Сустрэча з сакратарамі саветаў бяспекі дзяржаў - удзельніц АДКБ

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў шэсць важнейшых задач, якія стаяць перад Арганізацыяй Дагавора аб калектыўнай бяспецы на сучасным этапе. Адпаведную заяву Кіраўнік дзяржавы зрабіў 15 чэрвеня на сустрэчы з сакратарамі саветаў бяспекі дзяржаў - удзельніц АДКБ.

У якасці важнейшых задач Прэзідэнт вызначыў каардынацыю знешнепалітычнай дзейнасці дзяржаў - членаў АДКБ; супрацоўніцтва Арганізацыі з вядучымі ўніверсальнымі і рэгіянальнымі міжнароднымі структурамі; комплекснае ўмацаванне ваеннага, ваенна-тэхнічнага, антыкрызіснага і міратворчага патэнцыялаў АДКБ.

Гэта таксама процідзеянне міжнароднаму тэрарызму і барацьба з незаконным абаротам наркотыкаў; забеспячэнне стабільнай міграцыйнай абстаноўкі; удасканаленне юрыдычнай асновы і механізмаў узаемадзеяння ў рамках Арганізацыі.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, пасяджэнне камітэта праходзіць у няпросты час. Міжнародная сітуацыя характарызуецца ростам нестабільнасці, перабудовай адносін паміж сусветнымі цэнтрамі сілы і ўзмацненнем узаемнай канкурэнцыі. Актыўна фарміруюцца ўмовы для пераносу процістаяння ў касмічную сферу, кіберпрастору.

"На граніцах нашых краін нарошчваецца ваенная інфраструктура НАТА, разгортваецца сістэма проціракетнай абароны, рэалізуюцца праекты па стварэнні высокадакладнай зброі. Канфлікты, эканамічныя і сацыяльныя ўзрушэнні прадаўжаюць заставацца крыніцамі міграцыйнага крызісу", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што асаблівую пагрозу ўяўляе тэрарыстычная актыўнасць у Еўропе і Цэнтральнай Азіі, непакоіць процістаянне на паўднёвым усходзе Украіны, у Нагорным Карабаху. Нягледзячы на станоўчыя тэндэнцыі, што намеціліся, не ўрэгулявана сітуацыя вакол Прыднястроўя.

"Відавочна, што ў гэтых умовах павышаецца значнасць нашай арганізацыі. У выніку шматфункцыянальнасці ў АДКБ ёсць патэнцыял для таго, каб адыгрываць важкую ролю ў будучай абноўленай архітэктуры бяспекі еўразійскага кантынента", - заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён лічыць неабходным своечасова прымаць стратэгічныя рашэнні, заснаваныя на адзінстве і саюзніцкай з'яднанасці, выбудоўваць узгодненыя калектыўныя адказы на глабальныя і рэгіянальныя выклікі.

"Вельмі хацелася б, каб праблемы, якія ў нас ёсць, мы вырашалі самі. За сталом у Мінску, Маскве, у Ерэване, у іншых гарадах краін АДКБ. Каб не было ўплыву нейкіх іншых дзяржаў, груп, круглых сталоў. Тым больш мы можам вырашыць гэтыя праблемы і ў Карабаху, і ў Прыднястроўі, і ва Украіне. Гэта нашы праблемы. Мы іх павінны вырашаць без замежных палітбюро і ўмяшанняў", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што калі б удалося развязаць існуючыя насцярожваючыя моманты і кропкі нестабільнасці на прасторы АДКБ, то аўтарытэт арганізацыі значна вырас бы.

"Несумненна, што толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам забяспечыць абарону сваіх нацыянальных інтарэсаў", - упэўнены беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы пракаменціраваў сітуацыю вакол маючых адбыцца беларуска-расійскіх вучэнняў, падкрэсліўшы, што яны не нацэлены на наступленне на чые-небудзь тэрыторыі. "Мы не збіраемся нікога заваёўваць. Але будуем сваю палітыку, улічваючы ўрокі мінулага. Мы нікому не пагражаем, мы ні на каго не збіраемся наступаць, ні з кім ваяваць, але мы вучым сваю армію, каб яна была гатова адбіць любы ўдар і нанесці ўрон таму, хто захоча з намі ваяваць. Гэта наша канцэпцыя", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Самае дзіўнае, што нас папракаюць у тым, што далёка да таго, што робяць яны. Мы тут не фарміруем і не размяшчаем нейкія новыя часці замежных дзяржаў. Наадварот, мы бачым, як ля нашых граніц з непрыхаваным аператыўным запалам размяшчаюцца ўсё больш і больш часцей і войскаў, у тым ліку замежных, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Добра б войскі, але там размешчаны самыя сучасныя беспілотныя лятальныя апараты. Гэта ўдарныя беспілотнікі. Супраць каго? І нам кажуць: вы тут супакойцеся, вы не павінны ніякіх вучэнняў праводзіць. Не, мы будзем праводзіць вучэнні, таму што бяспекай дзяржаў пагарджаць ніхто не будзе. Ні Расія, ні Беларусь, ні АДКБ".

Прэзідэнт таксама пракаменціраваў заявы аб магчымасці ўрэгулявання канфлікту ва Украіне без мінскага фармату. Ён звярнуў увагу, што ў якасці месца правядзення сустрэчы з сакратарамі саветаў бяспекі была выбрана гістарычная зала, дзе праходзілі перагаворы лідараў краін "нармандскай чацвёркі" і выпрацоўваліся гістарычныя мінскія пагадненні, якія, на жаль, не ў поўным аб'ёме рэалізуюцца. "І, як я бачу, у апошні тыдзень пачалі падпадаць пад уздзеянне ўжо атак з боку тых дзяржаў, якія павінны былі б сесці за стол перагавораў і далучыцца да гэтага фармату", - канстатаваў беларускі лідар.

"Ужо ідуць намёкі, што можна і без мінскага фармату абысціся, знайсці нейкія іншыя спосабы ўрэгулявання ўкраінскага канфлікту, - сказаў Прэзідэнт. - Можна, вядома. Але пачынаць спачатку заўсёды складаней, чым прадаўжаць добрую справу".