы.