Сустрэча з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым

  • 1

Беларусь гатова максімальна хутка развіваць адносіны з Узбекістанам. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 11 кастрычніка ў час сустрэчы з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым у Сочы.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў намеры беларускага боку паглыбляць супрацоўніцтва па ўсіх напрамках, якія ўяўляюць узаемны інтарэс. "Вы можаце быць упэўнены, што мы гэта зробім хутка. Настолькі хутка, наколькі партнёры ва Узбекістане разгорнуцца", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Садзейнічаць гэтаму будзе праводзімы беларускай дзяржавай курс у эканамічнай палітыцы. "Калі дзяржава не будзе падштурхоўваць, калі мы з вамі не будзем кантраляваць гэтыя працэсы, не будуць вырашацца пытанні", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ў якасці перспектыўнага напрамку прывёў у прыклад тэкстыльную прамысловасць. "У вас ёсць бавоўна, у нас - тэхналогіі. І рынкі побач. Я за СП (сумесныя прадпрыемствы), мы проста зможам дамовіцца", - сказаў беларускі лідар.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, раней беларуска-ўзбекскія адносіны развіваліся павольнымі тэмпамі. Усё змяніла праведзеная год таму яго сустрэча з Шаўкатам Мірзіёевым у Самаркандзе, у час якой было прынята рашэнне прыкласці максімум намаганняў для развіцця двухбаковага супрацоўніцтва. "Гэта была імгненная сустрэча, але яна стала гістарычнай. Мы з вамі дамовіліся, не падпісваючы ніякіх дакументаў, назначылі адказных - і ўсё пайшло", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама звярнуў увагу, што Беларусь па многіх напрамках была самай развітой рэспублікай у Савецкім Саюзе. Краіне ўдалося захаваць і развіць усе неабходныя вытворчасці, якія ствараліся дзесяцігоддзямі, арыентаваць іх на экспарт. "Мы прадаём цяпер і тэхналогіі, і тавары. Па цане і якасці яны пераўзыходзяць замежныя. Вось у чым сакрэт таго, што мы можам і ў Венесуэле працаваць, і ў Егіпце, і ў Судане - усюды", - адзначыў беларускі лідар.

У сваю чаргу Шаўкат Мірзіёеў заявіў, што апошнім часам двухбаковае супрацоўніцтва паміж краінамі прыкметна актывізавалася, дзяржавы дэманструюць поспехі ў гандлёва-эканамічнай сферы. "На наступны год я хацеў бы самастойнага пасла Узбекістана, таму што ва ўсіх галінах мы адчуваем напаўняльнасць нашых эканомік", - сказаў ён.

На думку Прэзідэнта Узбекістана, ёсць перспектывы ўзаемадзеяння ў сферах лёгкай і цяжкай прамысловасці, сельскай гаспадаркі, інфармацыйных тэхналогій, медыцыны, ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва.