Сустрэча з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Савета біскупскіх канферэнцый Еўропы

  • 14

Прыезд у Мінск высокіх прадстаўнікоў каталіцкага духавенства ў тым ліку з'яўляецца прызнаннем беларускай палітыкі міру і згоды. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 28 верасня на сустрэчы з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Савета біскупскіх канферэнцый Еўропы.

"Прыезд у Мінск такіх высокіх прадстаўнікоў каталіцкага духавенства мы расцэньваем як знак асаблівай павагі да вернікаў-католікаў Беларусі. Упэўнены, гэта прызнанне палітыкі міру і згоды, якую наша дзяржава мэтанакіравана праводзіць унутры краіны і на міжнароднай арэне", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў: "Сёння Беларусь не проста геаграфічны цэнтр Еўропы. Гэта прадвызначана Госпадам. Мы на працягу многіх стагоддзяў з'яўляемся той краінай, дзе гарманічна суседнічаюць розныя рэлігіі. Іх узаемадзеянне шмат у чым паўплывала на фарміраванне беларускай нацыі, яе культурнае і духоўнае развіццё".

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што правядзенне пасяджэння Савета біскупскіх канферэнцый Еўропы ў Беларусі менавіта ў гэты перыяд у многім сімвалічна. У гэтым годзе адзначаецца 500-годдзе выдання беларускім асветнікам і гуманістам Францыскам Скарынам першай друкаванай кнігі на старабеларускай мове, якой стаў Псалтыр. Працы першадрукара зрабілі Слова Божае яшчэ больш даступным для ўсходнеславянскіх народаў. "Акрамя таго, мы сустракаемся ў год 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Прастолам. Перакананы, наша супрацоўніцтва з Каталіцкай царквой будзе і далей плённа развівацца на карысць міру і стварэння", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, у адрозненне ад многіх іншых кропак планеты разнастайнасць рэлігій у Беларусі не стала падставай для канфліктаў на нацыянальнай і рэлігійнай глебе, а наадварот, служыць умацаванню ўзаемнага разумення і павагі. "Існуючая ў нас сістэма неканфліктных адносін паміж дзяржавай, рэлігіяй і грамадствам можа і павінна быць прыкладам для іншых краін", - упэўнены беларускі лідар.

"У Беларусі разумеюць важнасць рэлігіі ў жыцці грамадства. У нас устанавіліся вельмі цвёрдыя, традыцыйна моцныя, думаю, на стагоддзі, традыцыі ўзаемаадносін і ролі царквы ў нашым грамадстве", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што, напрыклад, штогадовае ўручэнне прэмій "За духоўнае адраджэнне" свяшчэннаслужыцелям, прадстаўнікам рэлігійных арганізацый з'яўляецца адным са сведчанняў высокага прызнання заслуг служыцеляў царквы. "Усведамляючы значэнне духоўнай асветы, фарміравання маральных асноў беларускага народа і захавання яго культурнай спадчыны, мы аказваем усямерную падтрымку ў аднаўленні святынь і будаўніцтве храмаў, сумесна рэалізуем праекты духоўна-маральнай адукацыі і выхавання падрастаючага пакалення", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што ў час знаходжання ў Беларусі прадстаўнікі духавенства ўбачаць, якія сардэчныя і адкрытыя беларусы, адчуюць, якая гасцінная беларуская зямля. "Мы не падзяляем людзей па нацыянальнасці і веравызнанні. Кожны можа сам выбіраць свой шлях да храма. Гэта закон нашага грамадства. Мы стараемся праз дружбу, узаемаразуменне і цярпенне распазнаваць веліч і прыгажосць. Гэта тое, да чаго сёння заклікае не толькі яго Святасць Папа Рымскі, якога я бязмерна паважаю, але і духоўныя лідары практычна ўсіх сусветных канфесій", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў свеце ёсць вострая патрэбнасць у адкрытым і даверным дыялогу. "Няма агульнасці падыходаў у вырашэнні выклікаў і праблем, якія хвалююць і закранаюць усіх нас", - заявіў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, тым больш важкім становіцца статус Мінска як важнай перагаворнай пляцоўкі, на якой абмяркоўваюцца і прымаюцца рэзалюцыі па самых складаных рэгіянальных і сусветных праблемах.

"Цяперашні ваш савет - сведчанне таго, што царква, як заўсёды, паказвае прыклад, якім шляхам трэба ісці, каб хаця б наблізіцца да вырашэння тых цяжкіх застарэлых і новых канфліктаў, якія існуюць сёння ў свеце, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Тое, што вы прыехалі ў Мінск і вырашылі правесці тут савет, - вы зрабілі правільна. Мы гэта цэнім, і гэта лішні раз пацвярджае, што мы тая краіна, якая адобрана вамі як міралюбівая, бяспечная дзяржава, і тая краіна, якая можа служыць прыкладам спакою і нармальнага жыцця чалавека, дзе спакойна ўжываюцца розныя рэлігіі і нацыянальнасці. Мы гэта цэнім. І ваш сход тут абавязвае нас да яшчэ большай адказнасці ў плане яднання нацыянальнасцей і рэлігій".

