Сустрэча з Прэм'ер-міністрам Сяргеем Румасам

  • 1
Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, прынятая на V Усебеларускім народным сходзе, непахісная і павінна быць выканана. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 16 кастрычніка на сустрэчы з Прэм'ер-міністрам Сяргеем Румасам.

Кіраўнік дзяржавы быў праінфармаваны аб праграме дзейнасці Урада на бліжэйшыя два гады. Яе палажэнні заснаваны на рашэннях V Усебеларускага народнага сходу і даручэннях Прэзідэнта, дадзеных у час Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу ў гэтым годзе.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, прынятая ў 2016 годзе, непахісная, яна павінна быць выканана. "У адваротным выпадку з чым мы прыйдзем да народа? У рамках гэтай праграмы - калі ласка, любыя мерапрыемствы Урада. Я буду толькі вітаць. Галоўнае, каб быў вынік. Усе мерапрыемствы павінны быць вывераны, мы людзі вопытныя, нам ужо эксперыментаваць няма чаго. Наўрад ці знойдуцца пытанні для якіх-небудзь эксперыментаў", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што не супраць прапаноў, якія ўносіла яшчэ папярэдняе кіраўніцтва Савета Міністраў, аб стварэнні на некаторых прадпрыемствах наглядальных саветаў. "Але будзе вельмі сур'ёзны кантроль і за дзейнасцю Урада па рэалізацыі гэтых прапаноў, і асабліва за тымі старшынямі, якія будуць назначаны на гэтыя пасады. Калі ласка - любыя мерапрыемствы, але трэба помніць аб тым, што асноўную праграму, нашы абяцанні народу мы павінны выканаць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Асобна на сустрэчы былі разгледжаны пытанні сацыяльнай сферы, у прыватнасці прапановы Саўміна па павышэнні пенсій.

"Урад палічыў, што ў гэтым годзе мы рэальныя пенсіі павысім недзе на 8-9%. Гэта будзе нядрэннае павышэнне. Але ў будучым годзе трэба рухацца далей. Мы плануем, што ў нашай краіне заработная плата перасягне ўжо тысячу рублёў за кошт таго, што мы паднімем заработную плату ў нізкааплатных слаёў насельніцтва. Па гэтых пытаннях рашэнні прыняты, яны таксама на кантролі. І Урад няхай у гэтым напрамку рухаецца. Усе людзі павінны разумець, што грошы павінны быць зароблены. Ніхто нам іх не скіне", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы даручыў унесці пакет дакументаў па яшчэ адным, трэцім на працягу гэтага года, павышэнні пенсій у сярэднім на 5,3% з 1 лістапада. Яшчэ адно прынцыповае даручэнне заключаецца ў тым, каб вытрымліваліся прадугледжаныя праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады суадносіны сярэдняй пенсіі па ўзросце і сярэдняй заработнай платы на ўзроўні не менш як 40%. Выкананне гэтага даручэння будзе адным з ключавых паказчыкаў у рабоце Урада.

Прэзідэнт таксама спыніўся яшчэ на двух не менш важных пытаннях: развіцці імпартазамяшчэння і барацьбе з пасрэдніцтвам.

"Мы адкрылі вытворчасць легкавых аўтамабіляў. Паглядзіце, колькі там беларускага - мізэрна мала. А нам трэба, каб мы выраблялі ўсё сваё. Давайце будзем рабіць там сядзенні для аўтамабіляў, няхай з часам - рухавікі, трансмісіі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускім прадпрыемствам трэба пераймаць сусветныя тэхналогіі, закупляць адпаведнае абсталяванне і вырабляць па імпартазамяшчэнні ўсё неабходнае. "Гэтага хопіць на ўсё наша жыццё і нашым дзецям для развіцця эканомікі, - сказаў ён. - Мы яшчэ па імпарце столькі завозім, што ў вачах часам становіцца цёмна: ад зубачыстак да рухавікоў. Імпартазамяшчэнне - вельмі важнае пытанне. Нічога не трэба выдумляць, трэба ставіць станкі, тэхналагічнае абсталяванне і вырабляць камплектуючыя".

Закранаючы праблемы пасрэдніцтва, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што яно часта становіцца асновай для карупцыйных схем. "За што людзі ідуць у следчы ізалятар, а потым у турму, і перш за ўсё чыноўнікі? Усе павязаны пасрэдніцкімі схемамі. І што ўражвае - у нас пасрэднікі нават на беларускую прадукцыю. У Мінску вырабляем, і праз пасрэдніка мінскія прадпрыемствы купляюць", - абурыўся Прэзідэнт.

"Пасрэднікі сёння ў банках бяруць грошы, купляюць прадукцыю і перапрадаюць тут жа нашым прадпрыемствам. Гэта абсурд поўны! Ды і трэба паглядзець пасрэднікаў па імпарце, - дадаў Кіраўнік дзяржавы. - Я не хачу выдаваць нейкія нярыначныя рэкамендацыі, але пасрэдніцтва стала праблемай. Раней гэта называлі спекуляцыяй: купі і перапрадай. І ў гэтым ланцужку нават некалькі пасрэднікаў. За кошт гэтага цана павялічваецца на 30-50%, а часам і больш".

Раней Аляксандр Лукашэнка ставіў задачу Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Леаніду Анфімаву заняцца гэтай праблемай. Аднак, паводле слоў Прэзідэнта, адчувальных зрухаў пакуль не відаць. Кіраўнік дзяржавы даручыў Прэм'ер-міністру ўзяць на свой кантроль пытанні развіцця імпартазамяшчэння і барацьбы з пасрэдніцтвам і да канца года ўнесці адпаведныя прапановы.

Увага на сустрэчы таксама была ўдзелена спартыўнай сферы. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу Сяргея Румаса, які ўзначальвае Беларускую федэрацыю футбола, на неабходнасць прыняцця дадатковых мер для развіцця гэтага віду спорту ў краіне. "Бо гэты добры ўсплёск, які адбыўся, заўтра пагасне, і вы будзеце на ўзроўні дынамаўскіх хакеістаў гуляць", - сказаў Прэзідэнт.

Ён прывёў у прыклад матч паміж зборнымі Беларусі і Малдовы, які адбыўся 15 кастрычніка і завяршыўся нічыёй. "У футболе ты ўчора парадаваў краіну так, што далей няма куды. Калі мы не можам з Малдовай гуляць... Я не хачу прынізіць Малдову, малайцы хлопцы: выйшлі, зубы сціснулі і гулялі, як мае быць. А нашы як заўсёды. Вельмі шкада", - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы.