Сустрэча з першым Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым

  • 49

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 25 кастрычніка ў Нур-Султане сустрэчу з першым Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым.

Нурсултан Назарбаеў напярэдадні вярнуўся ў Нур-Султан з Японіі, дзе прымаў удзел у цырымоніі інтранізацыі імператара. Сустрэчу з Прэзідэнтам Беларусі, паводле яго слоў, ён ні ў якім разе не хацеў адмяняць. "Усё ж мы столькі разам перажылі, самыя цяжкія моманты. Нам прыхільнасці ў дружбе мяняць позна ўжо. Спадзяюся, мы заўсёды застанёмся сябрамі, - сказаў першы Прэзідэнт Казахстана. - Свет мяняецца, вакол нас усё мяняецца. У гэтай сітуацыі захаваць тое, што было, вельмі важна".

Ён дадаў, што як ганаровы старшыня ЕАЭС плануе прыняць удзел у наступным саміце саюза, які ў снежні адбудзецца ў Санкт-Пецярбургу. Аляксандр Лукашэнка адказаў, што аб'яднанне мае патрэбу ў дапамозе першага прэзідэнта Казахстана, які быў ініцыятарам стварэння ЕАЭС. "Я ў Арменіі заўважыў, што чагосьці нам не хапае, і кажу сваім калегам: трэба тэрмінова яго клікаць. Вось і паступіла агульнае запрашэнне, каб вы як ганаровы старшыня нашага "ордэна" прысутнічалі ў Піцеры, і мы прыгадалі былыя часы, намецілі перспектыву, стратэгію", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі таксама расказаў аб праведзеных перагаворах са сваім казахстанскім калегам Касым-Жамартам Такаевым, падкрэсліўшы, што бакі дамовіліся па ўсіх пытаннях з парадку дня. Нурсултан Назарбаеў таксама лічыць, што краінам трэба нарошчваць супрацоўніцтва і ўзаемны гандаль. "У нас ёсць што прапанаваць адзін аднаму", - падкрэсліў ён. Прастора ЕАЭС, дадаў палітык, павінна адкрываць дарогу ў тым ліку і для развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, а не будаваць перашкоды. "Вядома, гэта нядобра. Мы хочам купіць у вас, дапусцім, вуглевадароды, нафту, але не можам ніяк дамовіцца. Мы вырашылі, што з абодвух бакоў будзем падціскаць нашых саюзнікаў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У канцы сустрэчы палітыкі абмяняліся падарункамі. Аляксандр Лукашэнка падарыў Нурсултану Назарбаеву кошык з беларускімі прадуктамі. Першы Прэзідэнт Казахстана паднёс Кіраўніку дзяржавы ханскі пояс, кінжал і кнігу казахскага асветніка Абая Кунанбаева "Словы настаўлення", а яго малодшаму сыну Мікалаю - казахскі лук і калчан са стрэламі.