Закранаючы стан спраў ва Украіне, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь прадоўжыць рабіць усё, што ад яе залежыць, для аднаўлення міру на ўкраінскай зямлі.

"Мы не маглі стаяць убаку, калі ўспыхнуў канфлікт на паўднёвым усходзе Украіны. Мы рабілі і прадоўжым рабіць усё, што ад нас залежыць, каб Мінскі працэс, Мінскія пагадненні, якім няма альтэрнатывы, садзейнічалі хутчэйшаму аднаўленню міру на ўкраінскай зямлі", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Зусім нядаўна мы яшчэ раз пацвердзілі сваю пазіцыю адносна вайны ва Украіне. І наша пазіцыя не новая. Вам, прадстаўнікам самай сумленнай часткі нашага грамадства, магу сказаць, што яшчэ ў пачатку канфлікту мы прапанавалі еўрапейскім палітыкам, як выйсці з той сітуацыі, каб не ўскладніць становішча, - сказаў беларускі лідар. - Еўрапейскія палітыкі згадзіліся з нашымі прапановамі, але дзеянняў, на жаль, не прынялі. А сёння, калі загінулі тысячы людзей, калі гэта ўжо канфлікт міжнароднага маштабу, усе прызналі, што мы маем рацыю, і фактычна многія прапануюць той жа варыянт, які я калісьці прапанаваў у пачатку гэтага канфлікту".

Няздольнасць устанавіць мір ва Украіне сведчыць аб вельмі цяжкім крызісе ў Еўропе. "Гэта страшная бяда, што мы не можам у сваім доме навесці парадак. Гэта сведчыць аб вельмі цяжкім крызісе ў Еўропе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы гаворым пра Украіну. Бяда ў тым, што адбываецца ва Украіне. Але яшчэ большая бяда ў тым, што мы не можам спыніць вайну. Мы не можам даць надзею на будучае не толькі моладзі цудоўнай дзяржавы, якой з'яўляецца Украіна, мы пазбаўляем усялякага жыцця і надзеі сярэдняе і старэйшае пакаленне", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў сучасных умовах патрэбны гучны голас царквы і настойлівы заклік да палітыкаў і дзяржаўных дзеячаў спыніць вайну і ўмацаваць бяспеку на Еўрапейскім кантыненце, "пакуль мы не страцілі Еўропу наогул". "Мы гаворым, што мы дайшлі да гарачых сутыкненняў у Еўропе. Выхад Вялікабрытаніі з Еўрасаюза - гэта таксама небяспечны прэцэдэнт, які можа разбурыць Еўрапейскі саюз", - заўважыў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што, сустракаючыся з Дзяржаўным міністрам Вялікабрытаніі, ён гаварыў аб тым, што Беларусь з'яўляецца прыхільніцай адзінства Еўропы ў цэлым і ЕС у прыватнасці. "Таму што мы прыхільнікі шматпалярнага свету, а ЕС сёння з'яўляецца адной з асноўных апор спакою і раўнавагі ў свеце, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Калі гэта апора знікае, калі яна будзе разбурана, свет нахіліцца яшчэ больш. Зразумела, у які бок".

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў гэтым выпадку не абвінавачвае і не лічыць, што Вялікабрытанія робіць няправільна. "Гэта воля народа Вялікабрытаніі, у якіх саюзах быць. Наадварот, на маёй памяці палітыкі і дзяржаўныя дзеячы (я нават упэўнены, царква Вялікабрытаніі) заклікалі Еўрапейскі саюз да рэфармавання для таго, каб гэты саюз быў зручным многім народам, у тым ліку Вялікабрытаніі. Але Брусель да гэтага не прыслухаўся. Вось і атрымалі. Цяпер мы пажынаем гэтыя наступствы", - заявіў ён.

"І сёння ўжо ўсе палітыкі - новыя і старыя - у Еўропе загаварылі, што трэба неадкладна рэфармаваць Еўрапейскі саюз. Яго трэба рэфармаваць", - рэзюмаваў беларускі лідар.

"Перакананы, што важную ролю ва ўрэгуляванні канфліктаў, у выбудоўванні дыялогу паміж рознымі народамі і дзяржавамі, у аб'яднанні людзей могуць і абавязаны адыграць рэлігійныя канфесіі. Настаў час, каб ваш голас быў настойлівым і яго пачулі ўсе палітыкі і дзяржаўныя дзеячы, ад якіх залежаць мір і бяспека на нашай планеце", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Сёння мы бачым, што многія краіны перажываюць духоўны крызіс. Гэта пагроза страшнейшая за любыя эканамічныя выклікі. Ды і ўсе эканамічныя выклікі менавіта ад гэтага. У іх аснове ляжыць бездухоўнасць. Крызіс - у галовах. Гэта першапрычына любых эканамічных крызісаў, - заявіў Прэзідэнт. - Дабро, міласэрнасць, любоў, вера - вышэйшыя чалавечыя каштоўнасці, якія заўсёды служылі апорай для людзей, разбураюцца на вачах".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што карэннае насельніцтва еўрапейскіх краін старэе, зніжаецца нараджальнасць. Гэтыя негатыўныя дэмаграфічныя працэсы адбываюцца на фоне маральнай дэградацыі грамадства, разбурэння традыцыйных сямейных інстытутаў і масавага наплыву мігрантаў. "У канчатковым выніку ўсё гэта можа прывесці да трагічных вынікаў, да выраджэння ўсёй еўрапейскай вельмі старажытнай, каштоўнай цывілізацыі", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

"Нельга дапусціць, каб людзі страцілі маральныя арыенціры, той унутраны компас, які закладзены ў кожным з нас Госпадам і які дае нам магчымасць адрозніваць дабро ад зла", - заклікаў Прэзідэнт.

"Тут было заўважана аб выніковасці сустрэчы Папы Рымскага і Патрыярха Кірыла. Недзе там, далёка на Кубе. Думаю, трэба падумаць, каб яны сустрэліся тут, у Мінску. Гэта якраз сёння тое месца, дзе можна абмяркоўваць праблемы і Захаду і Усходу, Поўначы і Поўдня, і ўсёй планеты", - заявіў беларускі лідар.

"Калі вы з Праваслаўнай царквой прыйдзеце да такога разумення, я і беларускі народ зробім усё, каб вы, вашы кіраўнікі, нашы кіраўнікі - каталіцкай і праваслаўнай цэркваў - зрабілі гэту сустрэчу ў Мінску гістарычнай. Падумайце над гэтым", - прапанаваў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка выступіў за павышэнне ролі царквы ў краіне і свеце. "Ведаю, што царква з'яўляецца кансерватыўным інстытутам у добрым сэнсе слова. Гэта ваша найвялікшае дасягненне, што вы не кідаецеся на нейкія рэформы, якія часта вядуць да разбурэння ўсіх такіх інстытутаў. Але гэта не значыць, што мы павінны спыніцца. Я вельмі хачу, каб царква і касцёл і ў маёй краіне, і ў іншых краінах адыгрывалі сёння больш значную ролю, чым нават яны бачаць сваю ролю самі. Вы нам сёння патрэбны як ніколі", - заявіў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што слова прадстаўнікоў духавенства павінна быць яркім, магутным і напорыстым, што, можа, і не ўласціва для царквы. "Але сёння трэба, час такі. І я заклікаю вас, каб гэты ваш голас з геаграфічнага цэнтра Еўропы прагучаў не толькі для еўрапейцаў, але і для ўсіх народаў свету", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка выказаў пажаданне, каб цэрквы, як праваслаўная, так і каталіцкая, ні ў якім разе не адсталі ад патрабаванняў жыцця і своечасова ішлі ў напрамку ўдасканалення. "Каб не страціць людзей, каб людзі, як гэта было раней (ды і цяпер), ішлі да вас за парадай, добрым словам, падтрымкай. А каб паспяваць за добрымі працэсамі ў жыцці людзей на планеце наогул і ў Еўропе, патрэбны дзесьці рэформа, дзесьці ўдасканаленне нашых адносін, унутраных працэсаў у касцёле, у царкве", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што нехта з гасцей на мерапрыемстве прызнаўся, што адчувае сябе, як у сваім доме. "Не як у сваім доме. Вы проста ў сваім доме. Тут вашы вернікі, якія любяць вас, паважаюць, цэняць кожнае ваша слова, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - У Палацы Незалежнасці былі розныя людзі, але так шмат кіраўнікоў епіскапатаў тут яшчэ ніколі не было. І няхай гэта будзе добрым пачаткам".

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што Палац Незалежнасці ні ў якім разе не з'яўляецца прэзідэнцкім палацам, як яго часам называюць. "Ён і ваш палац. Усе, хто прызнае Беларусь як суверэнную і незалежную краіну, могуць лічыць гэты дом сваім", - запэўніў беларускі лідар.

Ён падтрымаў прадстаўнікоў духавенства ў тым, што яны пастаянна гавораць аб неабходнасці падтрымкі моладзі: "Вы малайцы, што не бачыце будучыні моладзі без міру і бяспекі ва ўсім свеце, і перш за ўсё на нашым еўрапейскім кантыненце, за які мы з вамі адказваем - і ўлады, і царква".

"Гаварыць сёння пра моладзь, пра перспектывы маладых людзей, пра іх права на нармальнае жыццё, на ўласны дом, аб якім тут гаварыў прадстаўнік Вялікабрытаніі (вельмі правільна і ярка гаварыў), гаварыць пра будучыню моладзі незалежна ад таго, наколькі мірным будзе наш кантынент, - значыць дапускаць грубую памылку. Калі не будзе міру ў Еўропе, не будзе і самой моладзі. Не будзе нашых людзей, якія ідуць за намі, маладосці. Яны як мінімум вымушаны будуць стаяць на полі бою са зброяй у руках і глядзець адзін на аднаго праз прыцэл аўтамата. Гэта недапушчальна", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.