Сустрэча з Прэм'ер-міністрам Грузіі Мамукам Бахтадзэ
- 1
Беларусь прадоўжыць настойліва развіваць адносіны з Грузіяй. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 23 жніўня на сустрэчы з Прэм'ер-міністрам Грузіі Мамукам Бахтадзэ.
"Мы
вельмі цесна супрацоўнічаем з усімі постсавецкімі рэспублікамі, не
дзелім іх на дрэнных і добрых. Думаю, калі нават ёсць нейкія недахопы і
праблемы ў супрацоўніцтве, іх трэба пераадольваць - спакойна, цярпліва.
Што мы і робім з некаторымі дзяржавамі постсавецкага перыяду. Вы ў гэтым
плане можаце разлічваць, што мы настойліва, цярпліва (хоць мы гэты
перыяд прайшлі ўжо) будзем развіваць нашы адносіны на карысць
беларускага і грузінскага народаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт
адзначыў, што заўсёды прыводзіць у прыклад беларуска-грузінскае
супрацоўніцтва, нягледзячы на тое, што паміж краінамі складваецца
невялікі тавараабарот. Па выніках 2018 года Беларусь і Грузія
нагандлявалі на $87,1 млн, а абарот паслуг дасягнуў $26,1 млн. "Мы
пачыналі некалі з нуля і не маглі сабе ўявіць, як можна гандляваць з
Грузіяй у сувязі з праблемамі ў яе з Расійскай Федэрацыяй і іншымі
пытаннямі. Аднак літаральна за некалькі гадоў мы навучыліся гандляваць,
бачым перспектывы", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Ён
таксама адзначыў асаблівыя дружалюбныя адносіны, што склаліся паміж
беларускім і грузінскім народамі. "Гэта блізкія нам людзі, якіх нямала
жыве ў нас. Святы, якія вы праводзіце на беларускай зямлі, ведаюць у
кожнай вёсачцы", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Мамука
Бахтадзэ расказаў, што яшчэ ў пачатку сваёй кар'еры, працуючы ў
прыватным сектары, а потым кіруючы Грузінскай чыгункай, ён часта бываў у
Беларусі, таму ведае, што беларусаў і грузін звязваюць цёплыя адносіны.
"Вы
згадалі лічбу нашага гандлю. Так, мы пачыналі з нуля. Але я ўпэўнены,
што мы зможам падвоіць яе: наша міжурадавая камісія працуе вельмі
эфектыўна. Я хацеў бы падкрэсліць, што ваш першы візіт у Грузію ў 2015
годзе даў вялікі стымул развіццю нашых адносін. І, вядома ж, я хачу
падзякаваць вам і вашаму народу за прынцыповую падтрымку нашай
тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту. Грузінскі народ гэтага ніколі
не забудзе", - заявіў Прэм'ер-міністр.
Аляксандр
Лукашэнка адказаў, што такая палітыка - прынцыповая пазіцыя Беларусі ў
адносінах да любой краіны. "З любой дзяржавай гэта можа адбыцца, і гэта
недапушчальна", - падкрэсліў ён.